мець, ма́ю, ма́еш, ма́е; меў, ме́ла; май; незак.

1. каго-што. Валодаць кім-, чым-н. як уласнасцю.

М. сваю хату.

2. што. Валодаць чым-н.

М. прафесію.

3. У спалучэнні з В скл. назоўнікаў якія абазначаюць уласцівасць або стан, азначае:

а) дзеянне па знач. гэтага назоўніка.

М. намер (намервацца). М. ахвоту (хацець);

б) быць, знаходзіцца ў якім-н. стане.

М. непрыемнасці.

4. У спалучэнні асабовых форм з інф. набывае знач.: павінен або намерваецца што-н. зрабіць.

Вока не мець (разм.) — быць непрыхільным да каго-н., быць незадаволеным кім-, чым-н.

Вось табе і маеш! (разм.) — вокліч з выпадку чаго-н. нечаканага, дзіўнага, выказванне расчаравання, здзіўлення.

Мець вушы (разм.) — прыслухоўвацца, слухаць.

Мець зуб на каго (разм.) — імкнуцца прычыніць шкоду, непрыемнасць каму-н.

Мець ласку (разм.) —

1) любіць каго-, што-н.;

2) мець гонар, мець магчымасць (зрабіць, сказаць і г.д.).

Мець на прыкмеце — улічваць, браць пад увагу каго-, што-н. для якой-н. мэты.

Мець руку (разм.) — мець падтрымку якой-н. важнай, уплывовай асобы.

Мець слова — атрымліваць дазвол выступіць дзе-н.

Мець справу з кім-чым — уступаць у нейкія адносіны, сутыкацца з кім-, чым-н.

(Не) мець за душой чаго (разм.) — пра наяўнасць (адсутнасць) чаго-н. у каго-н.

|| зак. займе́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е (да 1 і 2 знач.; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

варажы́ць, ‑ражу, ‑рожыш, ‑рожыць; незак.

1. Адгадваць будучае або мінулае па картах, лініях рукі і пад. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варажыць цыганка. Багдановіч. [Ліза] з Наталлю дасталі з-за люстэрка растрыбушаную, як вата, калоду карт і варажылі. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай Льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.

2. Меркаваць, рабіць здагадкі. [Люба:] — Чалавек дзесяць перапытала. Адны гавораць, паехалі на Ру дню, другія — к Дняпру. Вось тут і варажы. Шамякін. [Папас і Галіна] варажылі, як будзе заўтра, ці прыйдуць на свята сяляне з суседніх вёсак. Галавач. [Начальнік заставы:] — Што тут доўга варажыць, Хочаш разам з намі жыць? А. Александровіч.

3. Прадракаць, прадказваць. [Дзед:] — Прыйдуць дні, аб якіх вякі варажылі, Пра якія ў казках адно гаварылі. Танк. Мой дзед ведаў прыкметы надвор’я. З вечара, гледзячы ўгору, варажыў пагоду на раніцу. Грамовіч. Зязюлі варожаць і кнігаўкі жаляцца, І глушаць усіх салаўі. Панчанка.

4. Разм. Вабіць, зачароўваць. І чаруе, і варожыць шаўкавістая трава. Хведаровіч. І струны на гуслях, І струны ў сэрцы, Як вокліч у пушчы, Завуць і варожаць. Бядуля.

5. перан. Разм. Па-майстэрску, падобна чараўніку, працаваць над чым‑н. [Скульптар] варажыў над пластылінам. Скрыган.

•••

Бабка надвае варажыла гл. бабка ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пане́сціся 1, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. панёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.

1. Пачаць рухацца з вялікай хуткасцю; паімчацца. [Злобіч] штурхануў нагамі пад бакі каню, панёсся ад абоза. М. Ткачоў. Не замаруджваючы хады, цягнік панёсся далей. Арабей. Адразу дыхнула прахалодай, па дарозе закружыліся віхорчыкі і панесліся ў стэп. Даніленка. // Разм. Хутка пабегчы, накіравацца куды‑н. Выскачыў [сын] на двор, аглянуўся — маці бегла за ім — і з усіх ног панёсся цераз агароды да лесу. Капыловіч. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Краўчанка.

2. перан. Пачаць распаўсюджвацца (пра гукі, пахі і г. д.). — Бо-о-ом! Бо-о-ом! — далёка панеслася водгулле ў начной цішыні. С. Александровіч. Паняслася песня хваляй, Хваляй па азёрах. Танк. Вокліч падхапілі вязні ўсіх камар, і ён панёсся па ўсіх трох паверхах турмы. Машара. // Распаўсюдзіцца, стаць вядомым (пра чуткі, звесткі і пад.). Зноў свісты «Салаўя».. Зноў аб ім панеслася гучная слава па ўсіх маёнтках. Бядуля.

пане́сціся 2, ‑нясуцца; пр. панесліся і панясліся; зак.

Разм. Знесціся — пра птушак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пас1, па́сак, па́сок, па́сік, па́сачак ’тканы пояс’, ’шнурок, папруга, рэмень’, ’стужка, пісяг’, ’пояс жанчыны’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Шпіл., Сцяшк., Тарн., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; КЭС, лаг.; ТС), ’доўгі, вузкі кавалак тканіны, скуры’ (ТСБМ), ’кавалак сала прадаўгаватай формы’ (пух., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’прыстасаванне для прывядзення ў рух машыны ці механізма’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом.), ’шнур у калаўроце’ (карэліц., Шатал.), ’доўгая чарада звязаных паміж сабою плытоў лесу’ (Маслен., Мат. Гом., Сл. Брэс., ТС), ’узоры на тканіне ў палосы’ (Сл. ПЗБ), па́ска, па́сачка ’паласа (паперы); палоска на тканіне’ (Мат. Гом., Сцяшк. Сл., Сцяшк., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.), пася́ты, паса́сты, пасася́чы ’паласаты’ (Сл. ПЗБ, Клім.); ст.-бел. пасъ ’рэмень’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. pas ’тс’ (Кюнэ, 86; Булыка, Лекс. запазыч., 110). Сюды ж паса́цца ’падпяразвацца’ (Нас.). Гл. таксама пояс.

Пас2 — ’вокліч аб адмове ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт’, ’няма сіл, магчымасцей’, пасава́ць ’здавацца’ (ТСБМ). З польск. pas, pasować ’тс’ (або другі раз праз рус. пас, пасовать ’тс’), якія з франц. (je) passe ’я ўстрымліваюся, пасую’ (Праабражэнскі, 2, 26; Варш. сл., 4, 72).

Пас3 ’перадача мяча, шайбы і да таго пад. у спартыўнай гульні’, пасо́ўка, пасава́ць ’перадаваць мяч, шайбу’ (ТСБМ). Праз рус. мову з англ. pass ’перадаваць’, якое з лац. passus ’крок, рух’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

магчы́, магу, можаш, можа; пр. мог, магла, магло; незак., пераважна з інф.

1. Быць у стане, мець дастаткова сілы выканаць што‑н. Маці, маці!.. Вобраз твой пранясу я ў сваім сэрцы праз усё жыццё, пакуль буду магчы дыхаць, бачыць сонца, чуць людскія галасы. Ермаловіч. [Сяргей] .. прахапіўся і больш ужо заснуць не мог. Шахавец. // Мець магчымасць што‑н. зрабіць, рабіць. За яго [роднае слова] паміралі і гіблі, Каб на здзекі і глум не аддаць, Каб маглі сёння песні і гімны Пра шчаслівую долю складаць! Гілевіч. // Быць здольным здзейсніць што‑н. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. [Карнейчык:] Я, брат, дарогу тут ведаю, заплюшчыўшы вочы магу натрапіць. Крапіва.

2. Мець права, абавязак. [Сухадольскі:] Такім чынам, я лічу, што прапанову таварыша Гусаковіча мы не можам прыняць. Крапіва.

3. Абазначае верагоднасць, магчымасць якога‑н. дзеяння. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. [Ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»] не маглі б з’явіцца ў маладой беларускай літаратуры, каб не было творчасці вялікіх рускіх паэтаў Жукоўскага, Пушкіна і Лермантава. Лойка.

•••

Не магчы (не ўмець) звязаць двух слоў — пра няўменне прыгожа, звязна гаварыць, выказваць свае думкі.

Не можа быць!вокліч, які выказвае недавер, сумненне, здзіўленне і пад.

Не можа быць (і) гаворкі — нельга нават і гаварыць аб выкананні, здзяйсненні чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вось 1, ‑і, ж.

1. Шпень або тонкі вал, на які насаджваюцца колы, часткі машын або механізмаў. Пярэдняя, задняя вось. Вертыкальная вось. □ Некалькі артылерыстаў цягнулі гармату, якая грузла амаль да восі. Мележ.

2. Спец. Прамая, якая праходзіць праз цэнтр сіметрыі або праз цэнтр цяжару якога‑н. цела. Вось праекцыі. Аптычная вось. Зямная вось.

3. перан. Стрыжань якіх‑н. падзей. Вось палітычнага жыцця.

вось 2, указальная часціца.

1. Ужываецца для ўказання на прадметы, з’явы, якія знаходзяцца блізка ў дадзены момант, або на ўсё тое, што адбываецца непасрэдна перад вачамі. [Зоська:] Не сядзіцца мне, мамачка, у хаце... Там хадзіла сабе каля рэчкі і кветачкі для цябе вось гэтыя, рвала. Купала. Нарэшце, вось яно, мястэчка Між гор бялее ў паплавах. Колас. [Калгаснікі] стаялі і сачылі за дзіўнай ігрой хмар. Вось тая, што плыла з захаду, закрыла сонца. Шамякін.

2. Ужываецца для ўказання на паслядоўную змену падзей, з’яў і пад., на раптоўнае і нечаканае іх паяўленне. Усё сціхла. Але вось паветра рассякае агністы меч і зіхаціць вясёла. Багдановіч. Вось мы пад гарой ужо, вынырваем з-за гары, ледзь не потырч ляцім уніз. Брыль.

3. Ужываецца пры выказванні якіх‑н. эмоцый (захаплення, радасці, жарту і пад.) у клічных сказах разам з указаннем на прадмет, з’яву. Ага, вось ты якая цаца! Так, так! Шамякін. Вось выпадак, вось здарэнне! Колас.

4. У спалучэнні з указальнымі займеннікамі і прыслоўямі ўжываецца для ўзмацнення і ўдакладнення іх значэння. Анежка ішла і думала, што вось гэта сустрэча з Алесем вырашыць канчаткова яе лёс. Броўка. [Паўлінка:] Вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў. Купала.

5. У спалучэнні з пытальнымі займеннікамі (хто, што, які, чый, каторы) і прыслоўямі (дзе, куды, адкуль, калі, чаму, як і інш.) надае ім сэнс указання на што‑н. (з націскам на слове «вось»). [Паўлінка:] Не так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. Купала. Вось дзе можна бавіць час! Колас. [Клім:] — А чытаю я вось што. — Ён узяў з этажэркі кнігу і падаў Шэмету. Лобан. [Леў Раманавіч:] — Дык гэта ж ты і сапраўды даводзішся мне траюрадным братам. Вось як. Асіпенка. Вось калі арганізуемся як след, тады ніякі вораг нам не страшны. Лынькоў.

•••

Вось табе! Вось вам! — атрымай (атрымайце) па заслугах.

Вось табе і... — пра што‑н. такое, што мяняецца не ў патрэбны бок.

Вось табе і на! Вось табе і раз! Вось табе і маеш!вокліч з выпадку чаго‑н. нечаканага, выказванне здзіўлення, расчаравання.

Вось так — ужываецца ў воклічах пры выказванні пагарды, знявагі.

Вось яно што! Вось яно як!вокліч здзіўлення аб уразуменні раней незразумелага.

Вось яшчэ! — ужываецца пры адмаўленні чаго‑н., пры нязгодзе з чым‑н. або пры адмоўных адносінах да чаго‑н.

Ну, вось і ўсё! — ужываецца пры падвядзенні вынікаў чаго‑н. або ў канцы размовы ці спыненні гутаркі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наза́д, прысл. і прыназ.

1. прысл. У напрамку, процілеглым першапачатковаму руху; у адваротным напрамку; проціл. уперад. Ехаць назад. □ Стафанковіч зрабіў два крокі назад. Чорны. Варочацца назад было позна. Якімовіч. // Ужываецца як загад, каманда, вокліч. Раздаўся злосны воклік і стук вінтоўкі: — Назад! Лынькоў.

2. прысл. У напрамку да задняга боку чаго‑н., у адваротны бок; проціл. наперад. Азірнуцца назад. □ Моцна скруцілі [жандары] Міколку рукі назад. Лынькоў. «І г-э-э-эй ты, наша жыццё зло-оо-е!» — Міхась у лесе песню цягне і тахты стрэльбай выбівае. Назад, наперад выкідае. Колас. // перан. У мінулае, у тое, што было. І я ў астатнім падарожжы Гляджу са скрухаю назад. Колас.

3. прысл. На ранейшае месца, у ранейшае становішча. Занясі вядро назад у хату. Аддай назад кнігу. Узяць назад сваё абяцанне. □ Людзі мітусіліся ля дамоў, уцягваючы назад розныя рэчы свайго набытку, вынесеныя, відаць, у часе пажару. Лынькоў.

4. прыназ. з В. Спалучэнне з прыназ. «назад» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні адрэзку часу, які аддзяляе якую‑н. з’яву ад моманту паведамлення аб ёй. Роўна год назад была навальніца. □ Сымон паспрабаваў уявіць сабе той лес, што рос тут многа гадоў назад. Чарнышэвіч. // У спалучэнні са словамі «таму», «гэтаму». Было гэта больш месяца таму назад, у школе. Брыль. Назад, таму, здаецца, чвэртка веку І мне было таксама тры гады. Панчанка.

•••

Браць (узяць) слова назад гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэч, ‑ы, ж.

1. Усякі неадушаўлёны прадмет. Антось падбег да акна, спінай засланіў разбітую шыбу і азірнуўся, шукаючы вачыма рэч, якая магла б заткнуць адтуліну. Мележ. Палагея бегала вакол вогнішча, збірала розныя непатрэбныя рэчы і галасіла. Шамякін. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

2. мн. (рэ́чы, ‑чаў). Скарб, пажыткі, прадметы асабістага карыстання. Забрала Аленка свае пакуначкі, кніжкі і ўсе патрэбныя рэчы. Колас. Тут жа, ля пад’езда, стаяць, відаць, наспех скінутыя рэчы — шафа, ложкі, канапка, крэслы. Дадзіёмаў.

3. Твор літаратуры, мастацтва, навукі і пад. [Купала:] Прызнаюся табе, напісаў новую рэч — драму на вельмі горкую і блізкую мне тэму. Вітка.

4. Факт, з’ява рэчаіснасці, справа. Собіч гаварыў такія рэчы, якіх мы проста не маглі зразумець. Скрыган. [Хлопец] яшчэ толькі вучыўся на слесара, — пра гонар рабочага, пра планы, пра іншыя высокія рэчы мала дбаў. Лось.

5. у знач. вык. Нешта, штосьці, нейкая з’ява, абставіны. Сапраўды, конь такая рэч, што цяперашнім светам вельмі трэба даражыць. Нікановіч. — Але жыццё — дужа складаная рэч. Новікаў. // Штосьці значнае, важнае, каштоўнае. — Во, гэта — рэч! Тысяч пяцьдзесят будзе. Маўр. Дываны? Гэта — рэч. Усходняй казкай вее. Панчанка.

6. мн. (рэ́чы, ‑аў). У філасофіі — аб’ектыўны свет (прадметы, з’явы), які існуе па-за свядомасцю людзей і дзейнічае на гэтую свядомасць.

•••

Вядомая рэч (у знач. пабочн.) — вядома, безумоўна.

Глядзець на рэчы як гл. глядзець.

Дзіўная рэч!вокліч, які паказвае на моцнае здзіўленне.

Іншая рэч — нешта іншае.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́да1 ’каханы (каханая), любы (любая), мілы (мілая)’ (ТСБМ), ’муж’ (паўд.-усх., КЭС), ’(згодна з нашай міфалогіяй) выдатная багіня прашчураў, жонка бога Сонца і маці бога Ярылы’ (КЭС, лаг.), зах.-бран. ’нялюбы муж’. Укр. лада ’старажытнаславянская багіня’, ладо‑ладо! ладі‑ладі! ’прыпеў у фальклорных песнях’, ’мужык’, ’жонка’, ладува́ти ’спяваць вясельныя песні’; рус., ст.-рус. лада ’муж, жонка’, ладо, ладый ’мілы, каханы каханая’, ц.-слав. ладо ’каханы’; польск. łado! łado! ’прыпеў у вясельных песнях’ (Любліншчына, Холмшчына), ст.-польск. ładoвокліч, назва бога’ (XV ст.), в.-луж. łado ’распусніца’, ст.-чэш. lada ’цнатлівая дзяўчына’, магчыма, і славен. lada ’крык’, lado gnati ’лямантаваць, хныкаць’, ládati ’спяваць’ (гл. Куркіна, Этимология–1976, 22), серб.-харв. ла̏да ’паэтычная назва замужняй жанчыны’, ла́дати ’спяваць напярэдадні вясенняга Юр’я, ідучы ад хаты да хаты: łado (m)oj, lado le, lȃdo, lȃdole — прыпеў у народнай песні, балг. лада ’другая дачка ў сям’і, што (у вясельнай цырымоніі) ідзе за вадой, з якой пасля варожачы дастае пярсцёнак’. Прасл. lada звязана з ladъ > лад (гл.) асноўным значэннем ’адпаведны, роўны, згодны’ (Крэчмер, Glotta, 30, 91–92; Фасмер, 2, 447; Слаўскі, 4, 420–421). Нельга згадзіцца з Махэкам₂ (317), які ўслед за Полакам (LF, 70, 27) адносіць слова да ліку чарнаморскіх, малаазіяцкіх. Выпадковае падабенстваз авар. tladi, λadi ’жанчына’ (Лідэн, KZ, 56, 223; Трубяцкой, BSL, 23, 199–200); Будзімір (RJAZU, 309, 97) звязвае прасл. lada са ст.-грэч. Λήτα, Λητώ, лац. Latōna, этрус. Voltumnus і інш. — усе з і.-е. *veldh‑ ’валодаць, панаваць’ > *vlāhā. Міклашыч (159) лексему lada звязвае з такімі, як чэш. láska ’каханне’, ladný, слав. lagoda, лац. Latōna, лік. lada ’пані’. Самая новая этымалогія ў Трубачова (История терм., 99–101) — з і.-е. *al‑ ’расці’, *al‑dho‑s ’які вырас’. Гл. таксама этымалогію да лада: Menges, Oriens, IX, 1956, 86–94.

Ла́да2 ’прыгатаванне’ (КЭС, лаг.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад ладзіць ’рыхтаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вось², часц. указ.

1. Ужыв. для ўказання на ўсё, што знаходзіцца або адбываецца ў непасрэднай блізкасці, непасрэдна перад вачамі або нібы перад вачамі.

Вось і наш аўтобус.

Вось тут прысядзем.

Вось гэтыя рэчы.

2. Ужыв. для ўказання на паслядоўную змену падзей, з’яў і пад., на раптоўнае і нечаканае іх паяўленне.

Усё сціхла, але вось зноў пачуўся нейкі шум.

3. Ужыв. пры выкананні якіх-н. эмоцый у клічных сказах разам з указаннем на прадмет, з’яву.

Ах, вось які ён чалавек!

Вось здарэнне дык здарэнне!

4. У спалучэнні з пытальным займеннікам і прыслоўем надае ім сэнс указання на што-н. у адпаведнасці з іх знач. (з націскам на слове «вось»).

Вось што я вам скажу.

Вось у чым сутнасць.

Вось якая справа.

Вось куды трапіў.

5. Ужыв. для большай выразнасці, звычайна ўзмацняючы, падкрэсліваючы значэнне наступнага слова.

Вось вы мне і патрэбны.

Вось і я пра гэта кажу.

6. Ужыв. замест звязкі пры іменным выказніку.

Добрасумленная і высокапрадукцыйная праца — вось гарантыя нашых поспехаў.

Вось-вось (разм.) —

1) вось іменна, менавіта так;

2) зараз, неўзабаве.

Бацька вось-вось павінен прыйсці.

Вось вам! — атрымай(це) па заслугах.

Вось дык (разм., іран.) — ужыв. для выражэння агульнай ацэнкі чаго-н.

Вось дык гулец!

Вось дык сіла!

Вось...дык (разм.) — афармляе сказ са знач. ацэнкі або вялікай ступені праяўлення чаго-н.

Вось спецыяліст дык спецыяліст!

Вось стараецца дык стараецца!

Вось іужыв. пры ўказанні на завяршэнне чаго-н., наступленне чаго-н. жаданага, чаканага.

Вось і прыйшлі.

Вось і мы.

Вось і ўсё (ужыв. пры заканчэнні гаворкі ў знач. больш няма чаго дадаць).

Вось табе і... (разм.) — пачынае гаворку пра тое, што аказалася не такім, як чакалася.

Вось табе і адпачылі!

Вось табе і свята!

Вось табе і на або вось табе і раз або вось табе і маеш (разм.) — вокліч з выпадку чаго-н. нечаканага, выказванне здзіўлення, расчаравання.

Вось такужыв. пры выказванні пагарды, знявагі.

Вось яно што! або вось яно як! — выражэнне здзіўлення або ўразумення.

Вось яшчэ! (разм.) — ужыв. пры адмаўленні чаго-н., пры нязгодзе з чым-н. або пры адмоўных адносінах да чаго-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)