Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НА (ад франц. mine руднік, шахта, падкоп),
1) боепрыпас, які выкарыстоўваюць для ўзрыўных загарод на сушы і моры. Першапачаткова М. называлі падкоп пад крапасную сцяну; у фартыфікацыі — мінную галерэю (падземны штучны ход да ўмацавання праціўніка); пазней — зарад выбуховага рэчыва, закладзены на пэўнай глыбіні. У канцы 18 ст. створаны плаваючыя, якарныя, у 2-й пал. 19 ст. самарушныя марскія М. (гл.Тарпеда) і палявыя самавыбуховыя фугасы — прататыпы сучасных проціпяхотных М. Адрозніваюць М. інжынерныя і марскія. Да інж. М. адносяць: проціпяхотныя, процітанкавыя, процідэсантныя, процітранспартныя, аб’ектныя, спецыяльныя і інш. Марскія М. бываюць донныя, плаваючыя, якарныя і інш. 2) Боепрыпас для стральбы з мінамётаў і гладкаствольных безадкатных гармат. Такія М. падзяляюцца на асколачныя, асколачна-фугасныя і фугасныя; запальныя, асвятляльныя, вучэбна-трэніровачныя і інш.
С.У.Чарных.
Да арт.Міна: а — артылерыйская; б — марская; в — інжынерная; 1 — корпус; 2 — зарад; 3 — узрывальнік; 4 — стабілізатар; 5 — мінрэп (трос); 6 — націскная накрыўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́МБА (франц. bombe ад лац. bombus шум, гул),
1) адзін з асн. відаў авіяц. боепрыпасаў. Бомбы асн. прызначэння забяспечваюцца выбуховымі рэчывамі, запальнымі саставамі,ядз. або тэрмаядз. зарадамі (вадародныя, нейтронныя і інш. бомбы; гл.Ядзерная бомба, Прамянёвая зброя). Бываюць фугасныя, асколачныя (у т. л. шарыкавыя), супрацьтанкавыя, супрацьлодачныя, запальныя, бранябойныя, хім. і інш. Дапаможныя авіяц. бомбы прызначаны для стварэння дымавых заслонаў, асвятлення мясцовасці, сігналізацыі, навуч. мэтаў і інш. Сучасныя бомбы могуць мець сістэмы тэлекіравання і саманавядзення, аснашчацца для бомбакідання з малых вышынь парашутамі. Маса авіяц. бомбы ад 0,5 кг да 20 т. 2) Марскі боепрыпас для знішчэння падводных лодак, якарных і донных мін, іншых падводных аб’ектаў. Глыбінныя бомбы (упершыню выкарыстаны ў 1915) падзяляюцца на карабельныя (скідваюцца з кармавых бомбаскідальнікаў або выстрэльваюцца з бамбамётаў) і авіяцыйныя (скідваюцца з самалётаў і верталётаў). Маюць звычайныя і ядз. зарады, кантактныя, некантактныя, гідрастатычныя і дыстанцыйныя ўзрывальнікі. Маса 120—250 кг, далёкасць стральбы да 4 км.
3) Устарэлая назва артыл. асколачна-фугаснага снарада масай больш за 16 кг (з меншай масай наз.гранатамі). Выкарыстоўваўся ў 17—19 ст. У гладкаствольнай артылерыі меў сферычны чыгунны корпус, у наразной — прадаўгаваты.
4) Асколачны снарад для стральбы з бамбамётаў у 1-ю сусв. вайну.
5) Назва саматужных снарадаў, зробленых для дыверсійных і тэрарыстычных мэтаў (у б. Расійскай імперыі, напр., выкарыстоўваліся ў тэрарыстычнай дзейнасці нарадавольцаў).