МАРТЫНЮ́К (Леанід Уладзіміравіч) (н. 20.7.1932, г. Гомель),

бел. кінарэжысёр. Скончыў БДУ (1955), вучыўся на Вышэйшых курсах кінарэжысёраў Дзяржкіно СССР (1964—66). У 1955—64 працаваў у рэдакцыях бел. газет, на Мінскай студыі тэлебачання, з 1966 на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысёр-пастаноўшчык фільмаў: дакумент. — «Ліст сябру», «Гамы», «Імкненне», «Дзень чалавека», «Нявеста», «Пастка» (усе 1966—70); маст. — «Пяцёрка адважных» (1971), «Вялікі трамплін» (1973), «Неадкрытыя астравы» (1975), «Сямейныя акалічнасці» (1977), «Жалезныя гульні» (1979), «Ветразі майго дзяцінства» (1981, дыплом Міжнар. кінафестывалю ў г. Готвальдаў, Чэхія, 1983), «Навучыся танцаваць» (1986), «Белае возера» (1992).

А.П.Бабкова.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)