РАЕ́УСКІ (Уладзімір Федасеевіч) (8.4.1795, с. Хварасцянка Чарамісінаўскага р-на Курскай вобл., Расія — 20.7.1872),

рускі паэт, публіцыст; дзекабрыст. Адукацыю атрымаў у Маскоўскім універсітэцкім пансіёне, у 2-м кадэцкім корпусе ў Пецярбургу. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі. Чл. «Саюза дабрабыту», кіраўнік яго кішынёўскай групы. У 1822 арыштаваны, зняволены ў Ціраспальскай крэпасці. З 1827 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Першыя вершы напісаў у гады вайны 1812. Значнае месца ў творах займае грамадз. тэма (пасланні «Голас праўды», 1814?; «Шлях да шчасця», 1819; «Пасланне Г.​С.​Баценькаву», сатыры «Смяюся і плачу», «Сатыра на норавы», усе 1816—22; «Элегія I», «Элегія II», 2-я пал. 1810-х г.). Пісаў артыкулы-адозвы, у якіх асуджаў прыгоннае права («Пра рабства сялян...», 1820; «Пра салдата», 1822). У зняволенні напісаў вершы «Спявак ў цямніцы» і «Да сяброў у Кішынёў» (абодва 1822, распаўсюджваліся ў спісах), у якіх звяртаўся да А.​Пушкіна (пасябраваў з ім у Кішынёве). Пушкін адрасаваў некалькі пасланняў Р. Аўтар успамінаў.

Тв.:

Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1967.

Літ.:

Колесников А.Г. В.​Ф.​Раевский: полит. и лит. деятельность. Ростов н/Д, 1977;

В.​Ф.​Раевский: Материалы о жизни и рев. деятельности. Т. 1—2. Иркутск, 1980—83.

Л.​В.​Календа.

т. 13, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)