сухі́, -а́я, -о́е.

1. Не мокры, не замочаны.

Сухая кашуля.

Сухое сена.

2. Пазбаўлены вільгаці, не сыры.

Сухія дровы.

С. клімат.

С. вецер.

3. Які страціў свежасць, сакавітасць, мяккасць, высахлы або высушаны; прыгатаваны ў выглядзе парашку, канцэнтрату.

С. батон.

Сухія яблыкі.

Сухое малако.

С. кісель.

4. Пазбаўлены спажыўных сокаў, засохлы, амярцвелы; які не дзейнічае, высах з-за якой-н. хваробы, атрафіраваны.

С. куст малін.

С. корань.

Сухая рука.

5. Які праводзіцца, робіцца або праходзіць, працякае пры адсутнасці вільгаці, вадкасці; без вадкіх выдзяленняў.

Сухая тынкоўка.

С. кашаль.

6. Нішчымны, без нічога (пра хлеб).

Есці с. батон.

7. Які мае сухарлявы склад цела, хударлявы.

С. стары.

8. перан. Пазбаўлены душэўнай цеплыні, дабрыні; неласкавы.

С. чалавек.

С. тон (непрыветны).

9. перан. Скупы, лаканічны.

С. пералік фактаў.

10. Пра гукі: пазбаўлены гучнасці, мяккасці.

С. лязгат металу.

11. Пра ліку гульні: такі, пры якім той, хто прайграў не атрымаў ніводнага ачка.

Прайграць матч з сухім лікам.

Сухі закон — забарона гандляваць моцнымі алкагольнымі напіткамі.

|| памянш. сухе́нькі, -ая, -ае (да 1 і 7 знач.; разм.).

|| наз. су́хасць, -і, ж. (да 1—5, 7—10 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Сы́рамяць ’нядубленая скура, сырыца’ (ТСБМ), сырамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (ТСБМ, Бяльк.), сы́раметны ’скураны’ (Касп.), сы́рамяць, сы́рмець, сы́рміць ’сырыца’ (Сл. ПЗБ), су́рамяць ’тс’, сурамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (карэліц., Нар. лекс.), сырымыць, сыръмяць ’гужык у цэпе’ (кругл., маг., ДАБМ, камент., 829), су́рамятка ’раменная ці вяровачная частка пугі’ (стаўб., З нар. сл.), сурамя́ць, сурамя́зь ’сырамяць’ (Сл. ПЗБ), су́рметка ’папруга, повад з сырамяці’ (Сл. ПЗБ), сыро́мец ’вузкая палоска з нявырабленай скуры’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, сы́рамаць ’сырыя дровы’ (Мат. Гом.), сыромі́ть ’амаль дарма’: сыроміть оддала півня (кобр., Сл. Брэс.). Рус. сы́ромять ’сырыца’, сыромя́тный ’выраблены з сырыцы’. Да сыры і мяць (гл.), параўн. кажамя́ка (гл.) і адзначанае ў Даля (IV, 376) “кожа… выделанная очисткой и сильным мятьем”. Да значэння ’сырыя дровы’ параўн. сыромля ’тс’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пае́сці, паем, паясі, паесць; паядзім, паясце, паядуць; пр. паеў, ‑ела; заг. паеш; зак.

1. чаго і без дап. З’есці чаго‑н. у якой‑н. колькасці, прыняць ежу. — Паешце гарачага, — запрашала гаспадыня. Лобан. Валодзя крышку паеў і сказаў маці, што вельмі хоча спаць, бо ўсю ноч быў у дарозе. Федасеенка. Як усе вясёлыя людзі,.. [Ярохін] быў здаровы чалавек і, як усе здаровыя, любіў добра паесці. Шамякін.

2. каго-што. З’есці, знішчыць усё, усіх або ў вялікай колькасці. Вусень паеў усё лісце. □ У гэтыя хвіліны .. [Адам] адчуў голад. Нічога ў яго не было. Кілбасы і сыры ён даўно, паеў. Чорны.

3. што. Грызучы, раз’ядаючы, сапсаваць што‑н. — Але глядзі ты, як струхлела [сцяна]. — Шашаль паеў. Чорны. Калі б не працавалі косы, Даўно б паела іх іржа. Тармола.

•••

Жданкі (чаканні) паесці — не дачакаўшыся, страціць надзею на чый‑н. прыход, прыезд і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.

1. Пасадзіць (некалькіх, многіх), даўшы кожнаму месца. Корань мігам рассадзіў усіх і пастукаў костачкамі пальцаў па стале. Ваданосаў. Нарэшце фатограф рассадзіў усіх, як належыць. Ус.

2. Памясціць, пасадзіць паасобку (звычайна тых, хто сядзеў разам). Рассадзілі нас усіх восем па адзіночках такіх велізарных пецярбургскіх «Крыжоў». Пальчэўскі. Людна з Шэйдакам першы час пасля таго, як іх рассадзілі, адчувалі сябе нібы тая рыба, якую выцягнулі з вады. Сабаленка.

3. Перасадзіць расліны радзей, іншым чынам. Рассадзіць расаду капусты. Рассадзіць памідоры.

4. Разм. Разбіць, раскалоць моцным ударам. І беглі ўсе на двор, дзе ляжаў сыры снег.., дзе ўжо мільгалі снежкі і цяжка гупалі ў дашчаны ганак, пакуль нехта не рассадзіў акно, пакуль не выбег той самы пануры вартаўнік, перавярнуўшы ў руках памяло. Адамчык. // Моцна параніць. — Антоська, даражэнькі, паміраю, — заплакаў п’янаваты Сцяпан.. — Во, глядзі, як рассадзіў мне галаву Рысь... С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыві́цца, жыўлю́ся, жы́вішся, жы́віцца; незак.

1. Карміцца, харчавацца. [Родны:] Што ж, тыгр — звер, як звер. Яму так прыродай вызначана — жывіцца мясам. Крапіва. Наступалі голад і смага. Байцы жывіліся жменяй макухі, дзесяткам гарошын. «Звязда». // Здабываць сродкі для існавання. Людзі з трох вёсак займаліся вырабам гонты і гэтым жывіліся. Чорны. Што зарабіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Гарэцкі.

2. Забяспечвацца тым, што неабходна для нармальнага існавання, развіцця, дзейнасці. Ірвецца [расток] да святла, расце бясконца І п’е зямлі сыры духмяны сок, І жывіцца магутнай сілай сонца... З. Астапенка. Маторы ў майстэрнях жывяцца электрычнай энергіяй. Шахавец. // перан. Падтрымліваць, узмацняцца чым‑н. (пра разумовую і творчую дзейнасць, псіхічны стан і пад.). [Беларуская] сатыра ўрастала ў народную глебу, жывілася яе сокамі. Казека. У многіх аўтараў паэзія жывіцца ўспамінамі. «ЛіМ».

3. Разм. Атрымліваць для сябе выгаду, карысць; нажывацца, абагачацца. — Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сыро́ватка ’вадкасць з адтопленага або адстоенага кіслага малака’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Пятк. 1, ЛА, 4, Арх. Вяр., ТС), сы́раватка, сы́рватка, сарава́тка ’тс’ (Сл. ПЗБ), сы́раватка ’тс’ (Сцяшк., Жд. 2), сыро́вадка ’тс’ (Янк. 1; бых., Янк. Мат.), сы́равадка (Нас.), сы́рватка ’тс’, сы́ўрытка ’тс’ (Мат. Маг.), сыро́водка, сыро́вадка ’тс’ (ТС), сы́варатка (Сцяшк.) ’тс’, сырове́тка, сэрова́тка, сыро́вотка, сыро́ватка ’сыроватка’, ’суп на сыроватцы’, ’маслянка’ (Вешт.), сыро́вадка ’страва (суп) з сыроваткі і круп’ (Ян., ПСл; мазыр., З нар. сл.), сыро́ваднік ’тс’ (Ян.), сырова́тнік ’тс’ (Сл. Брэс.). Укр. си́ро́ватка, рус. сы́воротка, польск. serwatka, в.-луж. syrwatka, н.-луж. serowatka, чэш., славац. syrovátka, серб.-харв. су̏рутка, дыял. сирова́тка, славен. sírotka, балг. суро́ватка, дыял. сурва́тка, макед. сирутка. Прасл. *syrovatъka ўтворана ад прым. *syrovatъ ’сыраваты’ < *syrъ (гл. сыровы, сыры); Міклашыч, 335; Шустар-Шэўц, 1402; Бязлай, 3, 238; супраць Махэк₂ (599), які супастаўляе з лац. serum ’сываратка’. Формы тыпу рус. сыроводка Фасмер (3, 816) тлумачыць набліжэннем да вада; іншыя змены тлумачацца асіміляцыяй і метатэзай у асобных мовах (Куркіна, Этимология–1975, 175).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Асу́га, осу́га ’пот’ (тураў., Выг.), ’іней, шэрань’. Укр. дыял. осуга, суга́ ’налёт, іржа на вадзе ў балоце, высыпка на губах’, слой вадкасці на іншай вадкасці, від плесні’, восу́га ’пара на шыбцы’, осу́жка ’вяршкі’, славац. osuheľ, osuhlina ’шэрань’, дыял. osuha ’шэрань; сыры туман’, чэш. (мар.) osuhel ’імгла зімой, шэрань, іней’, osuhlý ’шурпаты, маркотны, непрыемны’. Верагодна, утварэнне з суфіксальным ‑га ад дзеяслова *osuti ’абсыпаць’: параўн. ст.-слав. і ст.-рус. соути ’сыпаць’, польск. і ст.-польск. osuć, серб.-харв. о̀сути, славен. osúti ’абсыпаць’ (прасл. *osupti); параўн. таксама чэш. osutina ’высыпка на целе’. Мацэнауэр (LF, 12, 175) хацеў вывесці ад нейкага кораня соуг‑, аднак не давёў свайго намеру да канца; Зубаты (Studie, I, 1, 167–170) намагаўся звязаць чэшскія словы з праслав. *o‑sǫg‑lъ, што мела суадносіцца з *osęgti ’дасягнуць’; Махэк₂ (421) прапануе сувязь з польск. у Карловіча osęgly ’дажджлівы’, якое ён выводзіць з *osędły < oszędły ад кораня szedy ’сівы’. Гэтыя этымалагічныя прапановы малапераканаўчыя; украінскія і беларускія факты ў іх не ўлічаны. Ці сюды пакінутае Скокам без тлумачэння: серб.-харв. осуга ’стужка’, няясна. Параўн. н.-луж. wósuch ’струп, парша’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зака́лецсыры, непрапечаны слой у хлебе’, зака́л ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зака́л, дыял. зака́ла, укр. зака́лець, зака́л, польск. zakałec, zakał, чэш. разм. zákalec, zakał, н.-луж. zakałka ’тс’. Ст.-рус. закала ’закалец’ (1662 г.). Паўн.-слав. абазначэнне непрапечанага слоя цеста над ніжняй скарынкай, які вынікае з-за таго, што цеста не падышло, звязана, відаць, з дзеясловам zakaliti ’падвергнуць уздзеянню цяпла (для гартавання і іншых мэт)’: была ўжыта надта гарачая вада для запаркі ці печ была надта гарачая. Zakałiti ад kaliti ’гартаваць’. Гэта слова звязваецца з калець (гл.), акалець, паводле тэрмічнага ўздзеяння (Даль, 2, 582; Мейе, MSL, 14, 373), ці з кал (гл.) паводле Махэка, LF, 65, 314–315 (пазней Махэк₂, 236, адмовіўся ад гэтай версіі, якую падтрымаў Слаўскі, 2, 29). Гл. Фасмер, 2, 168–169; Скок, 2, 21. Закалец утворана з суфіксам ‑ец (< ‑ьць) ад паўн.-слав. бязафікснага назоўніка, *zakala ад дзеяслова zakałiti. Побач са слоем непрапечанага хлеба лексема zakal(a) у рус., польск., чэш. азначае яшчэ ’недапрацаваны цвёрды фрагмент скуры (падэшвы), які скрыпіць’. Параўн. яшчэ закала.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Твары́ла1 ’века ў пограбе’ (бых., Рам. 8–9; Мат. Гом.), твары́ло ’дзверы ў склеп’ (Сцяшк.), ’яма для захоўвання бульбы’ (Цых.), сюды ж запазычанае з польскай (Булыка, Лекс. запазыч., 94) ст.-бел. твори́дло ’форма для сыроў’ (1571 г., КГС; Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. твори́ло ’скрыня або яма, у якой гасяць вапну’, рус. твори́ло ’вапнярка’, польск. tworzydło ’мяшочак або драўляная форма, у якіх выціскаюць сыры’, ’форма, кшталт’, ’выдзеўбаная адтуліна’, ст.-чэш. trořidlo ’форма для вырабу сыру’, в.-луж. tworidlo ’пасудзіна для тварагу’, славен. torilo ’пасуда для вырабу сыру’, харв. tvòrilo ’драўляная скрынка або абруч (з ліпавага або ясеневага лубу), у які закладваюць сыр, каб надаць яму круглую форму’, ’форма, мадэль’. Прасл. *tvoridlo ’форма для вырабу сыру’ ад *tvoriti ’ствараць, фармаваць’ (Бязлай, 4, 205; гл. тварыць1), што суадносіцца з літ. tvérti ’хапаць, ахопліваць; гарадзіць’, дыял. таксама tveriu ’агароджваю’ і ’раблю сыр’. Зыходнае значэнне ’кораб, скрынка’ пашырана да ’выдзяўбаная (выкапаная) ёмістасць’ і ’каробка, футрына (дзвярэй і пад.)’. Гл. таксама Махэк₂, 662; Шустар-Шэўц, 1565.

Твары́ла2 (твары́ло) ’чалавек, які ўсіх смяшыць, дзівачыць’ (пруж., Чэрн.). Аддзеяслоўны назоўнік ад тварыць ’вырабляць, вытвараць’ (гл. тварыць1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плюга́вы ’мізэрны, худы, нікчэмны’, ’мярзотны, агідны’ (ТСБМ, Нас., Шпіл., Сержп., Мік., Маш., Юрч. СНЛ; пух., Сл. ПЗБ), ’сыры (пра дровы)’, ’сапсаваны (пра кроў)’ (пух., Сл. ПЗБ), ’дрэнны, нязграбны’ (Касп.), ’дрэнны’, ’брудны’ (Сл. Брэс.), ’брудны, гразкі’ (пін., Шатал.), плюга́вец ’нягоднік’ (Бяльк.), плюгаўка ’агідная жанчына, неакуратная’, пух. плюгоўка ’шкодная жанчына’ (Сл. ПЗБ), плюга́нка ’агідная’ (Мал.), плюгаўка ’брыдкія, агідныя насякомыя і жывёлы: свярчок, мыш, павук’ (Нас.), плюгаўства ’машкара’ (паст., Сл. ПЗБ; ТС), ’нікчэмнасць’ (Юрч. СНЛ), плюга́віньня, плюга́ўліньня ’зневажанне, прыніжэнне’, плюгавіць ’апаганіць нечыстотамі, брудам’, плюга́віцца ’псавацца’, плюга́вінне ’бруд з ванітаў і харкавіння’ (Нас.). Укр. плюга́вий ’гадкі, нікчэмны’, рус. плюга́вый ’мярзотны, паскудны’, польск. plugawy ’брудны, агідны, гнюсны, мярзотны’, чэш. plihlý, plihý ’абвіслы’, plouhati ’цягнуць, валачы па гразі’, зах.-чэш. plíhati ’цягнуцца, валачыцца, ледзь ісці’, славац. pľuhavý ’мярзотны, гнюсны, паскудны’, ’брыдкі, агідны’, ’кепскі (пра надвор’е)’; pľuhať sa ’пэцкацца’, славен. plúhek ’нясмачны’, дыял. plígek ’несалёны’, ’пусты’. Прасл. plʼugъ ’мокры, рэдкі, брудны’ (Сной–Бязлай, 3, 62), роднаснае лат. blʼugt ’мякнуць’, ’станавіцца слізкім’ (Махэк₂, 462) < і.-е. pleu̯‑ ’цячы, ліць, плаваць’. Памылкова Фасмер (3, 289), Брукнер (419) выводзяць *pljugavъ з plʼujǫ > плюю > плява́ць (гл.). Атрэмбскі (JP, 61, 1961, 3, 182) выводзіць з plucha, якое з pluskać.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)