Фінляндская Рэспубліка (фінскае Suomen Tasavalta, швед. Republiken Finland), дзяржава ў Паўн. Еўропе. Мяжуе на ПнЗ са Швецыяй, на Пн з Нарвегіяй, на У з Расіяй; абмываецца Батнічным і Фінскім залівамі Балтыйскага мора. У складзе Ф. Аландскія астравы. Пл. 338 тыс.км². Нас. 5183 тыс.чал. (2002). Афіц. мовы — фінская і шведская. Сталіца — г.Хельсінкі. Падзяляецца на 6 губерняў (ляні). Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 снеж.).
Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1919 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Прэзідэнт разам з парламентам ажыццяўляе заканадаўчую, а разам з урадам (Дзярж. саветам) выканаўчую ўладу. Кіраўніцтва знешняй палітыкай ажыццяўляе прэзідэнт. Аднапалатны парламент складаецца з 200 дэпутатаў, якія выбіраюцца на 4 гады. Урад фарміруецца з прадстаўнікоў адной або некалькіх партый з улікам вынікаў апошніх парламенцкіх выбараў і суадносін сіл у парламенце.
Прырода. Берагі скалістыя, шхернага тыпу. Паверхня — узгорыстая раўніна (сярэдняя выш. над узр. м. 152 м). Характэрны марэнныя грады, друмліны, озы. На Пн і У узвышаныя грады Манселькя, Оўнаселькя, Суаменселькя, на Пд Салпаўселькя. У цэнтр. і паўд.ч. азёрныя плато. На крайнім ПнЗ адгор’і Скандынаўскіх гор (найвыш. пункт г. Халтыятунтуры, 1328 м). Карысныя выкапні: медныя, жал., малібдэнавыя, цынкавыя, ванадыевыя, кобальтавыя руды, азбест, графіт, апатыты, буд. матэрыялы. Клімат умераны, на ПдЗ пераходны ад марскога да кантынентальнага, на ПнУ кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -14, -15 °C на Пн да -6, -7 °C на Пд, ліп. ад 12—14 °C на Пн да 17—18 °C на Пд. Каля 74 тэр. за Паўн. палярным кругам. Ападкаў ад 400—450 мм на Пн да 650 мм на Пд. Рэкі кароткія, парожыстыя. Каля 188 тыс. азёр (10% тэр.). Большая ч. азёр злучана рэкамі-пратокамі і ўтварае буйныя водныя сістэмы — Сайма, Пяяне, Інары і інш. Каля 1/3тэр. балоты і забалочаныя землі. Пашыраны падзолістыя і балотныя глебы. Пад лесам каля 70% тэр. (хвоя, елка, бяроза). На Пн лесатундра і горная тундра. У складзе жывёльнага свету паўн. алень, лось, барсук, заяц-бяляк, выдра, куніца, гарнастай, вавёрка, трапляюцца мядзведзь, рысь, воўк. Шмат птушак. Унутр. воды багатыя рыбай. Каля 12% тэр. ахоўваецца: 19 запаведнікаў і 32 нац. паркі (Леменьёкі, Палас-Оўнастунтуры, Оўланкаёкі, Пюхятунтуры і інш.).
Насельніцтва. 93% насельніцтва фіны. На ПдЗ жывуць шведы (6%), на Пн — саамы (0,1%). Большасць вернікаў (89%) — лютэране, каля 1% — правасл. хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 15,3 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны. Гар. насельніцтва 67%. У сталічным рэгіёне, т.зв. Вял. Хельсінкі (уключае гарады-спадарожнікі Эспа, Ванта, Каўніайнен), 950 тыс.ж.Гал. гарады (тыс.ж., 2000): Хельсінкі (551,1), Эспа (209,7), Тамперэ (193,2), Ванта (176,4), Турку (172,1), Оўлу (117,7), Лахты (96,7), Куапіо (86,6), Ювяскюля (77,9), Поры (76,2). У прам-сці і буд-ве занята 28% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай і лясной гаспадарцы 8%, у абслуговых галінах 64%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. Ф. з’явіўся 8 тыс. гадоў таму. Стараж.-фін. плямёны, якія ў пач.н.э. прыйшлі з У, рассяліліся ў паўд. раёнах сучаснай Ф. і змяшаліся з мясц. насельніцтвам. Саамскія плямёны, нашчадкі ранейшых фіна-угорскіх мігрантаў, былі адцеснены на Пн. Продкі фінаў былі язычнікамі, паляўнічымі і рыбаловамі. На ПдЗ жыло племя суомі (ад яго назва ўсёй краіны), у цэнтры — плямёны хаме (ем, ям), на У — кар’яла (карэла). Геагр. блізкасць Ф. да гандл. шляху «з варагаў у грэкі» спрыяла гасп. развіццю краіны. У 9 ст. на месцы сучаснага г. Турку ўзнік пункт менавога гандлю. Стараж. фіны ўчынялі паходы на саамаў і збіралі з іх даніну, сапернічалі з нарвежцамі і карэламі за валоданне незанятымі землямі на Пн краіны, кантактавалі са шведамі на УСканд. п-ва і рабілі туды набегі.
У 12 ст. пачалося заваяванне Ф. шведамі. Іх панаванне зацвярджалася з дапамогай каталіцкай царквы (прымусовая хрысціянізацыя) і ўвядзення ў Ф. пастаяннай сістэмы падаткаў. У выніку 3 крыжовых паходаў (1157, 1249—50, 1293—1300) шведы заваявалі адпаведна паўд.-зах., паўд. і ўсх. раёны Ф., дзе будавалі свае крэпасці. Пры пранікненні ва Усх. Прыбалтыку шведы сапернічалі з наўгародцамі. якія таксама прэтэндавалі на гэты рэгіён. Арэхаўскі мір (заключаны 12.8.1323) упершыню вызначыў мяжу паміж Швецыяй і Ноўгарадам. Паводле Кальмарскай уніі Швецыя разам з Ф. у 1397—1523 падпарадкавана Даніі З 1527 у Ф. адбывалася царк. Рэфармацыя (увядзенне лютэранства), што спрыяла асветніцкай дзейнасці, станаўленню фін.літ. мовы (з 1548 на ёй вяліся набажэнствы). Абвяшчэнне ўсіх незаселеных зямель Ф. ўласнасцю швед. кароны (1542) спрыяла гасп. асваенню паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў краіны. Каб засяродзіць гандаль у партах свайго каралеўства, Густаў I Ваза ў 1550 заснаваў г. Гельсінгфорс (цяпер Хельсінкі). З 1581 Ф. наз.Вял. княствам. У 1596—97 у Ф. адбылося найбуйнейшае паўстанне сялян, т.зв. Дубінная вайна. На тэр. Ф. адбываліся падзеі руска-шведскіх войнаў 16—19 ст., у т. л.Паўночнай вайны 1700—21. што завяршылася Ніштацкім мірным дагаворам 1721. У 1623 у Ф. ўведзены прыдворны суд вышэйшай інстанцыі і пасада швед.ген. губернатара. У 1-й пал. 16 — сярэдзіне 17 ст. тут створана паштовая служба. засн. каля 10 гарадоў, шэраг гімназій і школ, ун-т у г. Аба (цяпер Турку; 1640). Але з сярэдзіны 17 ст. ўзмацнілася палітыка шведызацыі Ф., якая пры каралю Карле XI [1660—97] фактычна стала правінцыяй Швецыі. Пасля 1676 спыніў дзейнасць мясц. саслоўны сход (вядомы з 14 ст., вырашаў падатковыя пытанні і рэкруцкі набор), фін. мову забаронена ўжываць у адм. установах і школах. За дамінаванне ў рэгіёне швед. ўлады сапернічалі з Расіяй. Пасля рус.-швед. вайны 1741—43, якая завяршылася Абаскім мірным трактатам 1743. частка тэр. Ф. да р. Кюміёкі далучана да Рас. імперыі. У час рус.-швед. вайны 1788—90 у Паўд. Ф. адбылося антываен. выступленне афіцэраў швед. арміі (гл.Аньяльскі саюз).
Пасля рус.-швед. вайны 1808—09 уся Ф. паводле Фрыдрыхсгамскага мірнага дагавора 1809 далучана да Рас. імперыі як аўт. княства з саслоўным сеймам. Фактычна ўлада ў Ф. належала прызначанаму рас. царом ген.-губернатару, які ўзначальваў урад (з 1816 Імператарскі фінл. сенат). У Пецярбургу справамі Ф. кіраваў статс-сакратар, падпарадкаваны рас. манарху. У 1812 сталіца Ф. перанесена з г. Аба (Турку) у Гельсінгфорс. У складзе Расіі Вял. княства Фінляндскае захоўвала свае паштовую службу і суд. органы, лютэранская царква набыла статус дзяржаўнай, фіны вызваляліся ад абавязковай ваен. службы ў рас. арміі. З 1815 да 1870 насельніцтва Ф. павялічылася з 1 да 1,75 млн. чалавек. Перавод у 1828 ун-та з г. Аба ў сталічны Гельсінгфорс, дзейнасць фалькларыста Э.Лёнрата (сабраў і запісаў нар. эпас «Калевала»), асветніка Ю.В.Снельмана і інш. спрыялі ажыўленню культ. жыцця краіны. У час Крымскай вайны 1853—56 порты Ф. (Гельсінгфорс, Свеаборг і інш.) і гандлёвыя караблі падвергліся абстрэлам англа-франц. флота. У 1863 фін. мова стала другой афіц. мовай Ф. (побач са шведскай). Але аўт. правы Ф. парушаліся рас. ўладамі, напр., з 1809 да 1863 фінл. сейм не склікаўся, а краінай кіраваў сенат пры ген.-губернатару. У 1869 прыняты рэгламент працы сейма, куды да 1906 уваходзілі прадстаўнікі 4 саслоўяў. У Ф. мелася ўласнае кадэцкае вучылішча; да 3 тыс.фін. вайскоўцаў служылі ў рас. арміі, у т. л. К.Г.Э.Манергейм. Да канца 19 ст. ўзніклі партыі старафінаў, младафінаў, С.-д. партыя Ф. (СДПФ), пабудавана сетка чыгунак. У 1878 у Ф. створана ўласная армія, якая камплектавалася на аснове ўсеагульнай воінскай павіннасці. У 1860—78 уведзена ў абарачэнне ўласная нац. грашовая адзінка — марка. У цараванне Мікалая II узмацнілася палітыка русіфікацыі Ф., асабліва ў час кіравання ген.-губернатара М.І.Бобрыкава (1898—1904, забіты). У рэвалюцыю 1905—07 у Ф. адбылося Свеаборгскае паўстанне 1906, у 1906 чатырохсаслоўны сейм заменены аднапалатным парламентам і ўведзена ўсеагульнае выбарчае права (жанчыны Ф. першыя ў Еўропе атрымалі права голасу). Але пасля рэвалюцыі 1905—07 у Ф. ўведзена ваен. праўленне (у 1907—11 мясц. сейм распускаўся 4 разы, сенат фарміраваўся з рас. вайскоўцаў, на дзярж. пасады сталі прызначаць рас. чыноўнікаў). У пач. 20 ст. ў Ф. пачалося развіццё дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай вытв-сцей, арыентаваных на экспарт у зах. краіны. Гандаль з Расіяй скарачаўся. У 1-ю сусв. вайну многія фіны добраахвотна ўступалі і ў рас., і ў герм. арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 рас. Часовы ўрад 7(20).3.1917 аднавіў аўтаномію Ф., страчаную пасля рэвалюцыі 1905—07, быў скліканы сейм. Але Часовы ўрад прыпыніў дзеянне прынятага фінл. сеймам 18(31).7.1917 «Закона аб уладзе» і распусціў парламент краіны. У гэтых умовах у фінл. грамадстве запанавала ідэя поўнага аддзялення ад Расіі. 6.12.1917 фінл. парламент прыняў дэкларацыю аб абвяшчэнні Ф. незалежнай дзяржавай. Яе часовым кіраўніком стаў П.Э.Свінхувуд. Па просьбе фінл. сената незалежнасць краіны прызнаў сав. ўрад (31.12.1917). У хуткім часе дзярж. суверэнітэт Ф. прызналі Францыя, Швецыя, Германія, Аўстра-Венгрыя, Грэцыя, Нарвегія, Данія, пазней Вялікабрытанія і ЗША. Рас. войскі і базы флоту выведзены з Ф. паводле Брэсцкага міру 1918. Унутрыпаліт. барацьба ў краіне вылілася ў Фінляндскую рэвалюцыю 1918, у час якой Ф. 7.3.1918 заключыла ваен. і эканам. саюз з Германіяй, а прынц Фрыдрых Карл Гесенскі быў абвешчаны каралём Ф. (не паспеў заняць прастол у сувязі з рэвалюцыяй у ліст. 1918 у Германіі). У маі 1918 парламент Ф. разарваў адносіны з Сав. Расіяй. Войскі Ф. ўдзельнічалі ў антысав. інтэрвенцыі ў Карэліі. З канца 1918, калі рэгентам краіны стаў Манергейм, пад яго кіраўніцтвам Ф. адмовілася ад прагерм. арыентацыі. 17.7.1919 Манергейм у выніку кампрамісу паміж прыхільнікамі рэспублікі і манархіі зацвердзіў сучасную форму праўлення краіны. Першым прэзідэнтам Фінл. Рэспублікі быў К.Ю.Стольберг. У першыя гады незалежнасці прыняты законы аб увядзенні абавязковай адукацыі, забароне алкагольных напіткаў («сухі закон» скасаваны ў 1932), свабодзе веравызнання, свабодзе слова і арг-цый, законы па ўрэгуляванні становішча абедзвюх моўных груп (фін. і швед.) і аўтаноміі Аландскіх а-воў (паводле рашэння Лігі Нацый яны ў 1921 адышлі да Ф.). У 1920 Ф. стала чл. Лігі Нацый і заключыла Тартускі мір з РСФСР (гл.Савецка-фінляндскія дагаворы і пагадненні). У 1920-я г. ў Ф. праведзена агр. рэформа (зямлёй надзелены беззямельныя сяляне). У 1926 СДПФ сфарміравала аднапарт. ўрад. Ва ўмовах сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Ф. актывізаваліся праварадыкальныя сілы (Лапуаскі рух, Патрыят.нар. рух). У 2-ю сусв. вайну пасля савецка-фінляндскай вайны 1939—40, у ходзе якой сав. войскі прарвалі «Манергейма лінію», Ф. ў 1941—44 была ў стане вайны з СССР (т.зв. Вайна працягу). У выніку ваен. дзеянняў і мірных дагавораў 1940 і 1947 устаноўлена дзярж. граніца паміж Ф. і СССР (з 1991 паміж Ф. і Расіяй). Да 1952 Ф. выплачвала ваен. рэпарацыі, у 1955—56 Сав. Саюз ліквідаваў сваю ваен. базу ў Поркала-Уд. Пры прэзідэнтах Ю.К.Паасіківі (1946—56) і У.К.Кеканене (1956—81) Ф. ўзяла курс на ўстанаўленне дружалюбных адносін з СССР. Урад Ф. спрыяў арганізацыі ў Хельсінкі (1972—73) Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая да 1995 трансфармавалася ў Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Пры прэзідэнтах М.Г.Койвіста (1982—94) і М.Ахтысаары (1994—2000) Ф. зрабіла канчатковы выбар на карысць інтэграцыі ў зах.-еўрап.эканам. структуры. У 2000 прэзідэнтам Ф. выбрана Т.Халанен.
Ф. — чл.ААН (з 1955), Паўн. Савета (з 1955), Савета Еўропы (з 1989), Еўрап. Саюза (з 1995) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.2.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Дзейнічаюць С.-д. партыя Ф., Левы саюз, Агр. саюз, Хрысц. саюз, Швед.нар. партыя, Цэнтр.арг-цыяфін. прафсаюзаў і інш.
Гаспадарка. Ф. — эканамічна развітая краіна з сучаснай прам-сцю і інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 135,5 млрд.дол. (25,8 тыс.дол. на 1 чал.). Доля прам-сці ў ВУП 28%, сельскай гаспадаркі 3%, сферы паслуг 69% (2000).
Аснова эканомікі — шматгаліновая прамысловасць, у якой дамінуюць буйныя канцэрны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (36% кошту прамысл. прадукцыі), лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (19,3%), хім. (10%), электраэнергетыка (8,7%), харч. (8%), паліграф. (6%), чорная і каляровая металургія (4,7%) і інш. У машынабудаванні найб. хутка развіваюцца галіны з высокімі тэхналогіямі — электронная і электратэхнічная. Вытв-сць мабільных тэлефонаў («Нокія»), ліфтаў і эскалатараў («Коне», 3-е месца ў свеце), халадзільнікаў, водаправодных кранаў. Развіта вытв-сць машын для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці («Метса»), пагрузачных сродкаў, трактароў, цяжкіх грузавікоў, гарнаруднага абсталявання. Ф. — самы буйны вытворца ледаколаў (каля палавіны ледаколаў свету); развіваецца вытв-сць круізных і спец. суднаў. Асн.маш.-буд. цэнтры: Хельсінкі, Эспа, Оўлу, Турку, Лахты, Раўма, Васа. Традыцыйна развіта вытв-сць лясной прадукцыі (каля 1/4 агульнага аб’ёму экспарту). Штогадовая камерцыйная высечка лесу каля 50 млн.м³. Буйныя цэнтры лесаперапрацоўкі ў вусцях рэк (Котка, Оўлу, Поры, Кемі). Вытв-сць фанеры ў Ювяскюлі, Куапіо, Лахты, мэблі ў Лахты, паперы і кардону (каля 9 млн.т) у Тамперэ, Оўлу, Кемі (канцэрны «Стура-Энса», «УПМ-Кюмене», «Метсалійта»). Хім.прам-сць вырабляе хімікаты для цэлюлозна-папяровай прам-сці, мінер. ўгнаенні, фарбы, пластмасы (Оўлу, Турку, Хельсінкі, Тамперэ, Хар’явалта). Фармацэўтычная прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 75,4 млрд.кВт∙гадз (2000) на ЦЭС (41%), ГЭС (19%), АЭС (28%) і інш. (12%). ЦЭС працуюць пераважна на імпартуемым паліве. Здабыча жал., медна-нікелевай, цынкавай, хромавай, малібдэнавай руд, азбесту, мармуру, граніту. Цэнтры абагачэння і выплаўкі каляровых металаў — Поры, Хар’явалта (медзь, нікель), Віханты (медзь, свінец, цынк), Кокала (цынк). Металургічны камбінат (чыгун, сталь, пракат) каля г. Рахе; інш. прадпрыемствы працуюць на металаломе. Развіты харч., лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная), паліграф.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае малочнамясная жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): свіней — 1,54, буйн. раг. жывёлы — 1,15, курэй — 5,51, авечак — 0,1. У Лапландыі гадуюць паўн. аленяў (каля 200 тыс. галоў). Вытв-сць (тыс.т) ялавічыны 93, бараніны 17, мяса птушкі 186; малака 2,5 млн.т. Зверагадоўля. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 7% тэрыторыі. Раслінаводства сканцэнтравана на Пд. Характэрна завалуненасць палёў. Асн. пасяўныя плошчы пад сеянымі травамі (75%) і збожжавымі культурамі. Вырошчваюць (тыс.т, 2001) ячмень (1747), авёс (1227), пшаніцу (514), жыта (101), бульбу, буракі. Рыбалоўства (196,5 тыс.т, 1999). Значныя даходы сял. гаспадарак ад лесаўладання (54% агульнай пл. лясоў). Даўж. (тыс.км, 2000) чыгункі 5,9, аўтадарог 77,8, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 50, водных шляхоў 6,7, газаправодаў 0,6. 1,94 млн. легкавых і 291,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Знешнегандл. перавозкі пераважна марскім транспартам (зімой пры дапамозе ледаколаў). 98 суднаў (1 тыс. рэг. бр.-т і больш) агульным танажом 1172 тыс. рэг. бр.-т. Аўтапаромы звязваюць Ф. з Талінам (Эстонія), Стакгольмам (Швецыя), Любекам (Германія). Гал. марскія парты: Хельсінкі, Котка, Поры, Турку. 160 аэрапортаў. Экспарт (40,1 млрд.дол., 2001): машыны і абсталяванне, папера і кардон, папяровая маса, піламатэрыялы, судны, хім. прадукцыя. Імпарт (31,2 млрд.дол., 2001): харч. прадукты, нафта і нафтапрадукты, трансп. сродкі, чорныя металы, тэкстыль, збожжа, электраэнергія. Асн.гандл. партнёры: Германія, Швецыя, ЗША, Вялікабрытанія, Расія, Францыя. У 2000 Беларусь экспартавала ў Ф. тавараў на 18,4 млн.дол., імпартавала тавараў на 38,1 млн. долараў. Грашовая адзінка — еўра.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (32 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (3,4 тыс.чал., 2002). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 24,5 тыс.чал., 230 танкаў, 266 баявых машын пяхоты, 840 бронетранспарцёраў, 180 пускавых установак процітанк. кіроўных ракет, больш за 940 буксірных гармат, 2,3 тыс. мінамётаў, больш за 400 гармат зенітнай артылерыі, 11 верталётаў. У ВПС 2,7 тыс.чал., больш за 60 баявых самалётаў і інш. У ВМС 5 тыс.чал., 11 мінных загараджальнікаў, 13 мінных тральшчыкаў, 9 ракетных катэраў і інш.
Ахова здароўя. Пашырана сістэма мед. страхавання, існуюць бальнічныя камуны. У акругах Хельсінкі, Тамперэ, Турку, Куапіо ёсць універсітэцкія бальніцы, якія аказваюць складанае спецыялізаванае лячэнне (напр., адносна рэдкія аперацыі). Дзейнічаюць кампаніі па страхаванні адказнасці мед. работнікаў перад пацыентам. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 74, жанчын 81 год (2001). Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 110 чал., урачамі — 1 на 338 чал. Натуральны прырост — 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 4 на 1 тыс. нованароджаных (2001).
Асвета. Сістэма адукацыі ў Ф. прадугледжвае абавязковую бясплатную адукацыю для дзяцей ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў, што забяспечвае практычна поўную пісьменнасць насельніцтва. Усе дзеці павінны закончыць 9-гадовую (асноўную) агульнаадук. школу. Пасля гэтага яны маюць магчымасць працягваць адукацыю ў прафес. вучылішчах, вышэйшых ступенях сярэдняй школы з наступным навучаннем у каледжах або ун-тах. Усе ступені навучання, у т. л. ва ун-тах, бясплатныя, а студэнты карыстаюцца матэрыяльнай падтрымкай дзяржавы. У 1997 каля 400 тыс. дзяцей навучаліся ў школах, 470 тыс.чал. у сярэдніх прафес.-тэхн. вучылішчах, 62,3 тыс. — у розных каледжах. У Ф. 20 ун-таў, у самых вялікіх з іх (Хельсінкскім) 37 тыс. студэнтаў, у Тамперэ і Турку па 15 тыс. у кожным. Наладжана таксама навучанне дарослых (ахоплівае больш за 25% працаздольнага насельніцтва). Дзярж. сістэму адукацыі дапаўняе шырокая сетка грамадскіх і прыватных навуч. устаноў.
У 1990-х г. Ф. ўстанавіла сусв. рэкорд па карыстанні б-камі — палавіна насельніцтва краіны зарэгістравана як карыстальнікі бібліятэчнымі абанементамі. Найб. б-кі: Хельсінкскага ун-та (засн. ў 1640, больш за 2 млн. тамоў), Гар. Хельсінкская (з 1860), парламента. Музеі: у Хельсінкі — Нац., Гар., Бат. сад; у Турку — Гіст., выяўл. мастацтва, Я.Сібеліуса; у Марыянхаміне — суднаходства. Навук. даследаванні праводзяцца ў Акадэміі Фінляндыі, НДІ, на кафедрах ун-таў.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 2001 у Ф. выдавалася 114 агульнанац. і губ. газет і часопісаў, больш за 500 мясц.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя фінскамоўныя газеты: «Helsingin Sanomat» («Хельсінкскія ведамасці», з 1889), «Iltalehti» («Вячэрняя газета», з 1980), «Iltasanomat» («Вячэрнія ведамасці», з 1932), «Aamulehti» («Ранішняя газета», з 1881), «Turun Sanomat» («Ведамасці Турку», з 1904), «Kaleva» («Калева», з 1899); шведскамоўныя — «Hufvudstadsbladet» («Сталічная газета», з 1864), «Åland» («Аландскія выспы», з 1891), «Vasabladet» («Газета Васы», з 1856). Інфарм. агенцтва — Фінскае агенцтва навін (з 1915). Радыёвяшчанне з 1923. Перадачы вядуцца па 3 каналах на фін., швед., саамскай, рус., англ. мовах. Тэлебачанне з 1955. Працуюць 4 агульнадзярж. каналы і некалькі дзесяткаў кабельнага і спадарожнікавага тэлебачання; 9 буйных тэлерадыёкампаній, найбуйнейшая з іх «Ілейсрадыё» (з 1926).
Літаратура. Развіваецца на фінскай мове і шведскай мове. Карані фінскамоўнай л-ры ў карэла-фін. фальклоры, эпічных рунах і лірычных песнях, сабраных і выдадзеных у 1830—40-я г. Э.Лёнратам (эпас «Калевала», лірычныя песні «Кантэлетар»). Пісьменнасць і л-ра на фінскай мове ўзніклі ў 16 ст. ў эпоху Рэфармацыі. М.Агрыкала пераклаў на фін. мову Новы запавет (1548) і каля 30 псалмоў і гімнаў, да якіх напісаў прадмовы і тлумачэнні, у т. л. вершаваныя. Другі помнік фін. арыгінальнай і перакладной (з ням. і лац. моў) паэзіі 16 ст. — «Кніга віршаў» (1563) Я.Суамалайнена. У пач. 17 ст. традыцыі гэтай паэзіі прадоўжыў Х.Хенрыкі; зборнік арыгінальных казанняў стварыў Э.Соралайнен. Вял. значэнне для развіцця л-ры меў поўны калект. пераклад Бібліі. На мяжы 17—18 ст. узнікла літ.-філас. плынь фенафілаў, якая проціпастаўляла сябе ідэалогіі швед. вялікадзяржаўнікаў (асветнікі-публіцысты Т.Юсленіус, Х.Г.Портан). У 2-й пал. 18 ст. паявіліся зборнік вершаў і баек Х.Акрэніуса, вершаваныя пасланні, эпітафіі, даследаванне «Фінская міфалогія» К.Ганандэра. У 19 ст. на пазіцыях сял. асветніцтва, творчасці дыдактычнага зместу стаялі Я.Ютэйні, К.А.Готлунд, П.Ханікайнен. Пачаткі рамантызму выявіліся ў паэзіі А.Попіуса, К.Р.Крамсу, у разнастайнай творчасці А.Ківі. У 1880—90-я г. дасягнула росквіту рэаліст. школа: раманы, аповесці, апавяданні Ю.Аха, М.Кант, А.Ярнефельта, Ю.Х.Эрка, Т.Пакалы (уваходзілі ў групу «Маладая Фінляндыя»), аўтабіягр. вясковая проза П.Пяйвярынты, паэзія і публіцыстыка К.Лейна, лірыка і драматургія Эрка. У канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася неарамант. плынь (паэты Э.Лейна, Л.Онерва, Ларын-Кюёсты, празаікі В.А.Кілпі, І.Кіянта, Ё.Лехтанен, празаік і паэтэса А.Калас, драматург і празаік Ё.Лінанкаскі). У 1-й пал. 20 ст.рэаліст. тэндэнцыі развіваліся ў творчасці празаікаў М.Ласілы, П.Хаанпя, М.Ётуні, В.Ё.Койо, Ё.Корпелы, О.А.Палахейма, І.Уурта, паэтаў О.Манінена, К.Т.Саркія, аўтара п’ес у стылі «эпічнага тэатра» Х.Вуаліёкі. Шматстылёвая і разнастайная творчасць Ф.Э.Сіланпя, экспрэсіянісцкі характар мелі драмы Л.Хаарлы. У 1920-я г. ў творчасці прадстаўнікоў літ. групы «Туленкантаят» («Агняносцы»; паэты К.Вала, У.Кайлас, П.Мустапя, Ю.О.Юльхя, празаікі М.Т.Валтары, Т.Р.Пеканен, У.К.Сепянен, крытык О.Павалайнен і інш.) адлюстраваліся неарамант., сімвалісцкія, экспрэсіянісцкія, футурысцкія і рэаліст. ўплывы. У 1936 узнікла група пісьменнікаў левага кірунку «Кійла» («Клін»; паэты А.Туртыяйнен, Я.Э.Пенанен, В.Л.Каява, празаік і драматург Э.А.Сінерва). У 1930-я г. развівалася творчасць т.зв. рабочых паэтаў (К.Каатра, К.Танту, Х.Лійнама). У 2-й пал. 20 ст.рэаліст. л-ру прадстаўлялі паэты Э.Ківікаха, Э.Л.Манер, А.М.Тыні, празаікі В.Ліна, С.Т.Аапелі, Э.Ёэнпелта, А.Кайпайнен, Л.Калерва, Э.Сяйся, М.А.Хялі, паэт і празаік Л.Сінканен, драматург і празаік А.Юнкала. Вылучыліся гіст. раманы Валтары, «вясковая» проза Х.Хямяляйнен, «рабочая» — Л.Війты, С.Паранена, П.Рынталы, О.О.Сійпайнена, імпрэсіянісцкія навелы і раманы Э.Кілпі. Развіваліся мадэрнісцкія плыні (паэзія Мустапя, Х.Юванен). Эксперым., наватарскім характарам вызначаліся антываен. раманы, навелы і п’есы В.Меры, паэзія В.Кірстыня, Ю.Малінена, П.Хаавіка, А.Хелаакаскі, проза Х.Саламы, лірыка і драматургія Л.М.Хейкіля, паэзія і проза М.Л.Вартыо. Да традыцыі паэтыкі «новага рамана» блізкая проза Л.Нумі, П.Холапы, А.Хюру, элементы сюррэалізму ў паэзіі П.Саарыкаскі, п’есах Ю.Манеркарпі. У 1990-я г. вядомасць набыла проза А.Руута, А.Снелман, К.К.Суасалмі, Х.Турунена, А.Тууры, А.Л.Хяркенен, К.Утрыо, О.Яланена, развіваліся публіцыстыка (В.А.Коскеніемі, Пенанен, Р.В.Сільванта, Хаарла, Хелаакаскі, Холапа, Т.Анхава і інш.) і дзіцячая л-ра (Э.Х.Койвістайнен, А.М.Мерылуата, Х.Мякеля, М.Яла).
Л-ра на шведскай мове развівалася ва ўзаемасувязі з фінскамоўнай. У эпоху Рэфармацыі пераважалі казанні, рытуальныя песні. Найб. значны прадстаўнік перадрамант. плыні эпохі Асветніцтва Ф.М.Франзен. У 1915 у г. Турку ўзнік гурток літаратараў-рамантыкаў (А.І.Арвідсан, Ф.Бергбум, Ю.Г.Лінсен, Ю.А.Тэнгстрэм, А.Г.Шострэм). Буйнейшы прадстаўнік патрыят. рамантызму Ю.Л.Рунеберг, рамант. ідэі развівалі Ф.Сігнеус і Ю.В.Снельман. Матывы нац. гісторыі ў прозе З.Тапеліуса, лірыцы Ю.Векселя, рэаліст. тэндэнцыі ў паэзіі і прозе К.А.Тавастшэрны. У канцы 19 — пач. 20 ст. развіваліся розныя плыні паэзіі — ад кансерватыўна-неарамант. (Б.Грыпенберг) да пазітывісцка-рэаліст. (Э.Цыліякус), радыкальна-сацыяліст. (А.Мёрне) і мадэрнісцкай (Э.Сёдэргран). У 20 ст. вылучылася псіхал. проза М.Алапеус, О.П.Парланда, Р.Э.Шыльта, К.Чыльмана, А.З.Клева. Рысы традыц. рэалізму ўласцівы паэзіі Т.Варбуртана, Э.А.Віхман, драматургіі В.Карэла. У ліку прадстаўнікоў мадэрнісцкіх плыняў: паэты Г.Б’ёрлінг, Э.Дыктуніус, Б.Карпелан, Р.А.Энкель, празаік С.М.Шульц, драматург Х.Олсан. У 1990-я г. плённа працавалі паэты і празаікі Ч.Весцё, У.Л.Лундберг, Т.Форстрэм, дзіцячая пісьменніца Т.Янсан, публіцысты Варбуртан, Олсан, Ё.Ю.Донер, Чыльман. На бел. мову перакладзены паасобныя творы Аха, Валы, Вуаліёкі, М.Ларні, Ласілы, Э.Лейна, Малінена, Манер, Рунеберга, Сінерва, Сінканена, Туртыяйнена, Хаанпя, Яла і інш. Сярод перакладчыкаў: М.Багдановіч, У.Арлоў, Я.Лапатка, У.Някляеў, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, А.Шарахоўская.
Архітэктура. Ад часоў мезаліту захаваліся рэшткі жылых пабудоў, блізкіх да жытлаў фіна-уграў. У 12—13 ст.мясц. традыцыі мураванай архітэктуры складваліся пад уплывам раманскага дойлідства Швецыі (замак і сабор у г. Турку). З 14 ст. тарцовыя сцены цэркваў завяршаліся ўзорыстай муроўкай шчытоў (царква ў Хатуле), з канца 15 ст. ў арнамент і форму шчытоў, канструкцыю скляпенняў праніклі элементы готыкі (царква ў Холале). Драўлянае сял. дойлідства развівалася незалежна ад стылістыкі мураванай архітэктуры; яно ўплывала на буд-ва драўляных цэркваў (у Торніо, 17 ст.; Кеўру, 18 ст.) і гар. жылых дамоў. У 2-й пал. 18 ст. шведы заснавалі горад-крэпасць Свеаборг. Упач. 19 ст. пачалося фарміраванне нац.арх. школы. Хельсінкі набыў рэгулярны план у духу класіцызму. Сярод класіцыстычных помнікаў вылучаюцца арх. ансамбль цэнтра Хельсінкі (арх. К.Л.Энгель), Трапскі палац у г. Турку (цяпер Шведскі ун-т). Да канца 19 ст. панавала эклектыка (будынак маст. музея Атэнеум, арх. К.Хёер). Творчасць прадстаўнікоў нац. рамантызму [Г.Гезеліус, А.Ліндгрэн, Эліэль Саарынен (гл.Саарынены), Л.Сонк] грунтавалася на фін. фальклоры, сканд. міфалогіі, традыцыях сярэдневяковага дойлідства; адметная імкненнем да стварэння спецыфічнай нац. архітэктуры, звернутай да вытокаў фін. мастацтва (Цэнтр. вакзал, будынкі Нац. музея, Фін.нац.т-ра ў Хельсінкі). На мяжы 19—20 ст. развіўся стыль мадэрн (пабудовы Г.Нюстрэма, С.Ліндквіста). Буйная з’ява фін. горадабудаўніцтва 20 ст. — план Вял. Хельсінкі (1915—18, арх. Саарынен). У стылі неакласіцызму працавалі А.Аалта, Э.Бругман, І.Сірэн. У 1920-я г. пад уплывам ідэй «Баўгаўза» і арх.Ле Карбюзье зарадзіўся фін. функцыяналізм (павільёны выстаўкі «700-годдзе Турку», арх. Аалта, Бругман; санаторый у Пайміо, арх. Аалта; атэль у Рованіемі, арх. П.Блумстэт; Алімп. стадыён, арх. І.Ліндэгрэн і Т.Янты). У аснове жылога і грамадскага буд-ва 2-й пал. 20 ст. ідэі Саарынена: дэцэнтралізацыя гар. структуры, узаемадзеянне архітэктуры з навакольным ландшафтам («горад-лес» Отаніемі, арх. Аалта; прыгарадны раён Тапіяла, абодва генплан 1952, арх. Х. фон Херцэн, О.Мейрман, А.Эрві, В.Рэвель і інш.). Творчасць прадстаўнікоў т.зв. архітэктуры сістэм засн. на функцыян. арганізацыі будынкаў, строгіх прыёмах забудовы, пераадольванні адвольнай жывапіснасці арх. кампазіцыі (Б.Лундстэн, А.Русувуары); некат. з іх выкарыстоўвалі формы, выпрацаваныя Л.Міс ван дэр Роэ (К.Мікала, К.Гуліхсен). У сучаснай архітэктуры Ф. суіснуюць розныя тэндэнцыі. Пабудовы адметныя выразнасцю форм, функцыянальнасцю, выкарыстаннем фактуры і канстр. магчымасцей новых і традыц.буд. матэрыялаў, сувяззю з прыродным асяроддзем (арх. Аалта, Рэвель, Эрві, К. і Х. Сірэн, Р.Піетыль, Т.Суамалайнен). У 1892 засн. Саюз архітэктараў Ф.
Выяўленчае мастацтва. Да найб.стараж. помнікаў мастацтва адносяцца неалітычныя ямачна-грабеньчатая кераміка, наскальныя размалёўкі і пятрогліфы, зааморфныя навершы каменных нажоў, гліняныя антрапаморфныя ідалы і інш. У эпоху бронзы і ранняга жалеза пашыраны творы звярынага стылю. Развіваліся традыц. віды нар. творчасці — разьба па дрэве, дыванаткацтва (насценныя дываны «руй») і інш. У 12—13 ст. з прыняццем хрысціянства засвойваліся ўзоры сярэдневяковага мастацтва, звязаныя з творчасцю ням. і франц. майстроў (алтар св. Варвары з царквы ва Усікірка). Манум. жывапіс 14—16 ст. адметны нар. арнаментамі, стракатымі лакальнымі колерамі (размалёўкі цэркваў у Перніё, Хатуле). Напружанай экспрэсіяй вобразаў, стрыманасцю пластычнай трактоўкі вылучалася драўляная скульптура 15—17 ст. У манум. жывапісе 17—18 ст. выявіліся тэндэнцыі барока (размалёўкі царквы ў Палтама). Вядучы майстар манум. жывапісу 18 — пач. 19 ст. — М.Тапеліус (размалёўкі цэркваў у Саўва, Палтама). З пач. 19 ст. пачала фарміравацца фін.маст. школа (А.Лаўрэус, Г.Фінберг), развіваліся жанры свецкага станковага жывапісу (І.Ваклін, Н.Шыльмарк). У батальным жанры працаваў Р.Экман, у бытавым — А. фон Бекер, К.Янсан, у пейзажы — В.Холмберг. Уздым выяўл. мастацтва ў 1880—1900-я г. звязаны з ідэямі нац. адраджэння, гісторыяй, фальклорам, міфалогіяй і інш. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў — А.Гален-Калела. Рэаліст. творы на тэмы нар. жыцця стваралі П.Халален, А.Эдэльфельт, Э.Ярнефельт. У скульптуры працавалі Э.Кайнберг, К.Шостранд, В.Рунеберг (класіцызм), Э.Вікстрэм і Э.Халанен (мадэрн, сімвалізм). Стылізацыі пад нар. скульптуру ў т.зв. наіўным стылі стваралі В.Мякінен, М.Хартман, Х.Віралайнен і інш. Ініцыятар і арганізатар Саюза скульптараў Ф. (1910) — Ф.Нюлунд. Багацце пластычных вырашэнняў уласціва работам В.Аалтанена. Мастацтва 20 ст. развіваецца ў працэсе ўзаемадзеяння нац. традыцый і асн. кірункаў еўрап. мастацтва (жывапіс В.Віянаі, М.Коліна, А.Канервы, Н.Хютынена, графіка В.Аскалы, Т.Тапіявары, скульптура Э.Хілтунен і інш.). У 1930—90-я г. ў Ф. жыў і працаваў бел. графік А.Ахола-Вало, ён удзельнічаў і ў наватарскіх пошуках фін. мастацтва. Адно з вядучых месцаў у Еўропе займае фін. дызайн (сярод пачынальнікаў Гален-Калела, Эліэль Саарынен і інш.). Сярод сучасных дызайнераў Т.Віркала, Э.Арна, Тапіявара, арх. А.Аалта). На аснове нар. традыцый мадэрнізуецца выраб прадметаў са скуры, керамікі, развіваецца мастацтва сучаснага тэкстылю.
Музыка. Стараж. формы фін.муз. фальклору — песенныя імправізацыі йойку, замовы, заклінанні, плачы едлі, пастухоўскія і паляўнічыя найгрышы на жалейках і ражках. Сярод старадаўніх муз. інструментаў: кантэле (шчыпковы), ёўхіка (стр. смыкавы), туахіторві (берасцяная труба). Прафес. музыка 12—16 ст. звязана з каталіцкім культам (касцельныя спевы, ігра на аргане), з сярэдзіны 16 ст. пашырыўся пратэстанцкі харал, створаны першы прыдворны аркестр. У 17 ст. пашырыліся шведска-ням.нар. песні, балады, піірылейкі (тыпу частушак), танцы менуэт, мазурка, паланэз, вальс; у Турку працавалі прафес.гар. музыканты. З канца 18 ст. развіваецца свецкая музыка. Сярод першых прафес. кампазітараў Ф.Пасіус (аўтар нац. гімна), Э.Туліндберг. Станаўленню нац. музыкі спрыялі карэла-фін. руны (зб. «Калевала», 1835), творчасць аўтараў першых фін. оперы Пасіуса і сімфоніі А.Інгеліуса, збіральніка фальклору Э.Лёнрата. Заснавальнікі фін.прафес.муз. школы — Р.Каянус (пачынальнік нац. кірунку ў музыцы, стваральнік першага сімф. аркестра, 1882), М.Вегеліус (узначальваў кірунак, арыентаваны на ням.муз. рамантызм, заснавальнік першай кансерваторыі, 1882). На нац. глебе развілася творчасць класіка фін. музыкі Я.Сібеліуса. З сярэдзіны 20 ст. на музыку Ф. паўплывалі плыні зах.-еўрап. авангардызму. Муз. мастацтва Ф. 20 ст. развівалі кампазітары А.Алміла, К.Аха, Э.Бергман, Ё.Коканен, О.Кортэкангас, Т.Куула, Ё.Куусіста, М.Ліндберг, Л.Мадэтая, Э.Меларціна, У.Мерылайнен, С.Палмгрэна, Ё.Панула, Э.Раўтаваара, К.Саарыяха, А.Салінен, П.Хейнінен, Э.Энглунд, А.Ярнефельта і інш.; дырыжоры П.Берглунд, О.Вянскя, О.Каму, Панула, Л.Сегерстам; піяністы О.Мустанен, М.Раекаліо; спевакі М.Груп, К.Матыла, Я.Рухянен, П.Саламаа, М.Салмінен, Ё.Хюнінен; музыказнаўцы А.О.Вяйсянен, І.Крон, А.Лаўніс, Я.Серміля, Э.Тавастшэрна, В.Хеласвуа. У Хельсінкі, муз. цэнтры краіны, працуюць Фін. опера (з 1911), аркестр радыё (з 1927), хор радыё (з 1940), Квартэт імя Сібеліуса (з 1927), Камерны аркестр Хельсінкі (з 1953) і інш. Існуе разгалінаваная сетка муз. устаноў: Муз. акадэмія імя Сібеліуса (з 1939), 11 кансерваторый, муз. ін-ты (у Лахты, Тамперэ, Ювяскюля і інш.), школы. Развіты аматарскае хар. мастацтва, пеўчыя святы (з 1881). Праводзяцца Міжнар. конкурс скрыпачоў імя Сібеліуса (з 1965), муз. фестывалі, у т. л. «Тыдзень Сібеліуса» ў Хельсінкі (з 1951) і інш. З 1945 існуе Асацыяцыя фін. кампазітараў.
Тэатр. У аснове прафес.т-ра Ф. традыцыі нар.тэатр. мастацтва. Нац. драматургія развіваецца з 2-й пал. 19 ст. У 1827 у Хельсінкі пабудаваны першы тэатр. будынак (Тэатр. дом), дзе выступалі рус., ням., швед. гастрольныя трупы. У 1860 там жа створаны першы прафес.т-р (на швед. мове), пачаў развівацца аматарскі т-р. У 1872 адкрыўся фін.т-р у Хельсінкі (да 1878 меў оперную і драм. трупы, з 1902 драм. трупа наз. Фінскі нац.т-р). Арганізацыя пастаяннага т-ра стала асновай для развіцця нац.тэатр. мастацтва і драматургіі, прадстаўленай п’есамі М.Кант, М.Ласіла, Х.Вуаліёкі, Э.Сінерва, А.Ківі, К.А.Ківіма, М.Валтары, В.Корэля і інш. Сучаснае фін.тэатр. мастацтва вызначаецца пошукамі новых сродкаў сцэн. выразнасці, эксперыментальнасцю. У рэпертуары пераважаюць творы нац. драматургіі, ставяцца класічныя і сучасныя замежныя п’есы. Праводзяцца міжнар.тэатр. фестывалі, у т. л. «Тамперскае тэатр. лета» і інш. Уклад у развіццё фін.т-ра зрабілі рэжысёры В.Бандлер, Д.Вітыка, В.Ільмары, Э.Каліма, Р.Лонгбака, Ё.Турка, К.Хольмберг, А. оф Хялстрэм; акцёры Э.К.Воланен, А.Корханен, А.Лепанен, Э.Літманен, А.Ліндфарс, А.М.Млангус, Т.Пала, Т.Ё.Рыне, Э.Салмінен, Р.Снельман, У.Сомерсалмі, Э.Эранен, Э.Юрка і інш. У Ф. каля 60 прафес. т-раў: Нац., Фінскі, Шведскі, Інтымны, Т-р Эспа, Гарадскі Лапеенранты, лялечны «Зялёны яблык» у Хельсінкі; т-ры Працоўных Тамперы, маладзёжна-дзіцячы 2000, лялечны «Нібыта Тэатр» у Тамперы; Гарадскі, Новы, Шведскі Аба ў Турку; т-ры ў Лахты, Куапіо і інш.
Кіно. У 1904 зняты першыя хранікальныя фільмы. У 1906 засн.вытв. фірма «Апала», якая пачала выпуск дакумент. стужак. У 1907 паст. першы гульнявы кароткаметражны фільм «Самагоншчыкі» (рэж. Л.Спарэ і Т.Пура), у 1913 — першы маст. «Сюльві» (рэж. Пура), У 1919 Пура і Э.Кару засн. фірму «Суамі-фільм», якая адыграла значную ролю ў развіцці кіно Ф. У 1920-я г. экранізаваны творы нац. л-ры: «Стары барон з Раўтакюла» (паводле Ц.Тапеліуса, рэж. К.Фагер), «Шаўцы з Нумі» (паводле А.Ківі, рэж. Кару; абодва 1923). У 1930-я г. створаны новыя фільмы, пачаўся выпуск гукавых стужак. Уклад у развіццё фін. кіно 1930-х г. зрабілі рэжысёры Н.Тапіявара («Юха», 1937; «Шлях чалавека», 1940), Р.Орка («Улюл з фермы Сілтала», 1934), В.Вала («Жанчына Ніскавуары» паводле Вуаліёкі, 1938). У 1940-я г. пашыраны муз. фільмы, камедыі, біягр. жанр («Кароль паэтаў і пералётная птушка», 1940, рэж. Т.Сяркя; «Я кахаю», 1946, рэж. І.Унха). Сярод лепшых фільмаў 1950-х г.: «Белы паўночны алень» (1953, рэж. Э.Бломберг), «Невядомы салдат» (паводле В.Ліне, 1955, рэж. Э.Лайне), «Чырвоная лінія» (1959, рэж. М.Касіла). Актуальныя праблемы адлюстраваны ў фільмах рэж. Р.Ярвы: «Дзённік рабочага» (1967), «Вайна аднаго чалавека» (1973), «Год зайца» (1977). Шэраг экранізацый створаны рэж. Лайне: «Тут, пад Палярнай зоркай» (1968), «Акселі і Эліна» (1970, абодва паводле твораў В.Ліны) і інш. Сярод рэжысёраў 1970-х г.: Я.Пакасвірт («Летні бунт», 1970, «Дом да Каляду», 1975, «Пячатка звера»), М.Нісканен («Восем смяротных куль», 1972, «Восенню ўсё па-іншаму», 1978, «Уцёкі», 1981), Э.Ківікаскі («Ноч на беразе мора», 1980). У пач. 1980-х г. прыйшло новае пакаленне кінарэжысёраў: браты М. і А. Каўрысмякі, П.Хартцэль, М.Іяс, М.Лехмускаліо, К.Улсан, О.Сойніо, Л.Цёрхёнен. Паэт. стужкі пра супрацьстаянне чалавека і прыроды стварыў рэж. Лехмускаліо («Танец ворана», 1980; «Лыжнік», 1982; «Інуксул», 1988). У эпічным плане зняты фільмы П.Парыка («Раўніна», 1988, «Зімовая вайна», 1989), Цёрхёнена («Тропік ільду», 1987, «Пасвячоныя», 1989). Новы кірунак у кіно Ф. стварылі браты Каўрысмякі, творчасці якіх уласціва гульня з асацыяцыямі, цытатамі, скрытымі жартамі (сумесныя фільмы «Ілгун», 1981; «Нікчэмныя», 1982). «Чорны» гумар, іронія, крытыка агульнапрынятых каштоўнасцей з маральным пафасам — асн. рысы стужак А.Каўрысмякі «Цені ў раі» (1986), «Арыэль» (1988), «Дзяўчына з запалкавай фабрыкі» (1990), «Жыццё багемы» (1992), «Паберажы сваю хусцінку, Таццяна» (1994), «Удалячынь плывуць аблокі» (1996). Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы М.Каўрысмякі «Клан» (1984), «Роса» (1985), «Хельсінкі—Неапаль: усю ноч напралёт» (1987), «Амазонка» (1990) і інш. Кінамастацтва Ф. 1990-х г. вызначаецца прафесіяналізмам, арыгінальнасцю ў выбары тэм і стыляў. У карцінах рэж. В.Аалтанена «Блудны сын» (1992), «Ойча наш» (1993), «З любоўю, Майрэ» (1999) тэма гвалту і жорсткасці ў сучасным грамадстве. Тэма сельскага жыцця ў фільмах рэж. М.Пёлёнена: «Зямля шчасця» (1993), «Апошняе вянчанне» (1995), «Кароль плытагонаў» (1998). Сярод інш. значных стужак: «Засада» (рэж. О.Саарэл), «Крутыя» (рэж. А.Мякель), «Лебедзь і вандроўнік» (рэж. Т.Койвусала; усе 1999). Уклад у кіно Ф. зрабілі жанчыны-рэжысёры К.Растыма («Салёнае і салодкае», 1995; «Рэспектабельныя трагедыі», 1998), П.Хонсакала («Вогнеглытальніца», 1998), А.Мантыла («Калекцыянер», 1997; «Геаграфія страху», 2000). Сярод рэжысёраў-дакументалістаў А.Куйвалайнен, К.Луастарынен, В.Суутары, С.Хелке. У 1952 створаны Саюз кінаработнікаў Ф.
Беларусы ў Фінляндыі. Бел. прысутнасць у Ф. вядома з часоў знаходжання яе ў складзе Рас. імперыі (1809—1917). Выхадцы з Беларусі працавалі ў Ф. на адыходніцтве, служылі ў раскватараваных там гарнізонах рас. арміі, на караблях і ў базах рас.Балт. флоту; удзельнічалі ў Свеаборгскім паўстанні 1906. У 1-ю сусв. вайну гарнізон Свеаборгскай крэпасці ўзначальваў з 1915 беларус ген.-м. К.А.Аляксееўскі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Гельсінгфорсе (Хельсінкі) і інш. гарадах і мястэчках Ф. ствараліся бел.нац. арг-цыі. У склад Абласнога к-та арміі, флоту і рабочых Ф. (існаваў да 1918) уваходзіў матрос В.Муха (ураджэнец в. Андрэеўка Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.), які ў чэрв. 1917 заснаваў арг-цыю «Маракоў-беларусаў Балт. флоту» (больш за 800 матросаў бел. паходжання). На 3-м з’ездзе Беларускай сацыяліст. грамады (кастр. 1917, Мінск) яе гельсінгфорскую арг-цыю (200 чл.) прадстаўляў Муха, які быў выбраны ў склад ЦК гэтай партыі. Прадстаўнікі Гельсінгфорскага флоцкага гарнізона прысутнічалі на 2-й сесіі Цэнтр. рады бел. арг-цый у Мінску ў кастр. 1917. Матросы-беларусы, што служылі ў Ф., збіралі грашовыя сродкі на дапамогу бел. бежанцам 1-й сусв. вайны і на аб’яднанне бел. грамадскіх сіл (дасылаліся праз матросаў Муху і А.Шалыгу). У 1918 у сувязі з аднаўленнем незалежнасці Ф. і вывадам адтуль рас. войск і флоту многія беларусы вярнуліся на радзіму. Выхадцы з Беларусі ўдзельнічалі ў савецка-фінляндскай вайне 1939—40, у час 2-й сусв. вайны — у Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944.
Літ.:
Николссон В. Финляндия — с Россией и без. Мн., 1995;
Клинге М. Очерк истории Финляндии: Пер. с фин. 2 изд. Хельсинки, 1996;
Барышников В.Н. От прохладного мира к зимней войне: Вост. политика Финляндии в 1930-е гг. СПб., 1997;
Юссила О., Сеппо Х., Юкка Н. Политическая история Финляндии, 1809—1995: Пер. с фин. М., 1998;
Финляндия: Краткий обзор: Пер. с фин. Хельсинки, 2000;
Евсеев В.Я. Исторические основы карело-финского эпоса. Кн. 1—2. М.; Л., 1957—60;
Карху Э.Г. История литературы Финляндии: От истоков до конца XIX в. Л., 1979;
Иконников А.В. Новая архитектура Финляндии. М., 1972;
Герб і сцяг Фінляндыі.Ландшафт на ўсходзе Фінляндыі.Да арт.Фінляндыя. Краявід у раёне р. Іматра.Да арт.Фінляндыя. Хельсінкі.Да арт.Фінляндыя. Фрагмент інтэр’ера царквы Святога Крыжа ў Хатуле.Да арт.Фінляндыя. Фрагмент тыповай забудовы.Да арт.Фінляндыя. Палац «Фінляндыя» ў Хельсінкі.Да арт.Фінляндыя. Замак Олавінліна ў Саванліне.Да арт.Фінляндыя. Драўляная скульптура «П’ета». 2-я пал. 15 ст.Да арт.Фінляндыя. В.Холмберг. Паштовая дарога ў Хяме. 1860.Да арт.Фінляндыя. І.Ваклін. Аўтапартрэт. 1756.Да арт.Фінляндыя. А.Гален-Калела. Абарона Сампа. 1896.Да арт.Фінляндыя. В.Аскала. Заліў Тормуа. 1965.Да арт.Фінляндыя. Х.Віралайнен. Мар’ята. 1965—66.Да арт.Фінляндыя. Помнік Яну Сібеліусу (левая частка). 1962—67.Да арт.Фінляндыя. Сцэна з оперы «Вінсент» Э.Раўтаваара.Да арт.Фінляндыя. Кадр з фільма «Белы паўночны алень». Рэж. Э.Бломберг. 1953.Да арт.Фінляндыя. Кадр з фільма «Удалячынь плывуць аблокі». Рэж. А.Каўрысмякі. 1996.