За́раць ’прыстасаванне для сушкі бобу’ (шчуч., Сл. паўн.-зах.). Параўн. зарадзіць ’закласці ў азярод’: «У зараць убіў калы і палажыў жэрдзя, і зарадзіў боп» (Сл. паўн.-зах.), таму, відаць, зарадзь. Форма гэта — варыянт да азярод (рус. дыял. зоро́д, за́род ’сцірта сена, месца для захавання сена, прыстасаванне для сушкі сена’, зоро́дить ’укладваць снапы ў зород’). Пра адлюстраванне розных ступеней аблаўта і іншыя гіпотэзы гл. азярод. Пачатковае а‑ мела прэфіксальны характар і магло адсутнічаць. Балт. паходжанне недастаткова аргументаванае для азярод (Лаўчутэ, Сл. балт., 137), неверагодна для зараць. Бернштэйн (Фонетика, 152), відаць, справядліва гаварыў пра дублетнасць і.-е. gʼhord‑/ghord‑ і яго прасл. адлюстраванне zord‑/gord‑. Форма за́радзь з націскам на першым складзе другасная: zord‑ > зо́род‑ > зороди́ти > зарадзі́ць > за́радзь. Шахматаў (Очерк древн. периода, 153) адзначае, што, паколькі зарод мае а і ў окаючых дыялектах, магчымы ўплыў прэфікса за‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Со́ўгаць ‘перасоўваць што-небудзь з месца на месца’, ‘рухаць, соваць чым-небудзь у розных кірунках (звычайна па паверхні)’, ‘тыкаць, соваць’ (ТСБМ), ‘габляваць’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘соваць, тыкаць’ (ТС), со́ўгацца ‘хадзіць туды-сюды, сланяцца’, ‘пасоўвацца паволі, з цяжкасцю; рухацца, перамяшчацца’ (ТСБМ, ТС; ашм., шальч., Сл. ПЗБ, Жд. 1), ‘хадзіць узад і ўперад’ (Янк. 1, Нар. Гом.), соўгену́ць ‘рэзка сунуць’ (ТС), совгну́ты ‘штурхануць’ (Сл. Брэс.), соўгну́тэ ‘тс’ (брэсц., Нар. лекс.), соўг ‘пра соўганне’ (мсцісл., Нар. лекс.), саўге́ць! ‘кідок камянём’ (Арх. Федар.), саўга́к ‘стары чалавек’ (Наша Ніва, 1998, 26 кастр.), со́ўгала ‘чалавек, які сноўдаецца без справы і заняткаў’ (Янк. 3.). Укр. со́вгати ‘соваць; соўгаць’, со́вганка ‘коўзанка’. Няясна. Для ўкраінскага аўтары ЕСУМ (5, 342) мяркуюць аб кантамінацыі со́вати і ковзати (< *ковгати), што не вельмі пераканаўча; магчыма, гэта звонкі дублет да соўкаць (гл. наступнае слова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спрыт ‘дасканаласць, умельства’, ‘фізічная лоўкасць, паваротлівасць, хуткасць у руках’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘кемлівасць’ (Ласт.), спры́тны, спры́тнасць (Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). З польск. spryt, sprytny (Кюнэ, Poln., 99 з літ-рай), якое выступае ў польскай мове з XVIII ст. як запазычанне з франц. esprit ‘дух; задума, розум; здольнасць, талент і да т. п.’; гл. Брукнер, 510; Борысь, 571. Ужо Карскі (Белорусы, 146) сумняваўся ў этымалогіі, прапанаванай упершыню Ліндэ, схіляючыся да выказанай раней Міклашычам (266) думкі пра сувязь з прыць (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16–17) звязвае з гоц. sprauto ‘хутка’, чаму пярэчыць Смулкова (Бел.-польск. ізал., 118–119), якая бачыць тут налажэнне значэнняў розных па паходжанні слоў — паланізмаў спрыт, спрытны і прыткі, прытны (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 391–392; Булахаў, Бел. мова, 57.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кацёл, катла, м.
1. Металічная пасудзіна акруглай формы і розных памераў для награвання вады, гатавання ежы і пад. Пад дашчатым навесам гарэў агонь, у катле варылася вячэра. Шчарбатаў. Чвэрць кухні займала нізкая ёмкая печ з двума ўмураванымі катламі для награвання вады і для варкі бульбы. Колас. // Пра харчаванне з агульнай кухні. Партызанскі кацёл. Армейскі кацёл. □ Побач .. спрачаліся дзве кабеціны: рэзаць цяля для агульнага катла на сенакос ці не. Ваданосаў.
2. Закрытая пасудзіна для выпрацоўкі пары. Паравы кацёл. □ А ўжо з катлоў, зноў-такі па трубах, вада, ператвораная ў сухую пару, пойдзе ў турбіну. Краўчанка.
3. Поўнае акружэнне вялікіх варожых групіровак. Папасці ў кацёл. Бабруйскі кацёл.
•••
Як піўны кацёл — вельмі вялікіх памераў (пра галаву чалавека).
Як у катле кіпіць гл. кіпець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кно́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Род цвічка з круглай шырокай плешкай, якім прымацоўваюць паперу, тканіну да чаго‑н. цвёрдага. На сцэну падняўся інжынер-архітэктар, раскруціў вялізны ліст паперы і прыкалоў яго кнопкамі. Чорны.
2. Рухомы пупок, які служыць для замыкання электрычнага ланцуга і прывядзення ў дзеянне розных механізмаў націсканнем на яго. Кнопка электрычнага званка. □ Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі.
3. Род металічнай засцежкі, якая складаецца з дзвюх частак, што ўваходзяць адна ў другую. Кофта на кнопках. □ Начальнік адшпіліў кнопкі і выцягнуў карту з планшэта. Самуйлёнак. // перан. Разм. Пра маленькага вяртлявага чалавека. — Ды і хто яна такая, гэта кнопка, каб весці допыт? Ваданосаў.
•••
Націснуць на (усе) кнопкі гл. націснуць.
[Ад гал. knoop — гузік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зліць, злію, зліеш, зліе; зліём, зліяце і салью, сальеш, салье; сальём, сальяце; заг. злі; зак., што.
1. Выліць якую‑н. вадкасць з розных пасудзін у адну. У мароз нафта гусцее і становіцца як павідла. Для таго, каб зліць яе з цыстэрн[аў] у рэзервуары, неабходна пара. Лукша.
2. Выліць, пераліць што‑н. куды‑н. Зліць тлушч у банку. // Выліць ваду ці іншую вадкасць, аддзяліўшы ад чаго‑н. Зліць ваду са зваранай бульбы.
3. перан. Злучыць з чым‑н., аб’яднаць у адно цэлае. Вясною трактар перавярнуў многа меж[аў], зліў у адзін гладкі масіў палоскі. Кулакоўскі. // Непадзельна звязаць, злучыць паміж сабою адно з другім. Я рос сярод красы прыроды, Душу сваю з прыродай зліў. Журба.
4. Заліць усю паверхню вадкасцю. Зліць падлогу вадой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кало́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш. да калона (у 1, 2 знач.).
2. Рад лічбаў, слоў, размешчаных па вертыкалі. Апошнія старонкі былі густа запоўнены незнаёмымі чарцяжамі і доўгімі калонкамі лічбаў. Шуцько. // Слупок тэксту ў газеце, кнізе і пад. Белыя старонкі з калонкамі вершаў заціснуты ў масіўную, цёмнага колеру, вокладку. Галавач.
3. Назва розных прыстасаванняў, якія маюць форму падоўжанага цыліндра (напрыклад, цыліндрычнага катла для награвання вады ў ваннай, прыстасаванне ў выглядзе высокага цыліндра з ручкай і кранам для адпускання вады, бензіну і інш., якія паступаюць сюды з цэнтральнага рэзервуара). На цэментавай пляцоўцы каля чырвонай бензінавай калонкі стаяла з паўдзесятка аўтамабіляў. Шамякін.
•••
Водаразборная калонка — калонка з водаправодным кранам, устаноўленая на паверхні зямлі і злучаная з водаправодам трубой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Тое, што і ляцець (у 1 знач.), з той толькі розніцай, што лятаць абазначае дзеянне, якое паўтараецца ці адбываецца ў розных кірунках. Зграі крумкачоў ляталі ў паветры, апускаліся сям-там на гарачых папялішчах. Лынькоў. На ўласныя бачыў я вочы, Як чайкі над морам ляталі. Бялевіч. // Мець здольнасць трымацца і перамяшчацца ў паветры. Не ўсе птушкі лятаюць. З нар.
2. перан. Разм. Хутка бегаць, хадзіць, ездзіць, насіцца. З палаты ў палату .. [Марына] лятала быццам на крыл[ах] у сваім лебядзіна-белым халаце і накрухмаленай касынцы. Грамовіч. А немцы ляталі па полі, перапорвалі кусты і канавы — усё шукалі парашутыста і не маглі знайсці. Дайліда. // Хутка рухацца. Лятаюць рукі па клавішах.
•••
Летам лятаць — тое, што і летам ляцець (гл. ляцець).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закруці́цца 1, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Завіцца (пра валасы). Валасы закруціліся. // Разм. Загнуцца, завярнуцца. А якая чарга за білетамі была! Уздоўж сцяны два разы закруцілася. Васілевіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абматацца, абвіцца вакол чаго‑н. Лейцы закруціліся за кола.
3. Абматаць, абгарнуць сябе чым‑н. Андрэй адышоў ад гурту, закруціўся ў кажух і лёг каля мяжы. Чарнышэвіч.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Круцячыся, зашрубавацца, дайсці да патрэбнага месца, да канца. Гайка закруцілася. Кран закруціўся.
5. Разм. Стаміцца, змучыцца ад розных клопатаў. — А што ты да нас не прыходзіш? — Справы, закруціўся. Гурскі.
•••
Галава закруцілася гл. галава.
Закруцілася ў галаве — тое, што і закружылася ў галаве (гл. закружыцца).
закруці́цца 2, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.
Разм. Пачаць круціцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бараба́н, ‑а, м.
1. Ударны музычны інструмент у выглядзе шырокага цыліндра або рамы, на якія з аднаго ці двух бакоў нацягнута скура. Бадзёрыя гукі труб і зычны стук барабана біліся ў шыбы вокан, вабячы Рыгора. Гартны. З вясны да восені кожнай раніцы чуюцца тут гукі горна, гулкія ўдары барабана, дзіцячыя галасы, смех, песні. Хомчанка.
2. Спец. У розных машынах і механізмах — рухомая дэталь, якая мае форму цыліндра. На версе стары Тодарчык ці сама Волька Янкава кідаюць снапы ў барабан — у чорную ляпу малатарні. Пташнікаў. Сцёпка паспеў расстраляць усе патроны і зноў зарадзіў барабан. Хомчанка.
3. Спец. Цыліндрычная або шматгранная частка будынка, якая падтрымлівае купал. На выступе густа раслі дрэвы, а між дрэў шарэла вузкая будыніна, падобная на царкву без барабанаў і купалаў. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)