ПАСА́Г,
у беларусаў старадаўні звычай даваць некаторую маёмасць маладой яе бацькамі або родзічамі. Рыхтаваць П. пачыналі з самага маленства дзяўчыны. Першапачаткова складаўся толькі з хатніх рэчаў (адзенне для нявесты і жаніха, пасцельныя рэчы, дываны, посуд, прылады працы і інш.), пазней (пераважна ў заможных сем’ях) яго гал. часткай стала хатняя жывёла, лён, з 2-й пал. 19 ст. — нерухомая маёмасць, грошы. З’яўляўся пажыццёвай уласнасцю нявесткі. Пра П. дамаўляліся ў час сватання, а канчаткова — на заручынах. У канцы вяселля П. урачыста (часам у суправаджэнні жартоўных песень) перавозіўся гасцямі з боку маладой у дом маладога.
т. 12, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)