прыпо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Аднавіць у памяці, успомніць. Прозвішча здалося мне знаёмым, але я ніяк не мог прыпомніць, дзе сустракаў гэтага чалавека. Дадзіёмаў. Адась выняў папяросу, але не закурыў, прыпомніў, што ў вагоне курыць забаронена. Галавач. // Пазнаць каго‑н. — Што ты, дружа? Не пазнаў хіба мяне? Помніш, бегалі па лужах? Ну, прыпомніў? Бялевіч.
2. Разм. Не забыць чаго‑н., каб адпомсціць, пакараць за гэта. — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. А катам прыпомнілі сёння Агні Трасцянца і Майданэк. Здавалася нам, што патронаў Ці хопіць адпомсціць за раны. Танк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысма́кі, ‑аў; адз. прысмак, ‑а, м.
1. Ласункі, салодкае. Старая служанка прынесла віно і драўляную талерку з сушаным інжырам і рознымі яшчэ прысмакамі. Самуйлёнак. У мяне няма прысмакаў, Ані мёду, ані маку, Ні цукерак, ні пячэння, Ні пірожных, ні варэння... Муравейка. // Смачныя, асабліва прыгатаваныя стравы. Круглы стол быў рассунуты на ўсю хату: на ім стаялі розныя прысмакі, а Іра, як гаспадыня, усё насіла і насіла. Сабаленка. — А ці есць цар прэжаны гарох? — пытаўся Міколка пра свой найлепшы прысмак. Лынькоў.
2. Разм. Прыправа. Далей да цукровага цеста, як сказалі б хатнія гаспадыні, трэба дабавіць розныя прысмакі. Рунец. Не даварыўшы, панюхаў і выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распляска́ць 1, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.
1. Плешчучы, праліць; разліць па якой‑н. паверхні. Распляскаць ваду з вёдзер. / у перан. ужыв. І паверыш пры сустрэчы У яе жаночы лёс: Свайго шчасця не расплешча, У бядзе не схіліць плечы І дарма не ўроніць слёз. Пысін.
2. перан. Разм. Расказаць тое, чаго не трэба гаварыць. «Гэтыя [старыя] адразу расплешчуць па ўсяму сялу, як толькі ўбачаць мяне ў царкве», — падумаў Сцёпка. П. Ткачоў.
распляска́ць 2, ‑пляшчу, ‑плешчаш, ‑плешча; зак., што.
Расплюшчыць. Бацька казаў, што то паўпудовы молат, ім б’юць, калі трэба распляскаць якую-небудзь тоўстую жаляз[я]ку. Сабаленка. Дрыжучы ад страху,.. [Майка] распляскала нос аб шкло і круглымі вачыма сачыла за .. [Лазнікам]. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растра́ціць, ‑трачу, ‑траціш, ‑траціць; зак., што.
1. Расходаваць, патраціць (грошы, капітал і пад.). [Міхась:] — У мяне з грашыма тугавата, дзядзька. Аванс увесь па дарозе растраціў. Лупсякоў. // перан. Патраціць (фізічныя і душэўныя сілы) на што‑н. дробнае, пустое, непрыстойнае. Малады яшчэ гадамі, .. [Паходня] ужо шмат перажыў, але не растраціў, а як бы накапіў энергію, каб аддаваць яе той справе, якую яму даручыць партыя. Хадкевіч. Сіл не растраціў, свой збярог агонь. Іду, паклаўшы сэрца на далонь, Насустрач навальніцам і падзеям. А. Александровіч.
2. Незаконна расходаваць (грошы, маёмасць і інш.). Растраціць казённыя грошы.
3. Страціць паступова. [Хана] дарогаю растраціла ўсіх сваіх небаракаў-родных. Чорны. [Антанюк:] — З-за свайго характару ты растраціла сяброў. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
се́рыя, ‑і, ж.
1. Шэраг аднародных прадметаў, якія маюць якую‑н. агульную прымету. Серыя станкоў. □ Раман «Зямля» з’явіўся пачаткам выдатнай серыі аповесцей і раманаў з жыцця беларускага народа. Адамовіч. // Паслядоўны рад якіх‑н. дзеянняў, падзей і пад. Серыя доследаў. Серыя гімнастычных практыкаванняў. Серыя выбухаў.
2. Шэраг вырабаў, машын, дэталей, зробленых па аднаму ўзору. Паравоз серыі ФД.
3. Частка вялікага кінафільма, якая дэманструецца самастойна на працягу цэлага сеанса. Кінафільм у дзвюх серыях.
4. Разрад, катэгорыя цэнных папер (грашовых знакаў, аблігацый ці дакументаў), якія абазначаюцца лічбамі або літарамі. Нумар і серыя бюлетэня. □ Дваццаць пяць тысяч! Я гляджу... нумар, серыя так і плывуць у мяне ў вачах. Рамановіч.
[Фр. série ад лац. séries.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сімпаты́чны 1, ‑ая, ‑ае.
Які выклікае сімпатыю, прывабны (пра чалавека). На мяне ветліва, з запытальнай усмешкай, глядзіць сімпатычная чарнавокая шатэнка. Шынклер. — Сімпатычныя людзі твае латышы! — адазваўся Павал. Гартны. // Мілы, прыемны. Сімпатычны голас. □ Нешта вельмі шчырае было ў пявучым голасе, у грубаватым, але сімпатычным твары жанчыны. Васілевіч. / Аб прадметах. Сімпатычны гальштук. Сімпатычны дамок.
сімпаты́чны 2, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Які мае адносіны да аддзела вегетатыўнай нервовай сістэмы. Сімпатычная нервовая сістэма. Сімпатычны нерв.
2. Які ўзнікае, аддаецца на іншых, блізкіх або сіметрычна размешчаных участках. Сімпатычныя болі ў зубах.
3. Які дае палёгку, аслабленне болю ў хворых (пра нейтральныя лекавыя сродкі). Сімпатычныя сродкі.
•••
Сімпатычнае чарніла гл. чарніла.
[Ад грэч. sympathēs — успрымальны, адчувальны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.
1. што. Спярэсціць палосамі што‑н., парэзаць на палосы. Спаласаваць матэрыял. □ На захадзе над лесам вострыя чырвоныя пісягі спаласавалі небакрай — там зайшло сонца. Пташнікаў. // перан. Перасячы што‑н. у розных кірунках; пакінуць след у выглядзе палос. Двор удоўж і ўпоперак спаласавалі сляды лыж і санак. Хомчанка. Такое ўражанне было ад глыбокіх, не па гадах, маршчын, што спаласавалі лоб, ляглі пад вачамі. Ваданосаў.
2. каго. Пабіць моцна (пугай, бізуном), пакінуўшы на целе рубцы, шрамы, палосы. Так спаласавалі хлопца папругамі, што месца жывога не пакінулі. Лынькоў. [Рыгор:] А ці памятаеш, пане Рытвінскі, як ты мяне спаласаваў бізуном, што на мне ніводнага жывога месца не асталося. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спас 1, ‑у, м.
У выразе: спасу няма — тое, што і ратунку няма (гл. няма). Я ўпаў. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць.. Бачу, няма спасу, пабег, а яны за мною. Сяргейчык.
спас 2, ‑а, м.
Разм.
1. Збавіцель; адна з назваў Хрыста. // Абраз з вобразам Хрыста. Памаліўся [Клопікаў] перад пазелянелым спасам — госпадзі, блаславі на новую жытку! — і .. патупаў цераз вуліцу. Лынькоў. // Царква ў імя Хрыста-збавіцеля. Спас Нярэдзіцкі.
2. Назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят. Спас першы — мядовы; другі — яблычны; трэці — палатняны. □ [Нікіпар] любіць святкаваць. Таму не абміне ні дзяды, ні коляды, ні радаўніцу, ні спас. Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спецыялізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.; на чым, па чым, у чым.
1. Набыць (набываць) спецыяльныя веды, навыкі ў якой‑н. галіне навукі і тэхнікі; набыць (набываць) якую‑н. спецыяльнасць. Проста Алік нават уяўлення не меў аб зборным жалезабетоне; ён спецыялізаваўся ў інстытуце на мантажы катлоў і турбін. Дадзіёмаў. На рэдакцыйнай лятучцы Мацвей Кірылавіч пахваліў мяне і нават выказаў думку, ці не варта мне наогул спецыялізавацца ў гэтым жанры [фельетоне]. Сабаленка.
2. Дзейнічаць, развівацца ў выразна акрэсленым кірунку; мець спецыяльнае прызначэнне. Калгас спецыялізуецца па вытворчасці мяса і малака. «ЛіМ». Перад нашай рэспублікай, якая спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, стаяць вялікія задачы па значнаму павелічэнню вытворчасці мяса, малака; яек. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суцяшэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суцяшаць — суцешыць і стан паводле знач. дзеясл. суцяшацца — суцешыцца. Гаварыць у суцяшэнне. Выслухаць словы суцяшэння. □ Я сама шукала суцяшэння. Караткевіч. // звычайна мн. (суцяшэ́нні, ‑яў). Угаворы, спачувальныя словы. Я рад за вас быў. Я вам [таварышам] не зайздросціў. І вы суцяшэннямі не абражалі мяне. Панчанка. Ды ўжо суцяшэнні Сяргею не трэба, — адчуў ён сэрцам, Адчуў, што канец непазбежны, што піша хвароба прысуд. Жычка.
2. Тое, што суцяшае, дае супакаенне, палёгку. Аддаліліся ўсе тыя, з кім некалі спрачаўся, сварыўся, даводзіў сваё. Цяпер поўная яснасць і поўны спакой. Але ў гэтым мала суцяшэння. Шамякін.
3. перан. Занятак, прадмет, які прыносіць здавальненне, радасць. Кнігі — маё суцяшэнне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)