ма́заць, мажу, мажаш, мажа; заг. маж; незак.

1. што. Пакрываць тонкім слоем чаго‑н. тлустага або вадкага. Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч. // Змазваць. Сяляне круцяцца туды і сюды з торбачкамі ў руках, пояць коней, мажуць калёсы. Бядуля. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходным перад паходам — чысціць і мазаць зброю. Кулакоўскі. // Абмазваць для ўцяплення. Мазаць хату глінай.

2. што. Разм. Рабіць брудным, пэцкаць, пляміць. Мазаць стол чарнілам. □ Парадку дзеці не трымалі, І іх ніколі не сціскалі.. Так, Юзік пальцам поркаў страву І верашчакай мазаў лаву. Колас. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба мажа рукі.

3. што і без дап. Разм. Няўмела, непрыгожа маляваць або пісаць. Закарузлыя, крывыя пальцы, папаленыя ў кузні, лягчэй малатком па жалезу б’юць, [чым] пяром па паперы мажуць. Бядуля.

4. Разм. Рабіць промахі (у гульні, стрэльбе і пад.). Мы гулялі [у мяч] без ранейшага імпэту, неяк вяла, часта «мазалі». Васілёнак.

5. перан. Разм. Даваць хабар. [Грышка Верас:] — Эх мілы мой ты! за панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, — той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рыпе́ць, ры́паць ’скрыпець’ (ТСБМ; беласт., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ры́пнуць ’скрыпнуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), рып ’гук, які ўтвараецца пры трэнні’ (ТСБМ), рыплі́вы, рыпу́чы ’скрыпучы’ (ТСБМ, Сцяшк.), рыпе́ць ’рыпець, скрыпець, скрыгатаць’ (ТС), ры́пацьняўмела граць’, ’выказваць крыўду’ (Яўс.), ры́пнуць рыпнуць, скрыпнуць (ТС), рыпу́чы ’скрыпучы’ (ТС), ры́пкі ’рыпучы’ (Сцяшк. Сл.), ры́панне ’буркатня’, ’няўмелае гранне на гармоніку’ (Яўс.), рус. рыпе́ть, укр. рипіти ’скрыпець’, чэш. rupati ’хрусцець’, ’трашчаць’ rupěti ’хрусцець (пра снег). Прасл. *rypati. І.‑е. база *reup‑ ’ламаць’, ’вырываць’, ’раздзіраць’; корань *rep‑ (: *ru) ’рыць’, ’капаць’ з расшыральнікам ‑p‑ (Покарны, 1, 868–870). Параўн. літ. ruõpti ’капаць’, raũpti ’выдоўбліваць’, раскалупваць’, rupė́ti ’клапаціцца’, ст.-в.-ням. roubon (ням. rauben) ’рабаваць’, лац. rumpo ’рву’, ’разрываю’, ст.-інд. ropayati ’абломлівае’ (Чарных, 2, 130–131). Лічыцца, што тут той жа корань, што і ў ры́нуць, рака́, г. зн. узыходзяць да і.-е. кораня *erei‑, расшыраным фармантам p і роднаснае да ням. reisen (reiten) (Скок, 3, 146). Малаверагодная роднасць са ст.-ісл. raup ’выхвалянне’, ropa ’адрываць’, с.-н.-ням. ropen, с.-в.-ням. roffazen ’тс’ (Мацэнаўэр, LF 18, 245; Фасмер, 3, 530). Магчыма, гукапераймальнага паходжання). З іншага боку параўн. літ. rypúoti ’плакаць, галасіць’, raupyti, ruopti ’удараць’, rupas, rupus ’штосьці няроўнае’, інд. ropa‑ ’дзюра’, ropajati ’адрывае’, rupjati ’у яго рве ў бруху’, лац. rumpere, ням. Raub ’рабаўніцтва’ (< з ням. roub ’?’), raufen ’вырываць’, ’рваць’, ’трапаць’, ’церабіць’ (Брукнер, 472). Гл. таксама ры́паць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гру́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, тоўсты. Лавы з грубых дошак. □ Калі ўспыхвае пражэктар і ярка асвятляе яе твар, людзі бачаць, што левая шчака яе зрэзана грубымі шрамамі. Шчарбатаў. // Які складаецца з асобных частак, элементаў вялікага памеру. Бубновіч была ўжо сталая жанчына з грубым тварам і вялікімі рукамі. Карпюк.

2. Цвёрды, каляны, шурпаты на дотык. Грубая шэрсць. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. Рукі [Мікодым] меў вузлаватыя і грубыя, рукі чалавека, які працаваў некалі на цяжкай працы. Машара.

3. Проста зроблены, недасканала або няўмела апрацаваны. Грубая мэбля. □ Я прывык пісаць і есці За сталом бацькоўскім, грубым. Панчанка. // Недастаткова тонкі, няўмелы. Грубая работа.

4. Няветлівы, некультурны, рэзкі. Грубае абыходжанне. Грубае слова. □ [Гарлахвацкі:] Працуем мы, трэба сказаць, проста як коні, выбачайце за грубае параўнанне. Крапіва. Гарасім думаў, што Андрэй не такі ўжо закаранелы грэшнік, якім ён лічыў яго дагэтуль, толькі грубы, рэзкі. Чарнышэвіч.

5. Рэзкі, непрыемны на слых (пра гукі, голас і пад.). Тады пачуўся сярдзіты, грубы голас: — Ну хто там яшчэ? Мікуліч.

6. Не зусім дакладны, прыблізны. Грубы падлік. Грубая ацэнка магчымасцей.

7. Які выходзіць за межы элементарных правіл, заслугоўвае асуджэння. Грубая памылка. Грубае парушэнне законнасці.

8. ‑ая. Абл. Цяжарная (пра жанчыну). — Нікому ж толькі не кажы .. Яна ж ужо грубая. Баранавых.

•••

Грубая ежа гл. ежа.

Грубыя кармы гл. корм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц! ’тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁ ’ядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschen ’плёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разва́жыць 1, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Раздзяліць на часткі з дапамогай вагаў. Разважыць цукар.

разва́жыць 2, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак.

1. каго-што. Разабраўшы абставіны, супаставіўшы факты, прыняць рашэнне ў якой‑н. справе. Я прыйшоў да Канстанціна Міхайлавіча з раніцы, як мы папярэдне дамовіліся, каб разважыць усе справы «на свежую галаву». Лужанін. Разважыла нас, як кажуць, вышэйшая інстанцыя: на рэспубліканскім аглядзе «Лядкоўская кадрыля» была адзначана як арыгінальны .. нумар. Сабаленка.

2. з дадан. сказам і без дап. Падумаўшы, вырашыць. Бацька разважыў, што без гаспадыні ніяк нельга, і ажаніўся другі раз. Крапіва. — Да світання туды не дабяжыш, — разважыла Зіна. — Хадзем лепш у бліжэйшую вёску і возьмем каня! Карпюк.

3. Падумаць над чым‑н., абдумаць што‑н. Брыгадзір рэзка падняўся, агледзеў сяброў; рэдка ў яго быў такі рашучы выгляд, звычайна ён любіў параіцца, разважыць. Шамякін. Вы, што праходзіце няўзнак каля звычайнай хвойнай дошкі, спыніце на хвіліну шаг, зірніце ды разважце трошкі. Дудар.

разва́жыць 3, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Рассеяць, развеяць (непрыемнае пачуццё, гора і пад.). [Андрэю] было шкада дзяўчыны, і ён не ведаў, чым разважыць яе смутак. Сапрыка.

2. Супакоіць, адцягнуць ад якіх‑н. непрыемных пачуццяў, перажыванняў, займаючы каго‑н. размовамі, справамі і інш. Цяпер ужо Белы стараўся разважыць Максіма, па-мядзведжы тупаў ля яго, няўмела расказваў смешныя гісторыі. Машара. Людміла хоча разважыць яе, хоча, каб Рая менш думала пра сваю бяду, пра тое страшнае, што перажыла, каб прывыкала жыць такой, якая яна цяпер. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кавярзе́нь1 (звыч. у мн. л. кавярзні) ’лапаць’ (Бяльк., БРС, Касп., Мат. Маг.; віц., Нар. сл.; ТСБМ), кавярзеньчык ’лапатак’ (Бяльк., Яруш.). Рус. дыял. каверзни, коверзни (коверзень) ’летнія лапці, лапці з трыснягу; стаптаныя лапці; вяровачныя, падплеценыя вяроўкай і да т. п/; пск., наўг., цвяр. — адзіны арэал з бел. Аб старажытнасці ўтварэння меркаваць цяжка, паколькі назва магла быць вузкалакальнай, пашыраючыся з часам у выніку экспансіі рэаліі. Паводле Вахраса (Наим. об., 78), больш старажытнай формай неабходна лічыць рус. верзень, вьрзьнь. Здаецца, што кавярзень, кавярзні неабходна выводзіць ад кавярзаць ’плесці лапці’, якое з коверзати ’тс’, вытворнага ад верзати ’плесці і да т. п.’; словы гэтыя, відаць, ужываліся паралельна. Што датычыць фанетыкі (ко‑ і ка‑ як у дзеясловах, так і ў назоўніках), то гэтыя факты неабходна тлумачыць або ўздзеяннем акаючых гаворак (Вахрас, там жа, 78), або тым, што словы былі ўтвораны па розных мадэлях. Адносна меркавання Малчанавай, Маг. культ., 177, што падобны тып лапцей і тэрмін прыйшлі да беларусаў ад рускіх старавераў, якіх многа пражывала ў Віцебскай губерні, можна адзначыць, што кавярзень ’лапаць’ сустракаўся ў Смаленскіх інтэрмедыях XVII–XVIII стст., гл. Шакун, З дасл., 140, і што кавярзаць ’плесці, няўмела плесці і да т. п.’ вядомыя на больш шырокай тэрыторыі. Магчыма, пра спрадвечна славянскі характар разглядаемых слоў сведчыць і славен. kvŕga ’звіліна, нарасць’, серб.-харв. kvȑga ’нарасць’, якое Куркіна (Этимология–72, 79–80) параўноўвае з рус. каверза і пад. Параўн. яшчэ серб.-харв. kavr̀gati ’неаднолькава і няроўна прасці’, якое і Пятлёва (Дыс., 28) прапануе разглядаць як ка‑вргати. Звяргае на сябе ўвагу серб.-харв. kávrga ’назва невялікага чалавека’ і асабліва ’посуд з ліпавай кары для крыніцы’.

*Кавярзе́нь2, къвярзе́нь ’зусім няўмелы і неахайны’ (З нар. сл.). Паходзіць ад кавярзаць з адпаведным значэннем; структурна тоесным з’яўляецца каверзень ’аб дрэнным, каверзным чалавеку’ (смал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плута́ць ’бадзяжнічаць’ (Нас.), тушаваць ’ашукваць’ (Скарбы), ’маніць’ (дзятл., Сл. ПЗБ), ’блытаць (ніткі)’ (Нас.; ТС; кіраў., Нар. сл.), апушыць ’блытаць па лесе’ (Бяльк.; Юрч. Вытв.; кіраў., Нар. сл.), апушацца ’блытацца, чапляцца’ (Уладз.; Мат. Гом.; ТС), ’блытацца (аб нітках, аб мове, словах)’ (Нас.; Сл. ПЗБ; Растарг.), плутон t на ’блытаніна’ (Мядзв., Растарг.), ^путанне ’блытанне’, ’страта арыентацыі’ (Юрч. Вытв.), плутня ’хлусня, плёткі’ (Нас.), ’блытаніна’ (ТС), ’хітры падман’ (мсцісл., Юрч. СНС), ’бадзянне’ (Нас.), плу́тні ’махлярства, ашуканства’ (Нар. Гом.), плут ’ашуканец, махляр, прайдзісвет’ (Скарбы), ’манюка’ (брэсц., ЛА, 3), плу́то ’нікчэмны чалавек’ (Сл. Брэс.), плуцяга ’бадзяга’ (Нас.), укр. плутати ’блытаць, блытала расказваць’, плутатися ’блытацца (аб валасах)’, ’няўмела хадзіць’, рус. плутать ’хадзіць без мэты, бадзяцца; блукаць’, ст.-рус. плутать ’блукаць, бадзяцца’, ’памыляцца’, ’рабіць несамавітыя ўчынкі’ (з XVII ст.); плуть ’махляр’, польск. plątać (šią) ’блытацца, заблытвацца’, ’збівацца (з думкі)’, ’блытацца пад нагамі’, ’заплятацца’, чэш. ганацк. ріапіаіі ’блытацца, заплятацца’, ляш. piantai’ ’блытаць, змешваць’, ’збіваць з панталыку’, славац. plantať sa. рГantat* ’блытацца’, ’блытацца пад нагамі’, ’бадзяцца, швэндацца’. Прасл. паўн. plotai іox.)l *plętati (зах.) — дзеяслоў шматразовага дзеяння да *pląsti (першапачаткова * plėsti). роднасны літ. błęsti ’мяшаць, змешваць’ (Банькоўскі, 2, 601). Пачатковае б- у бел. блытаць, гродз. блындаць ’хадзіць без справы, бадзяцца’ (Сцяшк. МГ), ваўк. блёнтагща ’перашкаджаць, блытацца пад рукамі’ (Сцяшк. Сл.), шчуч. тблёшпацца ’пераблытацца (пра ніткі на пачынку)’ (Сл. ПЗБ), відаць, з балцкага субстрату. Параўн. таксама размеркаванне пп∼! бл‑ у бел. гаворках (ЛА, 4): зах. і цэнтр.-бел. (піткі) блытаюцца, паўн. і ўсх. (ніткі) спутаюцца. Параўн. таксама блытаць (гл.). На семантыку разглядаемых лексем, магчыма, аказала ўплыў прасл. blęsti, bloditi ’блукаць’. З плесці звязваюць лексему плутаць Махэк₃ (454) і Фасмер (3, 287–288). Сюды ж: тушаць ’ілгаць’, плу́тма тушаць ’бесперапынна ілгаць’ (Нас.; дзятл., Сл. ПЗБ), плутон плуцяга ’хлус’ (Нас., Анім.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́паць1 ’падымацца ўверх і апускацца ўніз (пра ніты)’ (петр., Шат.), ри́па ’деталь самопрялки, соединяющая верхнюю часть с подставкою’ (Влад.). Ад ры́паць2 (гл.), параўн. серб.-харв. rípati ’скакаць, падскокваць’.

Ры́паць2 ’скрабсці’, ’скрыпець’ (Др.), ’скрыпець’ (Гарэц.), ’няўмела іграць на гармоніку, скрыпцы’ (Мядзв.), ры́паць ’рыпець, скрыпець, скрыгаць; дрэнна іграць; поркацца, кешкацца’ (ТС), ры́пацца ’рыпець, выдаваць гукі пры трэнні’ (ТС), ’незадаволена бурчаць’ (Яўс.), ры́палка ’дрэнны гармонік’, ’няўмелы гарманіст’ (Янк. 2, Жд. 3), рус. ры́пать, ры́пнуть, руск. дыял. ры́пать ’скрыпець’, укр. ри́пати ’скрыпець’, рипатися ’часта адчыняць дзверы’, польск. rypać ’удараць’, ’грымець’, ’рыпець’, в.-луж. rypać ’калупаць’, славац. rýpať ’капаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, чэш. rýpati ’калупаць’, ’тыкаць’ > ’чапляцца да каго-небудзь’, ’крыўдзіць’, rýpati se ’калупацца’, rupati ’хрусцець’, ’трашчаць’)’, серб.-харв. rípati ’скакаць, падскокваць’. Прасл. *rypati для якога можна меркаваць першаснае значэнне ’рыць’, ’капаць’, ’рваць’ (польск. дыял. rypać ’стукаць, адбіваць’, ’есці’, ’капаць’, ’крышыць’, чэш. rypati ’капаць, рыць’) і другаснае ’непакоіцца’ (рус. рыпаться, в.-луж. rypać ’чапляцца, назаляць’, балг. ри́пам ’мітусіцца, кідацца’), было растлумачана Брукнерам як вытворнае яд *ryp (утварэнне ад *ryti з суфіксальным ‑p‑) (Брукнер, 472). Аднак наяўнасць славянскіх слоў з тым жа ‑p‑ і іншай агласоўкай кораня тыпу *rupa ’яма’ (укр. рупа, славен. rupa, серб.-харв. rupa, балг. ру́па) і *rupiti sę ’непакоіцца’ (> бел. ру́піцца), што сведчыць аб прыналежнасці ‑p‑ да зыходнай дзеяслоўнай асновы (імаверна вытворнай у сваю чаргу ад і.-е. *reu‑, які даў і прасл. *ryti). Таму больш дакладным падаецца тлумачэнне Махэка, які мяркуе, што слав. *rypati з’яўляецца ітэратывам ад незахаванага дзеяслова *rupiti, якой адпавядаў бы літ. raũpiti (Махэк, 2, 527). Аднак мяркуемы зыходны дзеяслоў прапаноўваецца рэканструяваць у форме *rъpati (*rup‑: *rъp‑: *ryp‑), паколькі захаваліся укр. по́рпати ’капацца, разграбаць, выграбаць (пра курэй)’, ’рыцца ў чым-небудзь’, польск. дыял. parpać ’рыцца, капацца’, балг. дыял. ръ́пам, ръ́пна ’рэзаць тупымі, вышчарбленымі нажніцамі або сярпом’, ’рэзаць дрэнна, няроўна’ (Варбот, Этимология 1971, 6–7; Куркіна, Этимология–1984, 111). Гл. таксама рыпе́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ту́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Стукаць, біць нагой (нагамі) аб зямлю, падлогу і пад. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі, батонамі. Адамчык. Жанчыны тупаюць на месцы, угінаюць галовы, каб схавацца ад ветру. Асіпенка. — Не сядзі вельмі, а тупай, пакуль можна, — ціха параіў .. [бацька] мне, — каб ногі адразу не настылі. Кулакоўскі. // Ствараць тупат, стукат чым‑н. Гулка тупаюць падбітыя тоўстымі цвікамі падэшвы. Грахоўскі. // Учыняць тупат, стукат, выяўляючы пачуцці злосці, нязгоды, нездавальнення і пад. [Юзя:] — Тупае [Антось] на .. [Авяліну] ботамі, злуе і ўсё-такі гладзіць па галаве. Бажко. Настаўнік доўга тупаў, крычаў, гарачыўся. Якімовіч.

2. Разм. Хадзіць. — Садзіся, сынок, садзіся, — прасіла .. [маці] і ўсё тупала і тупала па хаце, ні па міг амаль не спыняючыся. Савіцкі. Баба Васіліса тупае ад загнетка, дзе яна налівала настой, да палка, да малога крыкуна. Паўлаў. Свякруха, крэкчучы і вохкаючы, марудна злазіць з печы, доўга ў прыцемках каля ложка шукае чаравікі, запальвае лямпу і, нарэшце, тупае ў сенцы. Мележ. З таго дня, як .. [Толік] пазнаў смак прастору і сонца — вочы хочуць смяяцца, а ножкі — тупаць і тупаць. Брыль.

3. Біць капытамі аб зямлю (пра каня і пад.). Тупае нагою конь буланы, — Стаяць не хоча. Чарот. Глуха тупае капытамі конь. .. Ляскочуць калёсы. Сачанка. На падворку яшчэ тупаюць коні. Гарэцкі.

4. Разм. Танцаваць, скакаць. Самы спрытны і фарсісты Выйшаў, тупае з прысвістам Ля красуні маладой. Ляпёшкін. У хаце яшчэ тупалі дружкі і сваты, на вуліцы гаманілі і спявалі. Мікуліч.

5. Даглядаць каго‑, што‑н., займацца кім‑, чым‑н. Ад непрывычкі .. [маці] моцна стамлялася: не так яно і проста — тупаць цалюткі дзень ля гарачых катлоў. Даніленка. Генадзь Кузьміч тупаў у невялікім калідорчыку каля пліты. Паўлаў. Гэты фурманшчык больш, як усе, тупаў каля свайго каня, як прыехалі ў карчму. Чорны. // Увіхацца каля каго‑н. з якой‑н. мэтай, дагаджаць. Ды, відаць, каля яе [Агаты] Тупаў я няўмела, Пайсці замуж за мяне Яна не схацела. А. Александровіч. Кастусь усё тупаў ля Ладымера Стальмаховіча: яму занадта хацелася, каб гэты стары чалавек пажыў яшчэ ў калгасе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сціся, трасуся, трасешся, трасецца; трасёмся, трасяцеся; пр. тросся, трэслася; незак.

1. Часта рухацца туды і назад; хістацца, калаціцца. Лісце шумела і трэслася па ветры. Чорны. Дрэвы паміраюць, як салдаты, Што бароняць зоры ад свінца: Не трасуцца пад пілой зубатай, А стаяць, прамыя, да канца. Цвірка. Асіны трэсліся і, як пляткаркі, шапацелі. Дзяргай. Цяжкія вілы зноў пачынаюць трэсціся над шэрай раллёй, і сябра мой, Жарпак, гудзе — прыдумвае найлепшыя пажаданні ўсім панам, праз якіх мы тут апынуліся. Брыль. // Адчуваць дрыжыкі (ад холаду, ліхаманкі, страху і пад.). Танк быў такі цяжкі, што зямля дрыжала пад ім, і Ганначка па плоце трэслася, як верабей на галінцы. Хомчанка. // Часта, сутаргава ўздрыгваць, калаціцца (пра рукі, ногі, цела і пад.). Валодзя заўважыў, што Анатоль змяніўся з твару і яго рукі нервова трасуцца. Федасеенка.

2. Моцна дрыжаць, калаціцца, хістацца. Выбух!.. Гулка трасуцца абшары. Калачынскі. Затое, калі пераставаў гусці трактар і трэсціся малатарня, Юрка мог адзін адваліцца на салому на малатарні, спакойна ляжаць, не кратаючыся, і глядзець у неба. Пташнікаў.

3. Разм. Сварыцца, калаціцца. Яны [вада, агонь і вецер] ўступілі трое У спрэчку між сабою, Крычаць, шумяць, трасуцца Ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.

4. Хістацца, падскокваць, едучы па няроўнай дарозе. Ехалі, трэсліся па каляіністай дарозе доўга. Навуменка. Буйвалы павольна ішлі наперад, арба трэслася і скрыпела. Самуйлёнак. Калёсы трасуцца па камяністай дарозе, барабаняць. Скрыган. // Ехаць неахвотна, без жадання куды‑н., далёка куды‑н. Сёння мы павінны .. трэсціся на гэтую нараду дваццаць кіламетраў на грузавой машыне. Васілевіч. Зноў будзеш мокнуць пад дажджом, трэсціся ў кузавах спадарожных машын, дрыжаць ад начнога холаду, засынаючы дзе-небудзь у полі, на абярэмку саломы, якую толькі што адкінулі ад малатарні. Шашкоў.

5. перан. Хвалявацца за каго‑, што‑н. [Яўхім:] — Не памірае і не памрэ. І няма чаго тут трэсціся ды кідацца на ўсіх!.. Мележ. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Страх перад голадам, нястачаю прымушаў .. [Андрэя] трэсціся над кожнай бульбінай, над кожным сухаром. Капусцін. Жывуць Раманюкі ў дастатку, але над кожнай капейкай трасуцца. Савіцкі.

6. Разм. Няўмела або абы-як танцаваць. Злавалася .. [Марфа] і за тое, што Ромацка толькі тросся.., а хораша ісці танец не хацеў, ды, мабыць, і не ўмеў. Кулакоўскі.

•••

Паджылкі трасуцца гл. паджылкі.

Трэсціся за сваю шкуру — баяцца за сваё жыццё, дабрабыт і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)