уцеха, ‑і, ДМ уцесе, ж.

1. Радасць, забава. Уцехі лепшай не згадаць малому: Кусалі яблыкі на дзве шчакі, Тапталі залацістую салому, Гарохавыя лушчылі стручкі. Гаўрусёў. // Задавальненне. Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі. Мележ. [Усцін Тарасавіч:] Не таіся, было, што ты балюча крыўдзіў жанчын, браў ад іх толькі кароткія ўцехі. Марціновіч. // Той, хто (або тое, што) з’яўляецца крыніцай, прадметам задавальнення, радасці. Гэта, у школу праводзячы сына, Ад глыбінь усяго пачуцця Шэпча маці ўцесе адзінай: — Мір табе, дарагое дзіця! Глебка. — Сад быў яго [Захарыя] уцехай, крыніцай ягоных радасцей, месцам адпачынку. Самуйлёнак.

2. Той, хто (або тое, што) прыносіць радасць, задавальненне. [Жанчына:] — Толькі ў працы і знаходзіш уцеху. Шамякін. Вышамірскаму асталася адна ўцеха — успаміны. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)