Марцыпа́н, ‑ны (мн.) ’кандытарскія вырабы з цеста, прыгатаванага з працёртага міндалю або арэхаў з цукрам’, ’што-небудзь вельмі смачнае, адмыслова прыгатаванае’, ’страва, якая не існуе — нешта накшталт птушынага малака’ (ТСБМ; шчуч., З нар. сл.), ’вараныя буракі’ (ТС), ст.-бел. марципанъ ’тс’ (XVII ст.), якое запазычана са ст.-польск. marcypan < італ. marzapane ’пернік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Кохман, 84). Першапачаткова італ. marzipane — венецыянская манета, пасля мера: 10 марцыпанаў = 1 чацвярыку; у скрыні памерам у 1 марцыпан перавозіўся з Кіпра салодкі пірог, які пазней і стаў называцца марцыпанам. Італ. marzapane ўзыходзіць да араб. mauthabān ’кароль, які сядзіць на троне’. Не выключана другаснае запазычанне бел. лексемы з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)