ве́сці, вяду́, вядзе́ш, вядзе́; вядзём, ведзяце́, вяду́ць; вёў, вяла́, вяло́; вядзі́; незак.

1. каго. Памагаць ісці, суправаджаць.

В. хворага пад руку.

2. каго-што. Накіроўваць чый-н. рух; ісці на чале.

В. войска ў бой.

В. каня за повад.

В. самалёт.

Добра вядзе машыну.

3. што. Пракладваць у пэўным напрамку.

В. шашу на Полацк.

В. тэлеграфную лінію цераз раку.

4. чым па чым. Рухаць чым-н. па паверхні чаго-н.

В. ўказкай па карце.

В. смыкам па струнах.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець той або іншы напрамак, служыць шляхам куды-н.

Дарога вяла ў лес.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан., да чаго. Мець сваім вынікам, цягнуць за сабой.

Гэта да дабра не вядзе.

7. што. Рабіць, выконваць, ажыццяўляць, падтрымліваць.

В. падлікі.

В. назіранне.

В. агонь (страляць). В. размову.

8. што. Кіраваць, загадваць чым-н.

В. хатнія справы.

Гаспадарку в. — не барадой трэсці (прыказка). В. гурток.

В. сход (старшынстваваць).

Весці (размову, гутарку) да чаго-н. — гаворачы (або робячы) што-н., мець на мэце што-н.

Весці рэй (разм.) — быць завадатарам, верхаводзіць.

|| наз. вядзе́нне, -я, н. (да 1—4 і 8 знач.).

У парадку вядзення (сходу, пасяджэння: па ходу, у сувязі з правядзеннем).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)