ІНВЕ́РСІЯ (ад лац. inversio перастаноўка) у мовазнаўстве, мэтазгоднае змяненне звычайнага (прамога) парадку слоў у сказе. У гутарковай мове служыць сродкам сэнсавага члянення выказвання (падзел на зыходную частку — дадзенае і тое, што гаворыцца пра яе — новае). Параўн. «Ён не прасіў мяне дапамагчы» і «Мяне дапамагчы ён не прасіў». У мовах з фіксаваным парадкам слоў І. мае грамат. нагрузку (напр., для стварэння пытальных сказаў у рус., англ., франц. мовах). У публіцыстыцы і маст. творах І. — стылістычная фігура, якая ўзмацняе выразнасць выказвання, падкрэслівае тую ці інш. думку, паняцце: «У імя беззваротнага мінулага я прашу аб адным: ратуйце ад смерці дзяцей маіх і ўнукаў!» (М.Лынькоў).
А.Я.Міхневіч.
т. 7, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЫЛКАСЫ́МАВА (Майрамкан) (н. 8.1.1936, калгас «Камсамол» Кемінскага р-на, Кыргызстан),
кіргізская паэтэса. Нар. паэтэса Кыргызстана (1980). Скончыла Кіргізскі жаночы пед. ін-т (1958). Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Венера» (1962), «Гэтай вясною шмат кветак» (1965), «Веру ў сэрцы берагу» (1968), «Ты ведаеш мяне, Айчына» (1973), «Невычэрпная песня» (1977), «Рэха юнацтва» (1979) і інш.
т. 1, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМАНІ́ЧНЫ ВЕРШ,
вершаваны твор практычнага ці павучальнага характару. Форма М.в. аблягчае запамінанне пэўных правіл ці лічбаў. Такі верш пашыраны ў разнастайных жанрах дзіцячага фальклору (лічылкі, дражнілкі, заклікі, прагаворы):
Раз, два, тры, чатыры,
Мяне грамаце вучылі:
Ні чытаць, ні пісаць,
Толькі ў паплясы гуляць.
У бел. паэзіі М.в. трапляецца рэдка, пераважна ў парадыйных творах.
М.М.Грынчык.
т. 10, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РТЭР ((Porter) Коўл) (9.6.1891, г. Перу, штат Індыяна, ЗША — 15.10.1964),
амерыканскі кампазітар. Скончыў Іельскі ун-т (1913). Вучань В. д’Эндзі. Аўтар мюзіклаў «Цалуй мяне, Кэт» (паводле камедыі У.Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы», 1948), «Пастка» (1953) і інш., шматлікія з якіх экранізаваны. Пісаў музыку да кінафільмаў і тэлевізійных пастановак, музыку і тэксты папулярных песень. П. прысвечаны біягр. кінафільм «Ноч і дзень».
т. 12, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Антон Юзаф) (1817, маёнтак Шчорсы каля г. Навагрудка — 30.6.1866),
бел. фалькларыст, пісьменнік. Працаваў у Шчорсаўскай б-цы Храптовічаў. З 1844 жыў у Вільні, дзе рэдагаваў «Виленские губернские ведомости». З 1863 перакладчык у газ. «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»). Быў знаёмы з У.Сыракомлем, В.Каратынскім, А.Кіркорам і інш. літаратарамі і даследчыкамі бел. фальклору. Аўтар «Польскага казачніка» (т. 1—4, 1853) — зб. апрацаваных бел. нар. казак, анекдотаў, апавяданняў, былічак з ваколіц Навагрудка (Шчорсы і Нягневічы). Сярод іх казачныя сюжэты, запісы якіх вельмі рэдкія: «Дзяўчына-кветка», «Прададзены чорту становіцца свяшчэннікам», «Мяне маці забіла, бацька мяне з’еў» і інш. У зб. уключаны таксама пераробкі вядомых вершаваных казак В.Жукоўскага і А.Пушкіна. На сюжэт казкі пра папараць-кветку з яго зборніка Ф.Багушэвіч напісаў баладу «Хцівец і скарб на святога Яна». Зборнік Глінскага перакладзены на чэш., франц., англ. і ням. мовы. На польскай мове перавыдаваўся 11 разоў.
Літ.:
Krzyżanowski J. Paralele. 3 wyd. Warszawa, 1977.
І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЖА́ЕЎ (Аляксандр Іванавіч) (11.9.1804, паводле інш. звестак 1805, с. Пакрышкіна Рамаданаўскага р-на, Мардовія — 28.1.1838),
рускі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1826). У 1826 за паэму «Сашка» (1825—26, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1881), якая змяшчала дзёрзкія намёкі ў адрас рас. самадзяржаўя, па асабістым распараджэнні Мікалая I аддадзены ў салдаты без права выслугі. У 1829—33 удзельнічаў у ваен. дзеяннях на Паўн. Каўказе. Друкаваўся з 1825. Лірыка П. звязана з традыцыямі дзекабрысцкай паэзіі. Увёў у рус. паэзію вобраз радавога салдата. У паэмах «Эрпелі» (1830), «Чыр-Юрт» (1832), вершы «Зноў нешта» і інш. — ваен. падзеі вачыма рус. салдата, тэма бессэнсоўнасці вайны. Аўтар паэмы «Прывід Брута» (1833), аповесцей у вершах, песень «Сарафанчык», «Разлюбі мяне, пакінь мяне» і інш. Майстар паэт. перакладу.
Тв.:
Соч. М., 1988;
Стихотворения;
Поэмы и повести в стихах;
Переводы. М., 1990.
Літ.:
Васильев Н.Л. А.И.Полежаев: Пробл. мировоззрения, эстетики, стиля и языка. Саранск, 1987;
Яго ж. А.И.Полежаев и русская литература. Саранск, 1992;
Поэзия А.И.Полежаева. Саранск, 1989.
т. 12, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЗЭРЭ́РЭ (лац. miserere злітуйся),
царкоўнае каталіцкае песнапенне. Назва ад першага слова лац. тэксту 50-га псалма «Miserere mei Deus» — «Памілуй мяне, Божа» рымска-каталіцкага царк. ўжытку. Шматгалосыя кампазіцыі на тэкст М. паявіліся на мяжы 15—16 ст. Першы аўтарскі твор належыць К.Фесце (1517). Сярод найб. дасканалых ўвасабленняў — «Miserere» А.Ласа («Сем пакаянных псалмоў», 1584) і Дж.Габрыэлі («Свяшчэнныя сімфоніі», 1597). Значная колькасць твораў на тэкст М. захавалася ў інстр. апрацоўках — лютневых і клавірных табулатурах эпохі Адраджэння.
т. 10, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАХГЕШЫ́ХТЭ (ням. Nachgeschichte гісторыя, што адбылася пасля),
у літаратурным творы сціслыя звесткі пра герояў і падзеі, што адбыліся пасля развязкі. Разам з тэрмінам форгешыхтэ ўведзены ў рас. літ.-знаўства ў 1920-я г. Ад эпілога адрозніваецца лаканічнасцю інфармацыі і звычайна не вылучаецца ў адзінае кампазіцыйнае цэлае твора. Часцей практыкуецца ў малой прозе («У старых дубах» Я.Коласа, «Былі ў мяне мядзведзі» У.Караткевіча, «У канцы чэрвеня» Л.Арабей), трапляецца і ў буйных эпічных творах («Лявон Бушмар», «Бацькаўшчына» К.Чорнага).
т. 11, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЧАР (Фелікс Айзікавіч) (н. 10.2.1935, Мінск),
бел. аператар, рэжысёр дакумент. кіно. Сын А.Кучара. Скончыў БДУ (1951), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1971). З 1965 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Аператар дакумент. фільмаў (усе з рэж. С.Лук’янчыкавым) «Гульня» (1972), «Старт» (1973), «Боль» (1988), «Сорам» (1991) і інш., якія вылучаюцца майстэрствам рэпартажных і псіхал. здымак. Маст. фільмам (усе з рэж. В.Рыбаравым) «Жывы зрэз» (1977), «Сведка» (1985), «Мяне завуць Арлекіна» (1987) і інш. уласціва стрыманая эмацыянальнасць, рэалістычнасць і духоўнасць. Рэжысёр дакумент. фільма «Развітальнае» (1995).
Г.В.Ратнікаў.
т. 9, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬМАН (Аляксандр Ісаакавіч) (н. 25.10.1933, пас. Дандзюшаны, Малдавія),
расійскі драматург. Вучыўся ў Кішынёўскім ун-це (1960—63). Выступае ў жанры публіцыст. драматургіі. Аўтар сцэнарыя фільма «Прэмія» (1975, Дзярж. прэмія СССР 1976), п’ес «Пратакол аднаго пасяджэння» (паст. 1975), «Зваротная сувязь» (1976, сцэнарый 1978), «Мы, ніжэйпадпісаныя» (1979), «Сам-насам з усімі» (1981), «Лаўка» (1983), «Чокнутая» («Зінуля», 1984), кінааповесці «Начная змена», кінасцэнарыяў «Ксенія, любімая жонка Фёдара», «Лічыце мяне дарослым» (абодва з Т.Калецкай). Яго творам уласціва завостранасць жыццёвых праблем, якія вырашаюцца праз сутыкненні супярэчлівых поглядаў і чалавечых характараў.
Тв.:
Пьесы. М., 1985.
І.С.Александровіч.
т. 5, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)