надда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасца, ‑дадуць; зак.

Разм.

1. што і чаго. Дадаць, дабавіць да таго, што ўжо было раней. Наддаць пары. □ Хацеў бы [Грышка] заглянуць на яе чорныя вочы, на загарэлы ад вясенняга сонца твар — можа, гэта наддало б яму адвагі зрабіць налёт на гміну і выратаваць сялян-бунтароў. Чарот.

2. чаго і без дап. Павялічыць хуткасць. Калі.. [Шашура] ужо быў блізка да берага, згары нешта пляснулася ў ваду. «Яшчэ прыб’е так!» — мільганула ў галаве. Ён паддаў ходу. Мележ. Узлаваны Мікола ішоў хутчэй звычайнага. Ён і не заўважыў, як паддаў кроку. Новікаў.

3. Ударыць, штурхануць. Адзін пажылы, прысадзісты, з нахмураным чорным тварам [салдат] спыніўся ля веснічак Крамера: замкнутыя з двара на засаўку, яны не адчыняліся, ён паддаў плячом, і засаўка ўпала на дол. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыму́сіць, ‑мушу, ‑мусіш, ‑мусіць; зак., каго.

Сілаю або нейкім іншым уздзеяннем дамагчыся, каб нешта было зроблена, выканана; абавязаць, патрэбаваць зрабіць што‑н. — Мяне ніхто не можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, — чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваханаў. Колас. Дзядзька спаткаў.. [вучняў] у сенях каля парога, прымусіў яшчэ на двары паабціраць венікам ногі. Брыль. Як ні ўпіраўся Сашка, бабка Вікця прымусіла ўнука выпіць шклянку густога, смачнага малака. Даніленка. Сілаю ў чалавека можна толькі адабраць, але прымусіць, каб ён даў табе што-небудзь, нельга. Карпаў. // Выклікаць пэўныя дзеянні, учынкі, стан у каго‑н. Яны абодва ніколі не кралі — голад прымусіў Мішку злавіць гэтую курыцу. Лупсякоў. Гудок на фабрыцы прымусіў.. [Зыдора] паддаць ходу. Чорны. Усякі выпадак, нават нязначны, можа прымусіць цябе хвалявацца, думаць, разважаць... Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кулі́са, ‑ы, ж.

1. звычайна мн. (кулі́сы, ‑ліс). Плоскія часткі тэатральнай дэкарацыі, размешчаныя па баках сцэны адна за другой. Выйсці з-за куліс. Зайсці за кулісы. // перан.; чаго або якія. Тое, чым прыкрываюць што‑н., за чым хаваецца што‑н. Максім Танк з партыйных пазіцый глянуў за кулісы злавеснай барацьбы палітычных сіл, што разгарэлася пасля смерці Пілсудскага. У. Калеснік.

2. Рычаг або сістэма рычагоў для перамены ходу машыны.

3. Паласа, засаджаная ў 2–3 рады кукурузай, сланечнікам і інш., як сродак для захавання глебы ад высыхання і вымярзання ў засушлівых і маласнежных раёнах. // Паласа лесу паміж дзвюма дзялянкамі.

•••

За кулісамі — а) у тэатральным, акцёрскім асяроддзі. Мець знаёмых за кулісамі; б) тайна, скрытна, у неафіцыйнай абстаноўцы. Прадстаўнікам урада ЗША, відаць, давялося нямала папрацаваць за кулісамі Асамблеі. Кавалёў.

[Фр. coulisse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ускалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Прывесці ў рух, прымусіць калыхацца. Набег цёплы ветрык і ўскалыхнуў возера. Кандрусевіч. Раптам паветра ўскалыхнуў выбух. Сіняўскі. // перан. Ажывіць, абудзіць. Якія ж патрэбны навальніцы і громы, каб ускалыхнуць гэтую цішыню і абудзіць чалавечыя думкі, пачуцці, імкненні! Колас. [Салдат] паддаў ходу і праз паўгадзіны ўвайшоў у гарадок. Тут ён спаткаў ажыўленне: рэвалюцыя ўжо ўскалыхнула гэтае глухое месца. Чорны.

2. перан. Усхваляваць, устрывожыць. Але ў тым і справа, што Веньямін хоча сустрэць асаблівую дзяўчыну — прыгожую, разумную, якая б ускалыхнула ўсю яго душу. Навуменка. Разумнае, светлае, вечнае сеяць Лектар вядомы прыехаў да нас; Сяло ўскалыхнула такая падзея: Загадзя ў клубе сабраўся калгас. Непачаловіч. Тры дні назад увесь свет ускалыхнула цудоўная навіна: Савецкі касмічны карабель вярнуўся на Зямлю! «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́сці, вяду́, вядзе́ш, вядзе́; вядзём, ведзяце́, вяду́ць; вёў, вяла́, вяло́; вядзі́; незак.

1. каго. Памагаць ісці, суправаджаць.

В. хворага пад руку.

2. каго-што. Накіроўваць чый-н. рух; ісці на чале.

В. войска ў бой.

В. каня за повад.

В. самалёт.

Добра вядзе машыну.

3. што. Пракладваць у пэўным напрамку.

В. шашу на Полацк.

В. тэлеграфную лінію цераз раку.

4. чым па чым. Рухаць чым-н. па паверхні чаго-н.

В. ўказкай па карце.

В. смыкам па струнах.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець той або іншы напрамак, служыць шляхам куды-н.

Дарога вяла ў лес.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., да чаго. Мець сваім вынікам, цягнуць за сабой.

Гэта да дабра не вядзе.

7. што. Рабіць, выконваць, ажыццяўляць, падтрымліваць.

В. падлікі.

В. назіранне.

В. агонь (страляць). В. размову.

8. што. Кіраваць, загадваць чым-н.

В. хатнія справы.

Гаспадарку в. — не барадой трэсці (прыказка). В. гурток.

В. сход (старшынстваваць).

Весці (размову, гутарку) да чаго-н. — гаворачы (або робячы) што-н., мець на мэце што-н.

Весці рэй (разм.) — быць завадатарам, верхаводзіць.

|| наз. вядзе́нне, -я, н. (да 1—4 і 8 знач.).

У парадку вядзення (сходу, пасяджэння: па ходу, у сувязі з правядзеннем).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

павярну́цца, ‑вярнуся, ‑вернешся, ‑вернецца; зак.

1. Зрабіўшы паварот, змяніць сваё становішча. Павярнуцца кругом. □ [Насця] рэзка павярнулася і, не азіраючыся, хутка пайшла па вуліцы. Мележ. Павярнуўся рычаг, паравоз абарваў свой бег. Лынькоў.

2. перан. Змяніцца, атрымаць нечаканае развіццё. Справа павярнулася так, як не чакаў сам Пракоп. Ермаловіч. [Ірына Віктараўна] і ўявіць сабе не магла — ні дома, ні ў дарозе, — што так павернецца ўсё. Пальчэўскі.

3. Разм. Нядоўга пабыць, прабыць дзе‑н. Дзе толькі павернецца Дабрэня, там знікае сум і чуцен смех. Гурскі. Над урокамі Алесь сядзеў мала: трохі павернецца ў хаце і — ходу на вуліцу. С. Александровіч.

4. Разм. Зрабіць што‑н., управіцца з чым‑н. Павярнулася гаспадыня каля печы — і аладкі на стале. □ [Яўген:] — Нашы пакуль надумаюць ды пакуль павернуцца... У іх усё па чарзе ды памалу... Карпаў.

•••

Павярнуцца спінай да каго-чаго — выказаць абыякавасць, знявагу; перастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.

Як толькі язык павярнуўся; язык не павернецца (не павярнуўся) гл. язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хадавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Спец. Які мае адносіны да ходу (у 1 знач.); звязаны з рухам, перамяшчэннем. Хадавая сістэма аўтамабіля. □ Такую машыну Дзмітрый вёў упершыню. І ўжо на першых кіламетрах ацаніў яе хадавыя якасці. Беразняк. // Патрэбны для праходжання якой‑н. адлегласці (пра час). Хадавыя гадзіны карабля. // Звязаны з кіраваннем судна ў час яго руху. Хадавая рубка. Хадавы мосцік.

2. Які знаходзіцца на хаду, у эксплуатацыі. Хадавы транспарт. Хадавыя машыны.

3. Спец. Рухомы, не замацаваны ў пэўным месцы. Хадавы вал. Хадавое крыло невада.

4. Разм. Які мае вялікі попыт. Хадавы тавар. Хадавыя размеры абутку. // Шырока вядомы, пашыраны; які часта выкарыстоўваецца. Хадавая тэма. Хадавыя выразы. □ У крытыцы ёсць некалькі хадавых схем, якія лёгка прыкладаюцца да пейзажу любога твора. Шкраба.

5. Разм. Які многа дзе бываў, ведае справу. [Андрэй:] — Агапа жанчына хадавая, трэба ў яе запытаць. Чарнышэвіч.

6. Спец. Звязаны з перамяшчэннем у пэўны перыяд у пэўным кірунку. Хадавая рыба. Хадавы алень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уцячы, збегчы; улізнуць, шмыгануць, шмаргануць (разм.); змыцца, махнуць, матануць (перан.) □ пусціцца наўцёкі, падмазаць пяты, вільнуць у кусты, даць лататы, задаць лататы, даць стракача, задаць стракача, даць драла, задаць драла, даць драпака, задаць драпака, даць ходу, паказаць хвост

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

ю́шка 1, ‑і, ДМ юшцы; Р мн. юшак; ж.

Металічны кружок, якім закладаюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла цёплае паветра. Маці.. стаяла ля прыпечка і зачыняла ў коміне юшкі, каб пайшоў дух на выстуджаную за ноч хату. Капыловіч. Каб не здарылася бяда, вокны і юшкі ў коміне перад навальніцай зачыняюць. Грамовіч.

ю́шка 2, ‑і, ДМ юшцы, ж.

1. Страва са свежай рыбы з прыправамі; рыбны адвар. Увечары, калі прыехаў з горада Шыковіч, яны палілі свой касцёр і на агні варылі юшку; Яраш з сынам паспелі налавіць рыбы. Шамякін.

2. Поліўка (у 1 знач.). Сабіна з цікавасцю глядзела ў акно. Яна бачыла, як Сабастыян сам сёрбаў лыжкай юшку, спрабуючы, ці ўварыліся грыбы. Сабаленка.

3. Жыжка ва ўсякай страве. Сёрбай юшку, на дне гушча! З нар.

4. перан. Разм. Кроў. [Чалавек:] Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.

•••

Пусціць юшку гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. З ходу, з разгону наткнуцца на каго‑, што‑н. Адна за адной загарэлася некалькі машын, два танкі наскочылі на міны. Мележ. — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Кавалёў. // перан. Нечакана сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Наскочыць на засаду. □ У любой вёсцы па гэты бок шашы можна было наскочыць на фашыстаў. Новікаў. У полі, за балотам, танкі наскочылі на варожую абарону. Шамякін.

2. Раптоўна накінуцца, напасці на каго‑н. [Палікар] адным махам наскочыў на фашыста і грукнуў яго вобземлю. Чорны. Жартачкі будуць дрэнныя, калі раз’юшаны звер наскочыць на чалавека. С. Александровіч.

3. Нечакана з’явіцца (прыехаць, прыйсці і пад.). Калі праз гадзіны дзве наскочылі сюды партызаны — Еўнічы дагаралі. Хадкевіч. Раздумваць доўга не было часу — маглі наскочыць з гарнізона. Шахавец. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца і г. д. (пра вецер, мяцеліцу і пад.). Наскочыў мароз. □ З поўначы сівер наскочыў сухі. Купала.

4. Разм. Хутка надысці, настаць (пра час, пару года). За якіх тыдні паўтара пасля Пятра магло наскочыць жніво. Гартны.

•••

Наскочыла каса на камень гл. каса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)