ЦЯСЛЮ́К Уладзімір Уладзіміравіч (н. 10.7.1941, г. Беласток, Польшча),

бел. рэжысёр, аператар дакумент. кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (2000). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1976). З 1958 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм» у аб’яднанні «Летапіс». Аператар дакумент. фільмаў «Усё пачынаецца з праекта» (1971, Бронзавы медаль Міжнар. кінафестывалю ў Заграбе), «Птушка Ікс» (1972, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Тэгеране), «Вялікая дыяганаль» (1975, прызы Усесаюзнага кінафестывалю ў Мінску і міжнар. ў Будапешце, Лондане), «О спорт, ты — свет!» (1981, прыз Усесаюзнага кінафестывалю ў Фрунзе). Рэжысёр і аператар фільмаў пра спорт: «Вышыня» (1978, прыз Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Венецыі), «Трамплін ля возера» (1980, прыз Усесаюзнага кінафестывалю спартыўных фільмаў у Фрунзе), «У атацы ўся каманда» (1983, прыз Усесаюзнага кінафестывалю спарт. фільмаў у г. Каўнас), «Гуляючы, вер...» (1984, Залаты медаль Усесаюзнага кінафестывалю спарт. фільмаў у Рызе), «Зоркі фрыстайла» (1994, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю спарт. фільмаў у Маскве), «Выбіраючы гімнастыку, выбіраю лёс» (прыз Міжнар. кінафестывалю спарт. фільмаў у Маскве), «Сузор’е» (абодва 1996), «Убачыць перамогу» (1997, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю спарт. фільмаў у Маскве), «Чаканне», «Трэнер» (абодва 1999), «Зорачкі са Смалявіч» (2000), «Малафееў. 20 гадоў пазней» (2001), «Хлопцы з МЧС» (2002). Фільмы «Стварэнне сціплай прыгажосці» (1999), «Імгненні жыцця», «Сёння — Аляксей Дудараў» (абодва 2000), «Сумаравы. Адкрыцці душы» (2001) прысвечаны бел. мастацтву. Фільмы «Трэці анёл затрубіў» (1991, прыз Міжнар. кінафестывалю «Экамір» у Мінску), «Бяда» (1992, прызы міжнар. кінафестываляў «Залаты Віцязь» у Маскве і «Экамір» у Мінску) аб праблемах Чарнобыля. Фільм «Ад зор чэрвеньскіх» (2000) пра франтавых кінааператараў.

В.​Ф.​Нячай.

т. 18, кн. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)