КУР’Я́Н Уладзімір Мітрафанавіч

(н. 25.3.1954, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1984, клас Дз.Смольскага). З 1984 заг. муз. часткі Нац. акад. т-ра імя Я.Купалы.

Яго творчасць адметная тэатральнасцю мыслення, спалучэннем сучасных сродкаў выразнасці акад. і масавых жанраў, нац. характэрнасцю, незвычайнымі тэмбрава-каларыстычнымі вырашэннямі. Сярод твораў: рок-опера «Масфан» на ўласнае лібрэта (паст. 1976), опера «Фантазія» паводле Казьмы Пруткова (1984), мюзіклы «Ідылія» паводле В.Дуніна-Марцінкевіча (паст. 1993) і «Карлік Нос» паводле В.Гаўфа (паст. 1998), вак.-сімф. паэма «Памяці маці» на словы Р.Барадуліна (1985), канцэрт для цымбалаў і камернага арк. (1989); сюіта «Капыльскія дудары», паэмы «Жураўліная песня Палесся» і «Курган» для нар. арк., «Вясковая сюіта» для ансамбля нар. інструментаў, варыяцыі «Перазвоны» для цымбалаў, сюіта для фп. і чытальніка «Вясёлая нядзелька», вак. цыкл на вершы Р.Бёрнса, «Чатыры сны» для голасу і альта, 3 стр. квартэты (1984, 1987, 1990); музыка да драм. спектакляў («Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера, «Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.Чарота, «Тутэйшыя» Я.Купалы, «Дракон» Я.Шварца, «Інтымны тэатр Е.Міровіча»), кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Р.М.Аладава.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙЛО́ (сапр. Калечыц) Канстанцыя Антонаўна

(14.1.1893, Вільня — 4.6.1986),

бел. паэтэса. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыла настаўніцкія курсы ў Вільні (1914). Настаўнічала на Лідчыне, загадвала бел. кнігарняй у Полацку (1915—16). З 1923 жыла ў Маскве. З 1933, пасля незаконнага арышту мужа В.А.Калечыца, працавала на з-дзе. Друкавалася з 1909 у газ. «Наша ніва». Першы зб. «Курганная кветка» (Вільня, 1914, факсімільнае выд. Мн., 1989) адрэдагаваў Я.Купала. Шырока выкарыстоўвала Фалька, матывы. Эмацыянальны пачатак, вобразна-экспрэсіўныя элементы нар. паэтыкі выразна выступаюць у рамант. вершах, інтымнай і патрыят. лірыцы («Люблю», «Беларусі», «Звон», «Курганная кветка», «Ляці, думка», «Ці помніш ты?»). Аўтар вершаваных драм «Кветка папараці» (1914), у якой выкарыстаны нар. міфалагічныя вобразы, звязаныя з купальскай абраднасцю, «Сённяшнія і даўнейшыя» (1914, паст. 1917) пра абуджэнне моладзі да новага жыцця. Пісала і апавяданні («Русалкі», 1910). Роздум над доляй селяніна, героіка вайны, працоўныя будні, матывы любові да Бацькаўшчыны, праблемы сучаснасці, лёс чалавека і роднага народа, яго мовы і культуры, прыроды, інтымны свет чалавека — асн. тэмы яе паэзіі (зб. «Світанне», 1950; «На адноўленай зямлі», 1961; «Май», 1965; «Роднаму краю», 1973; «Вясной», 1984, і інш.). Для дзяцей выдала зб. «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968). Шчырасць, задушэўнасць, лірызм абумовілі меладычнасць яе твораў. Верш «Люблю» (муз. М.Равенскага) стаў папулярнай нар. песняй. Пахавана ў в. Вішнева Валожынскага р-на.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981.

Літ.:

Чаркасава Дз. Люблю. Мн., 1978.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)