БУЙЛО́
(сапр. Калечыц) Канстанцыя Антонаўна (14.1.1893, Вільня — 4.6.1986),
бел. паэтэса. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыла настаўніцкія курсы ў Вільні (1914). Настаўнічала на Лідчыне, загадвала бел. кнігарняй у Полацку (1915—16). З 1923 жыла ў Маскве. З 1933, пасля незаконнага арышту мужа В.А.Калечыца, працавала на з-дзе. Друкавалася з 1909 у газ. «Наша ніва». Першы зб. «Курганная кветка» (Вільня, 1914, факсімільнае выд. Мн., 1989) адрэдагаваў Я.Купала. Шырока выкарыстоўвала Фалька, матывы. Эмацыянальны пачатак, вобразна-экспрэсіўныя элементы нар. паэтыкі выразна выступаюць у рамант. вершах, інтымнай і патрыят. лірыцы («Люблю», «Беларусі», «Звон», «Курганная кветка», «Ляці, думка», «Ці помніш ты?»). Аўтар вершаваных драм «Кветка папараці» (1914), у якой выкарыстаны нар. міфалагічныя вобразы, звязаныя з купальскай абраднасцю, «Сённяшнія і даўнейшыя» (1914, паст. 1917) пра абуджэнне моладзі да новага жыцця. Пісала і апавяданні («Русалкі», 1910). Роздум над доляй селяніна, героіка вайны, працоўныя будні, матывы любові да Бацькаўшчыны, праблемы сучаснасці, лёс чалавека і роднага народа, яго мовы і культуры, прыроды, інтымны свет чалавека — асн. тэмы яе паэзіі (зб. «Світанне», 1950; «На адноўленай зямлі», 1961; «Май», 1965; «Роднаму краю», 1973; «Вясной», 1984, і інш.). Для дзяцей выдала зб. «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968). Шчырасць, задушэўнасць, лірызм абумовілі меладычнасць яе твораў. Верш «Люблю» (муз. М.Равенскага) стаў папулярнай нар. песняй. Пахавана ў в. Вішнева Валожынскага р-на.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1981.
Літ.:
Чаркасава Дз. Люблю. Мн., 1978.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)