МІ́ЛАШ (Miłosz) Чэслаў

(н. 30.6.1911, Шацейняй, Літва),

польскі паэт, эсэіст, перакладчык. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1992). Скончыў Віленскую гімназію (1929) і Віленскі ун-т (1934), вывучаў л-ру ў Парыжы (1934—35). Працаваў на польск. радыё ў Вільні і Варшаве. У 1945—51 на дыпламат. рабоце ў ЗША і Францыі, застаўся ў эміграцыі. З 1960 жыве ў ЗША. Праф. славістыкі Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (1961—78). Дэбютаваў як паэт у 1930. Піша на польск., англ., франц. мовах. У «Паэме пра застылы час» (1933), зб. «Тры зімы» (1936) прадчуванне катастрофы, здольнай знішчыць прыроду і чалавечую цывілізацыю, у зб. «Выратаванне» (1945) матыў маральнай адказнасці і еднасці паэта з лёсам нацыі. Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуальнае багацце, філас. абагульненне, пошук нетрадыц. форм. Спалучэнне сімвалічна-эстэт. бачання свету з канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю, разумовасці з лірызмам, пафасу з іроніяй у паэт. зб-ках «Дзённае святло» (1953), «Горад без імя» (1969), «Дзе ўзыходзіць сонца і дзе садзіцца» (1974), «Неабдымная зямля» (1984), «На беразе ракі» (1994) і інш. Аўтар кн. эсэ «Зняволены розум» (1951—53), «Кантыненты» (1958; уключаны вершы і пераклады), «Радзіма — Еўропа» (1959), «Зямля Ульра» (1977), успамінаў «Год паляўнічага» (1990), паліт. рамана «Здабыццё ўлады» (1953), аповесці «Даліна Ісы» (1955, экранізацыя 1982) і інш. Кн. эсэ «Пошук бацькаўшчыны» (1992) звязана з гісторыяй зямель Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы. Перакладаў на польск. мову англ., франц., ісп. паэзію (зб. «Вершаваная форма», 1986), кнігі Старога і Новага запаветаў, а таксама польск. паэзію на англ. мову. Аўтар «Гісторыі польскай літаратуры» (1969). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Ю.Бушлякоў, А.Мінкін, А.Разанаў, А.Хадановіч, Я.Чыквін. Нобелеўская прэмія 1980.

Тв.:

Бел. пер. — Вершы // Далягляды, 92. Мн., 1992;

Сведчанне паэзіі: Паэты і сям’я людзей;

Лекцыя біялогіі;

Вершы // Крыніца. 1997. № 7.

Літ.:

Gorczyńska R. (Czarniecka E.) Podróżny świata: Rozmowy z Czesławem Miłoszem: Komentarze. Kraków, 1992;

Fiut A Moment wieczny: Poezja Czesława Miłosza. Warszawa, 1993.

С.Дз.Малюковіч.

Ч.Мілаш.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)