захапіць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, схапіць (рукамі, пальцамі і пад.) якую‑н. колькасць чаго‑н. Цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў і парывіста, са злосцю, разанула сярпом. Мележ. // Абхапіць. Васіль .. захапіў у абдым[кі] абодвух сыноў і прыціснуў да сябе. Кавалёў.

2. Узяць, прыхапіць з сабою. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую шкуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай шкуры. Колас. [Ларыса] захапіла з сабой палку .. і, як ластаўка, выпырхнула за дзверы. Даніленка.

3. Узяць, авалодаць сілай. Захапіць уладу. ▪ Ведалі кулямётчыкі.. любоў камбрыга да тэхнікі і таму стараліся не псаваць яе, калі можна было захапіць непашкоджаную. Шчарбатаў. // Затрымаць сілаю, пазбавіць волі. Захапіць у палон. ▪ Партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў. // Апярэдзіўшы іншых, узяць што‑н. сабе, авалодаць чым‑н. Захапіць ініцыятыву. ▪ Хлопцы, каб захапіць месца на бярвенні, спяшаліся. Вітка.

4. Заняць, ахапіць сабой што‑н., распаўсюдзіцца на што‑н. Чорныя крылы хмары захапілі ўсё неба. Даніленка. // Пашырыцца на пэўны прамежак часу. Пахаладанне захапіла пачатак чэрвеня.

5. перан. Вельмі зацікавіць, прымусіць поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Заняткі так захапілі, што лётчыкі не заўважылі, як хутка прабег час. Алешка. Бурная будаўнічая праца захапіла Сцяпана Ягоравіча. Корбан. // Завалодаць, ахапіць, узрушыць (пра пачуцці, думкі і пад.). Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Колас. Юнацкія ўражанні глыбока запалі ў яго свядомасць, захапілі сваёй веліччу і гераізмам. Арабей.

6. перан. Завалодаць увагай, зачараваць каго‑, што‑н. [А. Александровіч] умеў захапіць аўдыторыю. Хведаровіч. Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, святочны настрой.. публікі. Гартны.

7. Разм. Застаць; заспець. Стары Якуб Сакалоўскі не захапіў ні свайго двара, ні хаты, ні хлявоў — на іх месцы было папялішча. Лупсякоў. Мы заўважылі і Ніка, які бег таксама разам з усімі. Яго, як і нас, хваля захапіла на беразе. Лынькоў. Ніну вайна захапіла ў піянерскім лагеры. Васілевіч.

•••

Дух (дыханне) захапіла — тое, што і дух (дыханне) заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)