НЯКЛЯ́ЕЎ (Уладзімір Пракопавіч) (н. 11.7.1946, г. Смаргонь Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1973). З 1972 працаваў у газ. «Знамя юности», з 1975 рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1978 на Бел. тэлебачанні, у 1987—99 гал. рэдактар час. «Крыніца». З 1998 старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1970. Аўтар зб-каў паэзіі «Адкрыццё» (1976), «Вынаходцы вятроў» (1979, з паэмай «Дарога дарог» прэмія Ленінскага камсамола 1979), «Наскрозь» (1985), «Прошча» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі 1998). Выступае як празаік (аповесць «Вежа», 1988), эсэіст. Яго творчасць адметная публіцыстычнасцю, дынамічнасцю паэт. думкі, канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю.

Тв.:

Знак аховы. Мн., 1983;

Галубіная пошта. Мн., 1987.

Літ.:

Чабан Т. Рух слова // Маладосць. 1980. №8;

Арочка М. Балючая памяць зямлі // Полымя. 1984. № 7.

У.П.Някляеў.

т. 11, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАРЖ ((Kolář) Іржы) (н. 24.9.1914, Процівін каля г. Кладна, Чэхія),

чэшскі паэт, перакладчык, эсэіст, мастак. Член літ. «Суполкі 42», альтэрнатыўнай сац. рэалізму. У 1949—56 і пасля 1970 пазбаўлены магчымасці друкавацца на радзіме. З 1980 жыве ў Францыі. У л-ры і выяўленчым мастацтве пачаў з класічных форм, у 1930-я г. захапляўся сюррэалізмам, тэхнікай калажу, імкнуўся спалучыць л-ру і пластычнае мастацтва. Аўтар зб-каў вершаў «Хросны ліст» (1941), «Сем кантат» (1945), «Оды і варыяцыі» (1946), «Вршовіцкі Эзоп» (1966), «Новы Эпіктэт» (1968), для якіх характэрна дэпаэтызацыя, выкарыстанне розных лексічных пластоў, «высокага» і «нізкага» стыляў. За рукапіс кн. «Печань Праметэя» (нап. 1950, выд. 1979) зняволены ў турму. Стваральнік адмысловай сістэмы тэхнікі калажу, ілюстраваў раманы Ф.​Кафкі. Пераклаў на чэш. мову асобныя творы У.​Уітмена, Т.​Эліята, С.​Бекета, К.​Сэндберга, Т.​Уільямса, Э.​Олбі і інш.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАС ((Paz) Актавіо) (31.3.1914, Мехіка — 19.4.1998),

мексіканскі паэт і эсэіст. Вывучаў юрыспрудэнцыю і філалогію. Быў дыпламатам (1943—68). Аўтар зб-каў паэзіі «Корань чалавека» і «Но пасаран!» (абодва 1937), «Свабода пад апекаю слова» (1949), «Саламандра» (1962), «Усходні бок» (1969), «Паварот» (1976), «Прарослае знутры» (1987) і інш., лірычных паэм «Сонечны камень» (1957), «Прабел» (1967), «Мінулае на далоні» (1974). Яго паэзія камерная, засн. на эстэтыцы сюррэалізму, на ліберальных каштоўнасцях, багатая на сімвалы; адна з яе гал. праблем — роля паэта і паэт. слова ў пераўтварэнні свету. Вядомасць набылі таксама эстэтыка-філас. эсэ: кн. «Лабірынт адзіноты» (1950), «Пераменны ток» (1967), «Пахмурна» (1987), «Абрысы Індыі» (1995) і інш. Нобелеўская прэмія 1990.

Тв.:

Рус. пер. — Поэзия. Критика. Эротика. М., 1996;

У кн.: Поэты Мексики. М., 1975;

У кн.: Поэты-лауреаты Нобелевской премии. М., 1997.

Л.​П.​Баршчэўскі.

А.Пас.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́СТЛІ ((Priestley) Джон Бойнтан) (13.9.1894, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.8.1984),

англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т. Дэбютаваў як эсэіст і крытык (кнігі «Постаці сучаснай літаратуры», 1924; «Англійскія камічныя характары», 1925, і інш.). Вядомасць прынёс раман «Добрыя сябры» (1929) аб прыгодах вандроўнай трупы. Аўтар сац.-псіхал. («Вуліца Анёла», 1930; «Яны бадзяюцца па горадзе», 1936) і антыфаш. («Зацямненне ў Грэтлі», 1942) раманаў. У раманах «Трое ў новых касцюмах» (1945), «Чараўнікі» (1954), «Сэр Майкл і сэр Джордж» (1964), дылогіі «Стваральнікі вобразаў» (1968) і «Лонданскі тупік» (1969) пасляваен. рэчаіснасць. У п’есах «Ракітавы гай» (1933), «Час і сям’я Конвей» (1937), «Містэр Кетл і місіс Мун» (1955), «Шкляная клетка» (1958) і інш. маральна-філас. праблемы. Драмы пабудаваны на парадоксе, насычаны гумарам і сатырай. Як празаік зазнаў уплыў Ч.​Дзікенса, як драматург — А.​Чэхава. Аўтар аўтабіягр. кн. «За высокай сцяной» (1982), апавяданняў, кінасцэнарыяў, тэле- і радыёп’ес, літ.-крытычных прац, у т. л. «Англійскі гумар» (1976). На бел. сцэне паводле п’ес П. пастаўлены спектаклі «Небяспечны паварот» (1940, Дзярж. рус. драм. т-р), «Ён прыйшоў» (1946, Бел. т-р імя Я.​Купалы).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1987;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990;

Гендель и гангстеры: Рассказы. М., 1983;

Заметки на полях: Худож. публицистика. М., 1988;

Затемнение в Грэтли: Повести, рассказы, пьесы. М., 1988.

Літ.:

Бабенко В.Г. Драматургия современной Англии. М., 1981;

Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛАШ ((Miłosz) Чэслаў) (н. 30.6.1911, Шацейняй, Літва),

польскі паэт, эсэіст, перакладчык. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1992). Скончыў Віленскую гімназію (1929) і Віленскі ун-т (1934), вывучаў л-ру ў Парыжы (1934—35). Працаваў на польск. радыё ў Вільні і Варшаве. У 1945—51 на дыпламат. рабоце ў ЗША і Францыі, застаўся ў эміграцыі. З 1960 жыве ў ЗША. Праф. славістыкі Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (1961—78). Дэбютаваў як паэт у 1930. Піша на польск., англ., франц. мовах. У «Паэме пра застылы час» (1933), зб. «Тры зімы» (1936) прадчуванне катастрофы, здольнай знішчыць прыроду і чалавечую цывілізацыю, у зб. «Выратаванне» (1945) матыў маральнай адказнасці і еднасці паэта з лёсам нацыі. Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуальнае багацце, філас. абагульненне, пошук нетрадыц. форм. Спалучэнне сімвалічна-эстэт. бачання свету з канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю, разумовасці з лірызмам, пафасу з іроніяй у паэт. зб-ках «Дзённае святло» (1953), «Горад без імя» (1969), «Дзе ўзыходзіць сонца і дзе садзіцца» (1974), «Неабдымная зямля» (1984), «На беразе ракі» (1994) і інш. Аўтар кн. эсэ «Зняволены розум» (1951—53), «Кантыненты» (1958; уключаны вершы і пераклады), «Радзіма — Еўропа» (1959), «Зямля Ульра» (1977), успамінаў «Год паляўнічага» (1990), паліт. рамана «Здабыццё ўлады» (1953), аповесці «Даліна Ісы» (1955, экранізацыя 1982) і інш. Кн. эсэ «Пошук бацькаўшчыны» (1992) звязана з гісторыяй зямель Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы. Перакладаў на польск. мову англ., франц., ісп. паэзію (зб. «Вершаваная форма», 1986), кнігі Старога і Новага запаветаў, а таксама польск. паэзію на англ. мову. Аўтар «Гісторыі польскай літаратуры» (1969). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Ю.​Бушлякоў, А.​Мінкін, А.​Разанаў, А.​Хадановіч, Я.​Чыквін. Нобелеўская прэмія 1980.

Тв.:

Бел. пер. — Вершы // Далягляды, 92. Мн., 1992;

Сведчанне паэзіі: Паэты і сям’я людзей;

Лекцыя біялогіі;

Вершы // Крыніца. 1997. № 7.

Літ.:

Gorczyńska R. (Czarniecka E.) Podróżny świata: Rozmowy z Czesławem Miłoszem: Komentarze. Kraków, 1992;

Fiut A Moment wieczny: Poezja Czesława Miłosza. Warszawa, 1993.

С.​Дз.​Малюковіч.

Ч.Мілаш.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)