Навой ’дэталь у кроснах’ (Бяльк., Гарэц., Тарн., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ, ТС), навоі ’частка кроснаў’ (Воўк-Лев., Татарк.), навойка ’тс’ (полац., Нар. сл.; Янк. 1, Мат. Гом., ТС). Укр. навій, рус. наво́й, польск. nawój, чэш. návoj, славац. návoj, н.-луж. nawój ’тс’, серб.-харв. дыял. на́вој ’дзве расошкі, на якія кладзецца задняе вараціла пры навіванні асновы’. Да навіваць, віць, параўн. навіць ’наматаць’ (Бяльк.), першапачаткова адносілася, відаць, да задняга вала ў кроснах, пра што сведчыць значэнне серб.-харв. дыялектнай назвы (Машынскі, Kultura, 1, 349), і звязвалася з навіваннем нітак асновы на яго; не выключана, што гэтым словам называлася само навітае прадзіва, пра што можа сведчыць балг. дыял. навой ’тонкая звітая вяроўка, якой абвязваюць абмоткі на нагах’, перанос назвы на вараціла і іншыя дэталі, якія звычайна маюць праславянскія назвы, праз стадыю ’вал з навітым на яго прадзівам’, параўн. докш. Навой — пяць губак і болей (Сл. ПЗБ). Адносна чаргавання гл. Шустар-Шэўц, 994.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́тла ’лаза’ (мазыр., Мат. Гом.), рус. літар. ветла́ ’вярба, Salix pendula’, калін. ’пустазелле ў аўсе’, разан. ветла́к ’белая вярба’, смал., маск. ветли́на ’вярба’, урал. ве́тли́на ’бульбоўнік, націна буракоў, гароху’, укр. ветла́, вутла́, ветли́на́ ’вярба, Salix viminalis’; ’жоўтая вярба, Salix vitellina’, ветли́нка ’Gorgonia viminalis’, польск. wietla, wietło ’галіна’ (Варш. сл.). Усходнеслав. утварэнне ад вет‑ (< vět‑ < vitiвіць’) і суф. ‑ьл‑а, магчыма, пад балцкім уплывам; параўн. літ. vytẽlė ’лаза, дубец’, vytìs ’тс’, výtulas ’звязка’, vỹturti ’звіваць, абверчваць’, лат. vîtuõls ’вярба’, vītne ’гірлянда; вусікі гароху’ і інш. Гл. Траўтман, 347; Мюленбах-Эндзелін, 4, 648; Фасмер, 1, 306; Шанскі, 1, В, 79; КЭСРЯ, 57. Махэк₂ (687) дае прасл. форму ў выглядзе vьtъla < і.-е. *vitulā і прыводзіць тапанімічныя назвы з чэшскай і польскай моўных тэрыторый, якія не адносяцца да ве́тла. Сюды ж ветліца. Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 80. Як і Гараеў, 46, ён дае vьt‑l‑a < vi‑ti. Рудніцкі (1, 373) мяркуе, што ўкр. ветли́на магло ўзнікнуць як вынік адаптацыі навуковага лац. тэрміна (Salix) vitellina.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ка, выка ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’ (гом., гродз., маг., мін., БРС, Кіс., Сцяшк. МГ), ві́ґа ’тс’ (Сцяшк. МГ), віка ’люцэрна пасяўная, Medicago sativa L.’ (Бейл.). Укр. вика ’віка, гарошак’, рус. вика ’мышыны гарошак, Vida crassa L.’; ’гарошак пасяўны, Vicia sativa L.’; ’боб, Vicia faba L.’, наўг. вика ’сачавіца’, польск. wyka ’гарошак, Vicia L.’, в.-луж. woka ’тс’, чэш. vika, vikev ’тс’, славац. vika, серб.-харв. вика, літ. vìkis, vikė ’гарошак’, лат. vīki, ст.-прус. wictis, ст.-в.-ням. wicchia, н.-в.-ням. Wicke, лац. vicia, грэч. βικία, βικίον. Да і.-е. асновы *u̯ei‑ (Шанскі, 1, В, 96; Голуб, 330), да якой адносіцца і віць (гл.) (КЭСРЯ, 81). Большасць этымолагаў схіляецца да думкі пра запазычанне славянамі гэтай лексемы са ст.-в.-ням. wicchia < лац. vicia (Міклашыч, 397; Мацэнаўэр, 368; Брукнер, 638; Голуб-Копечны, 416; Фасмер, 1, 313; Праабражэнскі, 1, 83; Трубачоў, ВЯ, 5, 1961, 132; Махэк₂, 680). Адсутнічае ў славен. і балг. мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павіту́ха1 ’жанчына, якая дапамагае пры родах’ (ТСБМ, Шат., Сл. Брэс.). Рус. повиту́ха, укр. повиту́ха, польск. дыял. powitucha ’тс’. Усходнеславянскае (польск., мабыць, з беларускай). Ад павіць з суф. ‑ucha. Старажытнасць словаўтварэння (параўн. SP, 1, 75) сведчыць калі не аб праславянскім, то аб дастаткова старым паходжанні слова. Параўн. таксама Фасмер, 3, 294.

Павіту́ха2 ’пустазелле сямейства павітухавых’ (ТСБМ), ’фасоля, якая ўецца’ (Жд. 2). Рус. повиту́ха ’павітуха, бярозка’. Да павіць < віць з суф. ‑уха (гл. Мяркулава, Очерки, 107 і наст.).

Павіту́ха3 ’вясёлка’ (Сл. Брэс.). Адзінкавая рэгіянальная назва вясёлкі. Бясспрэчна, утворана ад павіты < павіць з суф. ‑уха (параўн. іншыя назвы вясёлкі: весялуха, мецʼелуха, парадуха і г. д. — гл. Талстой, ОЛА, 974, 29 і наст.), але матывацыю назвы вызначыць цяжка. Магчыма, гэта метафара да павітуха2, таму што вясёлка «лезе, караскаецца па небу»; не выключана, што семантыка гэтай лексемы асноўвалася і на ўяўленні аб нечым звітым, мнагаслойным. Аддаленай семантычнай паралеллю тут магла б служыць лексема пояс з рознымі вызначэннямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́лы ’ручная сельскагаспадарчая прылада ў выглядзе доўгага дзяржання з рагулінай або зубцамі на канцы’ (КТС, БРС, Нас., Бяс., Сцяц. Словаўтв.); ’прылада вымаць гаршкі з печы’ (Сцяшк., Др.-Падб., Інстр. I); ’верхняя частка сахі калодзежа’ (ДАБМ, Шатал., КЭС, лаг.); ’раздвоеныя ногі, пояс’ (Некр., КЭС, лаг.); ’раздваенне дарогі’ (КЭС, лаг.), ’месца, дзе зліваюцца рэкі’ (Сцяшк. МГ), перан. экспр. ’адмаўленне’; ’кукіш’ (Нас.). Укр. ви́ла, рус. ви́лы, польск. widły, н.-луж., в.-луж. widły, чэш. vidle, славац. vidly, славен. víle, серб.-харв. ви̏ле, макед. вила, балг. вила. Прасл. vidla. Утворана пры дапамозе суф. Nomen instrumenti ‑dl‑o ад vi‑tiвіць’ (Праабражэнскі, 1, 84; Брукнер, 613; Фасмер, 1, 314; БЕР, 1, 147; КЭСРЯ, 81). Першапачатковай функцыяй вілаў было навіванне пражы (Махэк₂, 688). Мейе (Études, 418), Уленбек (296) і Младэнаў (66) суадносяць лексему vidla са ст.-інд. vētráḥ ’від чароту’. Іншыя версіі: vidla < з лац. vīdutus ’плецены кош’ і ст.-інд. vēdás ’мяцёлка сочнай травы’ (Петэрсан, AfslPh, 1916, 36, 152), vidla < *u̯i‑dhē‑ ’рас-стаўляць’, як *u̯i‑dh‑ewa ’ўдава’- ‑раз‑дзеленая (Кноблах, Зб. Пізані, 2, 604), vidla < лац. fibula < *u̯ei‑dhtā (Хаас, Elem., 41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрэ́мя1 ‘сукаватая яловая падстаўка, па якой падымаюцца на “падкур” (прыстасаванне, якое абараняе борць ад мядзведзяў)’ (Рам. 8). Гл. страмі́на.

Стрэ́мя2, Р. скл. стрэ́мя і стрэ́мені ‘прыстасаванне для ўпору нагі конніка’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), стрымена ‘тс’, мн. л. стрэмена́ ‘тс’ (Бес., Шымк. Собр.), стрэмянё ‘стрэмя’ (Сцяшк.), стримоно ‘тс’ (Турэцка-беларускі размоўнік, 1836 г., Нью-Ёрк., 1995). Параўн. укр. стре́ме́но́, стре́мін, рус. стре́мя ‘стрэмя’, стараж.-рус. стремень, стрьмень, польск. strzemię, в.-луж. třmjeň, н.-луж. tśmjeń, чэш. střmen, славац. strmeň, славен. stréme, серб.-харв. стр̏ме̑н, балг. стре́ме ‘тс’, макед. стремен ‘тс’. Прасл. *stremę, як мяркуюць (гл. Бязлай, 3, 327 з літ-рай), ідэнтычна грэч. στρέμμα ‘нешта скручанае, нітка; выгін’, якое з’яўляецца nomen actionis ад дзеяслова στρέφωвіць, плесці’, і.-е. корань *strebh‑ ‘тс’, параўн. яшчэ грэч. στρόφο ‘вяроўка, паласа’. На думку Сноя₁ (613), славяне да VI ст., ві даць, страмёны мелі плеценыя з нейкіх матэрыялаў, напрыклад, з рамянёў. Гл. аналагічна Борысь, 584. Супастаўлялі таксама з рус. пастро́мка ‘пастронак’ і *strъmъ (гл. стромкі); гл Фасмер, 3, 775; Брукнер, 522; Праабражэнскі, 2, 397.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярба́ ’расліна, Salix L., Salix alba L., Salix fragilis L.’ (БРС, Кіс., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц.), вэрба́ ’вярба’ (Бес.), укр. верба, рус. верба ’тс’, астрах, ’назва любога дрэва’, польск. wierzba, каш. věřba ’вярба’, н.-луж., в.-луж. wjerba, чэш. vrba, славац. vŕba, славен. vŕba, серб.-харв. вр́ба, макед. врба, балг. върба ’вярба’, ст.-слав. врьба, врьбиѥ. Прасл. vьrbá ’лаза, гнуткая расліна’. Да першаснага значэння параўн. такія формы, як вербалоз і інш. Прасл. лексема роднасная да літ. vir̄bas ’дубец, сцябло, лазіна’, лат. vir̂bs ’палачка’, прус. wirbe ’канат, ліна’, грэч. ραπίς, ράβδος ’дубец’, лац. verbēna ’дубцы лаўра’, verbera ’дубцы, якімі секлі, каралі’, ст.-в.-ням. rëba ’вінаградная лаза’. Узыходзіць да і.-е. *u̯erbes < u̯er‑ ’гнуць, віць’ (Траўтман, 360). Гл. яшчэ Праабражэнскі, 1, 72; Міклашыч, 383; Мюленбах-Эндзелін, 4, 602; Вальдэ, 819; Брукнер, 617; Скок, 3, 620; Фасмер, 1, 293; Младэнаў, 91; БЕР, 1, 208; Шанскі, 1, В, 54–55. Махэк₂ (699) і КЭСРЯ (74) лічаць vьrbá суфіксальным утварэннем, дзе ‑ba надае значэнне зборнасці. Аб суфіксе ‑ba гл. яшчэ Мартынаў, Дерив., 16–19. Сюды ж ніц., гродз., гом. вербалоз ’вярба казіная’, маг., гродз. ’вярба пяцітычынкавая’ (Кіс.), вярбо́вы (БРС, КТС, Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мата́ць, мота́ць, мыта́ць, мота́тэвіць, накручваць’, ’махаць’, ’плесці (аб павуку)’, ’хутка ісці, бегчы, уцякаць, неразумна траціць грошы’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., ТС, Сл. ПЗБ), матану́ць ’кінуцца, прамільгнуць’, ’махнуць’ (ТСБМ, Нас., Юрч.), мата́цца ’перашкаджаць, церціся’, ’матляцца’, ’сноўдацца’, ’калыхацца’, ’добра старацца’ (Нас., Бяльк., Растарг., ТС), мотну́цца, мотну́ць ’кінуцца’ (ТС). Укр. мота́ти, мота́тися, рус. мота́ть(ся), ст.-рус. мотатися ’бязладна рухацца’, ’жыць абы-як’, польск. motać (się), н.-луж. motas (se), в.-луж. motać (so), чэш. motati (se), славац. motať (sa), славен. motáti (se), серб.-харв. мо̀тати (ce), макед. мота (се), балг. мотая (се), ц.-слав. мотати сѧ. Прасл. motati (), аснова якога mot‑ чаргуецца з met‑, параўн. ст.-слав. мести ’кінуць’, літ. mèsti ’тс’. Прасл. motati ўтворана так, як літ. matúoti ’тс’, ’мераць’, роднасным да якога з’яўляецца matarúoti ’махаць’, ’матаць’, ст.-грэч. μόθος ’гарачы бой’, μόθουρα ’ручка вясла’ (Бернекер, 2, 40; Фасмер, 2, 665–666; Скок, 2, 413; Покарны, 732). Махэк₂, 375 разумее форму motati як інтэнсіў на ‑t‑ ад асновы mov‑ (параўн. лац. movēre ’рухацца’) і выводзіць прасл. праформу mov‑ta‑ti, у якой пасля ‑v‑ перад ‑t‑ выпала, а дзеяслоў стаў экспрэсіўным. Бязлай (2, 197) неапраўдана выводзіць і.-е. рэканструкцыю кораня ў выглядзе *menth‑ (Куркіна, Этимология–83, 191).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ператыка́ць (перэтыка́ць) ткаць ніткамі рознага колеру. перэтыка́нье ’вытканыя па краях каляровыя дарожкі (на канцах ручніка, па краю сарочкі і г. д.)’ (ТС), перэтыка́ный ’з вытканым узорам (напр., ніз хвартуха, з чырвоных нітак)’, натка́ны, натыка́ны, заты́каны ’з вытканым узорам’, натыка́ты ’ткаць каляровым узорам’ (Уладз.), ператыка́нка ’спадніца з ператыканага палатна, ператыканая коўдра’, ператыка́ны ’саматканы (пра паўсуконны матэрыял)’ (стаўб., Нар. сл.), пірітыка́нкі ’пасцілка з узорамі’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірітыка́нычка ’саматканая посцілка’ (Юрч. СНЛ). Рус. перетыка́ть ’ткаць, пераплятаць ніткі асновы ўтком; ткаць на палатне палоскі, узор утком іншага колеру ці іншай фактуры’, перетыка́нный ’з тканым узорам (палатно, ручнік)’; польск. przetkać, в.-луж. přetkać, přetkawać, н.-луж. pśetkaś; славац. pretkávať ’ткаць ніткамі іншага колеру’, pretkať ’праткаць, ператкаць’, славен. pretkáti ’ператкаць, выткаць, выткаць нанава’, серб.-харв. pretkȁti ’зноў выткаць; абшыць аблямоўкай’. Да пера- (гл.) і ‑тыка́ць, якое з’яўляецца прасл. ітэратывам (*tykati) да першаснага прасл. *tъktʼi ’ткаць’, звязанага генетычна з *tъknǫti; *tъktʼi узыходзіць да і.-е. *tek‑ ’плесці, віць’ > ’ткаць’. А семантыка прасл. інавацыі *tъkati адлюстроўвае нейкія больш актуальныя прыкметы, напрыклад, значна большую імклівасць увядзення і прасоўвання ў зеве ўточнай ніткі дзякуючы выкарыстанню чаўнака’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 117–118). Да ткаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́віна ’Salix caprea’ (Нас. Доп., Кліх., Бяльк., Кіс.), і́ва (Бяс., 114). Рус. и́ва, укр. и́ва, ги́ва (Грынч.), польск. iwa, iwina, дыял. wiwa, в.-луж. jiwa, н.-луж. wiwa, палаб. jeivó, чэш. jíva, славац. iva, славен. íva, серб.-харв. и̏ва, балг. и́ва, макед. ива. Прасл. *iva/*jьva (Трубачоў, Эт. сл., 8, 248) мае шматлікія адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. ievà ’чаромха’, лат. iēva ’тс’, прус. iuwis ’ціс’, ст.-в.-ням. iwa ’тс’, ірл. eo ’тс’, грэч. οἄ, οἴη ’Sorbus’, арм. aigi ’вінаграднік’ (апошнія з вакалізмам ‑o‑). Звязваюць з і.-е. *ei̯‑u̯o‑ ’чырванаваты’ (Покарны, I, 297; Слаўскі, 1, 473–474; Тапароў, 3, 100–101). Адсюль розныя значэнні ў і.-е. арэале: ’чаромха’, ’ціс’ ад колеру драўніны; ’рабіна’, ’вінаград’ па афарбоўцы ягад. Скок (1, 737) першасным лічыць значэнне ’ягада’. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 438; Мейе, MSL, 14, 1906–1908, 479; Машынскі, Pierw., 61; Клюге, 153; Фасмер, 2, 113; Безлай, 1, 214. Махэк₂ (230) супастаўляе з ням. Weide ’вярба’, грэч. ἰτέα ’тс’ < «праеўрапейскага» *vīteuā. Трубачоў (Эт. сл., 8, 249), прымаючы збліжэнне з ням. Weide, прапануе звязаць з і.-е. коранем *u̯i‑/*u̯ei̯‑віць’, адкуль *u̯ei̯‑u̯ā > *ei̯‑u̯ā. Бел. івіна ўтворана ад іва суф. ‑ін‑а, які падкрэслівае значэнне асобнай адзінкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)