МІ́НА (ад франц. mine руднік, шахта, падкоп),

1) боепрыпас, які выкарыстоўваюць для ўзрыўных загарод на сушы і моры. Першапачаткова М. называлі падкоп пад крапасную сцяну; у фартыфікацыі — мінную галерэю (падземны штучны ход да ўмацавання праціўніка); пазней — зарад выбуховага рэчыва, закладзены на пэўнай глыбіні. У канцы 18 ст. створаны плаваю́чыя, якарныя, у 2-й пал. 19 ст. самарушныя марскія М. (гл. Тарпеда) і палявыя самавыбуховыя фугасы — прататыпы сучасных проціпяхотных М. Адрозніваюць М. інжынерныя і марскія. Да інж. М. адносяць: проціпяхотныя, процітанкавыя, процідэсантныя, процітранспартныя, аб’ектныя, спецыяльныя і інш. Марскія М. бываюць донныя, плаваючыя, якарныя і інш. 2) Боепрыпас для стральбы з мінамётаў і гладкаствольных безадкатных гармат. Такія М. падзяляюцца на асколачныя, асколачна-фугасныя і фугасныя; запальныя, асвятляльныя, вучэбна-трэніровачныя і інш.

С.У.Чарных.

Да арт. Міна: а — артылерыйская; б — марская; в — інжынерная; 1 — корпус; 2 — зарад; 3 — узрывальнік; 4 — стабілізатар; 5 — мінрэп (трос); 6 — націскная накрыўка.

т. 10, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)