ТРАМПЛІ́Н (франц. tremplin ад італьян. trampolino, ад trampolo хадулі),

спартыўны снарад (прылада) або збудаванне, якое забяспечвае павелічэнне адлегласці палёту спартсмена ў момант скачка. Адрозніваюць Т. для гімнастычных скачкоў, скачкоў на лыжах, водных лыжах, у ваду, фрыстайле і інш. Т. гімнастычны — спружыністая нахілена пастаўленая дошка, якая выкарыстоўваецца ў гімнастыцы, акрабатыцы для ўзмацнення адскоку ад апоры. Т. для скачкоў на лыжах — спарт. збудаванне, якое складаецца з гары разгону з верт. уступам і гары прызямлення, што пераходзіць у гарыз. пляцоўку. Абсталёўваецца пад’ёмнікам (ліфт, канатная дарога і інш.). У залежнасці ад прызначэння (для абучэння ці спарт. удасканаленасці) т.зв. магутнасць Т. (аптымальная даўж. скачка, на якую разлічаны Т.) бывае да 120 м і больш. Існуюць прыродныя (на схіле гары), штучныя (на эстакадах) і камбінаваныя. Т. для скачкоў у ваду — дошка даўж. 4,8—5 м, шыр. 0,5 м, якая прымацоўваецца да рамы скачковай вышкі на выш. 1 і 3 м ад паверхні вады. Адзін канец яе замацоўваецца шарнірна ці жорстка, у сярэдняй ч. абапіраецца на валік, што дае магчымасць мяняць жорсткасць і амплітуду ваганняў дошкі. Т. для скачкоў на водных лыжах — пакаты нахілены памост з гладкай паверхняй, даўж. да 6,7 м, шыр. каля 4 м, выш. над вадой да 1,8 м у мужчын і да 1,5 м у жанчын. Т. трохступеньчаты — снарад для наземнага навучання і трэніроўкі парашутыстаў. Дае магчымасць выпрацоўваць навыкі прызямлення.

т. 15, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)