пахо́дзіць, ‑ходжу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; незак., з каго-чаго, ад каго-чаго.
1. Належаць па нараджэнню да якога‑н. класа, нацыі, народнасці і пад.; весці ад каго‑н. сваё паходжанне. Лабановіч паходзіць з беднай сялянскай сям’і. Пшыркоў. Драздовіч сам паходзім са шляхты, але не выхваляўся гэтым. Машара.
2. Узнікаць, утварацца ад чаго‑н. Як вядома, назвы многіх гарадоў паходзяць ад назваў рэчак, на якіх яны стаялі. Штыхаў. Атрымалася аповесць з дзіўнай назвай [«Апошні зверыядавец»], што паходзіць ад мянушкі, якую мелі былыя выхаванцы кадэцкага корпуса. Кучар.
3. на каго-што. Быць падобным да каго‑, чаго‑н. [Васіль] ва ўсім стараўся паходзіць на дарослага, пераймаў павольныя рухі бацькі Мірона, яго манеру гаварыць, трымацца з людзьмі. Лынькоў. [Аня] паходзіла больш на нязграбнага хударлявага падлетка, чым на дарослую дзяўчыну. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.
1. Кудахтаць, утвараць сокат (пра курэй). У сенцах спакойна, непалохана ходзяць белыя куры — кудахчуць, сакочуць. Сіпакоў. Ходзіць курачка ля току і сакоча: — Ко-ку! Ко-ку! Шушкевіч. // Стракатаць, утвараць строкат (пра насякомых, птушак). Бясконцым, здаецца, на ўсю зямлю, хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі. Толькі сарока, пералятаючы з дрэва на дрэва, трывожна сакатала. Бажко.
2. Часта стукаць, страляць, трашчаць. Раўлі гарматы, трывожна сакаталі кулямёты на Валакаламскай шашы. Няхай. Калёсы часта і дробна сакаталі па мёрзлай зямлі. Мележ. За сцяною плаўна.. сакатала швейная машына. Ракітны.
3. перан. Разм. Хутка, не сціхаючы, гаварыць; балбатаць. Сам.. [Бабіч] гаворыць мала, а толькі слухае, як другія сакочуць, прычым на яго твары ўвесь час красуе найдабрэйшая ўсмешка. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць сіплыя гукі. Потым.. [гаспадар] карміў парсюка, завіхаўся каля печы, там нешта сінела, выкіпала, прыгарала. Хомчанка. Дзед.. калупаў ды прадзьмухваў люльку, якая пачынала пры гэтым сіпець на ўсе лады. Лынькоў. Сіпеў.. недзе ў шэрых прыцемках паравоз. М. Стральцоў.
2. Гаварыць сіплым голасам, вымаўляць сіплыя гукі. Глушак стары яшчэ доўга сіпеў, гразіўся, злосна снуючы з кутка ў куток, аж пакуль не ахрып, не знямогся зусім. Мележ. — Э-э... Дрэнь... — сіпіць.. [Грыпіна] прастуджаным голасам. Пташнікаў. // Шыпець, выказваючы нездавальненне кім‑, чым‑н. Цяпер [Рак-Кандэрскі] прыходзіць у канцылярыю раней за ўсіх, .. корпаецца ў паперах і ўвесь дзень сіпіць на маладых сакратарак і машыністак. Навуменка. Наш поспех ім — пад сэрца клін. Яны дасюль сіпяць ад злосці, Што мы ўзялі ў баях Берлін. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умо́ўнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць умоўнага (у 1–5 знач.). Умоўнасць прысуду. Умоўнасць сюжэта. // Сукупнасць асаблівасцей, уласцівых чаму‑н. умоўнаму, заснаванаму на ўмоўным паказе рэчаіснасці. Тэатр стварыў цікавы спектакль, у якім спалучаюцца яркія рэалістычныя вобразы і дэкаратыўная ўмоўнасць. «ЛіМ». Праз фантастыку, праз умоўнасць Купала дае тыпова рамантычную .. інтэрпрэтацыю буржуазнага свету. Бярозкін.
2. Агульнапрынятая, хоць і непатрэбная сістэма звычак, норм паводзін. Адразу адпалі ўсе фармальнасці і ўмоўнасці. Мы маглі гаварыць пра ўсё на свеце. Шамякін. У прасторнай зале .. стаіць той шматгалосы тлум, які сведчыць, што весялосць у разгары, што госці даўно перайшлі мяжу ўмоўнасці і не вельмі зважаюць адно на другога. Навуменка. Старасветчына была і сплыла не толькі ва ўкладзе жыцця. Сучасны чалавек тым і розніцца ад продкаў, што стаіць вышэй над умоўнасцямі. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць горлам хрыплыя гукі. Алеська ўспомніў, як цяжка хрыпіць дзед, як страшна, калі ён трызніць. Хомчанка. // безас. Пра хрыпы ў грудзях, горле. У класе запанавала напружаная цішыня — стала чуваць, як у прастуджанага Паўла Баранца хрыпіць у грудзях. Шамякін. // Утвараць хрыплыя гукі (аб рэчах). Вось дзядзька люльку раздзімае, Цыбук хрыпіць, пішчыць, спявае. Колас.
2. Мець у голасе хрыпату, утвараць хрыпенне замест крыку, слоў. Каля Васі, лаючыся, хрыпелі і тузаліся дзве постаці. Мележ. Партызаны кашлялі, хрыпелі прастуджанымі горламі. Навуменка. // Гучаць хрыпла (пра голас). Мінут праз пяць з [рэпрадуктара] .. гучыць музыка і хрыпіць голас спартыўнага інструктара. Нядзведскі. Голас [палкоўніка] зрываўся, хрыпеў. Лынькоў.
3. Гаварыць, крычаць хрыпла, з хрыпам. — Я табе пакажу сведак, — хрыпеў Віктар і вырываўся. Гаўрылкін. — Набегаўся, нябось, — хрыпеў.. [Харытон], цяжка дыхаючы. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шапта́цца, шапчуся, шэпчашся, шэпчацца; незак.
Гаварыць паміж сабой ціха, шэптам. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. І гэта было ўжо ў далёкім, здаецца, мінулым, калі мы ляжалі з.. [Жарнаком] побач пад зялёнымі жорсткімі коўдрамі і доўга шапталіся пра родныя вёскі, лугі... Брыль. // Ціхенька, па сакрэту займацца абгаворамі, плёткамі. А потым шапталіся [людзі] ў яго за спінаю пра заўчасную смерць яго бацькі — правізара Альшэўскага, пра катоўню ў Навагрудскай турме, пра Зосю. Бажко. [Усевалад:] — Цяпер .. [Галіна] падумае, што я помшчуся: знарок перавёў да сябе, каб .. [Барыса] прынізіць. За тое, што тайком шэпчацца з дырэктарам і не мае смеласці сказаць мне праўды ў вочы. Скрыган. // перан. Слаба, ледзь чутно шумець, шапацець, журчаць і пад. Ціха шэпчуцца чароты, І калышацца аер. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Кляве́ц ’малаток для насякання млынавых камянёў, для кляпання кос’ (ТСБМ, Янк. I, Яруш., Мядзв., Гарэц., Нік. Очерки, ЭШ, рук., Бяльк., Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. клевець, рус. клевец, ст.-рус. клевець ’тс’, польск. klewiec ’тс’. Польская форма, відаць, са старажытнарускай. Такім чынам, можна гаварыць толькі аб усходнеславянскай інавацыі. Фармальна здаецца ўтварэннем з дапамогай вельмі прадуктыўнага суфікса ‑ьcь ад klьvati. Аднак, паколькі суфікс ‑ьcь можа ўтвараць назоўнікі ад прыметнікаў (slěpьcь < slěpъ, mъrtvьcь < mъrtvъ), верагоднай з’яўляецца і іншая этымалогія: *kъlevъ + ‑ьcь > kъlevьcь > klevьcь. У сваю чаргу *kъlevъ прыметнік, утвораны рэгулярна (суфікс ‑evъ) ад kъl ’зуб’. Цікава, што рус. клевец мае значэнне ’зуб у баране, граблях’. Адносна ўтварэнняў на ‑ьcь параўн. SP, 1, 99–100; Мартынаў, Прасл. дерив., 29.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Плята́ць ’ілгаць’ (Нас.). Да прасл. *plęt‑a‑ti, якое з’яўляецца дзеясловам шматразовага дзеяння ад прасл. *plęsti (< ple‑n‑i‑ з інфіксам ‑n‑ у аснове цяп. часу) < першапачаткова Spiesti > бел. плесці (гл.). Фурлан (JS, 29, 120–123) параўноўвае плятаць з славен. oplėtati ’помсціць’, oplėsti ’ашукаць, абдурыць’, якія ўзводзіць да прасл. *plet‑ < і.-е. (s)pele‑t‑/*(s)plet‑ ’узнёсла гаварыць’, дапускаючы аманімію асноў у праславянскай мове, пры якой сувязь з ’плесці’ тлумачыцца народнай этымалогіяй, параўн., аднак, круціць ’падмануць’ (ТС), што сведчыць аб прадуктыўнасці семантычнага пераходу ’плясці, віць, круціць’ > ’ашукваць, ілгаць’. Сюды ж: плятня ’хлусня, плёткі’ (Нас.; ТС), ’пляткарка’ (шчуч., Сл. ПЗБ; клец., Нар. лекс.), пляту́пня ’балбатуха’, пляту́н ’забаўнік, балбатун’ (Нас.), ’пляткар, хлус’ (капыл., Нар. словатв.; гор., Мат. Маг.; Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыгавары́ць ’назначыць пакаранне; рашыць, вырашыць; угаварыць, прываражыць, прывярнуць’ (ТСБМ), прыговоры́цца ’падлашчыцца, паддобрыцца ў размовах’ (ТС), прыгаво́рны ’хвароба, якую прыгаворваюць’ (Нар. Гом.). Да гавары́ць (гл.). Сюды ж аддзеяслоўныя бяссуфіксныя назоўнікі з працягам і развіццём семантыкі: прыгаво́р ’рашэнне суда, пастанова, рашэнне, меркаванне па якому-небудзь пытанню’ (ТСБМ, Др.-Падб.), пры́гавар ’ухвала (на вясковым сходзе)’ (Др.-Падб.), прігаво́р ’прыгавор’ (Бяльк.); прыгаво́р, звыч. мн. л. прыгаво́ры ’словы, якімі суправаджаюць якое-небудзь дзеянне; урокі’ (ТСБМ; маг., ЛА, 3), прыгаво́рны ’сурочаны’ (Байк. і Некр.), прыгаво́р ’прымаўка’ (брасл., даўг., в.-дзв., красл., лях., Сл. ПЗБ), прі́гывыр ’тс’ (Бяльк.); сюды ж памянш. прыгаво́рка, пры́гово́рка ’вострыя, забаўныя словы, словазлучэнні, якія ўжываюцца для ажыўлення гаворкі, прымаўка’ (Растарг., ТСБМ; гродз., в.-дзв., карэліц., Сл. ПЗБ; ТС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Талала́ (тылыла́, тылылы́) ’пра балбатню’ (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманне, параўн. та‑та‑та ’пра тарахценне, балбатню’ (там жа) і ла-ла-ла (гл.), сюды ж з рознымі нарашчэннямі талало́й ’крык, гам, шум’ (ТС), талало́м фігуральна ’шумная гульба’ (Пятк. 2), талалёх: а мужык талалёх, талалёх, гдзе напіўся, там і лёг (Астравух, Ідыш-бел. сл.); сюды ж талала́хаць, талала́хкаць ’балбатаць’, талала́канне ’балбатня’, талала́й ’балбатун’, талала́йства ’зброд’ (гл.). Параўн. укр. талала́й ’балбатун’, талала́йство ’набрыдзь’, рус. талала́ ’картавы’, талалы́ ’балбатня, пустаслоўе’, талала́кать ’балбатаць, гаварыць’, польск. tałałajstwo ’набрыдзь, навалач, галота’, літ. talala (выгук), talalúoti ’балбатаць, трашчаць’ і інш. Паралельныя ўтварэнні ў асобных мовах, аднак звяртае на сябе ўвагу паўночнаславянскі арэал іх распаўсюджання, гл. таксама Фасмер, 4, 14; ЕСУМ, 5, 507; Махэк₂, 649.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)