эпапе́я, ‑і, ж.

1. Адзін з жанраў эпасу — вялікая паэма, у якой апісваюцца буйныя гістарычныя падзеі. Эпапеі Гамера. // Вялікі празаічны літаратурны твор, серыя твораў, у якіх адлюстроўваюцца значныя гістарычныя падзеі або падзеі, што прадаўжаюцца значны час. Раман «Сокі цаліны» [Ц. Гартнага] быў задуманы як эпапея жыцця і рэвалюцыйнай барацьбы працоўных мае царскай Расіі. Пшыркоў. Паказу суровай і цяжкай бітвы народаў за сцвярджэнне міру і паўнацэннага чалавечага шчасця на зямлі Ілья Эрэнбург прысвяціў свой новы раман «Дзевяты вал», які з’яўляецца працягам «Буры» і складае другую частку эпапеі аб Айчыннай вайне і лёсе чалавецтва ў пасляваенны час. «Полымя». // Разм. Вуснае апавяданне пра што‑н., звычайна доўгае, насычанае падрабязнасцямі, падзеямі. Пра паншчыну стары пастух апавядаў мне цэлыя эпапеі. Бядуля. І пойдуць цэлыя эпапеі пра гэтага каня, толькі слухай, не перабівае. Кулакоўскі.

2. перан. Шэраг буйных, значных падзей, якія ўтвараюць адзінае цэлае. Эпапея грамадзянскай вайны. Эпапея абароны Севастопаля. □ Саляная эпапея працягвалася ледзь не тры месяцы. Навуменка.

[Грэч. epopoiïa ад épos — слова, апавяданне і poieō — ствараю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салі́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, добра зроблены. Салідная пабудова. □ Слухаючы гаворку пра зямельныя ўчасткі, салідныя катэджы і плантацыі агрэсту альбо трускалак, Кірыла з’едліва ўсміхаўся. Паслядовіч.

2. Які вылучаецца грунтоўнасцю, глыбінёй, сур’ёзнасцю. Салідная адукацыя. Салідны вопыт работы. □ Работа выглядала саліднай, усё гучала ў ёй пераканаўча і па-навуковаму. Арабей. Адным словам, я [Генадзь Залужны] зрабіўся сапраўдным патрыётам Поўначы і меў намер зноў вярнуцца туды, але затым, каб паступіць у інстытут, набрацца ведаў, атрымаць салідную спецыяльнасць і толькі тады, ну, можа, на апошніх курсах інстытута, ажаніцца. Радкевіч.

3. Які заслугоўвае давер, з добрай рэпутацыяй, аўтарытэтам. Салідная ўстанова. □ Нізкі, тоўсты, з адрастаючым жывоцікам,.. [Сабалеўскі] хутчэй нагадваў прыказчыка ці коміваяжора саліднай гандлёвай фірмы, чым пасла беднага беларускага сялянства ў польскім Сейме. Машара. // Які карыстаецца аўтарытэтам, павагай; вядомы (пра чалавека). Салідны архітэктар. □ [Чарнавус:] А я вас, Аляксандр Пятровіч, цяпер ужо зусім разумею. Да гэтага дня я думаў, што маю справу калі не з салідным вучоным, дык, па крайняй меры, з сумленным чалавекам. Крапіва.

4. Важны, паважны, самастойны (пра чалавека). Тут сядзіць і пан Длугожыц. .. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго рода. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Колас. // Уласцівы такому чалавеку, характэрны для яго. Салідны тон. // Які надае важнасць, мае значны памер (пра рэчы). Аранжавы непаседа паварочваецца да нас і, здаецца, вось-вось замурлыча і паварушыць даволі-такі саліднымі вусамі. Брыль. [Іне] падабаліся яго густыя чорныя бровы, чысты ружаваты твар і даволі салідны чуб. Ваданосаў.

5. Мажны, вялікі (пра фігуру чалавека). Завуч наш быў чалавек саліднай камплекцыі, і на ўсіх худых і тонкіх меў свой від. Ермаловіч. — А вы хто такі, уласна, будзеце? — пытаўся дырэктар, акідваючы позіркам салідную, міжвольна выклікаючую павагу, постаць Яўмена Фаміча. Краўчанка.

6. Не вельмі малады, сталы. Салідны ўзрост. □ З вамі на прадвесні Я, салідны дзядзя, Пеў бы, здэцца, песні, У піянератрадзе. Крапіва.

7. Значны па велічыні, памеру, сіле і пад. Салідны капітал. □ Праз тыдзень я [Мікола Бароніч] пад’ехаў да рэдакцыі амаль на новай машыне, а рэдактару аддаў рахунак на салідную суму. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укла́д 1, ‑у, Д ‑дзе, м.

1. Устаноўлены або ўсталяваны парадак, спосаб жыцця, побыту і пад. Новы ўклад жыцця. Дамашні ўклад. □ Уладзівасток па свайму рэльефу, па каларыту, па ўкладу, па духу жыцця вельмі нагадвае Севастопаль. Грахоўскі.

2. Асноўная форма, тып гаспадаркі пэўнага грамадска-эканамічнага ладу. Дробнатаварны ўклад.

•••

Сацыялістычны ўклад жыцця — сукупнасць асноўных рыс жыццядзейнасці працоўных сацыялістычнай грамадства: учынкаў і дзеянняў людзей у сферах працы, быту, адпачынку, сям’і і пад.

укла́д 2, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Грашовая сума, каштоўнасці, пакладзеныя ў ашчадную касу або банк для захавання. Тэрміновы ўклад. Бестэрміновы ўклад.

2. перан. Што‑н. новае, вельмі важнае, унесенае ў навуку, літаратуру, грамадскую справу і пад. У XVII стагоддзі выхадцамі з Беларусі быў зроблен значны ўклад у скарбніцу матэрыяльнай і духоўнай культуры братняга рускага народа. «Звязда». // Наогул што‑н., унесенае ў агульную справу. Працоўны ўклад. □ — Ну, як? — урачыста выгукнуў [Журавенка], ловячы ў паветры ладнага акуня, што трапятаўся на кручку. — Во! Ёсць і мой уклад у юшку. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кру́пный

1. буйны́;

кру́пный рога́тый скот буйна́я рага́тая жывёла;

кру́пные де́ньги буйны́я гро́шы;

2. (большого масштаба) буйны́;

кру́пным пла́ном кино буйны́м пла́нам;

кру́пная промы́шленность буйна́я прамысло́васць;

3. (значительный) выда́тны;

кру́пный учёный выда́тны вучо́ны;

4. (важный, значительный) вялі́кі; зна́чны; мо́цны; во́стры;

кру́пные собы́тия вялі́кія (зна́чныя) падзе́і;

кру́пная ссо́ра мо́цная сва́рка;

кру́пный разгово́р рэ́зкая (во́страя) размо́ва;

5. (полный — о ребёнке, лице) обл. бучны́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прыкме́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які можна прыкмеціць, распазнаць, адрозніць вокам, поглядам. Цяпер я стаю на месцы, прытуліўшыся да сцяны, каб не быць прыкметныя, і чакаю. Галавач. Над левым брывом у Кірылы Пракопавіча досыць прыкметны шрам. Паслядовіч. [Рэня] прыглядалася да яго няскладнай фігуры.. і ў куточках яе губ блукала, хавалася ледзь прыкметная ўсмешка. Лынькоў. // Адчувальны, значны. Звычайнае вячэрняе пахаладанне не было нават прыкметным. Чарнышэвіч. Небагата баек напісаў Я. Колас, але ў развіцці гэтага жанру ў беларускай літаратуры яны пакінулі прыкметны след. Казека.

2. Які прыцягвае да сябе ўвагу, кідаецца ў вочы; адметны. Яшчэ на.. [пасажыры] было надта прыкметнае паліто — пера[н]іцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна. Карпюк. У такой, як Алеся, касынцы яна. У чырвонай касынцы, прыкметнай здалёк. Куляшоў.

3. Які выдзяляецца сярод падобных, мае свае асаблівыя адзнакі. Быў .. [Слесарэнка] чалавек прыкметны. Амаль двухметровага росту, спакойны, чарнявы, смелы і рашучы ў баі. Бураўкін. Агрыпіна ведала і помніла сям’ю Грушкаў, тым больш, што хата іх прыкметная: пры шляху — адна. Пестрак.

4. Які з’яўляецца, служыць прыкметай, адзнакай. Прыкметны знак. □ Адтуль зусім не цяжка знайсці прыкметны выварацень. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, востры, пранізлівы. Рэзкі холад. Рэзкія болі. □ У хату са свістам уварваўся рэзкі вецер, скінуў коўдру з акна. Мележ. // Які раздражняе, непрыемна дзейнічае на органы пачуццяў. Рэзкі голас. Рэзкі пах. Рэзкі крык. □ Калі тухне рэзкае дзённае святло — мякчэюць і рысы чалавечага твару. Нікановіч.

2. Які вызначаецца выразнымі абрысамі; не расплыўчаты. Марцін шырокаю рукою закрыў хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі твар. Мележ. На кароткім тоўстым абрубку сядзіць грамозны шырокі чалавек з светлымі грознымі, жорсткімі вусамі, з буйным рэзкім тварам. Колас. // перан. Які моцна і выразна праяўляецца. Рэзкі пераход у паводзінах. Рэзкія супярэчнасці. Рэзкія кантрасты.

3. Раптоўны і вельмі значны. Рэзкае павышэнне паспяховасці вучняў. Рэзкае пахаладанне. // Хуткі, імклівы. Рэзкі паварот галавы. Рэзкая хада. □ Рэзкім рухам рукі Юля скінула з сябе коўдру. Грамовіч.

4. Грубы, дзёрзкі. Кацельшчык Мікалай Федаровіч — чалавек нявытрыманы, часам занадта рэзкі. Кірэйчык. Ды і сама Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. [Лёдзя] сабралася сказаць яшчэ нешта рэзкае, ды нечакана, ледзь не заплакаўшы, адвярнулася і пайшла прэч. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уне́сці, унясу, унясеш, унясе; унясём, унесяце; пр. унёс, унесла і унясла, унесла і унясло; заг. унясі; зак., каго-што.

1. Прынесці, занесці ўнутр чаго‑н., куды‑н. Унесці рэчы ў вагон. □ [Гаспадыня] ўзялася за работу: набрала бярэма дроў, унесла ў хату і, запаліўшы газоўку, стала класці іх у печ. Чорны. Цётка папалася спагадлівая, картоплі чыгун наварыла, саломы ўнясла куль. Навуменка.

2. Заплаціць; зрабіць узнос. Унесці плату. □ Нарэшце я кажу ..[следчаму]: — Грошы я магу заўтра ўнесці ў касу. Пальчэўскі.

3. Уключыць у склад каго‑, чаго‑н. Унесці прозвішча ў спіс. □ Змены, што я ўнесла ў меню, асаблівага ўздыму не выклікалі. Савіцкі. // Дабавіць, дадаць да таго, што ўжо ёсць у наяўнасці, зрабіць папраўкі. [Язэп:] — План людзі складалі, і людзі могуць унесці ў яго папраўкі. Асіпенка.

4. Даць пранікнуць куды‑н., умяшаць у што‑н. Унесці кампост. Унесці мінеральныя ўгнаенні.

5. перан. Выклікаць, зрабіць. Больш жвавасці унесла заўвага Клаўдзі Хацкевіч. Шамякін. // Узбагаціць. Творы .. [М. Танка] ваеннага часу і пасляваенных гадоў ўнеслі значны ўклад у беларускую савецкую літаратуру. Бугаёў.

•••

Унесці свежы струмень у што — ажывіць, зрабіць больш цікавым, разнастайным.

Унесці яснасць — растлумачыць што‑н., зрабіць больш ясным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́ўсты, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, значны ў аб’ёме, папярочным сячэнні; проціл. тонкі. Тоўстае дрэва. Тоўстыя ніці. Тоўстая кніга. □ Гудзіла расхіляе халат і раскручвае доўгую, тоўстую вяроўку. Колас. Ля невялікага млына, які выглянуў з-за тоўстых вербаў, .. пад коламі машыны расхістанымі дошкамі прагрукатаў масток. Корбан. // Зроблены з матэрыялу, які мае значнае папярочнае сячэнне. Тоўстая шклянка. □ [Ладымер] скінуў тоўстую суконную камізэльку і сеў за стол чакаць вячэры. Чорны.

2. Які мае мажную, паўнацелую фігуру. Дні праз тры пасля прыезду Васіль прыйшоў брацца на партыйны ўлік, яму адразу сказалі: — А мы табе ўжо і работу знайшлі, як толькі даведаліся, што ты прыехаў. — Сказаў гэта вясёлы тоўсты чалавек. Шамякін. // Вялікі, мясісты, пухлы (пра часткі цела, твару). Тоўстыя губы. Тоўстыя ногі. □ Маня набірала ў прыгаршчы вады і са смехам палівала на хлопчыка, лёгенька шлёпала яго па тоўстых ручках. Васілевіч. [Лапінка:] — А Раман Дуля — ух ты, у новым кажушку, грудзі ўперад, сцёгны тоўстыя, .. халявы блішчаць, бах на калені... Брыль.

3. Нізкі, густы (пра голас, гук). — А Мядзведзь з лесу, — бабуля робіць тоўсты мядзведжы голас: «Я ў лесе, я ў цёмным, прыйду к табе вячэраць!» Брыль.

•••

Тоўстая кішка гл. кішка.

Тоўсты часопіс гл. часопіс.

Тоўсты кашалёк гл. кашалёк.

Тоўстыя кішэні ў каго гл. кішэнь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чувстви́тельный

1. (восприимчивый) чуллі́вы; (чуткий) чу́лы; (впечатлительный) ура́злівы;

до́брый и чувстви́тельный челове́к до́бры і чуллі́вы (чу́лы) чалаве́к;

чувстви́тельные не́рвы чуллі́выя не́рвы;

2. (ощутимый) адчува́льны; (заметный) прыме́тны, разг. прыкме́тны; (значительный) зна́чны;

чувстви́тельный уда́р адчува́льны ўдар;

чувстви́тельная ра́зница прыме́тная (адчува́льная, зна́чная) ро́зніца;

чувстви́тельная утра́та зна́чная стра́та;

3. (сентиментальный) сентымента́льны; (нежный) пяшчо́тны; (трогательный) чуллі́вы;

чувстви́тельный рома́нс сентымента́льны рама́нс;

чувстви́тельный взгляд пяшчо́тны по́гляд;

4. спец. адчува́льны;

чувстви́тельный элеме́нт адчува́льны элеме́нт;

чувстви́тельные не́рвные воло́кна адчува́льныя нерво́выя вало́кны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

То́ўстызначны па аб’ёму, вялікі ў папярочным сячэнні’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Ян., Сл. ПЗБ), то́ўсты і таўсты́ ’поўны’, ’сыты’, ’тлусты’, ’мясісты, мускулісты, вялікі паводле памераў’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), то́ўсты ’вялікі, мясісты, пухлы’ (ТСБМ), ’поўны, дзябёлы’ (Нас., Ласт.), ’грубы (пра палатно)’ (Мат. Гом.), ’нізкі, густы (голас, гук)’ (ТСБМ, ТС, Мат. Гом.), то́ўсты палец ’вялікі палец’ (капыл., Сл. ПЗБ), то́ўстыя кру́пы ’панцак, буйныя ячныя крупы’ (круп., Сл. ПЗБ, ЛА, 4, Жд., 1, Янк. 1, Ян., Скарбы), таўсты́ ’поўны, дзябёлы’: таўсты як бочка (Федар. 4, Сержп. Прык.), то́віст ’тс’ (Нас.), то́ўста(я), то́вста, таўста́я ’поўная, дзябёлая’, ’цяжарная’ (Сл. ПЗБ, Барад., Янк. 1; ст.-дар., Ск. нар. мовы; Сержп. Прымхі; слуц., Нар. словатв.; Мат. Маг. 2; ТС, Бяльк., Сцяшк., Юрч., Арх. Вяр., Мат. Гом.; навагр., З нар. сл.; мёрск., Нар. сл.). Укр. то́встий, рус. то́лстый, толсто́й, толст, стараж.-рус. тълстъ, ц.-слав. тлъстъ; польск. tłusty, палаб. tåu̯ste, н.-луж. tłusty, в.-луж. tołsty, чэш. tlustý, славац. tlstý, славен. tọ̑lst, харв. tȗst, серб. ту̏ст, балг. тлъст ’тоўсты’. Прасл. *tъl̥stъ ’тоўсты’ (Фасмер, 4, 74) ці *tl̥stъ < і.-е. *tŭlz‑to ’набрынялы, аб’ёмны’ (Борысь, 636), роднаснае літ. tułžti ’набухаць; набрыняць ад вільгаці’, лат. tùlzt ’тс’, tùlzums ’пухліна’. Сной₂ (771) выводзіць прасл. *tъlstъ з і.-е. асновы *teu̯h2 ’пухнуць, набрыняць, павялічвацца’, да якой далучыўся суфікс *‑l‑ (гэты ж суфікс у прасл. *tъlpa̋ ’маса’, *tylъ ’карак’). Калі гэта так, то прасл. *tъlstъ паходзіць з і.-е. *tulh2g̑ʼ​(h)‑to‑ ’раздуты, распухлы’, параўн. і Фасмер, 4, 74; Чарных, 2, 249; Брукнер, 572; Махэк₂, 646; Скок, 3, 528; ЕСУМ, 5, 589. Існуе, паводле Сноя₂ (772), іншая магчымасць утварэння: другая частка прасл. лексемы ‑stъ узыходзіць да і.-е. *stah2 ’ступіць, стаць’, тады *tъlstъ — з і.-е. *tulh2‑sth2ó‑ ’той, які стаў набрынялым, ацёклым’. Сюды ж то́ўшчык ’камель дрэва’ (ТС), параўн. тончык, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)