шара́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. каго-што і па чым, у што. Нечакана, моцна, з шумам ударыць, стукнуць. І, ліха ўскочыўшы адразу ж на фурманку, Шарахнуў [Сцяпан] Караннога пугай: «Но-о! Недалуга!» Маеўскі. / у безас. ужыв. Загрымела блізка, і па вагону шарахнула шлакам. Ставер. // і чым. Стрэліць у каго‑, што‑н. [Бацька:] — [Спачатку] з правага бі, а тады ўжо, наўздагон, дранкулькай шарахнеш. Масарэнка. // Разграміць, разбіць (ворага). А што, калі скарыстаць такі зручны момант ды шарахнуць усю гэтую зграю адным махам? Новікаў.

2. што і чым. Рэзнуць, адрэзаць з сілай, хутка. Шарахнуць кусок булкі. □ Грыша выцер паперкай пальцы. — Родны брат касою шарахнуў [дзеда]. «Здалося яму, што Стахей залез на паўступні ў яго сенажаць. Місько. // што. Аддзяліць; адарваць. [Сурвіла:] Тады мы адразу паўмаёнтка зямлі і шарахнем. Чорны.

3. Зашумець, з шумам праляцець. Нешта шарахнула ў верхавінах сосен, і ў вушы Кляновічу неспадзявана даляцела звонкае: «Куку, ку-ку...» Пестрак.

4. Тое, што і шарахнуцца (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урэ́заць, урэжу, урэжаш, урэжа; зак.

1. што. Адрэзаўшы частку чаго‑н., укараціць, паменшыць. Урэзаць крысо.

2. перан.; што. Зменшыць, скараціць аб’ём, колькасць, склад чаго‑н.; убавіць. Урэзаць зарплату. Урэзаць норму. Урэзаць штаты. Урэзаць расходы. // Абмежаваць. Урэзаць правы. Урэзаць паўнамоцтвы.

3. што ў што. Уставіць у выдзеўбанае, выразанае паглыбленне. Урэзаць замок у дзверы.

4. што і чаго (пераважна з адмоўем «не»). Разм. З цяжкасцю адрэзаць што‑н. вельмі цвёрдае. Мяса такое мерзлае, што не ўрэзаць.

5. што і чаго. Разм. Адрэзаць чаго‑н. [Міход:] — Урэжце [цётка Хіма] акрайчык свежага хлеба ды пашукайце ў каморы марожанага сальца. Я гэтак яго люблю. Сабаленка. [Дачка] ўнесла з каморы збан мёду, вялікі сыр, урэзала вяндліны. С. Александровіч. // Нарэзаць невялікую колькасць чаго‑н. [Сабастыян:] А я кагадзе дома каровам сечкі ўрэзаў, салому папалам з канюшынаю мяшаў. Чорны.

6. перан.; што і без дап. Разм. Нечакана і гучна заіграць, заспяваць; грымнуць. Урэзалі музыкі мяцеліцу, і ўсе закруціліся па хаце. Гарэцкі. Ідзе рота ў сталовую — песня гучыць. Як урэжуць «Тачанку» — усе вулачкі і закавулачкі дрыжаць. Ракітны. — Ото ўжо ўрэзаў, дык урэзаў! — смяялася бабка. — Каб яшчэ бубен, дык і танцаваць можна б было! Каліна. — Пайграем? — спытаў Санька і, доўга не думаючы, з усяе сілы ўрэзаў па белых касцяных дошчачках пяцярнёй. Сяркоў.

7. каму, па чым і без дап. Разм. Моцна ўдарыць. [Мятла:] — Калі Сяргей збіў паліцэйскага з ног, дык другі ўрэзаў яму па галаве, і ён упаў. Машара. [Камейша:] — Дзівіцца чалавек, чым так урэзаў, нягоднік, што адразу зваліў з ног... Пальчэўскі. [Вася:] — Я не стрываў, схапіў.. [Вярстоўскага] загрудкі і ўжо размахнуўся, каб урэзаць яму ў твар, ды ён лоўка перахапіў маю руку. Гаўрылкін. // Пабіць, збіць; пакараць. Ну ж і ўрэзалі тады.. [сялянам] казакі, і цяпер чухаюцца. Грахоўскі.

8. Разм. Імкліва паімчацца, пабегчы. Здымае шапку [старшыня сельсавета] з галавы і да яго: «Кось-кось!» — Нібыта ў шапцы той аўса ўволю. Але дурных няма, Буланы конь у поле Ўрэзаў так, што толькі ўзняўся пыл. Корбан. // Пайсці, паліць (пра дождж). Янка ўжо амаль дайшоў да чоўна, калі дождж урэзаў як след. Лупсякоў.

9. што. Разм. Рэзка і катэгарычна сказаць, заявіць што‑н. Пачуўшы песню ў другі раз, Міканор, хоць і ведаў, што Алёша можа пакрыўдзіцца, не прамаўчаў, бязлітасна ўрэзаў праўду-матку пра песню. Мележ.

•••

Урэзаць дуба — тое, што і даць дуба (гл. даць).

Урэзаць штуку — тое, што і адпаліць штуку (гл. адпаліць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. узнік, ‑ла; зак.

Пачацца, зарадзіцца; быць створаным. На сухім грудку цяжка ўзнікнуць жыццю, бо вельмі часта любяць тут прыпыняцца падарожныя. Навуменка. Узбярэжжа акіяна, на якім узнік горад, — гэта магутная велізарная скала. Новікаў. Франты адгрымелі, прайшла небяспека, І ў вёсцы Зацішак узнікла ячэйка. Хведаровіч. Мастацкая проза ў беларускай літаратуры ўзнікла яшчэ ў мінулым стагоддзі. Пшыркоў. // З’явіцца, паказацца. З боку шашы, на дарозе, узніклі дзве невыразныя постаці. Быкаў. [Студэнт:] — Раптам, на нечаканым павароце сцежкі, мы адразу спыніліся на месцы, нібы зачараваныя дзіўным відовішчам, якое ўзнікла перад намі. В. Вольскі. / Пра пачуцці і пад. І мацней за адчуванне болю, мацней за крыўду ўзнікла [у жанчыны] ўпартасць — адрэзаць дарогу яму [мужчыну] да пабегу. Мікуліч. // З’явіцца, вынікнуць, выявіцца (пра рашэнне, пытанне і пад.). План дзеяння ўзнік нечакана. Шамякін. [У Дзіміна] ўзнікла неадольная патрэба перадаць свае думкі другім, пагаварыць з кім-небудзь. Карпаў. / Пра ўяўленні, успаміны. Танкіст сумеўся, і ў хвілінку Прад ім узнік той час-пара, І ён сказаў: — Мо ты — сястра? Я помню добрую Марынку. Колас. // Пачацца; здарыцца, адбыцца. На сцэне пагасла святло і ўзнік пажар. Скрыпка. Сам сабою ўзнік лятучы мітынг. Харкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́хнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чах, ‑ла; незак.

1. Расці дрэнна, слаба; сохнуць, вянуць. А мох, што ўсё лета чах і рыжэў, зараз стаяў зялёным, сакавітым. Карпюк. А на полі пахлі нівы, Дзікім пырнікам цвілі. Броўка. // Абл. Глухнуць, пераставаць гучаць. Так ён [Юхім] шаптаў гарачкава, і чах Ягоны шэпт у тр[ысняг]овым шуме. З. Астапенка.

2. Станавіцца слабым, нядужым, хваравітым. Бацька мой — царства яму нябеснае — чах, чах ад тых пабояў, ды не вытрымаў: слабое было здароўе. Даніленка. // Мучыцца, пакутаваць, нудзіцца. Чахне, сохне, адарваны Ад роднае нівы, Пад салдацкай царскай палкай Тарас нешчаслівы. Купала.

ча́хнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чахнуў, ‑нула; зак.

Разм. Гучна, нечакана стрэліць, ударыць і пад. — Чахні паўзверх галоў, разбягуцца, — параіў Лазавік. — Кароткай чаргой. Хомчанка. [Тата:] — А Рыжуха як ірване ўбок, цераз канаву ды ў кусты. А тут — як чахне! Далей нічога не памятаю... Каліна. // Хуткім рухам адрэзаць, ссячы што‑н. — Гэтай сасне год дзевяноста, .. а мы з табою, Санкоўскі, за пяць хвілін яе чахнулі — і няма. Дзіўна... Пестрак. Прымерыўся і чахнуў [Казік] лязом [брытвы] па валасінах. Шыловіч.

ча́хнуць 3, ‑не; незак.

Паступова астываць. Прысак чахне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удали́ть сов.

1. (отдалить) аддалі́ць;

удали́ть предме́т от глаз аддалі́ць прадме́т ад вачэ́й;

2. (заставить уйти) вы́даліць; (выпроводить) вы́правадзіць, мног. павыправо́джваць; (вывести) вы́весці; (выгнать) вы́гнаць; (выслать) вы́слаць, мног. павысыла́ць; (уволить) зво́льніць; (исключить) вы́ключыць;

удали́ть посторо́нних вы́даліць (вы́правадзіць) пабо́чных асо́б;

удали́ть из за́ла заседа́ния вы́даліць (вы́весці) з за́лы пасяджэ́ння;

удали́ть дете́й из ко́мнаты вы́весці дзяце́й з пако́я;

удали́ть из университе́та вы́ключыць з універсітэ́та;

3. (из организма, с какого-л. места и т. п.) вы́даліць; (вырезать) вы́разаць, мног. павыраза́ць, павырэ́зваць; (отрезать) адрэ́заць, мног. паадраза́ць, паадрэ́зваць; (извлечь) вы́няць; даста́ць; (вытащить) вы́цягнуць; (вырвать) вы́рваць, мног. павырыва́ць; (вывести) вы́весці; (уничтожить) зні́шчыць; (убрать) прыня́ць, прыбра́ць; (очистить) ачы́сціць;

удали́ть о́пухоль вы́разаць пухлі́ну;

удали́ть ру́ку адрэ́заць руку́;

удали́ть зано́зу вы́няць (даста́ць, вы́цягнуць) стрэ́мку;

удали́ть больно́й зуб вы́рваць хво́ры зуб;

удали́ть пятно́ вы́весці (зні́шчыць) пля́му;

удали́ть снег с пло́щади прыбра́ць снег з пло́шчы, ачы́сціць пло́шчу ад сне́гу;

удали́ть во́лосы с чего́-л. ачы́сціць ад шэ́рсці (ад валасо́ў) што-не́будзь;

4. (устранить) устарані́ць; (отстранить) адхілі́ць; (отодвинуть) адсу́нуць; (избавиться) пазба́віцца;

удали́ть опа́сность адхілі́ць (устарані́ць) небяспе́ку.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рыўком, пацягнуўшы, аддзяліць (частку ад цэлага, што‑н. прымацаванае). Адарваць лісток календара. □ Сцёпка борзда развязаў торбу.., адламаў кусок хлеба, адарваў надрэзаны кавалачак сала і са смакам стаў сілкавацца. Колас. // звычайна безас. Адрэзаць, знесці (пра галаву, часткі цела) машынай, снарадам і пад. Беднай гімназістцы выбухам першай нямецкай бомбы ў пачатку вайны адарвала ногі. Карпюк.

2. ад каго-чаго. Рэзкім рухам, пераадольваючы супраціўленне, адняць, аддаліць. Асокін, крыху схіліўшыся, абняў Карніцкага і адарваў ад падлогі. Паслядовіч. [Леанід] пацалаваў халодныя вусны дзяўчыны. Аля хутка адарвала свае губы і схавала твар на яго грудзях. Мележ. Пры апошніх словах хірург нейкім упартым рыўком адарваў сваю цяжкую галаву ад зямлі і флегматычным позіркам акінуў.. субяседнікаў. Васілевіч.

3. перан. Разлучыць. Ад Васіля хлопцаў усё роўна не адарвеш. Кавалёў. // Аддзяліць, пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н. Добры канец у яго [Свідраля] разуменні азначаў, што ён зноў вернецца да ранейшага жыцця, ад якога яго адарвалі. Дуброўскі.

4. перан. Перашкодзіць займацца чым‑н., адцягнуць (ад думак і пад.). Адарваць ад работы. □ — Толькі абыякавы чалавек можа кінуць пачатую справу, не скончыўшы яе, — адказвае Мікола Пышко. — Хіба ж цяпер мяне адарвеш, ад таго, што тут [на «Нафтабудзе»] зроблена і робіцца кожны дзень? Грахоўскі. Раптам знаёмы голас над самым вухам адарваў яго [Петрака] ад чытання. Чорны. Гаспадыня намагалася больш і цікавей гаварыць, каб адарваць ад нейкіх зацяжных і, бадай, невясёлых думак сваіх кватарантаў. Кулакоўскі.

•••

Адарваць з пупавінай — вырваць з коранем, выкараніць.

Вачэй не адарваць — вельмі захапіцца прыгажосцю каго‑, чаго‑н.

Вушы (галаву) адарваць (груб.) — набіць, пакараць.

Гнілому цяляці хваста не адарве — пра слабага, ціхмянага чалавека.

З рукамі адарваць — узяць, купіць што‑н. у каго‑н. з вялікай ахвотай.

На хаду падноскі адарваць — пра спрыт каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заста́цца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; ‑станёмся, ‑станяцеся; зак.

1. Не змяніць свайго месцазнаходжання, астацца на ранейшым месцы. І коні, і людзі разбегліся ва ўсе бакі. У сярэдзіне застаўся адзін камандзір. Брыль. Дзяўчаты завагаліся: пайсці або застацца з хлопцамі, з якімі было вельмі добра і цікава. Шыцік. // з кім, з інф. Прадоўжыць сваё знаходжанне дзе‑н. з якой‑н. мэтай. Застацца з хворым. Застацца ў бібліятэцы працаваць. □ Многія закончылі сярэднюю школу і ў калгасе засталіся працаваць, завочна вучацца. Бялевіч. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Мэра] застаецца ляжаць на пухкім моху каля бярозы. Бядуля. Максім застаўся сядзець на беразе. Шамякін. // Быць пакінутым, забытым дзе‑н. Дома застаўся ў бацькоў каляндар адрыўны. Куляшоў. // Не перайсці ў наступны клас. Застацца на другі год у сёмым класе.

2. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н. Якім быў, такім і застаўся. □ Цяпер дзверы былі шчыльна зачынены. Толькі адны засталіся раскрытымі насцеж — у канферэнц-залу. Асіпенка. Палёты ў космас хоць і прынеслі вялікія поспехі, засталіся ўсё ж яшчэ надзвычай складанымі і небяспечнымі. Шыцік.

3. Не перастаць існаваць, захавацца, уцалець. Застацца жывым. □ Там дубоў ужо няма, а камень застаўся, каб стаць зброяй у руках новых шаманаў з крыжам у руцэ. Пестрак. Я ўсё думаю аб адным і тым жа: якім чынам уцалела ферма, засталася жывой, і хто аказаўся тым чалавекам, што заступіўся за яе. Ракітны. // Захавацца ў якасці следу ад каго‑, чаго‑н. Ад возера засталася маленькая лужына. □ Ад усяго двара засталася.. абгарэлая груша. Лынькоў. // Быць у наяўнасці, не патрачаным да канца (пасля карыстання чым‑н., расходавання чаго‑н. і інш.). У вінтоўцы застаўся адзін патрон. □ — А цяпер пара і паснедаць. У нас жа ўчарашняя юшка засталася. Гамолка. // Аказацца яшчэ не выкарыстаным або не пераадоленым (аб прасторы, часе). Да вёскі засталося з кіламетр. Да заняткаў застаецца дваццаць хвілін. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., зрабіцца чыім‑н. набыткам. У глухія лясныя нетры выганялі калгаснікі жывёлу, каб нічога не засталося ворагу. Колас.

4. Апынуцца ў якім‑н. становішчы, стане і пад. Застацца сіратою. Застацца задаволеным. Застацца за гаспадара. □ За некалькі хвілін станцыя застанецца па сутнасці без аховы. Шамякін. // без чаго. Аказацца без чаго‑н., пазбавіцца чаго‑н. Застацца без грошай. Застацца без абеду. □ Нянька засталася без касы — пані загадала адрэзаць. Бядуля. // Апынуцца ззаду, збоку таго, што рухаецца. Праз гадзіну-паўтары і лес застаўся ззаду. М. Ткачоў. Нарэшце, будоўля засталася злева — мы паехалі ў аб’езд. Дадзіёмаў.

5. безас. каму, з інф. Неабходна толькі, трэба толькі (зрабіць што‑н.). Майстар.. сам зрабіў заліўку і замазку машыны, Міхасю засталося толькі стаяць ды глядзець — паглядаць за спраўнасцю друкавання. Брыль.

6. кім, у кім. Разм. Прагуляўшы ў картачнай гульні, атрымаць якое‑н. прозвішча ў залежнасці ад назвы гульні. Застацца дурнем.

•••

Жывога месца не засталося — тое, што і жывога месца няма (гл. няма).

Застацца жывым — выжыць, не загінуць.

Застацца за кім — а) аказацца чыім‑н., у чыёй‑н. уладзе, у чыім‑н. карыстанні. Гаспадарка засталася за сынам; б) працягваць лічыцца за кім‑н. За ім застаўся доўг.

Застацца з носам — застацца без таго, на што разлічваў, чаго хацеў хто‑н.

Застацца ззаду — быць пераадоленым, пройдзеным (пра шлях, адлегласць і пад.).

Застацца на паперы — пра закон, правіла, рашэнне, запісанае, але не ажыццёўленае на справе.

Застацца ў дзеўках — не выйсці замуж.

Застацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні ў дурня; б) перан. аказацца падманутым.

І следу не засталося — пра поўнае знікненне, адсутнасць каго‑, чаго‑н.

Мокрае месца застанецца гл. месца.

Не застацца ў даўгу — адплаціць тым самым (учынкам, адносінамі і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)