Барка́н1, парка́н ’плот, агароджа’ (Касп., Шушк., Шн., Маш., Інстр. II). Укр. барка́н, парка́н ’тс’. Запазычанне з польск. parkan ’тс’ (а гэта з венг. párkány, параўн. Брукнер, 396). Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 237.

Барка́н2, барканчу́к ’дзіця незамужняй жанчыны’ (Маш.). Метафарычнае ўжыванне слова барка́н ’агароджа’? Першапачаткова, відаць, пейаратыўная назва (’дзіця, што нарадзілася пад плотам’). Але хутчэй зыходнай формай, зразумела, з’яўляецца барканчу́к (вытворнае суфіксам ‑чук ад барка́н ’агароджа’), адсюль скарачэнне барка́н.

Барка́н3 ’від тканіны’ (Нас.). Рус. барака́н, барка́н. Першакрыніца — араб.-перс. barrakan. Форма барка́н, як лічыць Фасмер, 1, 123, зыходзіць да гал. barkaan. Гл. яшчэ Брукнер, 15.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кайданы́ ’злучаныя ланцугом жалезныя кольцы, якія надзяваюцца на рукі і ногі тых, хто абвінавачваецца ў цяжкіх злачынствах’ (БРС, ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Нас., Яруш.). У гэтай жа форме слова вядома і ў іншых мовах: рус. (паўд. і зах., паводле Даля, смален., СРНГ), укр. кайдани, польск. kajdany. Па сутнасці, бел.-укр. лексема (польск. з укр., гл. Слаўскі, 2, 24, там і літ-pa). Магчыма, аб укр. крыніцы неабходна меркаваць і для бел. слова. Першапачаткова — араб. kajdani — форма парнага ліку ад kajd ’завязка, пута’ (так у Міклашыча, 110). Слова распаўсюджвалася, верагодна, праз цюрк.-тат. пасрэдніцтва. З літаратуры параўн. Бернекер, 1, 469.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табін, ст.-бел. табинъ ’гатунак тоўстай шаўковай тканіны’, табинокъ ’тая ж тканіна з прымессю воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. та́бін, таби́н, ’гатунак шаўковай тканіны’, рус. табенек, полутабенек ’від шаўковай тканіны’. Старабеларускія і польскія словы Булыка (Лекс. запазыч., 115; БЛ, 17, 64–65) выводзіць непасрэдна з тур.-перс. tabin = tabi ’тс’. Украінскае і рускае словы лічацца запазычаннямі адпаведна праз польск. дыял. tabin ’гатунак шаўковай тканіны’ або ням. Tabin ’тс’ з франц. tabis (у XIV ст. atabis) ’муараваная шаўковая тканіна’ праз ісп. tabí ’тс’ з араб. attābī ’тс’. Арабская назва тканіны паходзіць ад at‑Attābī́yah, назвы квартала, дзе яна выраблялася (ЕСУМ, 5, 499; Фасмер, 4, 6; Брукнер, 563).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марцыпа́н, ‑ны (мн.) ’кандытарскія вырабы з цеста, прыгатаванага з працёртага міндалю або арэхаў з цукрам’, ’што-небудзь вельмі смачнае, адмыслова прыгатаванае’, ’страва, якая не існуе — нешта накшталт птушынага малака’ (ТСБМ; шчуч., З нар. сл.), ’вараныя буракі’ (ТС), ст.-бел. марципанъ ’тс’ (XVII ст.), якое запазычана са ст.-польск. marcypan < італ. marzapane ’пернік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Кохман, 84). Першапачаткова італ. marzipane — венецыянская манета, пасля мера: 10 марцыпанаў = 1 чацвярыку; у скрыні памерам у 1 марцыпан перавозіўся з Кіпра салодкі пірог, які пазней і стаў называцца марцыпанам. Італ. marzapane ўзыходзіць да араб. mauthabān ’кароль, які сядзіць на троне’. Не выключана другаснае запазычанне бел. лексемы з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бурно́с ’плашч, бурнус’ (БРС, Касп.), ’мужчынская доўгая вопратка’ (Інстр. I, Сцяшк. МГ), ’армяк, бурка’ (Янк. Мат.), ’вялікі мужчынскі кажух; доўгая вопратка з даматканага сукна і г. д.’ (Сакал.), бу́рнас ’доўгае суконнае адзенне’ (Сцяшк. МГ), бу́рно̂с ’зімовая жаночая вопратка’ (Лысенка, ССП). Рус. бурну́с ’плашч з капюшонам’, укр. бурну́с, бу́рмус, польск. burnus, bornus, burnos, burmus, burno, burdus, чэш., славац. burnus ’від зімовай вопраткі’. Усюды слова зрабілася народным. Запазычанне з араб. burnus ’шырокі плашч’ або праз франц. bournus, або праз тур. burnus, burnuz лёгкі шарсцяны плашч’. Міклашыч, Türk. El., Nachtr., 1, 19; Фасмер, 1, 247; Рудніцкі, 264; Махэк₂, 77; Варш. сл., 1, 238. Бел. бурно́с, можа, з польск. burnos. Параўн. і форму бу́рнас (націск!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сага́н ’чыгун’ (ТСБМ, Касп., Гарб., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бес., Сцяшк., Шн. 3, Шатал., Жд. 1, 2, Мат. Гом., Сл. Брэс., З нар. сл.), ’паліваны чыгун з двума вушкамі’ (Сл. ПЗБ, ТС), саганец ’тс’ (Янк. БП), ’высокі чыгун з вушкамі’, ’нізкі тоўсты чалавек’ (ТС). Укр. сага́н ’кацёл, вялікі гаршчок, посуд наогул’, рус. дыял. сага́н ’міска, чаша’, польск. sagan ’вялікі металічны гаршчок’. Запазычанне з тур., крым.-тат. sahan ’блюда з накрыўкай, міска, чаша’ ад араб. ṣaḥn (Радлаў, 4, 282; Міклашыч, 287; Фасмер, 3, 543). Польскае запазычана праз усходнеславянскія або вянгерскую мовы (Брукнер, 479). Паводле Козырава (Лекс. тюрк., 74) непасрэднай крыніцай беларускага слова з’явілася ўкраінская мова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Замухры́шка ’неахайны, непрыглядны чалавек’, замухрысты (Колас). Рус. замухры́шка < замухры́шка < замухры́га < мухры́га ’неахайны чалавек, ашуканец’ < му́хрый ’кепскі, кволы, мізэрны’. Шанскі, 2, З, 48. Апошні прыметнік пакуль што не растлумачаны. Фасмер (3, 19) звязваў мухрыга з мухлевать, што неабгрунтавана. Ці не трэба ў элеменце мухр‑ убачыць сувязь з махор, махры (’непрычасаны’, ’у абшарпаным адзенні’), што, паводле Фасмера (2, 666), звязваецца з мох, але, можа, зазнала ўздзеянне назвы тканіны, вядомай з XVI ст., як мухояр ’тканіна з ангорскай воўны ці з яе дадаткам’, запазычанай з араб. muh̯ajjar, магчыма, у іншым фанетычным выглядзе (параўн. пазнейшыя запазычанні таго ж слова праз франц. муар і праз англ. махер)? Параўн. варонеж. замухры́житься ’растрапацца, запэцкацца’ і пск. заму́хлить ’растрапаць, узлахмаціць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́нтар1 ’вуздэчка без цугляў для прывязвання каня’ (ТСБМ), ’моцны повад пры моцнай аброці (КЭС, лаг.). Ст.-бел. кантаръ ’аброць’. Запазычана са ст.-польск. kantar ’тс’, якое з венг. kantár, kentar < джагатайск. kantar ’кароткія лейцы’, тур. kantarma ’вуздэчка’ (Булыка, Запаз., 137; Слаўскі, 2, 46).

Ка́нтар2 ’спружынавы бязмен на шэсць пудоў’ (Сцяшк.) ’род бязмена’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., Растарг.; віц. КЭС; Сцяц. Нар.); ’чыгунная гіра’ (Мядзв.) ’бязмен з двума рычагамі’ (Мат. Гом.), ’вага’ (Яруш.). Укр. кантар, рус. контарь ’вага ў 2,5 пуда’, ст.-рус. контарь (з XVI ст.), польск. kantar ’вага ў 50 кг’. З тур. kantar ’вага, бязмен’, якое праз араб. узыходзіць да ст.-грэч. κβντηνάριον < лац. centēnārius ’цэнтнер’ (Фасмер, 2, 213; Слаўскі, 2, 46–47).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пліс1 ’баваўняная варсістая тканіна, падобная да аксаміту’ (ТСБМ; віц., Хрэст. дыял.), ’аксаміт’ (Бяльк.); укр. плис ’баваўняны аксаміт’, рус. наўг. тис ’тс’. З гал. pluis, ням. Pluss (XVII ст.), якія з лац. pilus ’волас’ (Карскі, Труды, 422; Фасмер, 3, 282; Васэрцыер, 174) < араб. belas ’шарсцяная матэрыя’. Сюды ж: плі́савы ’аксамітавы’ (рас., Шатал.), плі́саўка ’плюшавы жакет’ (дзятл., З нар. сл.), ’плюшавая куртка’ (калінк., Мат. Гом.).

Пліс2, плі́са, плі́ска ’шырокая стужка на падоле спадніцы’ (Бір.; Жд. 1; чырв., З нар. сл.), ’плісэ’ (капыл., Сл. ПЗБ), плі́сы ’фальбоны’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’стужкі на спадніцы, прышытыя папярок’ (ТС). З польск. plisa ’тс’, якое з франц. plissé ’плісіроўка’, ’плісэ’, што з’яўляецца дзеепрыметнікам да plisser = plisować ’запрасоўваць фалды на тканіне’ (SWO, 1980, 581; Банькоўскі, 2, 610).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бацькі́1 ’parentes’ (Нас., Касп., Шат., Сцяшк. МГ, Бяльк., БРС, Гарэц.), укр. батьки́ ’тс’ (да геаграфіі ўкр. слова гл. Бурачок, Назви, 24–25, карта). У рус. мове няма (параўн. толькі батьки́ ’бацькі’ з гаворак у Літве). Ужыванне мн. ліку ад ба́цька (гл.) з новай семантыкай (’бацька і маці’). Такое словаўжыванне вядома і ў іншых і.-е. мовах (параўн. Гуер, LF, 42, 421–433, Přispěvky, 63–74). Крымскі (Тюрки, II, 208–209) вылучыў неверагодную ідэю растлумачыць значэнне слова бацькі калькіраваннем з араб. мовы (праз цюрк. пасрэдніцтва). Крытыку гл. Бялецкі, Принципы, 214–219.

Бацькі2 ’расліна спарыння, Claviceps purpurea L.’ (цэнтр.-палес.; Выгонная, Лекс. Палесся). Выгонная, там жа, мяркуе, што гэта назва, як і іншыя назвы раслін, herba sacra, дзе выкарыстоўваюцца тэрміны роднасці, абумоўлена яе папераджаючай зло функцыяй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)