ЧАРНЫШО́Ў Уладзімір Фёдаравіч (н. 15.12.1939, с. Чардым Лапацінскага р-на Пензенскай вобл., Расія),
бел. мастак тэатра і кіно. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1968). З 1969 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1995—2001 гал. мастак Нац.акад.драм.т-ра імя М.Горкага. З 1996 выкладае ў Бел. ун-це культуры, з 1997 у Бел.АМ. Мастак-пастаноўшчык тэлевізійных маст. фільмаў «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў», «Бераг прынцэсы Люські» (абодва 1969), «Спяшайся будаваць дом» (1970), «Побач з камісарам» (1978), «Купалава ноч», «Зацюканы апостал» (абодва 1982), «Астравы на далёкіх азёрах» (1984), «Халады ў пачатку вясны» (1985), «Выклік» (1986), «Пушча» (1988), «Свечка» (1990), «Інтэрпол» (1991); маст. кінафільмаў «Вялікі трамплін» (1974), «Сямейныя абставіны» (1977), «Дачка камандзіра» (1981, з У.Белавусавым), «Запіскі юнага ўрача» (1991) і інш. Аформіў спектаклі ў т-ры імя М.Горкага: «У прыцемках» А.Дударава (1996), «Браты Моар» Ф.Шылера, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «На залатым возеры» Э.Томпсана (усе 1997), «Перпетуум мобіле, альбо Вечар яўрэйскага анекдота» Б.Луцэнкі (1998), «Калігула» А.Камю (2002). Сярод жывапісных работ «Двор. Вільня» (1966), «На цімкавіцкай мяжы» (1981), «Святы дуб» (1988). Аўтар партрэтаў, графічнай серыі «Па святых месцах» (1991) і інш. Творы вылучаюцца эмацыянальнасцю, рытмічнасцю кампазіцыйнай пабудовы, колеравай насычанасцю, глыбінёй прасторавага асяроддзя.