сла́басць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан слабага. Слабасць зроку. Слабасць здароўя. □ Такім чынам, неабходнасць шукаць знешняга рынку зусім не даказвае слабасці капіталізму, як любяць паказваць справу народнікі-эканамісты. Ленін.

2. Недахоп або ўпадак фізічных сіл; недамаганне. Валодзю рабілася ўсё горш і горш. Кружылася ад слабасці галава, і ён баяўся, што ўпадзе з каня. Хомчанка. Уклаў [Сташэвіч] у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу, млявасць і слабасць прайшлі па ўсім целе і спыніліся ў грудзях каля сэрца. Чарнышэвіч.

3. Адсутнасць цвёрдай волі; маладушнасць. [Таццяна:] — Даруй, Тарас Іванавіч, за слабасць: Я ратаваць хацела нашу справу і выдала цябе. Глебка. [Надзя] раптам заплакала і, прыкрыўшы твар рукамі, хуценька выбегла ў сенцы, нібы саромеючыся людзей за гэтую нечаканую сваю слабасць. Лынькоў.

4. Недасканаласць, недахоп, слабае, месца. [Каліноўскі:] — Тое, што.. [маніфест] абвяшчае волю і роўнасць і перадае былым прыгонным сялянам зямлю зараз жа, а не праз доўгія гады, як гэта робіць цар, і без выкупу, чаго цар не робіць, у гэтым яго сіла.. Але маніфест мае і свае слабасці. Якімовіч.

5. Разм. Схільнасць, цяга да каго‑, чаго‑н. Шахматы — мая слабасць. □ Хоць патуранне было і шкодна з педагагічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. Колас. Саша больш за ўсіх ведаў пра слабасць сябра, які дужа любіў паспаць. Васілёнак. Трэба сказаць, у Зоі была слабасць.. да людзей незвычайных. Арабей. // Пра таго (тое), хто (што) выклікае да сябе чыю‑н. сімпатыю, з’яўляецца прыхільнасцю каго‑н. Аднойчы я чуў, як [сусед] прызнаваўся бацьку: «Коні, — кажа, — гэта мая слабасць, мая хвароба. Калі ўбачу статнага, добрага каня, я губляю спакой...». Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фізі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фізікі (у 1 знач.). Фізічныя законы. Дасягненні фізічнай навукі. Фізічныя доследы. // Прызначаны для вывучэння фізікі, для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне фізікі. Фізічная лабараторыя. Фізічны гурток. □ А рэастат мы можам зрабіць самі ў сваім фізічным кабінеце, — дадаў.. [настаўнік], — Гэта не бяда. Якімовіч.

2. Уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка. Фізічныя працэсы. □ Калі для механічнага і хімічнага даследавання парод трэба мець іх у руках, то фізічныя іх уласцівасці можна вызначыць з паверхні. Чаркасаў.

3. Які мае адносіны да прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету; матэрыяльны. Фізічны знос машын. Фізічны аб’ём закупак.

4. Які мае адносіны да чалавечага арганізма, будовы чалавека, яго знешняга аблічча. Чым больш.. [Галена] вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Чорны. // Звязаны са станам арганізма, яго адчуваннямі. Фізічны страх. □ Цяпер.. [Люба] чытала.. Таксама як лёгкасць чыстай бялізны поўніла яе цела фізічнай асалодай, так і тут была своеасаблівая асалода. Чорны. Вязня з туга скутымі мазольнымі рукамі Займаюць фізічныя і душэўныя пакуты. Бугаёў. Стук колаў, які аддаляўся, цішэў, біў Алаізу па сэрцы. Яна адчувала проста фізічны боль ад гэтых удараў. Арабей. // Які датычыцца сілы і працы мышцаў; не разумовы. Фізічнае выхаванне вучняў. Фізічная падрыхтоўка спартсменаў. □ Аўтаматычнае выключэнне і ўключэнне вызваляе рабочых ад фізічнай працы.. Яны толькі пазіраюць за работай агрэгатаў. «Беларусь». // Звязаны з якім‑н. уздзеяннем на цела, арганізм. Фізічная расправа. Фізічнае пакаранне. Фізічнае знішчэнне.

5. Які адносіцца да палавых узаемаадносін; сексуальны. Фізічная блізкасць.

•••

Фізічная зарадка — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выконваюць з мэтай аздараўлення арганізма.

Фізічная культура гл. культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Таўка́ч1 ’качалка з патоўшчаным круглым канцом, мяла’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Бяльк., Сержп. Прымхі, Варл., Растарг., Сл. ПЗБ, Федар. 4), ’пра някемлівага, дурнога чалавека’ (ТСБМ, Шат.), ’пра непаваротлівага, няспрытнага чалавека’ (Скарбы), ’той, хто замінае, таўчэцца пад рукамі; маруда’ (Сцяц. Сл.), ’целяпень, нязграбны чалавек’ (Гіл., Мат. Гом.), тоўка́ч, товка́ч ’мяла (у ступе), качалка’ (ТС, Арх. Вяр., Вруб., Сл. ПЗБ), таўка́чка ’тс’ (Ян.), ст.-бел. толка́ч ’тс’: толкачи до них железныи два (1518 г., КГС). Укр. товка́ч ’тс’, рус. дыял. толка́ч ’тс’, польск. дыял. tłukacz ’мяла для размінання бульбы для свіней’, ст.-слав. тлъкачь ’мяла’. Назоўнік, вытворны ад таўчы, што да прасл. *telkti, гл. таўкці, таўчы. Меркаванне пра незалежны характар утварэння таўка́ч ’дурань’ гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1166: утварэнне з суф. ‑ач, што абазначае суб’ект дзеяння са значэннем непавагі, грэблівасці, відаць, суадноснае з таўчыся ’сноўдацца без справы’.

Таўка́ч2 ’пачатак кукурузы’ (Сл. ПЗБ), ’катах рагозу’ (Сл. ПЗБ; дзятл., Жыв. сл.; ЛА, 1), товка́ч ’галоўка чароту’ (драг., Нар. ск.), таўка́чык, таўка́чыкі ’палявы хвошч, Equisetum arvense L.’ (Касп., Бяльк., Яўс., Бяльк., ЛА, 1), ’насеннікі бярозы’ (свісл., Шатал.), таўка́чыкі ’катахі рагозу’ (зэльв., слонім., ЛА, 1), ’мох у выглядзе збаночкаў’ (Меер Крыч.), таўка́чнік ’хвошч’ (Кіс.). Вобразны перанос з таўкач1.

Таўка́ч3 ’плавальны пузыр’ (віл., Сл. ПЗБ), ’пухір у рыбы’ (віл., лаг., ЛА, 1), туўка́ч ’тс’ (шарк., мёрск., ЛА, 1), талка́ч ’тс’ (полац., ЛА, 1). Відаць, з-за знешняга падабенства да таўкач1, гл.

Таўка́ч4 ’круг, кальцо (каўбасы)’ (лід., Сл. ПЗБ). Аналагічна да папярэдняга слова, гл.

Таўка́ч5 (тыўка́ч) ’драўляны гузік прадаўгаватай формы’ (Шатал.), таўкачо́к ’бірка (зашпілька)’ (Сл. ПЗБ; рас., в.-дзв., полац., шуміл., ЛА, 4). Да таўкач1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяг1 ’палотнішча на дрэўку як дзяржаўная або вайсковая эмблема’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Ласт.). Укр. стяг ’тс’, рус. стяг ’тс’, дыял. паўн. ’жардзіна’, стараж.-рус. (XI ст.) стѧгъ ’баявы сцяг’. Усх.-слав.стѧгъ лічыцца запазычаннем са ст.-сканд. stǫng ’дрэўка, шост’, ст.-швед. stang ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 790 з аглядам літ-ры). Паводле іншай версіі, слова спрадвечнаславянскае і звязана з серб.-харв. сти̏јег ’сцяг’, ст.-серб. стегь ’тс’, балг. дыял. стяг ’вясельны сцяг’, што да прасл. *stěgъ, якія параўноўваюцца са сцежар, стажар (гл.) і роднаснымі. Меркаванні пра ўзвядзенне да прасл. *stęgъ (Ягич, AfslPh, 5, 665; Младэнаў, 616) непрымальныя па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, там жа; Кіпарскі, Gemeinslav., 160; Скок, 3, 334; ЕСУМ, 5, 460.

Сцяг2 ’азярод, прыстасаванне для прасушкі збожжа ў снапах’ (барыс., Жд. 2; барыс., Шатал.): ширѣй, вышей сцяги ў поли (барыс., Шн.), sciehi, sciahi ’тс’ (барыс., Маш.). Вузкалакальны тэрмін, паводле знешняга падабенства (робіцца з жэрдак і слупоў), відаць, да папярэдняга, гл.

Сцяг3 ’туша забітай жывёліны’ (Нас., Байк. і Некр.), ст.-бел. стяг ’мера колькасці мяса’ (Ст.-бел. лексікон). Рус. паўн. стяг ’туша каровы або вала’, стяг свежины ’туша без скуры і без галавы’, стараж.-рус. стѧгъ ’тс’. Выводзіцца з съ‑ і *tęgnǫti ’цягнуць’; гл. Сабалеўскі, ИОРЯС, 30, 442; Фасмер, 3, 790–791; параўн. яшчэ версію Борыся аб польск. ścięgno (гл. сцягно).

Сцяг4, ’рад будынкаў, што прымыкаюць адзін да аднаго’ (Варл.), ’рад, чарада, паласа, шарэнга’ (полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), ’шмат, цуг’ (Барад.), ’абшар, плошча, пляц’ (віл., Сл. ПЗБ; полац., Нар. лекс.), адны́м сця́гам ’адзін за адным’ (клец., Бел. дыял.), сцяж ’абшар’ (Бяльк.), ’рад’ (Сл. ПЗБ), у сцяж ’у адзін рад’ (драг., Нар. сл.), сцяг гаравы ’горны хрыбет’ (Стан.), сюды ж стаг ’рад будынкаў, якія знаходзяцца пад адной страхой’ (беласт., Сл. ПЗБ) са стратай мяккасці ‑т‑. Да цягнуцца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таба́ка1 ’тытунь’, (ТСБМ, Пятк. 2, Бяльк., Растарг., Федар. 4, Юрч., Шат.), ’цёрты тытунь для нюхання’ (Нас., Ласт.), ’расліны Nicotiana tabacum L., Nicotiana rustica L.’ (Касп., Кіс.), ’травяністая дэкаратыўная расліна сямейства паслёнавых з пахучымі кветкамі’ (ТСБМ), таба́к ’тытунь’ (Кіс., Сцяшк.), сюды ж дэмінутыў тобочо́к ’стрэлкі, Capsella bursa pastoris L.’ (Бейл.), а таксама далейшыя дэрываты таба́чыць ’курыць’ (Нар. Гом.), табачко́вы ’колеру тытуню’ (Нас., Сцяц. Сл.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), семантычна непразрыстае таба́чны сук ’першы ад зямлі сухі сук на лісцевых дрэвах’ (Нар. лекс.) і перан. таба́ка ’колкі папрок’: дав я ему табакі, аж нос завернув (Нас.). Укр. таба́к, таба́ка ’табака’, рус. таба́к ’табака, тытунь’, табачные сучья ’ніжнія сукі, якія, гніючы, псуюць дрэва’ (Даль), польск. tabaka ’табака’, tabak ’лісты тытуню’, н.-луж. tubak ’тытунь’, в.-луж. tobak ’тс’, чэш. tabák ’тс’, славац. tabak ’тс’, славен. tobak ’тс’, серб.-харв. дыял. та̀бāк ’тс’ (звычайна ду̀вāн). Слова распаўсюдзілася ў Еўропе з пачатку XVII ст., у старабеларускай мове табака (табакъ) ’махорка’ зафіксавана ў 1638 г. як запазычанне са ст.-польск. tabaka (1621 г.). Першакрыніцай заходнееўрапейскіх слоў, адкуль адбылося паўторнае запазычанне ў беларускую, менавіта ням. Tabak ’тытунь’, франц. tabac ’тс’, нідэрл. tabák ’тс’ — з’яўляецца ісп. tabaco ’тытунь’. Усходнім славянам слова стала вядома раней, чым адпаведныя расліны з’явіліся на іх землях, — ад падарожнікаў, наёмных салдат-замежнікаў і інш. (Чарных, 2, 223; Булыка, Лекс. запазыч., 151; ЕСУМ, 5, 498).

Таба́ка2 ’спарыння’ (Сцяшк.), ’галаўня’ (Сл. ПЗБ), ’захворванне пшаніцы, пры якім зерне ператвараецца ў чорны парашок’ (Скарбы), ’сажа ў просе’ (Лекс. Бел. Палесся), табака́ ’галаўня ў просе, ячмені, пшаніцы’ (зах.-бел., ЛА, 2). Укр. таба́ка кукуру́зяна ’сажка кукурузы, Ustilago maydis’. Перанос назвы (гл. папярэдняе слова) на паразітныя грыбы з-за знешняга падабенства (чорны пылок на коласе), гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76; ЕСУМ, 5, 498.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́шата1 ’прылада для прасейвання мукі ў выглядзе шырокага абруча з сеткай’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), ’надзвычай рэдкае сіта’ (Янк. Мат.), рэ́шато ’рэшата’ (Сцяшк.), рэшэто, рышыто ’тс’ (Сл. Брэс.), рэшота, рэшото, рэшэто ’тс’ (ТС); сюды ж рэшатнік ’хто вырабляе рашоты’ (Сл. ПЗБ). Укр. ре́шето, рус. решето, польск. rzeszoto, палаб. rîsetü, в.-луж. ŕešo, чэш. řešeto, славац. rešeto, славен. rešétọ, серб., харв. решѐто, макед. решето, балг. реше́то. Прасл. *rešeto. Паводле асноўнай семантычнай прыметы (’рэдкае перапляценне’) часта звязваюць з асновай *rěch‑ (параўн. рус. прореха, бел. прарэх) < *rěd‑ch < rědъkъ ’рэдкі’ (Праабражэнскі, 2, 237; Брукнер, 476; Чарных, 2, 115). На карысць гэтай версіі можна прывесці літ. rẽtis ’рэдкасць; рэшата’. Але Фасмер, прымаючы гэтую версію ў семантычных адносінах, лічыць неверагодным вывядзенне прасл. *rešeto ад *rědъkъ, паколькі давялося б прымаць чаргаванне галосных у першым складзе. Паводле іншай версіі, прасл. *rešeto суадносяць з літ. rezgu, regti ’плесці, вязаць’, лат. režģis ’сетка; краты’ (Махэк₂, 530). Фасмер лічыць такое параўнанне неапраўданым фанетычна (Фасмер, 3, 479). А паводле Куркінай, на славянскай глебе і.-е. корань *rezg‑ перанёс некаторыя змены, пры якіх меў месца пераход zg > sk > x/š (Куркіна, Этимология–1974, 54).

Рэ́шата2 рэшота, рэшото, рэшэто ’стаўная рыбалоўная пастка’ (ТС). Да рэшата1 (гл.) паводле знешняга падабенства, паколькі гэтая прылада мае выгляд рэдкай сеткі з абручамі.

Рэ́шата3 (рэшэто) ’рашэтнік, падрашэтнік (грыб)’ (ТС). Гл. рашэтнік.

Рэ́шата4 (рэшэто) ’гульня, падобная да гульні ў класы’ (ТС). Да рэшата1 (гл.), паколькі для гэтай гульні на зямлі крэсляць лініі, якія утвараюць рэдкую сетку.

Рэ́шата5 астр. ’сітцо (Вялікая Мядзведзіца)’ (Сл. ПЗБ), астрав. ’Пляяды’ (Федар., 1, 150). Паводле легенды, тры каралі пакінулі сіта, з якога сыпалі авёс сваім коням, разам з дарункамі для Ісуса. Гэтым сітам карысталася Божая Маці, а пасля ўзнясення на неба, павесіла яго сярод зорак. Паводле Купішэўскага ў балтаў і фінаў назва гэтага сузор’я мае семантыку ’сіта’ (Władysław Kupiszewski. Polskie słownictwo z zakresu astronomii i miar czasu. Warszawa, 1974. S. 99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казі́ная барада1 ’трава сівец, Nardus stricta’ (карэл., астр., Сл. паўн.-зах.), казліная барада ’тс’ (астрав., Сл. паўн.-зах.). Матывацыя празрыстая, аднак вобраз мог быць складаным: тут і колер, і падабенства формы, і функцыянальнае падабенства (уласцівасцей). Аб складанасці гэтага тыпу намінацыі сведчыць і адсутнасць дакладных адпаведнікаў на шырокай тэрыторыі, хоць сама структура вядомая ў розных славянскіх і неславянскіх мовах як назва раслін. Так. ва ўкр. мове ёсць лексема бородка для Nardus stricta (Макавецкі. Sł. botan., 238), аднак такая інфармацыя падаецца са слоўніка (траўніка і кветніка) Залесавай і Пятроўкай. У гэтай крыніцы шмат памылак і няпэўнасцей. Рус. адпаведнікаў быццам бы няма, таму бел. лексема ад каза, казіны для Nardus stricta з’яўляецца наватворам.

Каз́іная барада2 ’расліна Valeriana officinalis’ (Сержп. Прымхі, 204). Рус. козья борода ’тс’ вядома з запісаў Анепкава з паметай «заходняе». Паколькі іншых адпаведнікаў няма, то гэта інавацыя. Этымалагічная праблема зводзіцца да тлумачэння матывацыі назвы: сувязь з назвай жывёлы фармальна відавочная, аднак няма надстаў меркаваць аб пераносе па знешняму падабенству. Магчыма, тут перанос назвы з іншай расліны, дзе яна добра матывуецца. У рус. гаворках такую назву носяць розныя віды Tragopogon; матывацыя празрыстая (зааморфныя прыкметы расліны), аднак паміж Tragopogon і Valeriana няма знешняга або функцыянальнага падабенства. Сярод іншых слав. назваў для Valeriana паслядоўна сустракаюцца дэрываты ад асновы kozbl‑: укр. козляк, рус. дыял. козлик (для Valeriana celtica), польск. kozłek, ст.-польск. kozieł і kozlik ’Valeriana’, чэш. мар. kozelec і чэш., ст.-чэш. kozlik. Махэк (Jména rostl.) прыводзіць рус. козелок, козель‑ цовый корень ’Valeriana’, аднак СРНГ іх не падае. На поўдні слав. свету яны таксама невядомыя. Пералічаныя лексемы разглядаюцца як утвораныя ад назвы жывёлы; матывацыя — спецыфічны пах карэнішча расліны (так Махэк, Jména rostl., 224; Слаўскі, 3, 33). Параўн. укр. смердунка ’Valeriana’. Этымалогію гэтых лексем нельга непасрэдна выкарыстаць для тлумачэння бел. казіная барада. Я на, аднак, дазваляе нам дапусціць думку, што дэрываты ад kozbl· на паўн.-слав., а магчыма, і на паўд.-слав. тэрыторыі для Valeriana або іншых пахучых раслін былі вядомы больш шырока, параўн. серб.-харв. kozlačica ’Thalictrum’, kozjačica Thymus’. Што датычыць валяр’яну, то для гэтай расліны назва, утвораная ад заоніма. не магла быць асноўнае паколькі прасл. назвай лічыцца *odolenъ < odoleti: адвар з кораня валяр’яну, ужываўся як прэвентыўны сродак супраць мору і пошасці, гл. Махэк, там жа. Дэрываты ад kozbl‑ маглі ўжывацца паралельна, характарызуючы расліну на моцнаму паху карэнішча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пац1 ’аплявуха’ (Нас., Гарэц.), пицаць ’біць’, пацнуць ’ударыць па твары’ (Нас.). Укр. пацати (ногами) ’лежачы на жываце, біць нагамі’, польск. рас, раса, pacnąč ’аб удары’, чэш. рас, päcat, päcnouti ’біць’, славац. päckať ’наносіць удары’, серб.-харв. пацка ’розга, дубец’, ’біццё па руцэ лінейкай’, пацкати ’секчы дубцом, розгай’, славен. pacȃti ’няправільна іграць’. Для апошніх Скок (2, 583) крыніцай запазычання ’называе баварсканям. Batzen ’удары па руцэ’. Аднак Махэк₂ (425) чэш. pacnout і інш. разглядае як варыянт звонкага чэш. bácnouti, мар. bäcat ’грукаць, біць’ і выводзіць для іх прасл. інтэнсіў bacati, якое утварылася ад прасл. batati (пры дапамозе -5-), роднаснага з лац. battuo (> італ. battere, франц. battre) ’біць’ (гл. Махэк₂, 41). Але звонкі варыянт распаўсюджаны шырэй: Трубачоў (Эт. сл., 1, 118–119) уключае ў гняздо bacati () таксама bocati (), рус. буцать, укр. буцати, серб.-харв. бецати, славен. bȏdcati, bacniti ’біць, штурхаць’, славац. bicať ’біць, бухаць’, а таксама балг. ббцам ’калю, паколваю’ < ст.-балг. бодьцачь, якое Геаргіеў (БЕР, 1, 70) рэканструюе як прасл. bodbcati і супастаўляе яго з лац. fodico ’паколваць’ (< і.-е. *bhod‑ik‑äjö). ЕСУМ (1, 154) услед за Махэкам выводзіць прасл. форму як s-інтэнсіў (bal‑s‑ati) ад асновы bat‑ ’біць’, прызнаючы мала пераканаўчым тлумачэнне бац як гукапераймальнае (Бернекер, 1, 37; Праабражэнскі, 1, 20).

Пац2, пацук ’грызун Rattus rattus і Rattus norvegicus’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Мал., Яруш., Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк.; КЭС, лаг.; воран., Шатал.; слонім., Арх. Бяльк.; чэрв., смарг., шальч., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ТС). Укр. пацюк, боцук ’вадзяны пац’, бойк. паця морське ’марская свінка’, рус. паўд. пац, пацюк, пасюк ’вялікі хатні пацук, Mus decumanus’; польск. Ьас ’тс’, серб.-харв. пацов ’пац’, н.-луж. batś, batśo ’пакладаны вяпрук’, славен. расе, pacek ’парасё’, pačej ’кабан’. Не зусім ясна. Фасмер (3, 222) услед за Праабражэнскім (2, 30) выводзіць рус. лексему пацюк з гукапераймання. Трубачоў (Происх., 68–69) мяркуе, што назвы парасяці, свінні, кабана ва ўкр. і паўд.-слав. гаворках звязаны з пазыўнымі словамі: укр. паць, славонск. packo, далмац. расе. На думку аўтараў ЕСУМ (1, 154), гэта слова паходзіць ад прасл. асновы bat- з першасным значэннем ’збіты, звалены’; прыводзіцца аналогія з рус. боров, якое ад бороть. Назва з парасят была перанесена на пацукоў паводле знешняга падабенства. Гл. яшчэ Зданцэвіч (LP, 8, 1960, 345). Сюды ж кам. пацинка ’кавалак сала на дубчыку, спечаны на агні’ (Сл. Брэс.паця ’свінка, парасё’. Аналагічна польск. pacanka ’сала, падсмажанае над агнём’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гаць ’сёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjas ’камяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабы́лка1 (БРС, ТСБМ, Бяльк., Жыв. сл., З нар. сл., Касп., КТС, Нік., Оч., Сержп., Сцяц. Словаўтвар.). Укр. дыял. кобилка, рус. кобылка, польск. kobyłka, в.-луж. kobyłka, палаб. tʼübälə, чэш. kobylka, славен. kobylka, мак. кобилка, балг. кобилка. Прасл. (па думку Слаўскага, 2, 308, БЕР, 2, 504, прасл. дыял.) kobylъka памянш. да kobyla гл. кабыла1.

Кабы́лка2 ’драўляная падстаўка пад струны’ (БРС, ТСБМ, Касп.: лаг., КЭС, Маш., Некр., Шат.). Укр. кобилка, рус. кобылка, польск. kobylka, чэш. kobylka, славац. kobylka ’тс’. Паўн.-слав., узыходзіць непасрэдна да кабылка1 — перанос паводле падабенства або ўжыванне ўжо «тэрміналагічнага» kobylka, якім абазначалі розныя падстаўкі і прыстасаванні. Магчыма, гэта «вандроўны» культурны тэрмін, хаця і даволі старажытны, як можна меркаваць зыходзячы з лінгвагеаграфіі слова.

Кабы́лка3 ’лугавая казяўка-траскун, конік’ (БРС, Дразд., Інстр. II). Этымалогія няясная. Параўн. укр. кобилка, рус. кобылка, польск. kobyłka, чэш. kobylka, славац. kobylka ’тс’. На поўдні як быццам не ведаюць гэтага слова; паўн.-слав. слова — старажытны перанос ад kobyLka паводле знешняга падабенства, параўн. конік і інш.

Кабы́лка4 ’адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты’ (ТСБМ), магчыма, сюды ж кабылкі ’палачкі ў кроснах для падцягвання нітоў’ (З нар. сл.). Аб значэнні і ўсходнім распаўсюджанні слова на польск. тэрыторыі гл. Фалінская, III, 2, к. 93 (пыт. 107). Лінгвагеаграфія слова сведчыць аб тым, што гэта паланізм, які праз гаворкі (магчыма, у выніку пранікнення рэаліі) трапіў у бел., сумежныя рус. і пагранічныя ўкраінскія гаворкі, або пра сумесную інавацыю часоў Вялікага княства Літоўскага.

Кабылка5 ’вочка (у ніце)’ (З нар. сл., Касп., Мат. Гом., Уладз.), кабылкі ’тс’ (Мат. Гом.), кабулка (аб фанетыцы гл. кабулка) ’тс’ (Мат., Нар. сл.), ’частка ніта’ (Шат.). Славяне (польск., славац.; рус. цвяр., пск., смал.; укр. закарп.) ведаюць гэту назву ў дачыненні да вочак ніта ў залежнасці ад іх тыпу (двух- або трохпетлевыя ніты), аб рэаліі гл. спецыяльна малюнкі ў Грынчэнкі, 2, 533, і Фалінскай, 111, 1, 80. Так, закарп. у Галіцыі, паводле Грынчэнкі, кабылкай называюць ніжнюю частку петляў, а на Палессі — петлі верхняга раду. Культурны характар тэрміна і відавочныя сепаратныя лексічныя сувязі гэтых моўных зон з беларускімі гаворкамі дазваляюць сумнявацца ў вялікай старажытнасці інавацыі. Магчыма, яна і была беларуска-польскай, а магчыма, толькі ўласна беларускай і ўжо адносна пазней слова магло пранікнуць у гаворкі іншых моў. Што датычыць этымалогіі, то хоць сувязь з кабылка1 відавочная (параўн. укр. зах. коник ’верхняя пятля ў ніце’, кобилка — ’ніжняя’), матывацыя няясная, магчыма, перанос з іншых пазваў дэталей красён. Рус. (іркуц.) кобылка ’пятля, вузел, якія ўтвараюцца пры скручванні вяроўкі, дроту’ ўказвае па магчымасць пошуку этымону для значэння ’пятля наогул’, якое першапачаткова магло ўзнікнуць на базе выразу (з адмоўным значэннем) «рабіць кабылу», ’рабіць памылку (блюзну, пропуск пятлі пры тканні)’, ’блытаць вяроўку і г. д.’ На гэта ўказваюць даныя бел. гаворак (параўн. гарад. кабылка ’блюзна’) і літ. калькі з бел. слоў (параўн. kumẽlė).

Кабылка6 ’грыб’ (Жыв. сл.), кабылкі ’чорныя грузды’ (узд., КЭС), кабылы ’грыбы’ (Жд. 3, Мат. Гом.), кобыльнік ’грыб, які часам ужываецца ў ежу’ (Нас.). Да кабылка1, кабыла1 (гл.); кобыльнік утворана суфіксальным спосабам ад кабыла1 ці на базе выразу кабыльны грыб. Адносна этымалогіі гл. кабыла5.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)