шара́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. каго-што і па чым, у што. Нечакана, моцна, з шумам ударыць, стукнуць. І, ліха ўскочыўшы адразу ж на фурманку, Шарахнуў [Сцяпан] Караннога пугай: «Но-о! Недалуга!» Маеўскі. / у безас. ужыв. Загрымела блізка, і па вагону шарахнула шлакам. Ставер. // і чым. Стрэліць у каго‑, што‑н. [Бацька:] — [Спачатку] з правага бі, а тады ўжо, наўздагон, дранкулькай шарахнеш. Масарэнка. // Разграміць, разбіць (ворага). А што, калі скарыстаць такі зручны момант ды шарахнуць усю гэтую зграю адным махам? Новікаў.

2. што і чым. Рэзнуць, адрэзаць з сілай, хутка. Шарахнуць кусок булкі. □ Грыша выцер паперкай пальцы. — Родны брат касою шарахнуў [дзеда]. «Здалося яму, што Стахей залез на паўступні ў яго сенажаць. Місько. // што. Аддзяліць; адарваць. [Сурвіла:] Тады мы адразу паўмаёнтка зямлі і шарахнем. Чорны.

3. Зашумець, з шумам праляцець. Нешта шарахнула ў верхавінах сосен, і ў вушы Кляновічу неспадзявана даляцела звонкае: «Куку, ку-ку...» Пестрак.

4. Тое, што і шарахнуцца (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)