застацца, ‑стануся, ‑станешся, ‑станецца; ‑станёмся, ‑станяцеся; зак.

1. Не змяніць свайго месцазнаходжання, астацца на ранейшым месцы. І коні, і людзі разбегліся ва ўсе бакі. У сярэдзіне застаўся адзін камандзір. Брыль. Дзяўчаты завагаліся: пайсці або застацца з хлопцамі, з якімі было вельмі добра і цікава. Шыцік. // з кім, з інф. Прадоўжыць сваё знаходжанне дзе‑н. з якой‑н. мэтай. Застацца з хворым. Застацца ў бібліятэцы працаваць. ▪ Многія закончылі сярэднюю школу і ў калгасе засталіся працаваць, завочна вучацца. Бялевіч. // з інф. Не змяніць свайго становішча, стану. [Мэра] застаецца ляжаць на пухкім моху каля бярозы. Бядуля. Максім застаўся сядзець на беразе. Шамякін. // Быць пакінутым, забытым дзе‑н. Дома застаўся ў бацькоў каляндар адрыўны. Куляшоў. // Не перайсці ў наступны клас. Застацца на другі год у сёмым класе.

2. Не перастаць быць якім‑н., кім‑н. Якім быў, такім і застаўся. ▪ Цяпер дзверы былі шчыльна зачынены. Толькі адны засталіся раскрытымі насцеж — у канферэнц-залу. Асіпенка. Палёты ў космас хоць і прынеслі вялікія поспехі, засталіся ўсё ж яшчэ надзвычай складанымі і небяспечнымі. Шыцік.

3. Не перастаць існаваць, захавацца, уцалець. Застацца жывым. ▪ Там дубоў ужо няма, а камень застаўся, каб стаць зброяй у руках новых шаманаў з крыжам у руцэ. Пестрак. Я ўсё думаю аб адным і тым жа: якім чынам уцалела ферма, засталася жывой, і хто аказаўся тым чалавекам, што заступіўся за яе. Ракітны. // Захавацца ў якасці следу ад каго‑, чаго‑н. Ад возера засталася маленькая лужына. ▪ Ад усяго двара засталася.. абгарэлая груша. Лынькоў. // Быць у наяўнасці, не патрачаным да канца (пасля карыстання чым‑н., расходавання чаго‑н. і інш.). У вінтоўцы застаўся адзін патрон. ▪ — А цяпер пара і паснедаць. У нас жа ўчарашняя юшка засталася. Гамолка. // Аказацца яшчэ не выкарыстаным або не пераадоленым (аб прасторы, часе). Да вёскі засталося з кіламетр. Да заняткаў застаецца дваццаць хвілін. // каму, на каго. Дастацца каму‑н., зрабіцца чыім‑н. набыткам. У глухія лясныя нетры выганялі калгаснікі жывёлу, каб нічога не засталося ворагу. Колас.

4. Апынуцца ў якім‑н. становішчы, стане і пад. Застацца сіратою. Застацца задаволеным. Застацца за гаспадара. ▪ За некалькі хвілін станцыя застанецца па сутнасці без аховы. Шамякін. // без чаго. Аказацца без чаго‑н., пазбавіцца чаго‑н. Застацца без грошай. Застацца без абеду. ▪ Нянька засталася без касы — пані загадала адрэзаць. Бядуля. // Апынуцца ззаду, збоку таго, што рухаецца. Праз гадзіну-паўтары і лес застаўся ззаду. М. Ткачоў. Нарэшце, будоўля засталася злева — мы паехалі ў аб’езд. Дадзіёмаў.

5. безас. каму, з інф. Неабходна толькі, трэба толькі (зрабіць што‑н.). Майстар.. сам зрабіў заліўку і замазку машыны, Міхасю засталося толькі стаяць ды глядзець — паглядаць за спраўнасцю друкавання. Брыль.

6. кім, у кім. Разм. Прагуляўшы ў картачнай гульні, атрымаць якое‑н. прозвішча ў залежнасці ад назвы гульні. Застацца дурнем.

•••

Жывога месца не засталося — тое, што і жывога месца няма (гл. няма).

Застацца жывым — выжыць, не загінуць.

Застацца за кім — а) аказацца чыім‑н., у чыёй‑н. уладзе, у чыім‑н. карыстанні. Гаспадарка засталася за сынам; б) працягваць лічыцца за кім‑н. За ім застаўся доўг.

Застацца з носам — застацца без таго, на што разлічваў, чаго хацеў хто‑н.

Застацца ззаду — быць пераадоленым, пройдзеным (пра шлях, адлегласць і пад.).

Застацца на паперы — пра закон, правіла, рашэнне, запісанае, але не ажыццёўленае на справе.

Застацца ў дзеўках — не выйсці замуж.

Застацца ў дурнях — а) прайграць у картачнай гульні ў дурня; б) перан. аказацца падманутым.

І следу не засталося — пра поўнае знікненне, адсутнасць каго‑, чаго‑н.

Мокрае месца застанецца гл. месца.

Не застацца ў даўгу — адплаціць тым самым (учынкам, адносінамі і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)