бабахнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. аднакр.

Разм.

1. Учыніць выбух, выстраліць, загрымець. Саханчук адбегся пад насып, залёг, і адразу ж гулка бабахнуў яго кавалерыйскі карабін. Асіпенка. У сто гармат бабахне гром. Лужанін. / у безас. ужыв. Разведчык дымам апісаў вялізную чорную дугу. Па ім зноў ўдарылі знішчальнікі, і ў паветры гулка бабахнула. Алешка.

2. Утварыць моцны гук ударам, стукнуць. Страшыдла знікла; а потым хвастом як бабахне па вадзе. Юрэвіч. Недзе ў сенцах глуха бабахнулі дзверы, і ўсё сціхла. Асіпенка. Зрываючыся з прывязі галля, Бабахне бэра, як скарбонка лета. І сутыкнуцца груша і Зямля — Малая і вялікая планеты. Макаль.

3. Рашуча, нечакана сказаць што‑н. Алена.. пералічыла, колькі вось такіх прапаноў марынуецца на заводзе, і нарэшце бабахнула: — Я думаю, мы можам арганізаваць грамадскае канструктарскае бюро. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)