Бак ’пасудзіна’ (БРС). Рус. бак, укр. бак. Паводле Фасмера, 1, 108, запазычанне з герм. моў (параўн. гал. bak ’рэзервуар, таз, балея’, ням. Back ’глыбокая драўляная міска для матроскага стала’, англ. back ’пасудзіна, чан’). Параўн. Клюге, 43. Шанскі, 1, Б, 13, спасылаючыся на Ушакова, хоча бачыць тут запазычанне з франц. bac. Больш пераконвае тлумачэнне Фасмера, таму што рус. слова мела значэнне і марскога і ваеннага тэрмінаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бароўка ’божая кароўка’ (Інстр. лекс.). Паколькі параўнанне з бор ’лес’ не мае сэнсу, то хутчэй за ўсё можна бачыць тут аснову бар‑, якая служыць для падзывання авечак. Параўн. бел. бар‑бар (ДАБМ, № 305), рус. бар‑бар, барь‑барь, баря‑баря; ба́рька ’авечка’, ба́ря ’баран’. Божая кароўка часта называецца (божым) баранчыкам, (божай) авечкай. Параўн. чэш. berunka, beruška, ням. Herrgottschäfchen. Літ-py гл. пад бе́дрык. Параўн. і буроўка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бі́ндус ’гультай’ (Сцяц., Нас.). Аткупшчыкоў (Лекс. балтызмы, 34–35) хоча бачыць тут літуанізм (з меншай пэўнасцю аб гэтым Лаўчутэ, там жа, 22). Брукнер (27) дапускае, здаецца, магчымасць сувязі з bindas ’сякера’ (< ням. Bindaxt; так прынамсі Варш. сл., 1, 156). Параўн. бінда́с ’сякера’, дурань’ (Касп.), бі́ндас ’бамбіза’ (Нас.). Аткупшчыкоў, там жа, лічыць літуанізмам і бел. біндзю́к ’хлапчук гультай і гарэза’ (Нас.). Ці не сюды адносіцца біндзюга́йла ’гультай’ (Нас.)?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ву́шмала, ву́шмъла ’пра чалавека (звычайна пра хлопчыка) з насунутай на вочы шапкай’ (мядз., міёр., Малько, вусн. паведамл., З нар. сл.), ву́шмалы ’вушы’ («дам па вушмалах», КСП). Падабенства да літ. ãšmalas ’рукавіца з футра’, нягледзячы на семантычную аддаленасць, прымушае бачыць тут запазычанне, аднак сувязь з ву́ха, ву́шы не выклікае сумнення; экспрэсіўным характарам слова, відаць, тлумачыцца рэдкая суфіксацыя (інфікс ‑ма‑, як у таўсма́ты < тоўсты, параўн. вушлаты).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галу́твы ’замёрзлая зямля або гразь; груда’ (віц., Яшкін). Параўн. галу́та ’замёрзлая зямля без снегу’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут нейкія формы з уканнем (фанетычным або як вынік уплыву іншых слоў — сказаць цяжка). Параўн. падобныя формы з рус. мовы: голутва́, голудьба ’замёрзлыя кучы зямлі восенню’. Здаецца, што зыходныя формы для бел. мовы былі *golotva, *golota ад *golъ; параўн. важны элемент семантыкі ў слове галу́та: ’замёрзлая зямля без снегу’ (!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дані́на ’даніна’ (БРС, Нас.). Гэта слова можна лічыць вытворным ад прасл. *danь ’тс’. Аднак і форма *danina, магчыма, таксама ўжо была прасл. (*danina: параўн. укр. дани́на, рус. дани́на, польск. danina, серб.-харв. да̀нина). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 187. Фармальна гэта ўтварэнне фармантам ‑n‑ ад da‑ ’даць, даваць’, але Трубачоў (там жа, 188) дапускае больш складаную гісторыю гэтага слова (магчыма, што тут гетэраклітычныя варыянты *dor‑; *don‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ды́рса ’расліна каласоўнік, Bromus secalinus L.’ Варыянтная форма да гі́рса (гл.), якая запазычана з літ. dìrsė (Непакупны, Лекс. балтызмы, 30). Але лінгвагеаграфічная праблематыка тут даволі складаная, таму што ў суседніх літ. гаворках Дзукіі пашырай іменна варыянт girsa, gìrsė (Непакупны, там жа). Параўн. гірса (гл.). Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 1, 96 (пад dìrsa, якое і трэба разглядаць як крыніцу для бел. ды́рса, польск. dyrsa).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жмя́каць ’чмякаць’ (Нас.). Рус. дыял. жмякать ’есці з чмяканнем; сціскваць; удараць, кідаць’, укр. жма́кати ’жаваць’, балг. дыял. жми́чка ’выдаваць гук мокрага прадмета, калі на яго націскваюць’. Паколькі рус. значэнні звязваюць з коранем *žьm‑ (жаць2), наўрад ці чыста гукапераймальнае, як указвае наконт балг. слова БЕР, 1, 552. Відаць, тут, з аднаго боку, сувязь з гэтым коранем, а з другога — з гукапераймальнымі тыпу чмякаць, шмякаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зіхаце́ць ’блішчаць, пералівацца’ (ТСБМ), зехаце́ць ’часта дыхаць, раскрываючы пашчу’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, тут адбываецца далейшае сумяшчэнне каранёў, прадстаўленых у ззяць2 ’блішчаць’ і ззяць1 ’быць адкрытым’ (адкуль зяваць). З ззяць1 суадносіцца зяхаць (гл.) і зіхаць (гл.). Ад дзеяслова з суф. ‑ot‑ утвараецца назоўнік (параўн. рогат) zěxot‑, ад якога з суф. ‑ě‑ti — дзеяслоў zěxoteti > зехацець, які ўжываецца ў абодвух значэннях. Параўн. жухацець ’гарэць, свяціць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казу́рка ’казяўка, букашка; вош’ (БРС; маладз., З жыцця). Аналагічныя структуры, якія адрозніваюцца значэннямі, ёсць і ў іншых мовах; суфіксацыя, па сутнасці, праславянская. Што датычыцца беларускіх лексем, тут неабходна, магчыма, разглядаць слова казурка ’божая кароўка’ асобна, падрабязней гл. казулька ў тым жа значэнні. Апрача таго, не зусім ясны тып утварэння: суфіксальная дэрывацыя (магчыма, двайная) або перанос з козура, вядомага ў розных значэннях, з памяншальнай суфіксацыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)