прасве́т, ‑у, М ‑свеце, м.

1. Светлая паласа, пляма, утвораная светлавымі праменямі на чым‑н. неасветленым. Сонца нядаўна схілілася з паўдня, але хавалася ўжо за лесам, і на дзялянку падаў доўгі зубчасты цень, дзе-нідзе разрэзаны сонечнымі прасветамі. Шамякін.

2. Прамежак, свабодная прастора паміж якімі‑н. блізка размешчанымі прадметамі. У прасветах паміж будынкамі відаць было жытнёвае поле. Хадкевіч. Велізарнае шэрае неба мільгае ў прасветах між дрэвамі. Гамолка. // перан. Перапынак паміж справамі, часовая палёгка ў рабоце. Яшчэ гадзіну таму назад .. [Паўлу Пятровічу] здавалася, што ў яго, як і заўсёды, на працягу рабочага дня не будзе прасвету, каб нават падумаць аб чымсьці, не звязаным з яго працай. Прокша.

3. перан. Радасць, шчасце ў звычайна бязрадасным жыцці. — Ай, браце Якаў... — Піліп безнадзейна махнуў рукой. — Няма прасвету... Чарнышэвіч. Пад цяжкім гнётам знемагалі людзі, Чыгуннай глыбай гнёт заціснуў грудзі, І не было прасвету у жыцці. Буйло.

4. Спец. Шырыня аконнага ці дзвярнога праёму. // Адтуліна, шчыліна ў чым‑н. Прасвет вены.

5. Падоўжная палоска на пагонах. Нейкаму сынку, Недзе там на хутары, Сніліся пагоны З прасветам залатым. Броўка. Збіўшыся ў кучку,.. [хлопцы] насцярожана разглядвалі на плячах конніка пагоны: зялёнае поле з чырвоным прасветам, а на ім чатыры зорачкі. Курто.

•••

На прасвет (глядзець, разглядаць і пад.) — супраць святла. На момант .. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

Не бачыць прасвету гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае фізічную сілу; вельмі дужы, здаровы. Магутны асілак. Магутны зубр. Магутныя крылы. // Які сведчыць аб фізічнай сіле. Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у словах робяць на сялян добрае ўражанне. Колас. // Здаровы, жыццяздольны. Магутны арганізм.

2. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні). Магутны ўраган. Магутны залп. □ У заключэнне рэйда быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы. Шамякін. // З тоўстым ствалом; густы, раскідзісты. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог. — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. Кірэенка. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Надзелены вялікай баяздольнай сілай, добра ўзброены, умацаваны (пра вайсковыя злучэнні, умацаванні і пад.). Пяскоўцы ведалі ўжо, што следам за разведчыкамі ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі. Пальчэўскі. // перан. Здольны аказаць значнае ўздзеянне на каго‑, што‑н. Калі ж вайна хадзіла па Радзіме І вораг нёс нам рабства і разбой, З тваім [Максіма Горкага] магутным словам, Гордым імем Фашызму мы давалі жорсткі бой. Астрэйка.

3. З вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Магутная краіна. Магутная металургічная прамысловасць. □ Для пераможнага салюта, Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі: Урал магутны Даўно руду ў мартэнах плавіць. Танк. А калі магутны атам Мы для працы пакарылі, Стаў народ такім багатым, Што канца няма той сіле. Крапіва.

4. Спец. Тоўсты, масіўны (слой, пласт). Тут адразу ж пачынаўся магутны пласт чырвонай гліны. Штыхаў.

5. Спец. Які мае вялікую магутнасць (у 3 знач.). Магутная турбіна.

•••

Магутная кучка гл. кучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ліха, лі́хо, лі́ка, лі́хінько ’бяда, гора, зло, няшчасце’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Яруш., Бяльк., Шат., Грыг., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ, Янк. 1; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ’боль’, ’нячыстая сіла, чартаўшчына’ (Нас.); ’эпілепсія’ (бялын., Нар. сл.), ’блага, кепска’ (КЭС, лаг.; ТС, Бяльк., ТСБМ), ліхо́ ’моташнасць’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), лі́хо паду́шчае, паду́шчэ лі́хо ’эпілепсія’ (Сл. ПЗБ, ТС); ліхі́, ліхі́й, ліхы́й, лыхы́й, лыхе́й ’благі, паганы, дрэнны’, ’нядобры’, ’злы (аб сабаку)’, ’хворы, худы, састарэлы, стары’, ’д’ябал’, ’смелы, удалы, маладзецкі’, ’рэзвы, жвавы, хуткі, імклівы (аб кані)’, ’адваротны бок матэрыі, адзення’ (Нас., Яруш., Мал., Бес., Касп., Шат., Янк. 1, Сцяшк., Маш., Мат. Гом., Клім., Федар. 1, ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ, Ян.; КЭС, лаг.; слонім., Нар. лекс.); ст.-бел. лихий ’нядобры, паганы, нізкаякасны, стары, непрыдатны’, ’злы, нячэсны, варожы’, ’неспрыяльны, непадыходзячы’ і другаснае (Булахаў, Гіст., 115) ’левы’. Укр. лихо, рус. лихо ’зло, бяда, няшчасце’, смал. ’нячыстая сіла’, ’злы лёс’, валаг., арханг. ’гора, смутак’; перм., алан. ’гультайства’, арханг. ’задавальненне’; ст.-рус. лихо ’зло’, ’лішка’, ’прыбыль’; польск. licho, драг. lich ’няцотны лік’, а з XVII ст. ’зло, няшчасце, бяда’, ’д’ябал’, каш. ’няшчасце’, ’няўдача, няпоспех’, чэш. licho ’няцотны лік’, ’няшчасце’, ’нячысцік’, мар. lichó ’няцотны’, славац. у выразах sudo licho, četno či licho, серб.-харв. та̏ко или лијо, ст.-слав. токъмоѥ и лихоѥ ’цот і лішка’, балг. лихо ’тупы чалавек’, прасл. lixo. Утворана ад прыметніка lixъ (укр. лихий, рус. лих, лихой, ст.-рус. лихый; польск., н.-луж. lichy, в.-луж. lichi, чэш., славац. lichú, славен. lȋh, серб.-харв. ли̑х, балг. лих, ст.-слав. лихъ) агульнай лініяй развіцця семантычнай структуры кораня якога lix‑ у слав. мовах быў, па-першае, пераход ад сінкрэтызму першапачатковага значэння кораня да расчлененых палярных якасных значэнняў: ’які перавышае норму’ і ’які не дасягае нормы’, па-другое, фарміраванне другасных якасных значэнняў, уласцівых усім або некаторым асобным слав. мовам, напрыклад н.-луж. ’свабодны’, рус. ’смелы, зухаваты’ (Сіліна, ОЛА–1975, 38). Узыходзіць да і.-е. *leiku̯‑so < *leiku̯‑ ’пакідаць’ (ст.-грэч. λείψᾰνον ’рэшта, астатак’, λειψό‑θριξ ’той, хто згубіў валасы’, лац. relinquō, ‑ere, relietus ’пакідаю’, літ. liẽkas ’няцотны, які застаецца пакінуты’, ãtlykisперапынак пасля работы’, лат. lìeks ’лішні, празмерны’, ст.-інд. rinákti ’пакідае, уступае’ (Фасмер, 2, 505; Слаўскі, 4, 228–229; 237–239; Бязлай, 2, 140. Махэк₂ (333) у прасл. lixъ бачыць дзве лексемы: 1) ’лішні, няцотны’; 2) ’злы, благі’. Няма падстаў). Сюды ж ліхам ’дрэнна; не так, як трэба; навыварат’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

між предлог

1. с твор., в разн. знач. ме́жду; меж;

даро́га ўе́цца м. паля́мі — доро́га вьётся ме́жду поля́ми (меж поле́й);

перапы́нак м. ле́кцыямі — переры́в ме́жду ле́кциями;

дру́жба м. наро́дамі — дру́жба ме́жду наро́дами;

ро́зніца м. го́радам і вёскай — ра́зница ме́жду го́родом и дере́вней;

размеркава́ць пра́цу м. супрацо́ўнікамі — распредели́ть рабо́ту ме́жду сотру́дниками;

выбіра́ць м. двума́ варыя́нтамі — выбира́ть ме́жду двумя́ вариа́нтами;

перагаво́рвацца м. сабо́ю — перегова́риваться ме́жду собо́й;

2. с род. (для обозначения положения предмета или проявления действия в промежутке, посреди чего-л.) ме́жду; (в числе других вещей, лиц, явлений — ещё) среди́ (кого, чего);

м. лясо́ў і бало́т — среди́ лесо́в и боло́т;

ро́ўная м. ро́ўных — ра́вная ме́жду ра́вными (среди́ ра́вных);

м. на́мі — ме́жду на́ми;

м. тым — ме́жду тем;

м. і́ншым — а) ме́жду про́чим; б) вскользь, мимохо́дом;

м. на́мі ка́жучы — ме́жду на́ми говоря́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

кало́ць 1, калю, колеш, коле; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, выклікаць боль. Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. [Маці] засынала і пальцы калола іголкай. Бядуля. // Выклікаць востры, калючы боль. З мёрзлай зямлі ўзнімаўся пякучы пыл і калоў твар, як іголкамі. Чорны. // безас. Пра адчуванне вострага, пранізлівага болю, калацця. Ад невыразнага жалю падгіналіся ногі, тонкімі іголкамі калола пад сэрца, забівала дух. Мурашка. Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Маўр.

2. Утыкаючы што‑н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым‑н.; праколваць. Калоць паперу. Калоць шылам скуру.

3. Разм. Рабіць укол, уколы. — Дык жа баліць, як колюць, — жаласліва цягнуў Алік. Ваданосаў.

4. Разм. Бадаць, пароць (рагамі). Бедная тая дамова, дзе вала коле карова. Прыказка.

5. без дап. Ваюючы, б’ючыся, наносіць каму‑н. раны вострай зброяй. Усе стралялі з блізкай дыстанцыі. Крычалі, стралялі, падалі, стагналі, калолі штыхамі. Чорны.

6. Забіваць чым‑н. вострым (свіней). У адной з шчылін бервяна тырчала адмысловае шыла, якім Варташэвіч калоў свіней. Гурскі.

7. і без дап.; перан. Рабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія заўвагі; папракаць каго‑н. [Жанчыны].. рабілі невялічкі перапынак, абедалі і з новымі сіламі калолі адна другую самымі адвостранымі словамі. Пянкрат. // Пра варожы, пільны позірк. [Таццяна] не бачыла .. [немцаў], але адчувала, што іх пільныя позіркі колюць яе спіну. Шамякін. Заўсёды былі мною нездаволены. Вечна калолі мяне, як цвікамі, злоснымі вачамі. Бядуля. // Выклікаць непрыемнае пачуццё, раздражняць. Другое, што [Любу] непрыемна калола — гэта сустрэча з новай свякрухай. Васілевіч.

•••

Калоць (у) вочы — а) чым папікаць, дакараць, сарамаціць. — Калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў .. [Кірыла], чамусьці звяртаючыся да Тукалы. Шамякін; б) быць непрыемным каму‑н., раздражняць. Не так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы і гладкія бакі і таўсматы карак Цімохавага бычка. Колас.

Праўда вочы коле гл. праўда.

кало́ць 2, калю, колеш, коле; незак., што.

Рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць. Калоць дровы. Калоць лёд. Калоць цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбі́ць, разаб’ю, разаб’еш, разаб’е; разаб’ём, разаб’яце; заг. разбі; зак., каго-што.

1. Ударам (ударамі) раскалоць, парушыць цэласць чаго‑н. Разбіць шклянку. Разбіць яйцо. □ Аднае раніцы.. Янка разбіў гліняны кубак, якім пілі ваду з вядра. Пальчэўскі. Раз’юшаны кашалот раптам рэзка павярнуў назад і кінуўся на шлюпку. Моцным ударам хваста ён ушчэнт разбіў яе. Матрунёнак. / у безас. ужыв. Па дарозе я забег у Даўгінава паглядзець на Мітрафанаву ліпу, якую разбіла маланкай. Бажко. // перан. Разбурыць, загубіць. Разбіць жыццё. Разбіць дружбу. Разбіць сям’ю. □ Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам. Колас.

2. Пашкодзіць ударам якую‑н. частку цела, параніць. Разбіць калена. □ Я губляў апошнія сілы, некалькі разоў падаў, разбіў да крыві твар. Шамякін.

3. Паздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць. Атрад разбілі на тры часткі. Лынькоў. Нядаўна Чмарава разбілі: адных — на пасёлкі, другіх — на хутары. Каваль. // Разм. Размяняць. Разбіць дзесяць рублёў.

4. Нанесці паражэнне; перамагчы. [Нявідны:] — Таварышы! Наша партыя, загартованая ў агні Кастрычніцкага паўстання, разбіла і скінула ўладу капіталу ў Расіі. Колас. У сорак другім годзе Савецкія войскі пад Сталінградам разбілі і пагналі фашыстаў. Чарнышэвіч.

5. перан. Даказаць беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць, памылковасць каго‑, чаго‑н. Марыля патрабуе такога лектара, які б ушчэнт разбіў «святога» Луку, што ўжо трэці год жыве на лёгкім хлебе ў Белай Крыніцы. Навуменка.

6. Папсаваць яздой, раз’ездзіць. Разбіць дарогу. // Растаптаць, знасіць (абутак). Дзеду боты праслужылі сорак год, Бо стары ў руках абутак свой насіў, А ўнучак як надзеў, дык і разбіў. Корбан. // Расстроіць (музычны інструмент). Разбіць раяль.

7. Растрэсці, разварушыць, раскінуць (сена, гной і пад.). [Надзя:] Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла. Козел. А на пожні сена, як шафран пахучае, раніцай разбілі. Ядвігін Ш.

8. Распланаваўшы, пасадзіць што‑н., закласці. Разбіць парк. □ У абедзенны перапынак рабяты разбілі футбольнае поле і валейбольную пляцоўку. Сергіевіч. Вясной перад .. домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар. Лось.

9. Паставіць, раскінуць (палатку, лагер). А сёння новыя палаткі Разбілі ў полі юнакі. Прыходзька.

10. У друкарскай справе — аддзяліць прамежкамі, павялічыць разбег паміж чым‑н. Разбіць радкі ў наборы.

11. Разм. Распляскаць, размяць, зрабіць большым у аб’ёме. Разбіць шкуры. Разбіць чыгунную балванку. □ [Конь] ужо зубы з’еў траха не напалавіну, ды і жывот разбіў, як сяннік. Якімовіч.

12. Пазбавіць руху, зрабіць бяссільным (пра параліч і пад.).

•••

Разбіць лёд — зрабіць першы крок, пакласці пачатак чаму‑н.

Разбіць сэрца каму — зрабіць няшчасным каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спыні́цца, спынюся, спынішся, спыніцца; зак.

1. Перастаць рухацца. [Паляўнічыя] спыніліся на ўзлеску адпачыць. Ляўданскі. Харытон спыніўся, кашлянуў так, што па ўсёй аколіцы пайшоў грукат. Бажко. Ганна прабралася ў куток і тут спынілася, спакваля разглядаючы ўсіх. Лупсякоў. // Перастаць дзейнічаць, працаваць (пра механізмы, заводы, а таксама сэрца і пад.). Матор спыніўся. Дыханне спынілася. □ Спыніцца ў хаце гадзіннік, і адразу ўсе адчуюць, што нечага не хапае. Корбан. Біцца спынілася мужнае сэрца Таварыша Жданава, бальшавіка. Танк. // Перастаць ісці, цячы (пра дождж, ваду і пад.). [Вейс:] — Прыкрыў я сваёй куртачкай механіка, шапку на [галаву] насунуў яму шчыльней, каб кроў спынілася... Шынклер.

2. Часова размясціцца, пасяліцца дзе‑н., прыехаўшы куды‑н. [Кастусь:] — А не падкажаце, у каго б мне спыніцца на некалькі дзён? Я — рыбак... Ваданосаў. Спыніліся ў сям’і партызанскага сувязнога дзеда Тамаша, куды паслаў іх [партызан] Тарас Яцэвіч. Якімовіч.

3. Перапыніцца, прыпыніцца, перарвацца (пра развіццё, ход і пад.). Гутарка спынілася. □ Друкарская і выдавецкая дзейнасць Францішка Скарыны ў Вільні па нейкіх прычынах спынілася пасля 1525 года. С. Александровіч. Пакуль цячэ ў лясах маіх жывіца, Пакуль у іх азону пах чуцён, Табе, жыццё, ніколі не спыніцца. Камейша.

4. Зрабіць перапынак або спыніць (якія‑н. свае дзеянні); стрымацца. Страчыў я адказы дзесяткі разоў і спыніўся... Няўжо гэта важна — калі я і дзе нарадзіўся? Кірэенка. Коста спыніўся, не скончыўшы фразы. Шыцік. // на чым. Перапыніць сваю працу, занятак і пад. на якім‑н. этапе. [Міхайлаў:] — Я атрымаю дыплом тэхнолага, але на гэтым не спынюся. «Маладосць». Ёсць у дзяцінстве міг гульні, Калі самому не спыніцца І цяжка некаму спыніць! Чэрня.

5. на кім-чым. Затрымацца па кім‑, чым‑н. (пра погляд, увагу, думкі і пад.). Позірк лесніка спыніўся на Бобіку, які нешта вынюхваў у галлі. Аношкін. Усё тое, на чым магло спыніцца вока, знікла. Чарнышэвіч. У наступным пакоі позірк Кет спыніўся на адзінай карціне сына. Гарбук. // Расказваючы, апісваючы, затрымаць сваю ўвагу на кім‑, чым‑н. Паколькі большасць з апублікаваных у свой час твораў М. Косіч невядома сучаснаму чытачу, мы крыху спынімся на іх характарыстыкі. Казека. — Таварышы! Успомніце свой баявы шлях! — генерал коратка спыніўся на гісторыі зараджэння і развіцця ўсенароднага партызанскага руху. Шамякін. І вось вячэра зачалася! Спыніцца мушу я на квасе: Ён колер меў чырванаваты. Колас.

6. на кім‑, чым. Прыйсці да якога‑н. рашэння, заключэння; спыніць свой выбар на кім‑, чым‑н. Спыніцца на апошнім варыянце. □ — Дык як, Ніна, выбрала ты нарэшце «свайго героя» ці ўсё яшчэ не ведаеш, на кім з нас спыніцца? — ідучы па алеі, быццам жартам пытаўся Андрэй. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́раз, прыназ. з В.

Спалучэнне з прыназоўнікам «цераз» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. прасторы, месца і пад., упоперак якіх што‑н. размяшчаецца, з аднаго боку на другі, ад аднаго краю да другога адбываецца рух, дзеянне. Правесці атрад цераз балота. Перайсці цераз вуліцу. Пераплыць цераз мора. □ Колькі сілы цягнуць санкі Цераз пушчы, цераз горы, Цераз рэкі і азёры, Без дарогі, без шляхоў Адзінаццаць пар ласёў. А. Александровіч. Вялі прасторныя шляхі Цераз балоты, Цераз нетры, Цераз пяскі пустынь сухіх. Глебка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. на тых або іншых прамежках прасторы. Слупкі стаялі цераз кожныя пяць метраў. / У выразах «цераз плячо», «цераз плечы», «цераз спіну» і пад. Перакінуў цераз плечы ранец І падаўся доктар са двара. Звонак. Няцяжка.. [Нікіфаровічу] ўявіць і сябе малога, з парэпанымі нагамі, у зрэбных штоніках і з зашмальцаваным паскам цераз спіну. Броўка.

2. Ужываецца пры абазначэнні месца або прадмета і пад., паверх якіх накіравана дзеянне або рух. Пераскочыў цераз ручаёк. Перакінуць цераз мяжу. Пераляцець цераз дах. □ Вялікі каменны мост цераз раку быў узарваны. Лынькоў. // (у спалучэнні з наз. «мера», «сіла» і пад.). Ужываецца для абазначэння звыш нормы, меры, мяжы і пад. Падняць цераз сілу. □ Цераз сілу і конь не вязе. З нар. // Паверх краёў. Цераз халяўкі набераце вады поўныя чаравікі. Калюга.

3. Ужываецца пры назвах асяроддзя, прадмета, праз якія хто‑, што‑н. праходзіць, пранікае. Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчылінкі ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі. Шамякін. Непрыветна цераз вокны ночка пазірае. Колас.

Часавыя адносіны

4. Ужываецца пры ўказанні на прамежак часу, пасля якога што‑н. адбываецца. Прыехаў цераз два гады. Цераз пяць мінут перапынак скончыцца. □ Гэта к ёй [Карменсіце] — Недаступна далёкай — Як бацькоўскі да сына доўг, Незвычайныя словы Блока Перайшлі цераз горы гадоў. Глебка. // Паказвае на паўтарэнне чаго‑н. у тыя або іншыя прамежкі часу. Дзяжурыў цераз дзень.

5. Абл. Ужываецца для абазначэння часу ў адносінах да пары сутак. У той дзень у нас на полі работы не было: з самага рання і аж цераз поўдзень ішоў дождж перагонамі. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

6. Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет, з дапамогай або пры пасрэдніцтве якіх што‑н. адбываецца. Перадаць цераз суседа. □ Шлях ваш у заўтра — цераз калгас. Крапіва.

Прычынныя адносіны

7. Ужываецца для ўказання на прычыну ці падставу чаго‑н. Аслабеў цераз хваробу. □ [Пракоп:] — Які з майго Яўгена мужчына. Ажаніўся і тое, можна сказаць, цераз мяне. Баранавых.

•••

Пятае цераз дзесятае гл. пяты.

Цераз верх наліць (насыпаць) гл. паліць.

Цераз верх перці гл. перці.

Цераз галаву чыю гл. галава.

Цераз горла валіцца гл. валіцца.

Цераз край гл. край ​1.

Цераз пень калоду гл. пень.

Цераз сябе браць гл. браць.

Цераз хлеб ды хлеба шукаць гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. перавёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. перавядзі; зак.

1. каго. Ведучы, пераправіць на другі бок чаго‑н., памагчы перайсці цераз што‑н. куды‑н. Перавесці дзяцей цераз вуліцу. Перавесці сляпога цераз дарогу.

2. каго-што. Перамясціць з аднаго месца на другое, размясціць у іншым месцы. Перавесці хворага ў другую палату. Перавесці чыгуначныя саставы на запасныя пуці. □ Язэпа ўвесь час непакоіла думка, як жа сюды перавесці ўвесь лагер. Асіпенка. // каго. Накіраваць, назначыць на другое месца працы, вучобы, на іншую пасаду. Перавесці студэнта ў другі інстытут. □ Прыехаў з работы бацька, які працаваў у сельскагаспадарчай інспекцыі пры выканкоме, куды яго перавялі пасля ліквідацыі МТС. Ермаловіч. // Перамясціць, залічыць у іншую групу, змену, катэгорыю і пад. Перавесці на працу ў начную змену. // Дапусціць у наступны клас, на паступны курс і пад. Перавесці вучня ў сёмы клас. Перавесці студэнтаў на трэці курс. □ Пасля кароткай гутаркі, адказаў на запытанні настаўнікаў, адказаў разумных і сталых, Мініч трохі памяўся і нясмела папрасіў перавесці яго ў трэцюю групу. Колас. // што. Пераставіць, пераключыць які‑н. рычаг, прыстасаванне, рэгулюючы што‑н. Перавесці стрэлкі гадзінніка. Перавесці пас на другі шкіў.

3. што. Змяніць напрамак чаго‑н., пераключыць што‑н. на другі прадмет. Віця сачыў за.. [Бурмаковым] па тэлеэкране.. Лябёдка закруцілася спачатку павольна, потым усё хутчэй і хутчэй. Віця перавёў тэлекамеру. Шыцік. [Вахман] перавёў святло ліхтарыка з нашых вачэй убок... Брыль. [Хворы] строга паглядзеў ёй у вочы, перавёў позірк на беласнежную прасціну, нацягнутую яму да падбародка, потым паглядзеў зноў на сястру — і ў вачах яго адбілася жахлівае пытанне... Васілевіч. Ён коратка зірнуў на мяне, а пасля перавёў вочы на смалячок. Скрыган. // перан.; Пераключыць (гутарку, размову і пад.) на што‑н. іншае. Праз хвіліну Ладынін непрыкметна перавёў размову на іншую тэму. Шамякін. Заўважыўшы, што словы яе не спадабаліся сыну, яна перавяла гаворку на іншае. Карпаў.

4. каго-што. Паставіць у іншыя ўмовы, змяніць спосаб, характар чыёй‑н. дзейнасці, існавання; прымусіць дзейнічаць іначай. Перавесці маладняк на зімоўку. Перавесці чыгуначную магістраль на электрычную цягу. Перавесці калгасныя брыгады на гаспадарчы разлік. // што. Змяніць якасць, уласцівасць чаго‑н.; ператварыць у што‑н. іншае. Перавесці рэчыва ў растваральны стан. □ Сіманёнак, які ўвесь гэты час еў і маўчаў, нарэшце выцер аб далонь сваю лыжку, палажыў на край стала і ўсміхнуўся: — Пагуляй, цётка. Карове таксама патрэбен час, каб перавесці тваю бульбу на малако. Чыгрынаў.

5. што. Зрабіць, ажыццявіць перадачу чаго‑н. каму‑н. (якіх‑н. абавязацельстваў, правоў і пад.). Перавесці грашовыя ўклады на імя жонкі. □ Маці па пошце ўсе бацькавы грошы перавяла на будаўніцтва танкавай калоны. Гроднеў. // Пераслаць па пошце, тэлеграфам, праз банк.

6. што. Падаць што‑н. у іншых велічынях, знаках. Перавесці аршыны ў метры. Перавесці маркі ў рублі.

7. што. Перанесці, перарысаваць на што‑н. (малюнак, пераводную карцінку і пад.). Перавесці выкрайку. Перавесці рысунак на кальку.

8. каго. Знішчыць, вынішчыць, вывесці. Перавесці мышэй. □ Ад дзяцей Кірыла даведаўся, што на ўсю вёску.. было толькі тры каровы і сем коней, астатнюю жывёлу немцы перавялі. Гурскі.

9. што. Разм. Патраціць, расходаваць без асаблівай карысці або марна. Фашысты шалелі ад злосці, шмат перавялі куль і снарадаў, але збіць.. [сцяг] не маглі. Гурскі.

•••

Перавесці дух (дыханне) — а) глыбока ўздыхнуць, аддыхацца. На трэці паверх.. [Слава] узбег адным махам. А каля дзвярэй спыніўся, каб перавесці дыханне. Хомчанка; б) зрабіць кароткі перапынак, перадышку ў чым‑н. Чырвонаармейцы ледзь паспелі дух перавесці, як на іх рушыла зноў лавіна фашыстаў. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)