СНАРА́Д артылерыйскі,

асноўны элемент артылерыйскага выстралу — боепрыпасу для стральбы з гармат. Паводле канструкцыі і прынцыпу дзеяння бываюць звычайныя (актыўныя, набываюць рух за кошт энергіі парахавых газаў у канале ствала) і актыўна-рэактыўныя (выштурхоўваюцца са ствала як актыўныя, дадатковую скорасць набываюць ад рэактыўнага рухавіка).

С. падзяляюцца на малога (да 75 мм), сярэдняга (75—155 мм у наземнай, да 152 у марской і да 100 мм у зенітнай артылерыі) і буйнога калібру (звыш названых велічынь); каліберныя (дыяметр паражальнай часткі С. роўны калібру гарматы), падкаліберныя (дыяметр актыўнай часткі меншы за калібр гарматы) і надкаліберныя (большы за калібр гарматы. устаўляецца ў ствол хваставой часткай); асноўныя — асколачныя, фугасныя, асколачна-фугасныя, з гатовымі паражальнымі элементамі, броне- і бетонабойныя. кумулятыўныя, запальныя, касетныя, кіроўныя (для паражэння рухомых і малапамерных цэлей, у т. л. з лазернымі галоўкамі саманавядзення); спецыяльныя — асвятляльныя, дымавыя, прыстрэлачна-ўказальныя, процірадыяцыйныя і інш.; дапаможныя — навучальныя. практычныя, сістэмапробныя; вярчальныя і невярчальныя (апераныя). Ёсць таксама хім. і ядз. С., якія адносяцца да зброі масавага знішчэння. Ядз. С. выкарыстоўваюць для стральбы з дальнабойных буйнакаліберных гармат.

Снарады: а — віды паводле калібру (1 — каліберны, 2 — надкаліберны, 3 — падкаліберны); б — вярчальны асколачны (1 — корпус, 2 — разрыўны зарад, 3 — узрывальнік); в — бранябойны падкаліберны (1 — трасер, 2 — карбідавальфрамавы асяродак, 3 — балістычны наканечнік); г — кумулятыўны вярчальны (1 — трасер, 2 — капсуль-дэтанатар, 3 — выбуховае рэчыва, 4 — кумулятыўная варонка, 5 — засцерагальнік, 6 — узрывальнік); д — асвятляльны (1 — парашут, 2 — асвятляльная зорка, 3 — выбіўны зарад, 4 — узрывальнік).

І.​С.​Жалудок.

т. 15, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)