Твары́ць1 ’ствараць’, ’дзеяць, рабіць, здзяйсняць’, ’чыніць, вырабляць’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’вычвараць, непакоіць, здзіўляць; чыніць’ (Нас., Сл. ПЗБ, Ян.), ’тварыць, ствараць’ (Сержп. Прымхі), творы́ць ’вытвараць’ (ТС), творы́ті ’тварыць, складаць’ (Вруб.), ст.-бел. твори́ти, творы́ти ’тварыць, рабіць, чыніць’ (XV ст., КТС). Укр. твори́ти, рус. твори́ть, польск. tworzyć, н.-луж. tworiś, в.-луж. tworić, чэш. tvořit, славац. tvoriť, славен. tvoriti, серб.-харв. тво̀рити, балг. творя́, макед. твори, ст.-слав. творити ’тс’. З прасл. *tvoriti ’тварыць’, суадноснае з *tvorъ ’твор’, якое звязана з *tvarъ ’твор, стварэнне’ (з іншым вакалізмам). Прасл. *tvoriti роднаснае да літ. tvérti ’абгароджваць; перавязваць; хапаць; фарміраваць, ствараць’, turė́ti ’трымаць; мець’, ãptvaras ’агароджа’, tvártas ’хлеў’, лат. tver̂t ’хапаць, лавіць’, tvarsît ’тс’, turêt ’трымаць’, прус. turīt ’мець’, грэч. σορός ’пахавальная урна; труна’ на падставе і.-е. *tu̯er‑ ’хапаць; абгароджваць’ (Фасмер, 2, 34; ЕСУМ, 5, 533; Чарных, 2, 231; Брукнер, 587; Махэк₂, 662–663; Шустар-Шэўц, 1565). Мяркуецца, што на базе канкрэтных значэнняў ’схапіць, трымаць, браць’ праз ’акружаць, акаляць, агароджваць’ развіліся абстрактныя значэнні ’кшталтаваць, афармляць, фармаваць’ і ’тварыць, ствараць’ (Борысь, 656). Параўн. твэ́рыць, гл.

Твары́ць2 ’захаваць, ахінаць вулей на зіму’ (петрык., Яшк. Мясц.), твары́ць ву́лей ’рыхтаваць вулей пад рой’ (Стан., Некр.), творы́ць ’класці ў вулей прынаду для пчол’ (ПСл), творы́ць борць ’апырскваць сярэдзіну борці спецыяльным растворам’ (Маш.), тво́рыць ’пырскаць, крапіць вулей прымацкай для прываблівання пчол’, ’прыбіраць (у хаце)’ (ТС). Параўн. польск. tworzyć ’рабіць, працаваць каля пчол (у лесе)’. Да папярэдняга (гл.), спецыялізацыя семантыкі на аснове значэння ’акружаць, абгортваць, агароджваць’ з далейшым развіццём ’дбаць, даглядаць’.

Твары́ць3 ’думаць, уяўляць’: я тварыла што месяц усходзіць, аж то мой татэчка па дворэ ходзіць (барыс., Кольб.). Да тварыць1, параўн. польск. tworzyć ’прыдумваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́рыцца (ты́рицьца) ‘церціся, ацірацца дзе-небудзь’, уты́рыцца ‘ўсунуцца, улезці’: утырився сюды (Нас.),ты́рыць ‘біць’: будзем ты́рыць суседняга хлопца (уздз., Жд. 3) Параўн. укр. разм. тиратися ‘гараваць, бедаваць’, ти́рити ‘цягнуць’, ‘піхаць, усучваць’, рус. ты́риться ‘ісці, прабіраючыся крадком’, ты́рить ‘красці’, сты́рить ‘украсці’, мажліва, сюды ж з т. зв. жгонскай мовы ти́рить у́паки ‘валіць валёнкі’. Цвяткоў (Запіскі, 2, 55) параўноўваў зваротны дзеяслоў з польск. terać się бадзяцца, ацірацца’, трактуючы змену першага галоснага пры запазычанні ў якасці працэсу «нахілення або сціскання», як у польск. rozterka ‘ўнутраны непакой, ваганне’; ст.-бел. ростырк, розтырк ‘сварка, разлад’ (1518 г., ГСБМ), аднак няяснымі застаюцца фармальныя і семантычныя адносіны паміж тыраць і тырыць. У рус. тырить, стырить ‘красці, скрасці’ Кіпарскі (Зб. Бернштейну, 418) бачыць «двухбаковае чаргаванне» ў аснове *tur‑ з першасным значэннем ‘схапіць, сцягнуць’, гл. турыць. Узыходзіць да прасл. *tyriti, адносна першаснай семантыкі якога існуюць розныя меркаванні; зыходнае значэнне ‘скрытна знаходзіцца дзе-н.’ (Іваненка, Студіі з ономастики та етимології. 2010, 72), што адпавядае семантыцы зваротнага дзеяслова ў Насовіча, параўн. і стырыць ‘стаяць, прысутнічаць, дзяжурыць’ (гл.), што ўрэшце можа быць звязана з гукапераймальным тыр (гл. тыр-тыр), параўн. рус. тыр да ёр ‘бязладдзе’, ст.-польск. tyr ‘папрок’, серб. тир ‘штуршок’ і інш., гл. тыркаць, тырчаць. Што да паходжання дзеяслова, то, відаць, яно звязана з прасл. *tirati (гл. тыраць), якое выводзіцца з *terti ‘церці’ (Сной₂, 766). Відавочна, на семантыку дзеяслова маглі паўплываць іншамоўныя запазычанні, сярод якіх для ўкр. ти́рити ‘цягнуць, валачы’ прапануецца запазычанне з рум. tîrî ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 572), а для рус. ты́риться ‘лезці, прабірацца’, тырить ‘красці’ — цыг. te terés ‘трымаць, мець, браць’ (Бараннікаў, Язык и литература, Ленинград, 1931, 7, 153; Шапавал, ВЯ, 2007, 5, 113).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узяць, атрымаць, прыняць, забраць / прымусова: адняць, захапіць / прымусова на карысць дзяржавы: рэквізаваць; хапнуць, ухапіць, адхапіць, схапіць, цапнуць, уварваць, урваць, вырваць, запарваць, упарваць, заграбастаць, палатацца (разм.); прыгарнуць, садраць, здзерці, скубянуць, злупіць, заграбці, уграбці, грабянуць (перан.) □ прыбраць да рук, вырваць з рук, вырваць з горла, вырваць з зубоў

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Ахво́та (БРС, Бяльк., Гарэц., Мал., Касп., Сержп., КЭС, лаг., Яруш.), ахвочы ’шчыры, хто робіць з ахвотай’ (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг., Яруш.), ахвоціцца ’мець ахвоту’ (КЭС, лаг.), охвоча ’без прымусу’ (КЭС, лаг.), ахвотна (БРС, Касп., Гарэц., Бяльк., КЭС, лаг.), охвотно ’весела, прыемна’ (КСТ), ахвотнік ’дабраволец’ (БРС, КЭС, лаг.), ст.-бел. ѡхвотно (XV ст.), ѡ̈хвочий, ѡ̈хвочь (XVI ст., Карскі, 1, 339), укр. охвота ’жаданне, задавальненне’, охвітно ’прыемна, з задавальненнем’, рус. охвота ’жаданне’, ’паляванне’ (выключна паўночна-заходняе), ст.-рус. охвота, охвочии, охвотьнъ ’вясёлы, жвавы’. Нельга разглядаць асобна ад ахота, з якім ахвота мае паралельнае ўжыванне на большай частцы беларускага моўнага арэалу; паводле Брукнера, KZ, 45, 25, назоўнік ад *ochvy: параўн. палаб. våxvě ’здаровы, вясёлы’ (з oxvъ‑jь), в.-луж. wochwy ’тс’, палаб. våxötněoxvotьnъjь), «na tüjǫ våxötǫ» «за тваё здароўе» (тост) < *oxvotǫ гл. Шыдлоўска–Цэглёва, SOc, 27 (1968), 266; гл. таксама Махэк₂, 411, які ўслед за Брукнерам збліжае з ст.-чэш. ochviti sě ’разгуляцца, распаліцца, аддацца чаму-небудзь’, тады ахота < ахвота з выпадзеннем в, параўн. Бернекер, 398, адносна фанетычных умоў гэтай з’явы гл. Ільінскі, AfslPh, 29, 168 і наст.; Атрэмбскі (Życie wyrazów, 320) тлумачыць выпадзенне w у польск. ochwota і развіццё значэння ад ’жвавасць, вясёласць’ да ’жаданне’ ўплывам chocieć насуперак Брукнеру, які адмаўляе такую сувязь; інакш Якабсон, Word, 2, 615: рус. охвота < охота ў выніку характэрнай дыялектнай з’явы пераходу охо > охво, паралельнай да ого (оɣо) > ово; згодна Карскаму 1, 339, ахвота з ахота ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з хватаць. Паводле Шутца, WSl, 8, 346, рус. охвота і охота ўзыходзяць да кораня *xu̯‑o‑t (адлюстроўвае нармальную ступень чаргавання асноў, што ўзнікла на базе ступені з рэдукцыяй, першапачаткова *xō̆ut‑: *xūt‑: *xut‑ > чэш. huť ’радасць’, прасл. xytiti, серб.-харв. htjěti < *xъteti), які супрацьпастаўляецца кораню *xu̯‑ō‑t з падаўжэннем галоснага, параўн. прасл. xvatъ, рус. хвати́тьсхапіць’, гл. таксама Куркіна, Этимология, 1971, 77. Параўн. расхваціцца ’зрабіць з ахвотай’ (Юрч. Фраз. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́рла, ‑а, н.

1. Храстковая трубка, якая змяшчаецца ў пярэдняй частцы шыі і з’яўляецца пачаткам стрававода і дыхальных шляхоў. Прапаласкаць горла. Пяршыць у горле. □ Сыр стаў у горле, і Гарбача пачала мучыць ікаўка. Мурашка. // Пярэдняя частка шыі, у якой змяшчаецца гэта храстковая трубка. [Алік] ляжаў і чакаў, што вось-вось нехта наваліцца на яго, схапіць за горла, пачне душыць. Шашкоў. Каўнер ціснуў горла, замінаў гаварыць. Мележ.

2. Верхняя звужаная частка пасудзіны. Горла бутэлькі.

3. Вузкі праход з заліва або ўнутранага мора ў адкрытае мора. // Рукаў у вусці ракі. // перан. Пра ўсякі вузкі праход у чым‑н. Прайшоўшы праз вузкае горла маста, .. паток пяхоты разыходзіцца ад Нёмана веерам. Брыль.

•••

Браць (узяць) за горла гл. браць.

Вырваць з горла гл. вырваць.

Горла перагрызці гл. перагрызці.

Горлам браць гл. браць.

Драць (ірваць, надрываць) горла гл. драць.

Засесці ў горле гл. засесці.

Заткнуць горла гл. заткнуць.

З горла лезе (валіцца, прэ) гл. лезці.

Клубок у горле гл. клубок.

Ком у горле гл. ком.

Кусок (кавалак) у горла не лезе (не ідзе) гл. кусок.

На ўсё горла — вельмі моцна, з усёй сілы (крычаць, спяваць і пад.).

Па горла — а) вельмі моцна (заняты, перагружаны і пад.). Завален работай па горла; б) вельмі многа (спраў, клопатаў і інш.). На прадвесні ў Хаіма Плаўніка работы было па горла. С. Александровіч.

Прамачыць горла гл. прамачыць.

Прыстаць з нажом да горла гл. прыстаць.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Станавіцца папярок горла гл. станавіцца.

Стаяць калом у горле гл. стаяць.

Стаяць папярок горла гл. стаяць.

Сыты па горла гл. сыты.

У горла не лезе гл. лезці.

Як косць (кветка) у горле гл. косць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улаві́ць, улаўлю, уловіш, уловіць; зак.

1. каго-што. Разм. Схапіць, злавіць каго‑, што‑н. [Хлапчук] выйшаў, улавіў за лейцы каня і накіраваў зноў на палоску. Мурашка. Улавілі [казакі] і Максіма Цёмнай ночкай у бары. І павіслі на асіне Нашы хлопцы-бунтары. Машара.

2. перан.; што. Успрыняць органамі пачуццяў тое, што слаба праяўляецца, хутка знікае. Улавіць шолах лесу. Улавіць пах кветак. □ — Ручаюся! — прамовіў я, саромеючыся, і ўлавіў дакорлівы позірк Вольгі, якая, стоячы збоку, прыслухоўвалася да размовы. Карпюк. Боганчык пачуў, як пахне жыта; пасля ўлавіў, пацягнуўшы носам, смурод, як дзе гарэла сухая салома. Пташнікаў. Вавулін прыгледзеўся і ледзь улавіў цёмны цень фурманкі, што марудна рухалася насустрач. Лупсякоў. // Заўважыць, прыкмеціць, адчуць што‑н. У .. позірку [дзяўчыны] .. [Іван] улавіў супакоенасць і ціхую ўдзячнасць за тое, што без яе не пайшоў. Быкаў. Хутка Ніна прыйшла сапраўды, і яе паяўленне Юрка ўлавіў не вачыма, а адразу ўсёй істотай. Навуменка. // Зразумець, выявіць сутнасць, характэрныя рысы чаго‑н. Насця гаварыла, не павышаючы голасу, і Заранік напружваў слых, каб улавіць сэнс яе слоў. Хадкевіч. Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. // Запомніць, пераняць мелодыю, матыў і пад. Песня была новая, слоў .. [Жыгалка] не ведаў, але хутка ўлавіў матыў і цягнуў яе з натхненнем. Дуброўскі.

3. што. Сумець своечасова скарыстаць, выкарыстаць зручны час. Улавіўшы момант, калі сход можна было пачынаць, Карэцкі ўстаў з-за стала. Шахавец.

4. што. Выявіць і прыняць, зарэгістраваць якімі‑н. прыборамі. Улавіць радыёхвалю. Улавіць слабыя токі. □ Аўтаматы сейсмастанцыі ўлавілі ваганні планеты і ўключылі прыборы і асвятленне. Шыцік.

•••

Улавіць вухам — пачуць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узя́ць, вазьму, возьмеш, возьме; пр. узяў, узяла, ‑ло; заг. вазьмі; зак.

1. Зак. да браць.

2. заг. і інф. (часта ў спалучэнні з часціцамі «хоць», «хоць бы»). Ужываецца пры ўказанні на тое, што патрабуе пільнага разгляду: спыніць увагу, разгледзець як прыклад.

•••

Узяць на каравул — аддаць пашану асобым ружэйным прыёмам.

Дзіва ўзяло каго гл. дзіва.

Завідкі ўзялі гл. завідкі.

Наша (ваша, іх) узяло (возьме) — тое, што і наша (ваша, іх) бярэ (гл. браць).

Ні ўцяць ні ўзяць гл. уцяць.

Узяць быка за рогі — тое, што і браць быка за рогі (гл. браць).

Узяць верх над кім — тое, што і браць верх над кім (гл. браць).

Узяць волю над кім — тое, што і браць волю над кім (гл. браць).

Узяць голымі рукамі — тое, што і браць голымі рукамі (гл. браць).

Узяць грэх на душу — тое, што і браць грэх на душу (гл. браць).

Узяць за аснову — узяць як галоўнае што‑н.

Узяць за горла (за глотку, жабры) — тое, што і браць за горла (за глотку, жабры) (гл. браць).

Узяць за душу — тое, што і браць за душу (гл. браць).

Узяць за жывое — тое, што і браць за жывое (гл. браць).

Узяць за каўнер (за карак) — тое, што і браць за каўнер (за карак) (гл. браць).

Узяць за правіла — зрабіць сваім правілам.

Узяць за сэрца — тое, што і браць за сэрца (гл. браць).

Узяць з бою (боем) — тое, што і браць з бою (боем) (гл. браць).

Узяць зморам; узяць на змор — тое, што і браць зморам (гл. браць).

Узяць лейцы ў рукі — сканцэнтраваць у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Узяць (займець, паняць) моду — займець прывычку, звычай.

Узяць на абардаж — тое, што і браць па абардаж (гл. браць).

Узяць на буксір — тое, што і браць на буксір (гл. браць).

Узяць на веру што — тое, што і браць на веру што (гл. браць).

Узяць на вока каго — прыкмеціць каго‑н. і назіраць за кім‑н.

Узяць (купіць) на выплат — узяць (купіць) што‑н. у растэрміноўку з платай часткамі.

Узяць нагу — пайсці ў нагу.

Узяць на заметку (на карандаш) — тое, што і браць на заметку (на карандаш) (гл. браць).

Узяць на мушку (на прыцэл) — тое, што і браць на мушку (на прыцэл) (гл. браць).

Узяць напрамак (кірунак) — тое, што і браць напрамак (кірунак) (гл. браць).

Узяць на сябе што — тое, што і браць на сябе што (гл. браць).

Узяць (браць) пад абстрэл — пачаць рэзка крытыкаваць.

Узяць пад варту (стражу) — арыштаваць.

Узяць пад казырок — тое, што і браць пад казырок (гл. браць).

Узяць пад каравул — тое, што і браць пад каравул (гл. браць).

Узяць пад увагу — тое, што і браць пад увагу (гл. браць).

Узяць прыклад — тое, што і браць прыклад (гл. браць).

Узяць сваё — тое, што і браць сваё (гл. браць).

Узяць след — тое, што і браць след (гл. браць).

Узяць слова — тое, што і браць слова (гл. браць).

Узяць слова з каго — тое, што і браць слова з каго (гл. браць).

Узяць слова назад — тое, што і браць слова назад (гл. браць).

Узяць сябе ў рукі — тое, што і браць сябе ў рукі (гл. браць).

Узяць у абарот — тое, што і браць у абарот (гл. браць).

Узяць у абцугі каго — стварыць каму‑н. абставіны, становішча безвыходнасці.

Узяць у галаву што — тое, што і браць у галаву што (гл. браць).

Узяць у лоб — тое, што і браць у лоб (гл. браць).

Узяць (схапіць) упол кагосхапіць у ахапак каго‑н.

Узяць у разлік — тое, што і браць у разлік (гл. браць).

Узяць у толк — зразумець, уясніць што‑н.

Узяць у шоры — тое, што і браць у шоры (гл. браць).

Узяць шлюб — тое, што і браць шлюб (гл. браць).

Чорт не возьме гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухапі́ць, ухаплю, ухопіш, ухопіць; зак. каго-што.

1. Схапіць, рэзкім рухам узяць каго‑, што‑н. Як з-пад зямлі вырас побач жандар. Ён ухапіў мяне за каўнер і павёў на вакзал у нейкую каморку. Сяргейчык. Чалавек ўхапіў кантэйнер за перавясла, гукнуў: «Віра», і горка цэглы паслухмяна лягла ля яго ног. Асіпенка.

2. Разм. Злавіць каго‑, што‑н. на хаду, на ляту. Драпежнік люта ашчэрыўся, хацеў ухапіць зубамі вясло, але не паспеў. Краўчанка. — Вы з таго палка? — рынулася да.. [байца] Святлана, але Зіна ўхапіла яе за плечы і прытуліла да сябе. Кулакоўскі.

3. Разм. Здабыць што‑н.; пазычыць. [Дзед:] — Вось гэта ўдача! Вось гэта юшка, зялёнкі вы такія-гэтакія. Кіло, мусіць, тры [рыбы] ўхапілі. Нездарма, значыць, гарох парыў... Ваданосаў. Юзік ведае, што на пай грошы ў бацькі цяжка будзе выдраць. У пазыкі ісці прыйдзецца, ды не вельмі ў каго ўхопіш. Крапіва. // Захапіць у сваё карыстанне, забраць што‑н. чужое; украсці. Якавіха высыпала на стол чыгун.. бульбы ў мундзірах.. Тут не было таго, каб хто каго падганяў або чакаў. Усё, што ўхопіш, тваё, а не патрапіш ухапіць — галодны будзеш. Лобан. Мы папілі соку, выйшлі з магазіна, але пакунка на месцы не аказалася. Міхаська смяецца: — Нехта ухапіў. Думае, у пакунку добрыя рэчы. Прокша.

4. перан. Сумець успрыняць, зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. [Паўлюконіс:] — Бачыце, усіх слоў не запомніў, .. але галоўнае, квінтэсенцыю, так сказаць, ухапіў. Арабей. Людзі прыслухоўваліся і, відаць, што-нішто ўхапілі з нашай размовы. Асіпенка.

5. і чаго. Разм. З’есці, папіць крыху чаго‑н. Нахадзіліся ўжо цяляткі, нагуляліся... Пойдуць вады ўхопяць, кошанку з’ядуць, паляжаць. Місько.

6. Разм. Паспець зрабіць што‑н., управіцца з чым‑н. [Лукаш:] — Я асабіста лічу, што з жывёлагадоўчай фермай трэба пачакаць... Усё адразу не ўхопіш... Гурскі. — Як толькі сонца прыгрэе, адразу б усіх, нават старых і малых, можна было б выправіць на сенажаць і [сена] ўхапіць: згрэбці, скідаць у стагі і няхай стаіць. Сабаленка.

•••

Куды яго чэрці ўхапілі гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каём, каёміна ’шустры, бойкі’ (Бяльк.), акаёман, акаёмын ’верхалаз’ (Бяльк.). Ілюстрацыя ў слоўніку дазваляе ўдакладніць дэфініцыю: «Увесь дзень, як акаёмын ходзіць па дрэвах». Рус. паўн., усх. окаём ’нягоднік, гультай; ашуканец, неслух і інш.’, окаёмиться ’адбіцца ад рук і інш.’ Даль тлумачыць окаём словам «изверженный», окаёмный «опричный, кромешный, находящийся вне чего-либо». Такім чынам ён аб’ядноўвае іх і окаёмак у адным артыкуле. У гэты ж артыкул Бадуэн дэ Куртэнэ ў трэцім выданні слоўніка Даля ўключыў тамб., ярасл. окоём ’скнара, скупянда’. Супраць Мартынаў (Бел.-рус. ізал., 69), які прапануе: акаём/окаём < прасл. kajati sę. Структура слова, паводле Мартынава, там жа, высвятляецца, калі лічыць, што яно з’яўляецца формай залежнага дзеепрыметніка прошлага часу на ‑ом (окаём да каять, як весом да весить). У такім выпадку акаёмын, каём этымалагічна і сэнсава будуць звязаны з акаянны. Краўчук (вусн. паведамл.) удакладняе, што гэтыя словы могуць быць звязаны іншым шляхам і прапануе: акаянны > *акаённы (праз *акаенны), якое ў выніку дысіміляцыі дае акаёмны (‑нн‑ > ‑мн‑). Да гэтай формы заканамерна магло б узыходзіць акаёман, якое ў такім выпадку з’яўляецца зыходным для іншых форм. Цыхун (Бел.-рус. ізал., 91) прапанаваў іншую этымалогію для бел. акаём. Мяркуючы па значэнню ’шустры, бойкі’, улічваючы структуру бел. акаём ’небасхіл, прастора, якую можна ахапіць вокам’, звязвае бел. акаём ’шустры, бойкі’ з усх.-слав. око і яти. Параўноўваючы бел. слова і рус. дыял. окоём ’ашуканец, нягоднік’, ’скнара, скупянда і да т. п.’, аўтар лічыць, што ўнутраную форму гэтых слоў адлюстроўвае фразеалагізм оком яти ’ахопліваць вокам’; у якасці прыкладаў прыводзяцца гродз. зазроны (ад zьrěti) ’скупы, зайздросны’, рус. завидовать ’зайздросціць’, балг. свидлив ’скупы’. У такім выпадку значэнне хуткасці, бойкасці магло развівацца ў сувязі з паняццем ’ахопліваць вокам’, ’хутка, як вокам схапіць’ (бел. вокамгненна, гл.). Аўтар, аднак, меў у якасці рус. адпаведнікаў толькі прыклады з ярасл. гаворак і заўважыў, што надзейнасць гэтай бел.-рус. ізалексы невысокая, калі ўлічыць даныя аб міграцыі бел. насельніцтва ў гэты рэгіён (гл. падрабязней Бел.-рус. ізал., 91–92). Прымаючы пад увагу, што бел. і рус. словы сустракаюцца па разарваных арэалах, можна лічыць акаём/акаем усх.-слав. архаізмам. Што датычыцца ўласна этымалогіі, то адносна фанетыкі (гл. вышэй меркаванні Краўчука) параўн. яшчэ рус. алан. каётный ’які каецца, шкадуе аб зробленым’ і, магчыма, церск. каёмиться ’цырымоніцца, адмаўляцца’. Гл. акаёман.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

захапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, схапіць (рукамі, пальцамі і пад.) якую‑н. колькасць чаго‑н. Цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў і парывіста, са злосцю, разанула сярпом. Мележ. // Абхапіць. Васіль .. захапіў у абдым[кі] абодвух сыноў і прыціснуў да сябе. Кавалёў.

2. Узяць, прыхапіць з сабою. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую шкуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай шкуры. Колас. [Ларыса] захапіла з сабой палку .. і, як ластаўка, выпырхнула за дзверы. Даніленка.

3. Узяць, авалодаць сілай. Захапіць уладу. □ Ведалі кулямётчыкі.. любоў камбрыга да тэхнікі і таму стараліся не псаваць яе, калі можна было захапіць непашкоджаную. Шчарбатаў. // Затрымаць сілаю, пазбавіць волі. Захапіць у палон. □ Партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў. // Апярэдзіўшы іншых, узяць што‑н. сабе, авалодаць чым‑н. Захапіць ініцыятыву. □ Хлопцы, каб захапіць месца на бярвенні, спяшаліся. Вітка.

4. Заняць, ахапіць сабой што‑н., распаўсюдзіцца на што‑н. Чорныя крылы хмары захапілі ўсё неба. Даніленка. // Пашырыцца на пэўны прамежак часу. Пахаладанне захапіла пачатак чэрвеня.

5. перан. Вельмі зацікавіць, прымусіць поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Заняткі так захапілі, што лётчыкі не заўважылі, як хутка прабег час. Алешка. Бурная будаўнічая праца захапіла Сцяпана Ягоравіча. Корбан. // Завалодаць, ахапіць, узрушыць (пра пачуцці, думкі і пад.). Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Колас. Юнацкія ўражанні глыбока запалі ў яго свядомасць, захапілі сваёй веліччу і гераізмам. Арабей.

6. перан. Завалодаць увагай, зачараваць каго‑, што‑н. [А. Александровіч] умеў захапіць аўдыторыю. Хведаровіч. Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, святочны настрой.. публікі. Гартны.

7. Разм. Застаць; заспець. Стары Якуб Сакалоўскі не захапіў ні свайго двара, ні хаты, ні хлявоў — на іх месцы было папялішча. Лупсякоў. Мы заўважылі і Ніка, які бег таксама разам з усімі. Яго, як і нас, хваля захапіла на беразе. Лынькоў. Ніну вайна захапіла ў піянерскім лагеры. Васілевіч.

•••

Дух (дыханне) захапіла — тое, што і дух (дыханне) заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)