Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
устойлівая форма развіцця літаратуры, якая склалася гістарычна як адна з праяў роду літаратурнага (эпасу, лірыкі, драмы). Вылучаюць асн. віды эпасу — эпапея, раман, аповесць, апавяданне, нарыс, казка і інш., лірыкі — верш, паэма, песня, дыфірамб, элегія і інш., драмы — трагедыя, драма, камедыя. Від літаратурны непасрэдна выяўляе ўзаемасувязь паміж тэмай, ідэяй твора і іх маст. увасабленнем, стылем твора. Таму ў развіцці віду адлюстроўваюцца жыццёвыя і літ. з’явы, якім ён абавязаны сваім узнікненнем, існаваннем. Склаўшыся як пэўная форма літ. твораў, від літаратурны валодае адносна ўстойлівымі кампазіцыйнымі адзнакамі або адзінствам праблематыкі, пафасу. Напр., раман, аповесць, апавяданне вызначаюцца як вялікая, сярэдняя і малая формы, у вызначэнні віду ў лірыцы і драматургіі ўлічваюцца найперш тэматычныя асаблівасці твораў аднаго віду або характар іх пафасу (камедыя, трагедыя, ода, элегія, дыфірамб). Від літаратурны ў сваю чаргу мае свае падвіды, або жанравыя формы (напр., адрозніваюцца раманы філас., псіхал., быт., гіст., дэтэктыўны і інш.). У сучасным літ.-знаўстве часам адбываецца атаясамліванне паняццяў від літаратурны і жанр літаратурны з-за цяжкасці іх тэарэт. размежавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́УСКІ (Уладзімір Федасеевіч) (8.4.1795, с. Хварасцянка Чарамісінаўскага р-на Курскай вобл., Расія — 20.7.1872),
рускі паэт, публіцыст; дзекабрыст. Адукацыю атрымаў у Маскоўскім універсітэцкім пансіёне, у 2-м кадэцкім корпусе ў Пецярбургу. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі. Чл. «Саюза дабрабыту», кіраўнік яго кішынёўскай групы. У 1822 арыштаваны, зняволены ў Ціраспальскай крэпасці. З 1827 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Першыя вершы напісаў у гады вайны 1812. Значнае месца ў творах займае грамадз. тэма (пасланні «Голас праўды», 1814?; «Шлях да шчасця», 1819; «Пасланне Г.С.Баценькаву», сатыры «Смяюся і плачу», «Сатыра на норавы», усе 1816—22; «Элегія I», «Элегія II», 2-я пал. 1810-х г.). Пісаў артыкулы-адозвы, у якіх асуджаў прыгоннае права («Пра рабства сялян...», 1820; «Пра салдата», 1822). У зняволенні напісаў вершы «Спявак ў цямніцы» і «Да сяброў у Кішынёў» (абодва 1822, распаўсюджваліся ў спісах), у якіх звяртаўся да А.Пушкіна (пасябраваў з ім у Кішынёве). Пушкін адрасаваў некалькі пасланняў Р. Аўтар успамінаў.
Тв.:
Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1967.
Літ.:
Колесников А.Г. В.Ф.Раевский: полит. и лит. деятельность. Ростов н/Д, 1977;
В.Ф.Раевский: Материалы о жизни и рев. деятельности. Т. 1—2. Иркутск, 1980—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКАЯ ПАЭ́ЗІЯ,
паэзія эпохі элінізму, названая па найбуйнейшым яе цэнтры Александрыі Егіпецкай. Бытавала ў 4—1 ст. да н.э. на тэр.б. імперыі Аляксандра Македонскага. Характэрныя рысы: адмаўленне ад грамадз. тэматыкі, паглыблены псіхалагізм і ўвага да асабістых перажыванняў асобы, павышаная цікавасць да асобных дэталяў побыту, аслабленне веры ў багоў (міф ператвараецца ў займальную казку). У александрыйскай паэзіі пераважала любоўная тэма, сярод жанраў — гімн, элегія, ямб, эпіграма, ідылія. Прадстаўнікі александрыйскай паэзіі: Калімах, Апалоній Радоскі, Лікафрон, Феакрыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́РЫНЬ, Зарыньш (Zarins) Яніс Пятровіч (25.5.1913, г. Руіена, Латвія — 1993), латышскі скульптар. Нар. мастак Латвіі (1988), засл. дз. маст. Латвіі (1971). Вучыўся ў АМ у Рызе (1936—42). Развіваў традыцыі лат.манум. скульптуры. Аўтар партрэтаў («Рута», 1944), помнікаў («Змагарам рэвалюцыі 1905 г.», 1960), надмагілляў, дэкар. кампазіцый для садоў і паркаў («Раніца», 1958), кампазіцый («Думкі», 1938, «Элегія», 1967, «Вечнасць», 1970). Адзін са стваральнікаў мемар. ансамбля памяці ахвяр фашызму ў Саласпілсе (1967).
Л.Букоўскі, Я.Зарынь, А.Скарайніс. Саласпілскі мемарыял. Цэнтральная група. 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́Н (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 6.11.1953, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. мастак; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1979), выкладае ў ім (з 1983). Творчасці ўласцівы дакладная распрацоўка кампазіцыі, выразная рытмічнасць, каларыстычная гармонія, вытанчанасць і пластычнасць жывапіснай формы. Працуе ў жанрах нацюрморта («Кветка папараці», 1983; «Нацюрморт з фіялкамі», 1986; «Старыя самавары», нізка «Кветкі», усе 1988; «Нацюрморт з самаварам», 1989; «Шкло і вінаград», 1990; «Вэнджаная рыба», 1993; «Памяці Вівальдзі», 1995; «Нацюрморт з дыняй», 1997), партрэта («Маці», 1981; «Юнацтва», 1987), пейзажа («Сілуэты Нінбурга», 1988; «Пейзаж са старой царквой», 1990; «Элегія», 1992; «Пачатак зімы», 1995).