смыле́ць, ‑ліць; незак.

1. Балець, пячы (ад апёкаў, раздражнення скуры, ран і пад.). Смылелі папечаныя пальцы, пахла дымам вопратка, аж блажыла; і глыбока-глыбока ныла ў сярэдзіне. Пташнікаў. Стаміўся я. Не слухаюцца ногі. Смыляць, гараць, нібы яны ў агні... Бялевіч. Дубянеюць ногі, смыляць паабдзіраныя аб калючы снег рукі. Грахоўскі.

2. перан. Трывожыць, мучыць (пра душэўны боль). [Ганна:] — Я не крыўдую на цябе, але сэрцу балюча. Смыліць яно, штодня смыліць. Лынькоў. [Гаварушка:] — Ужо і ў мяне душа пачынае смылець. Лобан.

3. Гарэць без полымя, слаба гарэць; тлець. Цьмяна смылеў на камінку гнілаваты корч. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апячы́, апяку, апячэш, апячэ; апячом, апечаце, апякуць; пр. апёк, апякла, апякло; зак., каго-што.

1. Агнём ці чым‑н. гарачым, едкім, пякучым пашкодзіць скурнае покрыва; прычыніўшы боль, абпаліць. Сухія іголкі хвоі затрашчалі, шуганула полымя, і Цімох знячэўку апёк сабе руку. Колас. Андрэйка прыціснуўся да плота, балюча апёк крапівой лоб, але сцярпеў, нават не зварухнуўся. Ваданосаў. // Прычыніць пякучы боль, моцна ўдарыўшы чым‑н. Угары матнуўся пас высока І ў тую ж самую хвіліну Агнём апёк Алесю спіну. Колас.

2. перан. Раптоўна авалодаць кім‑н., выклікаўшы моцныя пачуцці; усхваляваць, уразіць. Самае праўдзівае з праўдзівых Слова [мір] людзям сэрца апякло. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.

1. Закруціць глыбей, тужэй. Падкруціць вінт. □ Няўклюдны цвік балюча мул[яе] пятку. Нрыцерці б цвік, абмотку падкруціць... Пысін. // Разм. Круцячы якое‑н. прыстасаванне, узмацніць або павялічыць што‑н. Я падышоў да стала і падкруціў кнот у лямпе. Бажко.

2. Нямнога завіць; падвіць. Падкруціць валасы. □ Сіняўскі падкруціў чорныя вусы, пакасіўся на камандзіра. Алешка.

3. Разм. Нялоўка ступіўшы, падвярнуць. Падкруціць нагу.

4. перан. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н., прымусіць рабіць лепш, хутчэй. — А ты вось паспрабуй, падкруці яго, гэтага Бялькевіча. Савіцкі.

•••

Падкруціць (закруціць) гайку (гайкі) — павялічыць патрабаванні, зрабіць іх больш строгімі, суровымі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ува́жлівасць, ‑і, ж.

1. Праяўленне ўвагі (у 1 знач.). Аглядаючы гаспадарку, Пракоп забываў сваю самазваную ролю дэлегата і са ўсёй пільнасцю і ўважлівасцю знаёміўся з формамі калгаснай работы. Колас. З фотакарткі глядзела коратка падстрыжанае дзяўчо. У вачах, крыху прыжмураных, строгасць і ўважлівасць. Гаўрылкін.

2. Уважлівыя адносіны да каго‑н., прыхільнасць, добразычлівасць. Андрэй балюча перажываў здраду. Але здарэнне гэта дапамагло набыць самую дарагую якасць — уважлівасць да людзей. Шамякін. Сваёй уважлівасцю да людзей, мілай ветлівасцю .. [Зорык] адразу ж заваёўваў сімпатыі. Новікаў. Бацькі з падкрэсленай уважлівасцю глядзелі адно за адным, як асірацелыя дзеці. Асіпенка.

3. Уласцівасць уважлівага (у 3 знач.). Уважлівасць прычыны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здушы́ць, здушу, здушыш, здушыць; зак., каго-што.

1. Абхапіўшы, з сілаю сціснуць. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы. Колас. // Акружыўшы, абступіўшы з усіх бакоў, заціснуць. Здушылі ў натоўпе. □ Усё цела ў [Шуры] ныла. Мусіць, ад таго, што каля варот моцна здушылі. Арабей. // перан. Пазбавіць свабоды; заняволіць. О вы, што век цэлы адзеты і сыты, .. Вы рады б і песню здушыць, апляваць. Купала.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуць (горла, грудзі), перашкодзіўшы дыханню. Спазмы здушылі Вялічкава горла. Чорны. // перан. Выклікаць пачуццё прыгнечанасці, душэўнага болю (у грудзях, сэрцы). Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Падысці, наблізіцца. Грушка падступіў бліжэй да Веры Ігнатаўны, доўга глядзеў ёй у вочы. Пестрак. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька.. ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.

2. Апынуцца ў непасрэднай блізкасці, падысці да чаго‑н. (пра лес, мора і пад.). Агні прыстанцыйных будынкаў падступілі да самай чыгункі. Савіцкі. Наша маленькая рачулачка, якую і завуць Раўчуком, разлілася аж да лесу, падступіла пад самыя агароды. Жычка.

3. перан. Нечакана з’явіцца, раптам ахапіць (пра адчуванні, пачуцці). Салёны клубок падступіў да горла, прыпыніў дыханне, вочы заслаліся туманам. Васілевіч. І ўсё ж раптам туга падступіла. Стала сэрцу балюча і горка. Танк.

•••

Ком падступіў да горла гл. ком.

Слёзы падступілі да горла гл. сляза.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падча́с, прысл. і прыназ.

1. прысл. Часам, калі-нікалі, іншы раз. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Балюча, што падчас жывеш не ў поўную меру, разменьваешся на дробязі, быццам гэтых цудоўных і беззваротных дзён у тваім запасе безліч. Кандрусевіч.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «падчас» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на тэрмін, з’яву, надзею, у час якіх адбываецца ці існуе што‑н. Ніхто на вайне не ведаў, калі і дзе стрэне сваю кулю.. У разведцы ці ў баі падчас блакады. Шамякін. — Толькі я паступіла [у медінстытут] — няшчасце на нашу сям’ю звалілася: бацька загінуў падчас аўтамабільнай аварыі. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́ха, ‑і, ДМ уцесе, ж.

1. Радасць, забава. Уцехі лепшай не згадаць малому: Кусалі яблыкі на дзве шчакі, Тапталі залацістую салому, Гарохавыя лушчылі стручкі. Гаўрусёў. // Задавальненне. Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі. Мележ. [Усцін Тарасавіч:] Не таіся, было, што ты балюча крыўдзіў жанчын, браў ад іх толькі кароткія ўцехі. Марціновіч. // Той, хто (або тое, што) з’яўляецца крыніцай, прадметам задавальнення, радасці. Гэта, у школу праводзячы сына, Ад глыбінь усяго пачуцця Шэпча маці ўцесе адзінай: — Мір табе, дарагое дзіця! Глебка. — Сад быў яго [Захарыя] уцехай, крыніцай ягоных радасцей, месцам адпачынку. Самуйлёнак.

2. Той, хто (або тое, што) прыносіць радасць, задавальненне. [Жанчына:] — Толькі ў працы і знаходзіш уцеху. Шамякін. Вышамірскаму асталася адна ўцеха — успаміны. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыні́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.

1. Паставіць у зневажальнае становішча. [Мікітава] рашучая хада і выраз твару ясна казалі, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна стварыць моцнае ўражанне і прынізіць тых, хто быў не згодзен з ім. Колас. [Міхал Сцяпанавіч:] — Мне вельмі балюча было глядзець і слухаць тое, як .. [Генадзь] гатовы быў плявузгаць на цябе абы-што, каб толькі прынізіць цябе і хоць на вяршок узвысіцца самому. Сабаленка. [Зыбіну] здавалася, што такая, як ён баяўся ў думках, шкалярская цікаўнасць прынізіць яго перад рабочымі, і ён стараўся ўдаваць з сябе чалавека заклапочанага, хмурнага. Мележ.

2. Зменшыць, знізіць (значэнне, ролю каго‑, чаго‑н.). Цяжка яму, Алесю, будзе, калі Адам Лаўрэнавіч падумае, што ўсё гэта падладжана знарок, каб прынізіць яго, Пыльца, аўтарытэт. Шамякін.

3. Пазбавіць узвышанасці, уздыму. Прынізіць настрой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.

1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.

2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)