памі́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.

1. Дараваць каму‑н. віну; пашкадаваць каго‑н. [Талаш:] — Це памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі. Колас. У Колі ўжо так павялося: нашкодзіў — прасі прабачэння, памілавалі — пачынай зноў! Карпюк. Ты нёс праз гром і ўсе нягоды У цыраваным ранцы мір. І лёс памілаваў — з паходу Прыйшоў, не лёгшы дзесьці ў жвір. Бялевіч.

2. Адмяніць або змякчыць пакаранне асуджанаму. «Прашэнне, Сашанька, падай і цар памілуе... пішы...» — У ціхім голасе адчай, мальба збалелае душы. Вялюгін.

памілава́ць, ‑лу́ю, ‑лу́еш, ‑лу́е; зак., каго-што.

Мілаваць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тайні́к, ‑а, м.

1. Месца для хавання чаго‑н. [Яраш] надзеў лепшы касцюм, дастаў з тайніка пісталет і гранату. Шамякін. // Тайнае сховішча. Вада бруіла ў нары і доўга не супакойвалася, аж пакуль бабёр зноў не забіраўся ў свой тайнік. Масарэнка.

2. перан. Тое, куды няма доступу іншым; самае запаветнае, патаемнае месца чаго‑н. Хто ў размове з ім не забываў, падкрэсліваў яго заслугі, чуць падхвальваў, з тым Вароніч абыходзіўся, як з чалавекам, які адамкнуў тайнік яго сэрца. Грамовіч. І дзесьці ў тайніках душы асядае, як муць, чорная думка аб тым, што няма нічога вечнага на зямлі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падула́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца пад уладаю каго‑, чаго‑н., залежны; несамастойны. Падуладныя краіны. □ Дзесьці далёка засталася вайна, перапоўненыя салдатамі эшалоны, лазарэт, і вось ён вольны, сам па сабе, нікому не падуладны чалавек. Галавач. // Падпарадкаваны волі, загаду каго‑, чаго‑н. Усе гукі зліліся неўзабаве ў адзін спеў машын, падуладных волі чалавека. Хадкевіч. У ліцейны цэх прыходзяць людзі смелыя і мужныя, бо гарачы метал падуладны толькі адважным. «ЛіМ». / у знач. наз. падула́дныя, ‑ых. Пан Счэхула добра ведаў магчымасці сваіх падуладных. Машара.

2. перан. Які паддаецца ўздзеянню, уплыву каго‑, чаго‑н. Мацней за ўсё памяць. Памяць народа. Яна не падуладна ні бурам, ні часу, ні войнам. Аляхновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.

1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.

2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раска́т, ‑у, М ‑каце, м.

Доўгі, перарывіста гул, грукатанне (грому, кананады і пад.). Дзесьці далёка за лесам бліскалі зарніцы, і адтуль чутны былі глухія раскаты грому. Сачанка. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсе большую і большую імклівасць, .. ён ператвараецца ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху, абуджаючы грамавымі раскатамі даліны і горы. Лынькоў. Начную цішыню, як раскат грому, раскалоў стрэл. Чарнышэвіч. // Перарывістыя моцныя гукі (чалавечага голасу, музыкі і пад.). — Мат! Гага-га... — ускалыхнуў кабінетную цішу магутны раскат шчаслівага смеху. Быкаў. Раскатамі грымеў, сатрасаючы паветра, нізкі, хрыплы бас старога аленя, зліваючыся ў адзіны хор з высокімі і звонкімі галасамі маладзейшых. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. перасеў, ‑села; заг. перасядзь; зак.

1. Устаўшы з аднаго месца, сесці на другое. [Клара] гулка бахнула вечкамі парты, устала і папрасіла ў Веры Іванаўны, класнага кіраўніка, дазволіць ёй перасесці на другую парту. Б. Стральцоў. Ганна Сцяпанаўна перасела на мяккае крэсла, адкуль было зручней глядзець. Шыцік.

2. Перайсці з аднаго транспарту на другі, каб ехаць далей. Перасесці з цягніка на самалёт. □ Дзесьці па дарозе да Масквы, на адной з невялікіх станцый, я павінен буду выйсці з цягніка, перасесці ў глыбокія сялянскія мажары і ехаць у Віхораўскі калгас. Галавач. // Перайсці на іншую работу, памяняць месца работы. З калгаснага трактара к таму часу перасеў [Анкуда] на тралёвачнік. Карамазаў.

3. Засесці (у горле і пад.). Бульба ў горле перасела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ба́бкі1 (мн.) ’расліна Acorus calamus L., аер’ (Бейл.). Матывацыя гэтай назвы (расліну завезлі ў Еўропу дзесьці ў XV ст.) застаецца не зусім зразумелай, але, бясспрэчна, ёсць сувязь з ба́ба ’жанчына, бабуля’. Аб гэтым сведчаць серб.-харв. бабји штапи ’Acorus calamus’ (таксама бабад, бабан, гл. Сіманавіч, 9). Магчыма, мелася на ўвазе тое, што расліна ўжывалася як лякарства супраць пэўных хвароб (параўн. Махэк, Jména rostl., 300–301; лячылі звычайна бабы-знахаркі, параўн. ба́бка ’Plantago’).

Ба́бкі2 (мн.) ’расліна Trifolium repens L., канюшына паўзучая’ (Бейл.). Да ба́бка (круглы прадмет). Матывацыя назвы: круглыя галоўкі кветак расліны. Параўн. укр. (для Trifolium): ворішина, орішина, орішок, пупчики, головашки, іванова голова, яблучка, попки (з іншай перадачай той жа матывацыі).

Ба́бкі3 ’расліна Oxalis acetosella L., кісліца звычайная’ (Бейл.). Мабыць, назва ўзята ад расліны ба́бкі ’Trifolium’ (гл.). Oxalis, як і Trifolium, мае тры лісцікі. Параўн. таксама іншыя назвы Oxalis: бел. заячча канюшына, чэш. kyselý dětel, zaječi dětel, славац. zajačia ďatelinka і г. д. (з яснай сувяззю з канюшына, dětel ’Trifolium’). Параўн. таксама бабо́к, бабо́ўнік, бо́бік.

Бабкі4 ’частка самапрадкі — стойкі, паміж якімі кола’ (Влад.). Мабыць, таго ж паходжання, што і ба́ба ’саха, жэрдка калодзежнага жураўля’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́рды, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.

2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сці, мяту́, мяце́ш, мяце́; мяцём, мецяце́; пр. мёў, мяла́, мяло́; незак., што.

1. Ачышчаць якую‑н. паверхню ад смецця, пылу мятлой, шчоткай і пад. Месці вуліцу. □ Як толькі замільгалі ў акне чырвонаармейскія шапкі, «дзяўчына» старанна ўзялася месці хату. Крапіва.

2. З сілай гнаць, пераносіць што‑н. з месца на месца. Вецер мяце сухі снег.., і, здаецца, што дзесьці адчышчаюць іржавыя нажы наждачнаю шкуркаю ці сыпкім жвірам. Лужанін. Калі садзяць сады, вецер лісце мяце І на сцежках сляды засыпае. Прыходзька. // без дап. З сілай ісці, кружыць (пра мяцеліцу, завею). І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі. Завея мяце, завывае, намятае вялізныя сумёты. Лынькоў. / безас. Пайшоў снег, пачало месці, зраўняла і дарогу, і поле... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. што. Наступіўшы на што‑н., прыціснуць, прытрымаць. Бабуля прыступіла валёнкам гаручы квач, толькі копаць пайшла. Брыль.

2. Уст. Блізка падысці, падступіць да каго‑, чаго‑н. Войска прыступіла да самага горада. □ — Праўда? — гуртам прыступілі дзяўчаты да Адася. Калюга.

3. Пачаць што‑н., узяцца за што‑н. У галаве .. [рэдактара] было многа ўсякіх ідэй. Адна такая ідэя — прыступіць да выдання панямонскай газеты. Колас. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх ваколіц. Маўр. // Пачаць што‑н. рабіць, выконваць. Прыступіць да сваіх абавязкаў. □ Тады пайшоў сам Ксавэр Блецька. Ён смела і нахабна явіўся да Гальваса і адразу прыступіў да справы. Чорны. Пасля перапынку, дзесьці апоўначы, мы прыступілі да наступнай сцэны вяселля. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)