слабасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан слабага. Слабасць зроку. Слабасць здароўя. ▪ Такім чынам, неабходнасць шукаць знешняга рынку зусім не даказвае слабасці капіталізму, як любяць паказваць справу народнікі-эканамісты. Ленін.

2. Недахоп або ўпадак фізічных сіл; недамаганне. Валодзю рабілася ўсё горш і горш. Кружылася ад слабасці галава, і ён баяўся, што ўпадзе з каня. Хомчанка. Уклаў [Сташэвіч] у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу, млявасць і слабасць прайшлі па ўсім целе і спыніліся ў грудзях каля сэрца. Чарнышэвіч.

3. Адсутнасць цвёрдай волі; маладушнасць. [Таццяна:] — Даруй, Тарас Іванавіч, за слабасць: Я ратаваць хацела нашу справу і выдала цябе. Глебка. [Надзя] раптам заплакала і, прыкрыўшы твар рукамі, хуценька выбегла ў сенцы, нібы саромеючыся людзей за гэтую нечаканую сваю слабасць. Лынькоў.

4. Недасканаласць, недахоп, слабае, месца. [Каліноўскі:] — Тое, што.. [маніфест] абвяшчае волю і роўнасць і перадае былым прыгонным сялянам зямлю зараз жа, а не праз доўгія гады, як гэта робіць цар, і без выкупу, чаго цар не робіць, у гэтым яго сіла.. Але маніфест мае і свае слабасці. Якімовіч.

5. Разм. Схільнасць, цяга да каго‑, чаго‑н. Шахматы — мая слабасць. ▪ Хоць патуранне было і шкодна з педагагічнага боку, і Лабановіч гэта ведаў, але падолець гэту сваю слабасць не мог ніякім чынам. Колас. Саша больш за ўсіх ведаў пра слабасць сябра, які дужа любіў паспаць. Васілёнак. Трэба сказаць, у Зоі была слабасць.. да людзей незвычайных. Арабей. // Пра таго (тое), хто (што) выклікае да сябе чыю‑н. сімпатыю, з’яўляецца прыхільнасцю каго‑н. Аднойчы я чуў, як [сусед] прызнаваўся бацьку: «Коні, — кажа, — гэта мая слабасць, мая хвароба. Калі ўбачу статнага, добрага каня, я губляю спакой...». Сяргейчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)