балгарскі акцёр. На сцэне з 1902. З 1904 у Нар. т-ры (Сафія). У 1911—12 вывучаў мастацтва Маскоўскага маст. т-ра. Сярод роляў: Дынка («Вампір» А.Страшымірава), Рад Лупу, цар Іван Асен («Над безданню», «Барыслаў» І.Вазава), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра), доктар Ранк («Нора» Г.Ібсена), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу) і інш. Здымаўся ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ША Юрый Карлавіч
(3.3.1899, г. Кіраваград, Украіна — 10.5.1960),
рус. пісьменнік. У 1916—18 вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса). Аўтар рамана «Зайздрасць» (1927), рамана-казкі «Тры таўстуны» (1928; аднайм. фільм, 1967), кнігі апавяданняў «Вішнёвая костачка» (1931), мемуарна-дзённікавых запісаў «Ні дня без радка» (выд. 1961). Пісаў вершы, нарысы, кінасцэнарыі і інш. Інсцэніраваў для тэатра раман Ф.Дастаеўскага «Ідыёт».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САВА Юлія Канстанцінаўна
(н. 17.3.1925, Масква),
руская актрыса. Нар.арт. Расіі (1962), нар.арт.СССР (1969). Герой Сац. Працы (1985). Пасля заканчэння Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1949) у Маскоўскім акад. т-ры імя Я.Вахтантава. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, і ў кіно), Прынцэса Турандот (аднайм. п’еса К.Гоцы), Ліка Мізінава («Насмешлівае маё шчасце» Л.Малюгіна). За выкананне роляў Валі («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Паўліны Казанец («Кухарка замужам» А.Сафронава) і Маўры Пакрытчанка («Праўда і крыўда» М.Стэльмаха) Дзярж. прэмія Расіі імя К.Станіслаўскага 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬСКІ (сапр.Няелаў) Мамант Віктаравіч
(1865, с. Кантэміраўка Палтаўскай вобл., Украіна — 21.6.1918),
расійскі акцёр. З 1885 выступаў у т-рах Вільні, Растова, Новачаркаска, у 1890—1900 у Александрынскім т-ры (Пецярбург). З 1900 акцёр-гастралёр у правінцыяльных і сталічных т-рах. Яго мастацтва адметнае стыхійным тэмпераментам і адначасова натуральнасцю. Найб. блізкія яго дараванню былі героі моцных, неўтаймаваных страсцей і пачуццяў. Сярод лепшых роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Нязнамаў («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Рагожын («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Гамлет, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЦЭ́НКА Мікалай Алімпіевіч
(24.7.1912, ст. Ясінаватая Данецкай вобл., Украіна — 8.12.1979),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1964). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1940). Працаваў у Т-ры імя Я.Вахтангава. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Тарталья («Прынцэса Турандот» К.Гоцы), Мамаеў («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага). З 1942 здымаўся ў кіно: «Кавалер Залатой Зоркі» (Дзярж. прэмія СССР 1952), «Вялікая сям’я», «Сёстры», «Васемнаццаты год», «Хмарная раніца», «Ганна Карэніна», «Два капітаны» (тэлевізійны) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЙНБЕРГ Мечыслаў Самуілавіч
(н. 8.12.1919, Варшава),
кампазітар. Нар.арт. Расіі (1980). Скончыў Варшаўскую (1939, клас фп.) і Бел. (1941, клас кампазіцыі В.Залатарова) кансерваторыі. З 1943 у Маскве. Сярод твораў: оперы «Пасажырка» (1968), «Зося» (1970), «Мадонна і салдат» (1975), «Партрэт» (1983), «Ідыёт» (1986); балеты «Залаты ключык» (1955), «Белая хрызантэма» (1958); аперэты; кантаты «У краі родным» (1952), «Дзённік кахання» (1965), «Хірасімскія пяцірадкоўі» (1966); 20 сімфоній (некаторыя з салістамі і хорам, 1942—89); камерная сімфонія (1986); канцэрты для інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі; рамансы; санаты; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў («Ляцяць жураўлі», «Апошні дзюйм»), Дзярж. прэмія СССР 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎ Алег
(Альберт) Іванавіч (8.11.1929, г. Прыволжск Іванаўскай вобл., Расія — 28.4.1994),
рускі і ўкр. акцёр. Засл.арт. Украіны (1960), нар.арт. Расіі (1974), нар.арт.СССР (1978). Скончыў школу-студыю МХАТа (1951). Працаваў у Кіеве, С.-Пецярбургу, Маскве. Яго мастацтву былі ўласцівыя арганічнасць, уменне спалучаць у характары персанажа эмац. і аналітычныя пачаткі. Сярод роляў: Ганя Івалгін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» паводле М.Шолахава, Дзярж. прэмія СССР 1978), Павел («Павел І» Дз.Меражкоўскага, Дзярж. прэмія Расіі 1991). З 1956 здымаўся ў кіно: «Спыніўся цягнік» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1984), «Слуга» (Дзярж. прэмія СССР 1991) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́НІНА Таццяна Васілеўна
(н. 12.9.1933, С.-Пецярбург),
руская актрыса, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1981). Скончыла Школу-студыю МХАТ (1956). З 1959 у Ленінградскім Вял.драм. т-ры, у 1972—83 у Маск. драм. т-ры імя У.Маякоўскага, у 1966—72 і з 1983 у МХАТ імя М.Горкага. З 1987 маст. кіраўнік сцэны на Цвярскім бульвары (з 1989 самаст.т-р, які захаваў назву МХАТ імя М.Горкага) — дырэктар, гал. рэжысёр, маст. кіраўнік. Актрыса моцнага, глыбокага тэмпераменту. Сярод роляў: Надзея («Мая старэйшая сястра» А.Валодзіна; і ў кіно), Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава), лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра; і рэжысёр). З 1956 здымаецца ў кіно: «Тры таполі на Плюшчысе», «Яшчэ раз пра каханне», «Мачаха» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСА́ВА Акіра
(23.3.1910, Токіо — 6.9.1998),
японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Скончыў Акадэмію прыгожых мастацтваў у Токіо (1935). У кіно з 1936. Як рэжысёр дэбютаваў фільмам «Сугата Сансіра» (1943). Шырокую вядомасць атрымаў фільм «Расёман» (1950, паводле апавядання Р.Акутагавы; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; прэмія «Оскар» 1951). Здымаў фільмы па творах Ф.Дастаеўскага («Ідыёт», 1951), М.Горкага («На дне», 1957), У.Шэкспіра («Замак павуціны» паводле «Макбета», 1957; «Ран» паводле «Караля Ліра», 1985), у якіх дзеянне пераносіў у Японію, захоўваючы дух і глыбіню першакрыніцы. Рэаліст. трактоўкай мінулага вылучаюцца фільмы «Сем самураяў» (1954, прэмія «Оскар» 1955), «Целаахоўнік» (1961), «Цень ваяра» (1980; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах), у якіх абнавіў традыц.яп. жанр «кэнгекі» (пра эпоху самураяў). У 1976 на кінастудыі «Масфільм» паставіў фільм «Дэрсу Узала» (паводле У.Арсеньева; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве, прэмія «Оскар»). Праблемы сучаснасці ўзняў у фільмах «Рай і пекла» (паводле Э.Мак-Бейна, 1963), «Дадэскадэн» (паводле С.Ямамота, 1970; першы каляровы фільм К.), «Сны» (1990), «Жніўная рапсодыя» (1991) і інш. Яго работы вылучаюцца вострым драм. канфліктам, стылявой вытанчанасцю, эстэт. дасканаласцю, глыбокім гуманізмам. Пісаў сцэнарыі. Юбілейныя прызы на міжнар. кінафестывалях у Маскве (1979) і Венецыі (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́УСКІ Фёдар Міхайлавіч
(11.11.1821, Масква — 9.2.1881),
рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял.сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус.рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.
Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). У бел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-варус. драмы, 1921; Бел.тэатр.-маст.ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.Купалы, 1978). У в. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—30. Л., 1972—90.
Літ.·. Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979; Фридлендер Г.М. Реализм Достоевского. М.; Л., 1964; Карякин Ю.Ф. Самообман Раскольникова. М., 1976; Достоевский в зарубежных литературах. Л., 1978; Селезнев Ю И. Достоевский. 3 изд. М., 1990; Адамович А.М. Достоевский после Достоевского // Новый мир. 1981. № 10; Твардовская В.А Достоевский в общественной жизни России (1861—1881). М., 1990; Ф.Достоевский: Библиогр. произв. Достоевского и лит. о нем, 1917—1965. М., 1968.