у бел.нар.дэманалогіі маці жыта; жаночая паралель «гаспадара» поля — жыценя. Яе ўяўлялі ў выглядзе фантаст. жанчыны з каласамі на галаве і зоркамі па баках. У некаторых мясцінах «бабаю» называлі апошні сноп зжатага жыта, які апраналі ў жаночую кашулю, завязвалі на ім хустку, урачыста неслі ў хату і спявалі «спарышовыя» песні з пажаданнем добрага ўраджаю ў наступным годзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУЧА́ННЕ,
празаічны твор павучальнага характару. Узнік у стараж. л-ры пад уплывам візант. і балг.царк. прамоўніцкай прозы. Існаваў у форме дыдактычнага «слова», пропаведзі, прамовы. Ствараліся царк. і свецкімі аўтарамі. У Кіеўскай Русі вядома з сярэдзіны 11 ст.Найб. папулярнымі на бел. землях былі «словы» Іаана Златавуста (зб-кі «Златавуст», «Златаструй»), у якія пазней былі ўключаны «Словы» Кірылы Тураўскага, што далі матэрыял для стараж.-рус. зб-каў «Ізмарагд» і «Златыя чэпі», якія распаўсюджваліся (перапісваліся і друкаваліся) на Беларусі ў 12—18 ст.
Вылучаюць урачыста-ўзнёслыя і дыдактычныя П. Урачыста-ўзнёслыя П. апавядалі пра магутнасць рус. дзяржавы, яе князёў і г.д. («Слово о законе и благодати» мітрапаліта Іларыёна, «Словы» Кірылы Тураўскага). Дыдактычныя П. — «настаўленні ў веры», у якіх у даступнай форме, без рытарычных акрас апавядалася пра хрысціянскія ісціны або абрады (творы Лукі Жыдзяты, Феадосія Пячэрскага). Лепшыя ўзоры П. выходзілі за межы рэліг.-царк. дыдактыкі, у іх ставіліся пытанні грамадскага значэння, асветніцтва, гуманізму (творы Грыгорыя Цамблака, Сімяона Полацкага, Георгія Каніскага). Асобна вылучаліся П.-звароты да сваіх дзяцей з мэтай перадачы ім жыццёвай і дзярж. мудрасці («Павучанне Уладзіміра Манамаха»). П. аб павазе да кніг змешчаны ў Ізборніках Святаслава 1073 і 1076.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́Г,
у беларусаў старадаўні звычай даваць некаторую маёмасць маладой яе бацькамі або родзічамі. Рыхтаваць П. пачыналі з самага маленства дзяўчыны. Першапачаткова складаўся толькі з хатніх рэчаў (адзенне для нявесты і жаніха, пасцельныя рэчы, дываны, посуд, прылады працы і інш.), пазней (пераважна ў заможных сем’ях) яго гал. часткай стала хатняя жывёла, лён, з 2-й пал. 19 ст. — нерухомая маёмасць, грошы. З’яўляўся пажыццёвай уласнасцю нявесткі. Пра П. дамаўляліся ў час сватання, а канчаткова — на заручынах. У канцы вяселля П. урачыста (часам у суправаджэнні жартоўных песень) перавозіўся гасцямі з боку маладой у дом маладога.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНА́ЦІЙ (? — каля 1640),
расійскі праваслаўны царкоўны дзеяч. Грэк па паходжанні, быў архіепіскапам Кіпра. Пасля захопу вострава туркамі (1571) уцёк у Рым. У 1593 прыбыў у Маскву. З 1603 епіскап разанскі. У 1605—06 патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі. Узведзены 4.7.1605 на патрыяршы прастол духавенствам па патрабаванні Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый I), якога І. урачыста сустрэў у Туле. Здзейсніў абрад вянчання Лжэдзмітрыя на царства і абвянчаў яго з Марынай Мнішак. Пасля звяржэння самазванца пазбаўлены сану ‘і накіраваны звычайным манахам у Чудаў манастыр (у Маскве). У 1611 у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 вызвалены баярамі — прыхільнікамі каралевіча Уладзіслава і зноў пастаўлены патрыярхам замест Гермагена. Аднак другое прызначэнне не было кананічным. У тым жа годзе выехаў у ВКЛ, прыняў унію, жыў і памёр у Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФЕО́З (ад грэч. apotheōsis абагаўленне),
1) услаўленне, узвелічэнне падзеі, з’явы, асобы; урачыстае завяршэнне падзеі. У стараж. егіпцян, потым у грэкаў і рымлян — абагаўленне правіцеляў за іх асаблівыя заслугі. Апафеоз, які з цягам часу трансфармаваўся ў культ правіцеляў, браў пачатак у стараж. блізкаўсх. традыцыі прылічэння цароў да багоў або сыноў божых. Матывамі ўслаўлення духоўнай велічы народа, чалавека, выдатных гіст. ці грамадскіх падзей прасякнуты многія творы сусветнай л-ры і мастацтва, у т. л.бел. пісьменнікаў, паэтаў і дзеячаў культуры.
2) Заключная ўрачыстая масавая сцэна святочнай канцэртнай праграмы, спектакля, поўная асаблівага ўздыму, велічы. Напр., усхвалявана, урачыста гучыць заключная сцэна драмы Я.Купалы «Раскіданае гняздо», калі героі, ахопленыя духоўным парывам і высакароднай мэтай, ідуць на Вялікі сход, па Бацькаўшчыну. Апафеоз можа быць таксама самаст. часткай паказу свята, шэсця (звычайна без тэксту) з выкарыстаннем выразных вобразаў, сюжэтаў, дэкарацыйнага афармлення, касцюмаў, бутафорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́НЦЭНГОФЕР (Dientzenhofer),
сям’я архітэктараў, прадстаўнікоў чэшскага і паўд.-ням. барока. У Чэхіі працавалі Крыштаф (7.7.1655, Санкт-Маргарэтэн, каля г. Розенгайм, Германія — 20.6.1722), які ў 1703—11 пабудаваў фасад і неф царквы св. Мікулаша на Мала-Стране ў Празе, і яго сын Кіліян Ігнац (1.9.1689, Прага — 18.12.1751), аўтар шэрагу пластычна выразных пабудоў у Празе (віла «Амерыка», 1715—20; царква св. Мікулаша, 1732—35; палац Кінскіх, 1755—65, і інш.). Да ням. галіны сям’і належаць браты Крыштафа: Георг (11.8.1643, г. Бад-Айблінг, Германія — 2.2.1689) і Іаган Леанард (20.2.1660, Санкт-Маргарэтэн — 26.11.1707), якія працавалі ў Бамбергу; Іаган (25.5.1665, Санкт-Маргарэтэн — 20.7.1726) — аўтар урачыста-ўзвышаных цэркваў (сабор у Фульдзе, 1704—12; манастырская царква ў замку Банц, Баварыя, 1710—18) і палацаў у Померсфельдэне (1711—18).
К.Дзінцэнгофер, К.І.Дзінцэнгофер і інш. Царква св. Мікулаша на Мала-Стране ў Празе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́НЫ,
у беларусаў і інш.слав. народаў сямейна-быт. свята, якім урачыста адзначаецца нараджэнне дзіцяці. У старажытнасці Р. мелі магічнае значэнне — яны павінны былі забяспечыць парадзісе і яе дзіцяці шчасце, здароўе, доўгі век; з’яўляліся святам прыняцця ў грамадства новага прадаўжальніка роду. Пасля прыняцця хрысціянства Р. былі звязаны з абрадам хрышчэння (хрэсьбіны). Бабка-павітуха купала дзіця, потым, трымаючы яго на руках, разам з кумамі абыходзіла 3 разы вакол стала, на якім ляжаў хлеб, які яны за кожным разам цалавалі. Пасля гэтага кумы з нованароджаным адпраўляліся ў царкву. Калі кумы з дзіцем вярталіся — збіраліся госці (толькі жанатыя мужчыны і замужнія жанчыны), гаспадар запрашаў усіх за стол. Пад канец святочнага абеду падавалі бабіну кашу. Р. суправаджаліся радзіннымі песнямі, рознымі абрадамі. Вял. значэнне на Р. меў абмен падарункамі, ручнікамі, наміткамі, палатном, хлебам. Пашыраны і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАХВАЛА́ ВІ́ТАЎТУ», «Похвала о великом князи Витовте», «Сказание о великом князи Витовте»,
помнік бел. літаратуры 15 ст.; адзін з першых твораў бел. свецкай панегірычнай (гл.Панегірык) прозы. Напісана невядомым аўтарам ў канцы 1420-х г. у Смаленску. Вядома ў 4 рэдакцыях: 1-я (1428) — прыватны дзелавы запіс-пасляслоўе, змешчаны ў кнізе слоў Ісаака Сірына (што перапісана ў Смаленску); 2-я (летапісная, каля 1430) — асобны твор панегірычнага жанру, напісаны на аснове папярэдняй як своеасаблівае ідэйна-маст. завяршэнне 1-га бел.-літоўскага летапіснага зводу, захавалася ў асобных спісах Беларуска-літоўскага летапісу 1446; 3-я (новая, 1-я пал. 16 ст.) — аб’яднаны скарочаны тэкст летапіснай «П.В.» з уступнай часткай т.зв.Смаленскай хронікі, збераглася ў спісах кароткай (гл.Красінскага летапіс) і пашыранай (гл.Альшэўскі летапіс) рэдакцыях 2-га бел.-літ. летапіснага зводу — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»; 4-я (рус. скарочаная, 16 ст.) змешчана ў розных гіст. зборніках, што бытавалі ў Расіі ў 16—18 ст. У творы ўслаўляецца вял.кн. Вітаўт як мудры і ўсемагутны валадар, гаспадар ВКЛ, які карыстаецца высокім міжнар. аўтарытэтам, ідэалагічна абгрунтоўваецца аб’яднаўчая палітыка князя на ўсх.-слав. землях. Напісана на падставе сапр.гіст. фактаў урачыста-ўзнёслым стылем з выкарыстаннем стараж.-рус.літ. традыцый, кніжных выразаў і зваротаў, без рытарычнай шматслоўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.
Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял.кн.ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б.ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст.ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ЎКРАІ́НСКАГА І БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДАЎ 1648—54,
вайна за вызваленне з-пад польскага панавання, супраць феад.-прыгоннага ўціску. На Украіне з канца 16 ст. неаднойчы ўзнікалі сял.-казацкія паўстанні: К.Касінскага (1591—93), Жмайлы (1625), Федаровіча (1630), П.Паўлюка (1637), Я.Астраніна (1638). Пачаткам вызв. вайны стала паўстанне ў Сечы Запарожскай на чале з Б.Хмяльніцкім у студз. 1648. У крас. 1648 Хмяльніцкі рушыў сваёй 2-тысячнае войска на Правабярэжную Украіну. Супраць паўстанцаў выступіў вял. каронны гетман М.Патоцкі. Рэестравыя казакі, якія знаходзіліся ў складзе яго войска, перайшлі на бок паўстанцаў. Польскі авангард быў разбіты каля Жоўтых Вод (15—16 мая), гал. сілы — у Корсунскай бітве 1648, а Патоцкі і польны гетман М.Каліноўскі трапілі ў палон. Гэта стала сігналам да ўсеагульнага паўстання. У чэрв.—ліп. 1648 паўстанцкія атрады на чале з М.Крываносам і І.Ганжой вызвалілі Брацлаўшчыну. На дапамогу паўстанцам Беларусі былі пасланы атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, М.Крычэўскім, М.Нябабам, І.Галотам і інш. (пра падзеі на Беларусі больш падрабязна гл. ў арт.Антыфеадальная вайна 1648—51). Гал. сілай у вайне было сялянства, якое змагалася за знішчэнне феад. і нац. прыгнёту. Кіраўніцтва барацьбой ажыццяўлялі казацкая старшына і дробная ўкр. шляхта, якія імкнуліся абмежаваць рух мэтамі нац. вызвалення і захаваць феад. парадкі. Гэта выклікала вострыя супярэчнасці ў стане сял.-казацкіх войск. Перамога паўстанцаў пад Піляўцамі і асада ў кастр. 1648 г. Замосця вымусілі польск. караля Яна II Казіміра заключыць з Хмяльніцкім перамір’е. Сял.-казацкае войска адышло на Прыдняпроўе, а 2.1.1649 урачыста ўступіла ў Кіеў. Асцерагаючыся наступлення польск. войск, Хмяльніцкі накіраваў у Маскву паслоў з просьбай прыняць Украіну ў склад Рас. дзяржавы, якая пачала аказваць Украіне ваен., эканам. і дыпламат. дапамогу. Імклівае наступленне войск Хмяльніцкага вымусіла польск. войскі адступіць, у Збораўскай бітве 1649 яны былі разгромлены. І толькі здрада крымскага хана, з якім раней быў заключаны саюз, прымусіла Хмяльніцкага спыніць ваен. дзеянні і заключыць Збораўскі дагавор 1649, паводле якога Польшча траціла ўплыў на Украіну. У пач. 1651 польск. армія зноў уварвалася на Украіну і ў бітве каля Берасцечка сял.-казацкае войска пацярпела паражэнне. Хмяльніцкі вымушаны быў заключыць Белацаркоўскі дагавор 1651, які пагоршыў становішча Украіны. Казацкія атрады былі выведзены з Беларусі, і вайна на яе тэр. скончылася. Вясной 1652 на Украіне ваен. дзеянні аднавіліся і працягваліся з пераменным поспехам. Хмяльніцкі накіраваў у Маскву новае пасольства, каб паскорыць аб’яднанне з Расіяй. Земскі сабор 11.10.1653 прыняў рашэнне аб далучэнні ўкр. зямель. Гэты гіст. акт замацавала Пераяслаўская рада 1654.