Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫНЮ́К (Леанід Уладзіміравіч) (н. 20.7.1932, г. Гомель),
бел. кінарэжысёр. Скончыў БДУ (1955), вучыўся на Вышэйшых курсах кінарэжысёраў Дзяржкіно СССР (1964—66). У 1955—64 працаваў у рэдакцыях бел. газет, на Мінскай студыі тэлебачання, з 1966 на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысёр-пастаноўшчык фільмаў: дакумент. — «Ліст сябру», «Гамы», «Імкненне», «Дзень чалавека», «Нявеста», «Пастка» (усе 1966—70); маст. — «Пяцёрка адважных» (1971), «Вялікі трамплін» (1973), «Неадкрытыя астравы» (1975), «Сямейныя акалічнасці» (1977), «Жалезныя гульні» (1979), «Ветразі майго дзяцінства» (1981, дыплом Міжнар. кінафестывалю ў г. Готвальдаў, Чэхія, 1983), «Навучыся танцаваць» (1986), «Белае возера» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРАБА́ТЫКА (ад грэч. akrobatēs які падымаецца ўверх),
1) від спорту (спартыўная акрабатыка). Уключае шматлікія фіз. практыкаванні (вылучаюць 2 асн. групы: скачковая акрабатыка і сілавая — стойкі, піраміды і інш.). Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны паасобку, з партнёрам (у т. л. мяшаныя пары), групай. Часам выкарыстоўваюць спец. прылады (трамплін, батут). Чэмпіянаты свету па акрабатыцы праводзяцца з 1964. На Беларусі гурткі акрабатыкі існавалі з сярэдзіны 1930-х г., як спорт развіваецца з 1946. Сярод бел. акрабатаў чэмпіёны свету і Еўропы Ю.Зікуноў (1974), В.Біндлер, чэмпіёны СССР А.Колесава (1952), В.Бірукоў (1957), А. і М.Туманавы (1963), Л.Зданюк (1966—67), А.Базылеў (1974).
2) Від фіз. практыкаванняў накшталт гімнастычных. Шырока выкарыстоўваецца ў розных відах спорту (спарт. гімнастыка, скачкі ў ваду, фрыстайл і інш.), а таксама пры спец.фіз. падрыхтоўцы лётчыкаў і касманаўтаў.
3) Жанр цыркавога і эстраднага мастацтва, гл.Акрабатычнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧКІ́ НА ЛЫ́ЖАХ З ТРАМПЛІ́НА,
від лыжнага спорту. Праводзяцца з трамплінаў з разліковай магутнасцю (аптымальная даўж. скачка) 20—50 м (малыя), 50—70 м (сярэднія), 70—90 м (вял.) і больш за 120 м (для палётаў на лыжах). Спаборніцтвы на Алімп. гульнях, чэмпіянатах свету і інш. праводзяцца на трамплінах магутнасцю 70 і 90 м; уваходзяць у праграму лыжнага дваябор’я.
Паходзяць з Нарвегіі. Першыя афіц. спаборніцтвы адбыліся ў 1897 паблізу Осла. У праграме Алімп. гульняў з 1924 (сярэдні трамплін) і з 1964 (вял.); чэмпіянаты свету з 1937 (з 1964 — на 2 трамплінах). Найб. пашыраны ў краінах Скандынавіі, Аўстрыі, Германіі, Расіі, Японіі і інш.
На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1936. Чэмпіянаты рэспублікі праводзяцца з 1952, з 1962 — у праграме зімовых Спартакіяд. У міжнар. спаборніцтвах бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1961. Найб. вызначыліся чэмпіёны СССР У.Пальчэўскі (1961) і У.Церычаў (1972), Ю.Майсееў — чэмпіён I Усесаюзных зімовых сельскіх гульняў (1977), С.Баброў — чэмпіён Сусв. універсіяды (1999). На Беларусі 5 трамплінаў: 3 у в. Раўбічы Мінскага р-на (20, 40 і 60 м, усе са штучным пакрыццём), у г. Магілёў (30 м), у в. Белае Полацкага р-на Віцебскай вобл. (25 м).