ЭЛЕ́ГІЯ (грэч. elegeia ад elegos жалобны напеў),
1) у літаратуры верш, у якім выяўляюцца смутак, журба, меланхолія з прычыны грамадскай несправядлівасці, сямейнага няшчасця ці асабістага гора.
Узнікла ў стараж.-грэч. л-ры (Тыртэй, Архілох, Феагнід, Калімах). У ёй выкарыстоўваўся выключна элегічны двуверш, выяўляла філас. развагу, патрыят. заклік, пачуццё кахання, павучанне і г.д. У стараж.-рым. паэтаў (Катул, Тыбул, Авідзій і інш.) набыла сумнае гучанне.
Вытокі бел. Э. ў нар. песнях. У бел. паэзіі як жанр з’явілася ў 19 ст. («Думка» Ф.Багушэвіча, «Туга на чужой старане» В.Каратынскага). Значнае месца займала ў творчасці М.Багдановіча, Я.Коласа, М.Танка. Сустракаецца ў сучаснай бел. паэзіі (Н.Гілевіч, М.Купрэеў, А.Наўроцкі і інш.).
2) У музыцы — першапачаткова паэтыка-муз. лірычны жанр у мастацтве Стараж. Грэцыі, пазней вак. ці інстр. муз. п’еса сумнага, задуменнага характару.
Як самаст. муз. жанр вядома з 17 ст. Вак. Э. стваралі Л.Бетховен, Г.Пёрсел. З 19 ст. вядомы інстр. Э.: для фп. (Ф.Бузоні, Э.Грыг, Ф.Ліст, С.Рахманінаў, М.Рэгер, П.Чайкоўскі), для віяланчэлі і фп. (Г.Фарэ); фп., скрыпкі і віяланчэлі (Рахманінаў); для скрыпкі сола (І.Стравінскі). Арк. Э. ствараюцца і як часткі буйных цыклічных форм. Жанр Э. паўплываў на развіццё рус. раманса.
У бел. музыцы Э. стварылі С.Аксакаў, Н.Сакалоўскі, У.Солтан (для віяланчэлі і фп.), Г.Гарэлава (для ансамбля скрыпачоў), В.Карэтнікаў (для фп.), А.Клумаў (для скрыпкі і фп., для сімф. аркестра — частка «Беларускай сюіты»), Дз.Смольскі («Элегія і таката» для скрыпкі з фп. — памяці Дз.Шастаковіча) і інш.
В.П.Рагойша (літаратура).
т. 18, кн. 1, с. 83