Жывако́ст ’расліна Symphytum L.’ (БелСЭ), жывако́снік (Кіс.). Рус. жи́вокость (з 1790 г.) ’расліна Delphinium L.’, дыял. жи́воко́сть, жи́воко́с, живоко́ст — назва шэрагу раслін, у тым ліку Symphytum officinale L., Polygonum hydropiper L., Cynoglossum officinale L., Thalictrum minus L., Spiraea ulmaria L., Chelidonium majus L.’, укр. живокі́ст(ь) ’symphytum L.’, польск. żywokost ’Symphytum L.’ Калі сучасны від слова не вынік народнай этымалогіі, можна тлумачыць жывакост як назву паводле лячэбных уласцівасцей расліны. Чэш. назва Symphytum — kostival, valikost тлумачылася яшчэ ў чэш. лекарскай кнізе Я. Чэрнага (1517) тым, што расліна «зламаныя косці зацвярджае», «раны зацягвае, закатвае (svaluje, zavaluje)». Махэк (Jména rostl., 191–192) замест сувязі з val‑ прапануе пераход val‑ < bal‑ (ovati, balii) ’лячыць’. З чэш. kostival, польск. kosztywał, славац. kostiviar — вынік імкнення да разумення другой часткі слова. Тады ў жывакост першая частка звязана з жывіць ’гоіць’, а другая, як і ў чэш. назве, — з *kostь: *živi‑kostь. Можна адзначыць, што і рус. живокость — назва лекавай расліны (рагулька). Польск. żywokost (з XV ст.). Лось (Сложные слова в польском языке. СПб, 1901, 104–105) не тлумачыў семантыку польск. слова, лічыў першую частку адпрыметнікавай, а не аддзеяслоўнай. Не выключана, што бел. (як і ўкр.) словы з польск., дзе калька з чэш. valikost, а рус. < бел., укр. Чэш. паходжанне тлумачыла б цвёрдасць канчатковага зычнага. Параўн. жывіцельнік.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кіёўка 1 ’рагоз шыракалісты, Typha latifolia L.’ (Кіс., Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.). Да кій (гл.). Суфіксацыя на ‑ёўка для назваў раслін. Параўн. смалёўка (Сцяцко, Афікс. наз., 170).
Кіёўка 2 ’падвей’ (Касп.). Параўн. кіёўка 1 (гл.). Як паказвае заходняя (гродз.) назва рагозу пухоўка, падвей атрымаў сваю назву паводле той жа характэрнай рысы. Параўн. рус. пушица ’падвей, Eriophorum latifolium L.’ (Кіс., 50).
Кіёўка 3 ’катах’ (Мат. Гом.), ’чорны катах рагозу’ (Жыв. сл., Нар. сл.), ’галоўка чароту’ (Жд. 3). Параўн. кіёўка 1 (гл.).
Кіёўка 4 ’пачатак кукурузы’ (Янк. Мат., Шатал.), ’кукуруза, Zea Mays L.’ (Дэмб. 1). Назва кіёўка была перанесена на пачатак кукурузы па аналогіі з кіёўка 3 ’катах’. Аб гэтым, апрача разважанняў агульнага характару, сведчыць такая форма Pluralia tantum, як кіёўкі (гл.). Апошняя ўзнікла як прамежкавая паміж кіёўка і кійкі ’кукуруза’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вілка 1 ж. р. — назва розных дэталей, прыстасаванняў з раздвоеным канцом (КТС). Запазычана з рус. вилка, якое з’яўляецца ўласнарускім (Шанскі, 1, В, 97–98). Да вілкі, вілы (гл.).
Вілка 2 ’сукупнасць двух прыцэлаў: недалёт — пералёт снарада’; ’становішча на шахматнай дошцы, калі адна фігура адначасова пагражае некалькім фігурам’ (КТС). Запазычана з рус. вилка ’тс’. Да вілы (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гры́ка ’грэчка’ (зэльв., Сцяц.). Ст.-бел. грика, грыка (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 85). Паводле Булыкі, запазычана з польск. gryka (а гэта з ням. Gricken). Адносна паходжання польск. слова ёсць і іншая думка (здаецца, больш абгрунтаваная): польск. gryka < літ. grìkai, а ням. назва грэчкі (дыял. прус. grick) узята з польск. gryka (агляд гл. у Слаўскага, 1, 363).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Но́рка 1 ’драпежны пушны звярок’ (ТСБМ). Відаць, запазычана з рус. но́рка ’тс’, што з фін. nirkka ’ласка’, эст. nirk ’тс’ (Трубачоў у Фасмера, 2, 83, гл. таксама Вахрас, Virittäjä, 79, 102–110). Гл. таксама нары́ца ’тс’.
Но́рка 2, нары́ца ’назва рухавай, непаседлівай асобы’ (пух., Жыв. сл.). Гл. нарыца, параўн. тлумачэнне: «на чалавека так кажуць, які вельмі пранорлівы» (там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Падсне́жнік ’шматгадовая цыбульная расліна сямейства амарылісавых, якая цвіце ранняй вясной белымі кветкамі; пралеска’ (ТСБМ), ’пралеска, Hepatica mili. nobilis’ (Кіс.) падснежнік ’кураслеп дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (Бейл.). Рус. падснежнік ’назва розных кветак, якія вясной з’яўляюцца першымі’. Ад прым. падснежны з суф. ‑ік па вельмі распаўсюджанай ва ўсх. -слав. мовах мадэлі ў назвах раслін і грыбоў (Параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 97).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асо́т ’расліна Sonchus L.’, назва дастасоўваецца і да іншых раслін (Cirsium arvense, Chondrilla junces), ацот ’тс’ (Бяльк.). Рус., укр. осот, польск., чэш. oset (чэш. дыял. таксама voset, (v)osti, vôst, octak), балг. осът, славен. osát. Да і.-е. *akʼ‑ ’востры’, прадстаўленага між іншым у грэч. ἄκανος ’чартапалох’, літ. ãšatas ’конскі волас’ (Мейе, Études, 299). Гл. востры.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Базу́манка, безу́менка (палес.) ’дошка таўшчынёй 50 мм’ (Лысенка Жыт.); бязу́мінка ’тонкая дошка, менш цалі’ (Бяльк.). Параўн. укр. бези́менка ’дошка таўшчынёй менш вяршка, але таўсцейшая за шалёўку’ (Грынч.), рус. безыме́нна, безымя́нка ’тс’, безымя́нники ’бярвенні, якія кладуцца замест фундамента’. Першапачаткова назва дошкі «без імя, без назвы» (параўн. яе вызначэнне: «менш…, але таўсцей…»), дошка без пэўнай назвы. Параўн. Даль.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Махорка ’тытунь вышэйшага гатунку, прыгатаваны з лісцяў і сцябла расліны Nicotiana rustica L. (віц., Кіс., Шат., ТСБМ). З рус. махорка ’танны гатунак тытуню’, якое (паводле Даля, 2, 807) з *амерфортский < (назва горада ў Нідэрландах) Amersfoort. Дзяржавін (Зб. Шышмарову, 168) прапануе ў якасці крыніцы ісп. majorca (mazorka) ’колас маісу’ (з індзейскай мовы вострава Гаіці) (Трубачоў, гл. Фасмер, 2, 585).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мачы́лка ’назва плоскуняў’ (брасл., ДАБМ, к. 283). Фармальна да мачы́ць (гл. мача́ць), аднак матывацыя наймення няясная. Адсутнасць дадатковай інфармацыі (лексема запісана толькі ў адным населеным пункце) не дае магчымасці супаставіць бел. лексему з рус. мо́ченец, моче́нец ’лён ці каноплі, якія вымочваюцца перад апрацоўкай’, ’валакно з іх’, ’лён’, ’каноплі’, ’жаночыя каноплі’, мочёник, моченика ’тс’ (СРНГ, 18). Запазычанне з рус. мовы (?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)