Ту́рма, ту́рам, турʼю ‘гонячы’, ‘бегучы’ (Нас., Гарэц.). Дзеепрыслоўі ад туры́ць ‘гнаць’ (гл.) па ўзоры бе́гма (< бегчы), бяго́м, ры́ссю.

Турма́ ‘месца зняволення, астрог, вязніца, цямніца’, ‘знаходжанне ў зняволенні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Брасл. сл., Бяльк., Федар. 4; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.), ст.-бел. турма (1377 г.) і тюрма ‘турма’ (1528 г., ГСБМ). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 35), старабеларускае слова было запазычана праз польскае пасрэдніцтва з ням. Turm, дакладней, з с.-в.-ням. turm са ст.-франц. *torn < лац. turrim В. скл., якое са ст.-грэч. τύρρις, τύρσις ‘умацаваны горад’, ‘дом з каменнымі сценамі’ (Фасмер, 4, 137), параўн. у беларускім ідышы turèm ‘вежа’, turme ‘вязніца, засценак, турма’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Аднак пры гэтым цяжка растлумачыць мяккае пачатковае т‑ у рэдкай старабеларускай форме, што пазней фіксуецца ў народных гаворках у выглядзе тʼурма́ (Вруб.), цюрма́ (гл.), якія, мажліва, пад уплывам рус. тюрьма́ ‘тс’. Меркаванні пра паходжанне са ст.-цюрк. *türmä ‘турма’ гл. Менгес, Language, 20, 2, 69; Арол, 4, 129. Кохман (Studia, 30) дапускае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні з нямецкай мовы пры ўмове адаптацыі на ўсходзе (палаталізацыя), чаму пярэчаць па храналагічных прычынах Чарных (2, 277–279) і Гарбуль (246–247), спасылаючыся на больш раннія фіксацыі ў летапісных крыніцах з Пскова і Ноўгарада; параўн. і рус. арханг. турма́ (СРНГ). Сюды ж турэ́мнік ‘зняволены ў турме’, ‘астрожнік’ (Сцяшк.), турэ́мшчык ‘арыштант’ (Бел. дыял. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іржа́ць ’абзывацца ржаннем (пра каня); гучна, нястрымана смяяцца, рагатаць’ (ТСБМ, Бяс., Нас., Шат., Касп., Сцяшк. МГ), ірза́ць (Гарэц., Бяльк., Касп., Шат., Жд. 2), іржа́нне ’крык каня, конскі голас; гучны, нястрыманы рогат’ (ТСБМ, Нас.), ірза́ньня ’тс’ (Бяльк.). Рус. ржать, дыял. смал., зах.-бранск. иржа́ть, ирза́ть, укр. ржати, іржати, польск. rżeć, чэш. ržáti, славац. erdžať, hržať, славен. rzati, серб.-харв. р̏зати, макед. ʼржи. Ст.-слав. ръзати, ст.-рус. ръзати, ръжати. Беларуская форма з прыстаўным і‑. Прасл. *rъzati: ‑ž‑ пад уплывам форм цяп. ч. *rьžǫ. Бліжэйшыя паралелі: грэч. ἐρυγόντα, ἐρύγμηλος ’равучы’, лац. rūgiō, ‑īre, с.-ірл. rucht ’роў, выццё’, узыходзяць да і.-е. reug̑‑ (Покарны, 1, 867). Дзеяслоў гукапераймальнага характару. Гл. Праабражэнскі, 1, 201–202; Брукнер, 478; Махэк₂, 528; Фасмер, 3, 480–481. Параўн. рыкаць. Значэнне ’смяяцца’ другаснае, утворанае ад значэння ’абзывацца ржаннем (пра каня)’; параўн. аналагічную семантычную структуру слав. *regotati (гл. рагатаць). Семантычна адрозніваюцца иржа́ць ’настойліва, назойліва прасіць, патрабаваць, дабівацца’ (Нас.), ірза́ць ’дурэць, гойсаць, сваволіць’ (Юрч.). Мяркулава (Этимология, 1974, 63) звязвае гэтыя значэнні са страчаным семантычным звяном ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, вядомым шмат якім славянскім дзеясловам гукапераймальнага характару. Старая семантыка захавалася ў н.-луж. ryžaś ’знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, ’скакаць, бегаць, лютаваць’, ryžaty ’шумны, юрлівы, які знаходзіцца ў перыядзе цечкі’, ’моцна жадаючы чаго-н., прагны да чаго.-н.’; параўн. аналагічную семантычную трансфармацыю в.-луж. rjut ’спешка; моцнае жаданне’ (*ruja ’цечка’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́на1 ’частка нагі, дзе злучаюцца бядровыя і галёначныя косці; месца згібу нагі’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., КЭС; КЭС, лаг., Мат. Гом., Нас., Сержп., Сержп. Грам., Радч., Сл. паўн.-зах., Сцяшк. МГ, ТС, Шат., Яруш.), ’частка адзення, якая прыкрывае гэту частку нагі’ (ТСБМ, Нас.), калені ’нага ад каленнага сустава да таза’ (ТСБМ), ’сустаў пальца рукі’ (Сл. паўн.-зах.), ’вугал згібу, павароту ракі’ (ТСБМ; віц., Нар. сл.; ТС, Яшк.), ’лука’ (Сл. паўн.-зах.; дэфініцыя выклікае сумненне, параўн. ілюстрацыю: «Калена ля ракі, там коні ходзяць», с. 373, відавочна, што тут хутчэй ’паварот’, ’месца на павароце’), ’вір, глыбокае месца на павароце ракі’ (там жа), ’патаўшчэнне на чароціне ці саломіне’ (КЭС, лаг., Мат. Гом., Сцяшк. МГ), каленца ’тс’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), каленка ’тс’ (Нас.), ’сустаў на пальцы рукі’ (рас., Шатал.), калена ’асобная частка, закончаны матыў у музычным творы’ (ТСБМ, Шат.), ’фігура кадрылі’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’пакаленне ў радаслоўнай’ (ТСБМ), ’род, саслоўе’ (Сл. паўн.-зах.). Сюды таксама выразы лысы, як калена (Сл. паўн.-зах.), даць каленца ’ўдарыць каленам ззаду’, сесці на каленцах ’сесці, сагнуўшы ногі ў каленях’ (ТС). Укр. коліно ’каленны сустаў’, ’род’, ’пакаленне’, ’згіб (ракі і да т. п.)’, ’пераход голаса ў песні’, харк. колінце ’патаўшчэнне, каленца ў сцябліне’, у лемкаў яшчэ колінця ’суставы пальцаў’, звяртае на сябе ўвагу і колінчити ’біць (каленам?), рус. смал. коленки ’патаўшчэнні саломіны’, арханг. коленко ’каленца, згіб’, літар. і дыял. колено ’каленны сустаў’, ’паварот ракі і да т. п.’, як спецыфічна дыялектныя СРНГ адзначае ’змяненне матыву, пераход (у песні), куплет; асобная частка ў танцы «лайце»’, ’сям’я, род’. Зах.-слав.: польск. kolano ’каленны сустаў’, ’паварот ракі’, ’згіб грубы’, ’каленца ў сцябліне травы’ (звычайна kolanko, з XVI ст.; Слаўскі (2, 342) звяртае ўвагу па дакладны семантычны адпаведнік у лац. мове: geniculum ’тс’, genú ’калена’ і літ.: kelùkas ’каленца’, kelỹs ’калена’), н.-луж. kóleno ’каленны сустаў’, в.-луж. koleno ’тс’, ’згіб’, палаб. tʼülʼón ’каленны сустаў’, чэш. koleno ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’каленца (саломіны)’, ’пакаленне, род’, славац. koleno (у падобных значэннях), славен. kolę́no ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’пакаленне’, ’каленца (саломіны)’, серб.-харв. ко̀лено ’каленны сустаў’, ’род, пакаленне’, ’парод’, ёсць і значэнне, адэкватнае рус. колено жаночае і мужчынскае ’пол, жаночае і мужчынскае пакаленне’, ’каленца (у саломіне)’ koljence, макед. колено ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’род’, ’пакаленне’, коленце ’згіб’, балг. коляно ’каленны сустаў’, ’род’, ’абшчына’, ’патоўшчаная частка сцябліны’, дыял. коленце ’каленца (у саломіне)’. Слав. адпаведнікі дазваляюць рэканструяваць прасл. kolěno, наконт значэння цяжка меркаваць, якія з прыведзеных славянскіх сапраўды даўнія, якія вынік натуральнага развіцця значэння. Даўнія семантычныя паралелі (лац. genu ’каленны сустаў’ і ’род, племя’, адпаведна с.-грэч. γόνυ и γένος) дазваляюць сцвярджаць, што такое значэнне можа быць старым. Што датычыць словаўтварэння, відаць, можна выдзеліць суфікс ‑ěno (Слаўскі, 2, 342, прыводзіць як структурны адпаведнік прасл. polěno і як паралель да kolěno літ. kelénas ’калена’). Аснову слав. лексемы параўноўваюць з літ. kelỹs ’калена’, лат. celis ’тс’. Не выключана, што з іншых і.-е. адпаведнікаў сюды сапраўды адносіцца грэч. κῶλον ’член’, κωλήν ’сцегнавая косць; плечавая косць’, κώληψ ’каленны сустаў’ гл. Слаўскі, там жа; Фасмер, 2, 289. Далей сюды ж адносяць і член (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рысь1 ’спосаб бегу жывёлы’ (ТСБМ), рысі́ць ’бегчы рыссю’ (ТСБМ), рыса́к ’пародзісты, рысісты конь’ (ТСБМ), ры́сом ’рыссю’ (ТС), рысяко́м ’рыссю’ (Юрч.), рус. рысь, ры́сью, рысцо́й, укр. ристь, ст.-руск. ристію. Звязана з рус. риста́ть, ристаю, рищу ’бегчы’ (Фасмер, 5, 531). Няпэўна.

Рысь2 ’драпежная жывёліна’ (ТСБМ, Сцяшк.), ры́ся (Нас., Байк. і Некр.), рус. рысь, укр. рись, ст.-рус. рысь, польск. ryś, славац., чэш. rys, славен. rȋs, rȋsa, серб.-харв. ри̏с, балг. рис. Прасл. *rysъ: *rysь ’рысь’ з’яўляецца, хутчэй за ўсё, вынікам кантамінацыі з rysъ (< ryd‑sъ) ’руды’, ’чырванаваты’, засведчанага праз в.-луж., н.-луж. rysy ’руды’, польск. rysawy ’рудаваты’, славац. rysý, rysavý ’стракаты’, чэш. rysý, rysavý, ryšý, ryšavý ’рудаваты’, ryšán ’рудагаловы’, ’ліс’ і далей роднаснае да ры́жы, руда́, ру́сы (БЕР, 6, 265). Але такое тлумачэнне адрывае славянскую назву ад іншых і.-е. назваў звера. Таму больш верагодным падаецца тлумачэнне з *lysь з другасным r пад уплывам *rysъ ’руды, плямісты’. У апошнім выпадку трэба збліжаць з літ. lúšis ’рысь’, лат. lusis ’рысь’, ст.-пруск. luysis, ст.-в.-ням. luhs ’рысь’, ст.-англ. lox, грэч. λῡγξ (Махэк₂, 527). Кантамінацыя з *rysъ магла абапірацца на матывы табу. Менш верагоднае тлумачэнне ‑r‑ уплывам *rzkati (> бел. рыкаць) або словам рваць. Нельга даказаць запазычанне *rysь з іранскага, паколькі падобнае слова да гэтага часу не занатавана ў іранскай мове (Фасмер, 5, 530–531 з літ-рай; Брукнер, 473; Чарных, 2, 131). Пачатковае r‑ можна тлумачыць і як адзінкавае пранікненне гукавой нормы іншага і.-е. дыялекта — іранскага — у славянскі. У іранскай і індыйскай адбыўся перабой агульнаеўрапейскага плаўнага l у іншы плаўны r (арыйскі ратацызм). “Іранская” форма *rusi і адлюстравана ў слав. *rysь. Гаворка тут ідзе не пра запазычанне з іранскай (у іран. мове слова не зафіксавана), а пра тое, што фанетычная заканамернасць (l > r), якая выступае як норма у адной групе моў, арыйскай, магла, у выглядзе выключэння, праявіцца адзінкавымі выпадкамі ў іншай групе, славянскай (Абаев, Этимология–1966, 261–262). Фанетычныя хістанні ў славянскіх назвах могуць тлумачацца спецыфікай самой семантэмы ’назвы жывёл’. Этымалагічна гэтыя назвы звязаны з і.-е. коранем *leuk​[h]:*luk​[h] ’свяціць’ па прыкмеце колеру светлай ззяючай скуры або вачэй звера (параўн. лат. lûša spalvas zirgs ’конь колеру рысі’) (Гамкрэлідзэ-Іванаў, 511–512). Па версіі Махэка (Махэк₂, 527) тут было і.-е. *lŭkʼ‑ з асновай на зычны, верагодна ад асновы *leu̯kʼ‑ ’глядзець’ (грэч. λεύσσω). Ён мяркуе, што тут былі 2 часткі слова, якія па сэнсе адпавядалі чэш. ostrovid (рысь бачыць і ноччу); у слэнгу старажытных паляўнічых слова было скарочана шляхам адкідання першай часткі. Пры такой моцнай дэфармацыі замест l пачало ўжывацца r, магчыма, з мэтай табу. Аб табу сведчыць і тое, што стара-рускія помнікі стараюцца не ўжываць назву рысь, а карыстаюцца лютый зверь. Па іншай версіі, славянскае r было першасным. Іншыя даводзяць, што слав. *rysь наклалася на слав. *rysъ ’стракаты’, ’каляровы’, ’чырванаваты’, ’рудаваты’, параўн. славен. risága ’вінаградная лаза’, польск. дыял. rysawy ’чырвоны’, чэш. rysý ’тс’, rysavý (Мацэнаўэр; Безлай, 3, 182).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́яць, ла́іць ’гаўкаць’, ’сварыцца, зневажаць, крычаць на каго-небудзь абразлівымі словамі’, ’ганьбіць, бэсціць’, ’дакараць, рабіць вымову’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Шат.; горац.-маг., паўн.-усх., КЭС, Сл. паўн.-зах.), лаяцца, лайіцца ’адзін аднаго зневажаць брыдкімі словамі’ (КЭС, лаг.), ’сварыцца’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.), ’скардзіцца, наракаць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лаяти ’сварыцца, ганіць’, але ла́я, лая́ ’гайня сабак’, рус. лаять ’брахаць, гаўкаць’, ’выць (пра ваўка)’, ’квакаць’ (аб жабе), ст.-рус. лаяти ’гаўкаць’, ’сварыцца’, ’злавацца, юшыцца’. Польск. łajać ’сварыцца, праклінаць’, паўн.-каш. łajać ’гаўкаць’, славін. łai̯ac ’сварыцца’, ’гаўкаць’, ’балбатаць’, чэш. láti ’сварыцца’, (а значэнне ’гаўкаць’ запазычана паэтамі з рус. мовы), н.-луж. łajaś ’гаўкаць’, ’сварыцца’, славен. lájati, серб.-харв. ла̏јати, макед. лаам, балг. лая ’гаўкаць’, ’сварыцца, ганіць’, ’пляткаваць’, ст.-слав. лаꙗти ’гаўкаць’, ’ганіць, знеслаўляць’. Прасл. lajati генетычна суадносіцца з літ. lóti ’гаўкаць’, лат. lāt ’тс’, ст.-інд. rā́yti ’гаўкае’, асец. ræin, ст.-грэч. λαίειν, лац. latrāre ’гаўкаць’, алб. leh ’гаўкаю’, ірл. líim ’абвінавачваю’, арм. lam ’плачу’, гоц. laílōun ’яны ганьбяць’ (Фасмер, 2, 468–469; Слаўскі, 4, 432–433 з літаратурай; Шустэр–Шэўц, 10, 759–760). Махэк₂ (321) адрознівае два дзеясловы láti: ’сварыць’, якое ён суадносіць з лат. rāt ’ганіць’, і ’гаўкаць’, якое з прасл. lajati. Скок (261–262) і Жарскі (RKJWroc., 9, 185) прасл. lajati выводзяць з і.-е. la — анаматапеічнага гуку для выражэння паняцця ’гаўканне сабакі’. Сюды ж лаянка ’сварка’ (Гарэц., Касп., Бяльк., Шат., ТСБМ) — бел.-укр. ізалекса < ла́ены ’ганебны’ (Нас.). Польск. даўн. łajanka ’лаянка’ з бел. мовы (гл. Слаўскі, 4, 434).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліша́й1 ’хвароба скуры’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’лішайнік’ (ТСБМ, ТС). Укр. лиша́й ’хвароба скуры’, рус. лиша́й ’лішай’, цвяр., пск. ’гнойны струп на галаве’, польск. liszaj, liszal ’хвароба скуры’, liszajec, liszaje ’лішайнік’; н.-луж. lišaj, lišajca, lišawka, lišawica, в.-луж. lišej, lišawa, чэш. lišej, lišaj, ганацк. leší ’хвароба скуры’, славац. lišaj, lišäj ’тс’, ’мёртвая галава (насякомае)’; славен. lišȃj, серб.-харв. ли̏шај, lȉšalj, макед. лишај, балг. ли́шай, ли́шей ’лішайнік’, ’лішай’. Прасл. lišajь ’хвароба скуры, скурная высыпка, прышчынак’ > ’лішайнік’ (Слаўскі, 4, 489–490; у Скока (2, 308): ’лішайнік’ > ’скурная хвароба’, што здаецца менш верагодным) утворана ад прасл. lix‑ъ (гл. лі́ха) і суф. ‑ějь (Фасмер, 2, 506; БЕР, 2, 444–445). Махэк₂ (336) генетычна супастаўляе разглядаемую лексему са ст.-грэч. λειχήν ’лішай’ (< λείχω ’ліжу’), у якой, аднак, цяжка растлумачыць пераход < gh̯, і знаходзіць аснову яе ў мар.-славац., ганацк. liša ’агонь, полымя’ (параўн. літ. liepsnà ’полымя’ < і.-е. *leip‑siā — хвароба пачыналася пачырваненнем скуры. Аднак ён не адмаўляе і паходжання лексемы ад прасл. lix‑ъ.

Ліша́й2 ’толькі’ (Федар. 1), рус. паўн. лиша, лишо, лише ’толькі, як толькі’ і семантычна блізкія рус. лишь, укр. лише, лиш ’толькі, усяго толькі’, ’як толькі’. Усх.-слав. Узыходзіць да формы параўнальнай ступені н. роду лише ад лихо < lixъ. Да ліха (гл.). Канчатковае ‑й з’яўляецца займеннікавай і прыслоўнай прасл. часціцай ‑i (‑jь), параўн. аналагічна серб.-харв. ondaj, tadaj, славен. tukaj, včeraj, польск. tutaj, dzisiaj, укр. тогдий, тудий, тутичкай (ESSJ SG, 1, 107, 314, 315).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́мень, ка́мінь, ка́мынь, ка́мэнь ’цвёрдая горная народа ці абломак з яе рознай велічыні і формы’, ’абточаны камень у жорнах’ (Сл. паўн.-зах., ТСБМ, Сержп. Прымхі; Бяльк.; драг., Жыв. сл.; Федар. I; Бес., Яруш., Яшк.), каме́нне (зб.) ’камяні’ (ТСБМ, Радч., Сержп.; стаўбц., Нар. словатв.; Яшк., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.), каміене (Бес.), каме́ння ’тс’ (бяльк.), каме́чо, каме́чча ’тс’ (слонім., Жыв. сл.; гродз., З нар. сл.; Сл. паўн.-зах.; свісл., Сцяшк. Сл.); каме́ньчык ’малы камень’ (Сержп. Прымхі; Бяльк., Янк.), ’костачка ў сліве, вішні’ (браг., Нар. словатв.; Ян., Янк. 2; нараўл., Мат. Гом.), камянёк ’тс’ (полац. Янк. 2); каме́ньчыкі ’гульня’ (гродз., Нар. словатв.); ка́мень ’мера вагі (≈ 10 кг, ≈ 1 кг)’ (Інстр. III); камяны́ ’зроблены з каменя’ (КЭС, лаг.), каме́нный ’тс’ (Бяльк.), каме́нны ’з каменя або з цэглы зроблены’ (ТСБМ, Сцяшк.); каме́нык ’крэпкі хлопчык’ (Бяльк.); ка́менка, ка́мінка ’печ з камення (у лазні)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяц.; усх., КЭС); укр. ка́мінь, рус. ка́мень, польск. kamień, н.-луж., в.-луж. kamjeń, палаб. komói, чэш. kámen, славац. kameň, славен. kámen, серб.-харв. ка̏мен, макед., балг. камей, ст.-слав. камы. Прасл. kamy (род. kamaee). Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. akmuõ (akmeñs), лат. akmens ’тс’, ст.-інд. áśmā, áśrnan‑ ’камень’, ’неба’, авест. asman‑ ’тс’, ст.-грэч. ἄκμών ’кавадла’, ’неба’ < і.-е. *akʼ/*okʼ (Слаўскі, 2, 37–38). Фасмер (2, 173–174) далучае да і.-е. яшчэ ст.-в.-ням., ст.-сакс. hamar, ст.-ісл. hamarr ’молат’ (параўн. Мартынаў, Слав. акком., 160–161).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ва1, укр. карова, рус. корова, чэш. kráva, в.-луж. krowa, палаб. korvo, польск. krowa, балг. крава, макед. крава, серб.-харв. кра̏ва, славен. kráva (прасл. korva). Пошукі этымону для гэтага слова заўсёды былі цяжкімі. Што датычыць старажытнасці, то відавочным з’яўляецца яго яшчэ балта-славянскае паходжанне. Параўн. літ. kárve ’тс’, ст.-прус. curwis ’вол’ (апошняе, магчыма, каш.-слав. паходжання: каш. karw ’стары вол’). Усе іншыя паралелі не з’яўляюцца надзейнымі, бо аўтары адпаведных этымалогій прымаюць за пастулат унутраную форму ’рагатая’, што трэба абгрунтаваць. Перш за ўсё, паколькі лац. cornu ’рог’, ст.-грэч. χέρας (χέρσας) і ст.-іран. srū, srva (Бернекер, 557) узыходзяць да k̑or‑u̯/kor‑n, мы б чакалі на балта-славянскім моўным грунце s‑пачатак, але прасл. korva не мае такіх паралелей ні ў адной з індаеўрапейскіх моў (нават калі лічыць паралелямі назвы сарны і лані). Так, ст.-прус. sirwis ’лань’ хутчэй, генетычна тоесна літ. šir̃vis ’шэры конь, заяц’ (яўная назва па колеру), šir̃vas ’шэры’. Прасл. sьrna ’сарна’ можна параўнаць са ст.-слав. срѣнъ ’белы’ (іншыя славянскія паралелі абазначаюць ’іней, шэрань’). Мы падтрымліваем іншую версію з унутранай формай не ’рагатая’, а ’жвачная’. Тады прасл. korva суадносіцца са ст.-інд. cárvate ’жуе’ (Махэк, KZ, 64, 262; Мартынаў, Слав. акком., 163). Сюды ж прасл. červo ’чэрава’ (адно са значэнняў — ’страўнік’). Спроба супаставіць korva з сапсаванай глосай Гесіхія χάρτην τήν βοῡν (χάρτην замяняецца на χάρτην) не пераконвае (Параўн. Трубачоў Эт. сл. 11, 108–109).

Каро́ва2 ’назва грыба гаркуха, кароўка’ (Жыв. сл.). Гл. кароўка, кароўяха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́цька, таксама ба́ця. Рус. ба́тя, ба́тько, ба́тька, укр. ба́тько, ба́тя; чэш. báťa ’брат, родзіч, сябар’, дыял. дзядзька’; балг. баща́, серб.-харв. bȁћa ’брат’. Прасл. batʼa, batę (гл. Бернекер, 46; але праформа batę няпэўная, гл. Полак, RS, 18, 28–29; Трубачоў, История терм., 21). Параўн. далей Голуб-Копечны, 66, 76; Махэк₁, 26; Трубачоў, там жа. Вельмі загадкавае слова. Большасць даследчыкаў лічыць, што прасл. batʼa (batę) з’яўляюцца гіпакарыстычнымі формамі ад прасл. brat(r)ъ ’брат’. Але з фанетычнага пункту погляду гэта тлумачэнне не вельмі надзейнае (надта складаная дысіміляцыя плаўных). Геаргіеў (ВЯ, 1952, № 6, 52–53) лічыў, што прасл. формы разам з грэч. (мінойск.) βάττος ’цар’ паходзяць ад і.-е. bhati̯a, якое не захавалася ў іншых мовах (ад гэтай этымалогіі адмовіліся ў БЕР, 1, 37). Полак (RS, 18, 29) думаў пра субстратнае слова. Лаўроўскі (Назв. родства, 13) лічыў (вельмі няпэўна!), што слав. слова адлюстроўвае і.-е. *pəter‑ ’бацька’. Таксама не пераконваюць спробы лічыць batʼa запазычаннем: з цюрк. моў (Міклашыч, 8), іранскай (Сабалеўскі, РФВ, 64, 149), венгерскай (Міклашыч, Fremdw., 5; супраць гэтага Мацэнаўэр, Cizí sl., 18–19). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 135. Адносіны паміж слав. batʼa і венг. bátya ’старэйшы брат’ вельмі складаныя (параўн. Кёвешы, SSlav., 8, 409–419; Кніежа, SSlav., 8, 421–435; Кніежа, 794). Але хутчэй за ўсё венг. слова ўзнікла самастойна і паходзіць з дзіцячай мовы (гл. MESz, 1, 259–260, там і іншая літ-pa). Можна паставіць пытанне, ці не такога ж паходжання і слав. слова batʼa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Акно́1 (БРС, Касп.), вакно (Нас.), акно ’акно, вока’ (Дабр.), ст.-рус. окъно, рус. окно, укр. вікно, польск. okno, чэш. okno, славац. okno, в.-луж. wokno, н.-луж. hokno, серб.-харв. о̀кно (RHSJ, 8, 821), макед. окно. Хутчэй за ўсё прасл. okno — архаічны прыметнік на ‑no, утвораны ад назоўніка око. Гл. Мерынгер, IF, 16, 125–126, які прыводзіць іншыя індаеўрапейскія прыклады ўтварэння назвы акна ад назвы вока. Фактычна, калі выключыць няўстойлівыя метафары, толькі ў германскіх і славянскіх мовах акно называлася словам, вытворным ад вока (Бак., 469–470). Магчыма, прасл. okno ўзнікла як калька з гоц. augadaúrō (= ’вочныя дзверы’). Прасл. *okna dvьrь з наступным спрашчэннем і вызначэннем родавага паказчыка па зыходнаму назоўніку.

Акно́2 ’глыбокае месца ў балотных крыніцах, азёрах’ (КЭС), окна сольныя салёныя азёры’ (Гарб.), вокнішча ’небяспечнае месца ў возеры ці рацэ, што зацягвае ў глыбіню’ (Нас.). Рус. арх. окно ’глыбокае месца ў возеры’, укр. вікно, серб.-харв. о̀кно ’месца на багнах, якое не зарастае і не замярзае’. Усе гэтыя словы звязаны з прасл. oko ’глыбокае месца ў вадзе’ (гл. Безлай, SR, 5–8, 140–141; Ісачанка, Зб. Младэнаву, 313). Параўн. славац. morské oko, серб.-харв. о̏ко ’глыбокае месца ў вадзе’ і літ. ãkis, akatė̃ ’возера, палонка’. Гэта яшчэ балта-славянскае слова Махэк₂ (411–412) звязвае з лац. aqua ’вада’ і іншымі роднаснымі індаеўрапейскімі лексемамі. Не менш верагоднай застаецца сувязь з прасл. oko ’вока’. Параўн. арм. akn дзірка’, ст.-грэч. ὀπή ’адтуліна’ (Покарны, 775–777).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)