КАРО́БКА ПЕРАДА́Ч, каробка скарасцей,

механізм, з дапамогай якога рэгулююць частату вярчэння выхаднога вала ў сілавых перадачах трансп. машын, станкоў і інш. Размяшчаецца ў асобным корпусе (каробцы) ці ў агульным з інш. механізмамі. Бывае бесступеньчатая (варыятар), ступеньчатая (мае зубчастыя перадачы) і камбінаваная. Канструкцыя залежыць ад прызначэння К.п., спосабу пераключэння перадач і тэхн. характарыстык машыны ці станка. К.п., прызначаная для змены падачы (перамяшчэння інструменту адносна апрацаванай загатоўкі) у металарэзных, дрэваапрацоўчых і каменярэзных станках, наз. каробкай падач.

В.​А.​Сяргеенка.

Схема трохступеньчатай каробкі перадач: 1 — вядучы вал; 2 — вядучая шасцярня пастаяннага зачаплення; 3 — кулачковая муфта; 4 — шасцярня 2-й перадачы; 5 — шасцярня 1-й перадачы і задняга ходу; 6 — выхадны вал; 7 — прамежкавая шасцярня задняга ходу; 8, 9, 10 — вядучыя шасцерні задняга ходу, 1-й і 2-й перадач; 11 — прамежкавы вал; 12 — выхадная шасцярня пастаяннага зачаплення.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКА́ТЫ,

у беларусаў чатырохколавы воз без кузава для перавозкі лесу. Пярэднія і заднія ходы з нізкімі падушкамі злучаліся рухома дышлем, на канцы восі задняга ходу насаджваліся дугі-жэрдкі (багулы, палонікі), скрыжаваныя паміж сабою канцамі. Пры пагрузцы лесу Р. разводзілі на даўжыню бярвён, паверх бярвён клалі багулы, якія служылі для трываласці ўкладкі і рэгулявання ходу на паваротах і ўхабах. У сял. гаспадарцы Р. шырока бытавалі ў канцы 19 — пач. 20 ст., пераважна на У Беларусі.

В.​С.​Цітоў.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГАНАМЕ́ТРЫЯ (ад палі... + грэч. gonia вугал + ...метрыя),

адзін з метадаў вызначэння становішча апорных геад. пунктаў зямной паверхні. Выкарыстоўваецца пры тапаграфічнай здымцы, планіроўцы нас. пунктаў, інжынерна-буд. і інш. работах. Пры П. на мясцовасці складаюць сеткі хадоў, вымяраюць даўжыні ліній (мернымі прыладамі) і гарыз. вуглы паміж імі (тэадалітам). На вял. тэрыторыях, дзе ствараюць апорную геадэзічную сетку, пракладваюць палігонаметрычныя хады, якія ўзаемна перасякаюцца. Пачатковы пункт палігонаметрычнага ходу — геад. апорны пункт з вядомымі геадэзічнымі каардынатамі, зыходным (дырэкцыйным) вуглом. Пункты П. адпавядаюць геадэзічным пунктам (гл. таксама Геадэзічныя знакі). Вылучаюць дзярж. і гар. палігонаметрычныя сеткі. Дзяржаўныя паводле дакладнасці падзяляюцца на 4 класы (памылкі вымярэнняў вуглоў ±0,4″, ±1″, ±1,5″, ±2″; ліній — ±1 м на 300 м, 250 м, 200 м, 150 м ходу); гарадскія на 3 разрады (памылкі вымярэнняў вуглоў ±3″, ±5″, ±10″, ліній — ±1 м на 20 м, 10 м, 5 м ходу).

Р.​А.​Жмойдзяк.

Да арт. Паліганаметрыя. Паліганаметрычная сетка.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАГА́НГЛІІ (ад пара... + гангліі),

эндакрынныя залозы пазваночных жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць пераважна катэхаламіны, з’яўляюцца таксама дадатковымі органамі нерв. сістэмы, што ажыццяўляюць хемарэцэпцыю. Некат. П. (мазгавое рэчыва наднырачнікаў, паяснічны, аартальны) маюць сакраторныя храмафінныя клеткі, у эмбрыягенезе ўзнікаюць разам з нейрабластамі сімпатычнай нерв. сістэмы. Выдзяляюць у кроў адрэналін ці норадрэналін. Інш. П. (пераважна ў месцах разгалінавання парасімпатычнай нерв. сістэмы, вочныя, лёгачныя, касцёвамазгавыя, абалонак мозга, каратыдны і П. па ходу сасудаў тулава і канечнасцей) з’яўляюцца нехрамафіннымі і паходзяць з эмбрыянальных закладак па ходу IX і X пар чэрапна-мазгавых нерваў. Выдзяляюць у кроў, магчыма, ацэтылхалін і поліпептыдныя гармоны. Сакрэты П. ажыццяўляюць рэгуляцыю агульных і мясц. фізіял. рэакцый і мабілізацыю сістэм арганізма пры стрэсе.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАВА́ДКАСНЫ РУХАВІ́К, газа-дызель,

газавы рухавік, у якім газапаветр. сумесь у цыліндрах сціскаецца настолькі, што ўпырснутая ў канцы ходу сціскання порцыя вадкага паліва ўзгараецца (як у дызеля). Ступень сціскання каля 15. Выкарыстоўваюцца на газаперапамповачных, нафта- і газабуравых устаноўках, на транспарце.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАВІ́К, махавое кола,

кола з масіўным вобадам, якое ўстанаўліваюць на вале машыны з нераўнамернай нагрузкай для выраўноўвання яе ходу. Дазваляе мець прывод меншай магутнасці. Выкарыстоўваецца як акумулятар мех. энергіі ў поршневых рухавіках, помпах і інш. машынах з нераўнамерным вярчальным момантам на гал. вале.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧЫ АБ’ЁМ поршневага рухавіка ўнутранага згарання,

аб’ём, які вызваляецца поршнем у цыліндры пры перамяшчэнні поршня ад пункта найменшага да пункта найб. аб’ёму. Роўны здабытку плошчы поршня на даўжыню яго ходу. Выражаецца ў кубічных метрах, літрах ці кубічных сантыметрах. Сумарны Р.а. усіх цыліндраў рухавіка наз. літражом рухавіка.

т. 13, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ЗМА АПТЫ́ЧНАЯ,

цела, абмежаванае плоскімі паверхнямі і празрыстае для аптычнага выпрамянення (святла) у пэўным інтэрвале частот (даўжынь хваль). Бывае дысперсійная (спектральная), адбівальная і палярызацыйная.

Дысперсійная П.а. прызначана для прасторавага раздзялення прамянёў з рознымі даўжынямі хваль. Яе дзеянне заснавана на залежнасці пераламлення паказчыка ад даўжыні хвалі святла (гл. Дысперсія святла). Адбівальная П.а. прызначана для змены напрамку светлавога пучка. Характэрная асаблівасць — святло ўнутры П.а. паслядоўна адбіваецца ад адной ці некалькіх яе граней і ў большасці выпадкаў гэта поўнае ўнутранае адбіццё. Выкарыстоўваецца ў аптычных сістэмах для змяншэння іх падоўжных памераў. Палярызацыйная П.а. служыць для атрымання плоскапалярызаванага святла (гл. Палярызацыя святла). Складаецца з 2 ці 3 трохгранных прызмаў, з якіх 1 (ці больш) зроблена з аптычна анізатропнага крышталю; складальныя склейваюць (канадскім бальзамам, гліцэрынай, рыцынай і інш.), часам яны раздзелены паветр. прамежкам. Святло падае на нахіленую мяжу падзелу двух асяроддзяў так, што ўмовы пераламлення для звычайнага і незвычайнага прамянёў (гл. Падвойнае праменепераламленне) розныя. У залежнасці ад асаблівасцей будовы П.а. могуць даваць 1 ці 2 выхадныя пучкі святла, палярызаваныя ва ўзаемна перпендыкулярных плоскасцях. Выкарыстоўваюцца як палярызатары і аналізатары.

В.​В.​Валяўка.

Схема ходу прамянёў у дысперсійнай прызме аптычнай: δ — вугал пераламлення; φ — вугал адхілення прамянёў, залежны ад даўжыні хвалі.
Схема ходу прамянёў у адбівальнай прызме аптычнай: 1 — прамавугольная прызма; 2 — прызма Дове; 3 — рамбічная; 4 — пентапрызма.
Схема ходу прамянёў у палярызацыйнай прызме аптычнай. Лініямі і кропкамі на крышталях паказаны аптычныя восі; стралкамі і кропкамі — напрамкі палярызацыі прамянёў у выхадных пучках: 1 — Ніколя; 2 — Рашона; 3 — Сенармона; 4 — Воластана.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРАГЕНЕРА́ТАР,

электронная прылада (генератар), якая выпрацоўвае імпульсы зададзенай формы і з пэўнымі часавымі зрухамі паміж імі. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійнай апаратуры (на тэлецэнтрах) для фарміравання сінхранізавальных (радковых і кадравых) і тушыльных (для выключэння электроннага праменя на час адваротнага ходу разгорткі) імпульсаў кіравання работай прылад разгорткі відарысаў, а таксама ў апаратуры многаканальнай сувязі з часавым раздзяленнем каналаў.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФАТЫ́ЧНЫЯ ВУЗЛЫ́,

органы лімфатычнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Знаходзяцца па ходу лімфатычных сасудаў. У чалавека іх больш за 500 (памеры 0,5—50 мм), асабліва шмат у шыйнай, падпахавай і пахвіннай абласцях. Складаюцца з капсулы і рэтыкулярнай стромы, дзе знаходзяцца лімфацыты. Асн. функцыі: ахоўная (выпрацоўка антыцел, лімфацытаў, фагацытоз), бар’ерна-фільтрацыйная (абясшкоджванне бактэрый, таксінаў); дэпануючая.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)