За́раць ’прыстасаванне для сушкі бобу’ (шчуч., Сл. паўн.-зах.). Параўн. зарадзіць ’закласці ў азярод’: «У зараць убіў калы і палажыў жэрдзя, і зарадзіў боп» (Сл. паўн.-зах.), таму, відаць, зарадзь. Форма гэта — варыянт да азярод (рус. дыял. зоро́д, за́род ’сцірта сена, месца для захавання сена, прыстасаванне для сушкі сена’, зоро́дить ’укладваць снапы ў зород’). Пра адлюстраванне розных ступеней аблаўта і іншыя гіпотэзы гл. азярод. Пачатковае а‑ мела прэфіксальны характар і магло адсутнічаць. Балт. паходжанне недастаткова аргументаванае для азярод (Лаўчутэ, Сл. балт., 137), неверагодна для зараць. Бернштэйн (Фонетика, 152), відаць, справядліва гаварыў пра дублетнасць і.-е. gʼhord‑/ghord‑ і яго прасл. адлюстраванне zord‑/gord‑. Форма за́радзь з націскам на першым складзе другасная: zord‑ > зо́род‑ > зороди́ти > зарадзі́ць > за́радзь. Шахматаў (Очерк древн. периода, 153) адзначае, што, паколькі зарод мае а і ў окаючых дыялектах, магчымы ўплыў прэфікса за‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)