ВЕРТАЛЁТАНО́СЕЦ,

баявы надводны карабель для групавога базіравання марскіх верталётаў. Мае ўзлётна-пасадачныя пляцоўкі, ангары (пад палётнай палубай) са спец. ліфтамі для пад’ёму верталётаў, памяшканні для іх абслугоўвання і рамонту. Аснашчаецца сродкамі сувязі і кіравання верталётамі, зенітнымі і процікарабельнымі ракетнымі і артыл. комплексамі, процілодачнай зброяй (бамбамёты і інш.). Падзяляюцца на процілодачныя (вядуць пошук і знішчаюць падводныя лодкі, маюць да 32 верталётаў) і дэсантныя (бяруць да 2 тыс. марскіх пехацінцаў для высадкі дэсанту). Водазмяшчэнне да 20 тыс. т, скорасць ходу да 30 вузлоў (55 км/гадз). Карабель для базіравання баявых самалётаў і верталётаў наз. авіяносец.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)